ФЛАГМАН БЕЛАРУСКАЙ ФІЛАЛОГII. 21.by

ФЛАГМАН БЕЛАРУСКАЙ ФІЛАЛОГII

04.12.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Фiлалагiчнаму факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта — 70 гадоў. Факультэт з такой назвай пачаў функцыянаваць у БДУ з пачатку 1939/1940 навучальнага года. Аднак фiлалагiчныя кадры ўнiверсiтэт стаў "каваць" значна раней — разам са сваiм узнiкненнем у 1921 годзе. Праўда, тады было толькi этнолага-лiнгвiстычнае аддзяленне на факультэце грамадскiх навук, а з 1922 г. — лiтаратурна-лiнгвiстычнае на педагагiчным факультэце. На тым аддзяленнi ў 1923—1926 гг. выкладаў сам Якуб Колас. А яшчэ — акадэмiк I. Замоцiн, прафесары Я. Барычэўскi, А. Вазнясенскi, М. Пiятуховiч. Iх лекцыi слухалi Кандрат Крапiва, Нiна Ватацы, Анатоль Вольны, Iван Гутараў, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Ян Скрыган, Кузьма Чорны, Мiхась Ларчанка, Максiм Лужанiн, Сымон Баранавых, Сяргей Дарожны, Алесь Дудар, Алесь Звонак, Алесь Пальчэўскi i iнш. А лiтаратура плюс лiнгвiстыка — гэта ж якраз фiлалогiя! Ды ўсё ж асобны фiлалагiчны факультэт пачаў сваё iснаванне менавiта з 1939 года. А таму — юбiлей!

Сёння на стацыянары i завочным аддзяленнi факультэта навучаецца звыш дзвюх тысяч студэнтаў. Па сцяжыне ведаў iх вядуць каля 250 выкладчыкаў, дацэнтаў i прафесараў, што працуюць на 16 кафедрах: беларускай, рускай моў, методыкi выкладання моў i лiтаратур, прыкладной лiнгвiстыкi, беларускай, рускай, славянскiх i замежных лiтаратур, тэорыi лiтаратуры, класiчнай, англiйскай, нямецкай i рамана-германскай фiлалогii, тэарэтычнага i славянскага мовазнаўства. Вiдавочна, такой колькасцю студэнтаў i высокаквалiфiкаваных выкладчыцкiх кадраў, сярод якiх 28 дактароў i 120 кандыдатаў навук, не могуць пахвалiцца многiя не толькi факультэты, але нават асобныя ВНУ. А яшчэ ж звыш ста беларускiх i замежных грамадзян павышаюць сваю квалiфiкацыю праз аспiрантуру, дактарантуру i сушукальнiцтва пад кiраўнiцтвам факультэцкiх прафесараў i дацэнтаў. Да iх паслуг i паслуг навукоўцаў з усёй нашай краiны чатыры Саветы па абароне дысертацый (па лiтаратуразнаўстве, рускай i беларускай мовах, методыцы выкладання моў i лiтаратур, тэарэтычным i славянскiм мовазнаўстве). Сапраўдная кузня кадраў вышэйшай i найвышэйшай квалiфiкацыi!

Тысячы i тысячы настаўнiкаў выйшлi са сцен фiлфака БДУ за перыяд яго iснавання, каб сеяць "разумнае, добрае, вечнае". Можна сказаць, усерэспублiканская пiсьменнасць у вялiкай ступенi трымаецца на плячах нашых фiлолагаў. I не толькi пiсьменнасць, але i нацыянальная самасвядомасць, культура, гiстарычная памяць, дзяржаўнасць i дзяржаўная незалежнасць, калi хочаце. Бо фiлолагi працуюць i ў органах дзяржаўнага кiравання, выдавецтвах, сродках масавай iнфармацыi, у архiвах i музеях, iнфармацыйных i рэкламных агенцтвах. Усюды, дзе патрэбна не толькi свежая i неардынарная думка, але i ўменне данесцi гэтую думку ў слове, прычым данесцi зразумела, цiкава i пiсьменна.

Здаўна фiлфак атрымаў назву "пiсьменнiцкага асяродка". I тут няма нiякага перабольшання. Сем народных пiсьменнiкаў Беларусi (К.  Крапiва, П. Броўка, I. Мележ, I. Навуменка, I. Чыгрынаў, Н. Гiлевiч, Р. Барадулiн) — выпускнiкi факультэта. Беларускую лiтаратуру i лiтаратуразнаўства сёння нельга ўявiць i без iншых нашых выпускнiкоў: А. Адамовiча, В. Адамчыка, С. Александровiча, М. Арочкi, М. Аўрамчыка, А. Бадака, Г. Бураўкiна, А. Васiлевiч, А Вярцiнскага, Л. Дайнекi, Г. Далiдовiча, У. Дамашэвiча, А. Жука, С. Законнiкава, В. Зуёнка, В.  Iпатавай, С. Кавалёва, К. Камейшы, В. Карамазава, У. Карызны, I.  Катлярова, А. Кудраўца, Л. Левановiча, А. Лiса, А. Лойкi, М. Маляўкi, А. Мальдзiса, М. Матукоўскага, П. Мiсько, М. Мушынскага, М. Мятлiцкага, А. Наварыча, Н. Кiслiка, А. Пiсьмянкова, I. Пташнiкава, Л. Рублеўскай, Б. Сачанкi, Р. Семашкевiча, Я. Сiпакова, М. Стральцова, В.  Тараса, К. Цвiркi, Я. Янiшчыц, А. Яскевiча i многiх iншых. Нават i пасля 1967 года, калi аддзяленне журналiстыкi фiлфака было пераўтворана ў самастойны факультэт журналiстыкi, у першую чаргу на фiлфак скiроўваюцца лiтаратары-пачаткоўцы. Бо што трэба для пiсьменнiка? Найперш глыбокiя веды айчыннай i замежных моў i лiтаратур, тэорыi лiтаратуры, фальклору, сусветнай культуры. Усяму гэтаму якраз i вучаць на фiлфаку. Вучаць, у тым лiку, каля двух дзесяткаў выкладчыкаў, якiя адначасова з'яўляюцца i членамi пiсьменнiцкiх саюзаў (А. Андрэеў, I. Багдановiч, А. Бельскi, А. Верабей, В. Жыбуль, М. Кенька, Л. Сiнькова, А. Хадановiч i iнш.). Што ж да канкрэтных спецыяльнасцяў, то да ранейшых "Фiлолаг. Выкладчык беларускай (рускай) моў i лiтаратур" з гэтага года пачнуць дадавацца яшчэ квалiфiкацыi "Лiтаратурна-рэдакцыйны супрацоўнiк" або "Спецыялiст па камп'ютарнай фiлалогii" (у залежнасцi ад выбранага напрамку вучобы). Усе ж выпускнiкi аддзяленняў класiчнай, кiтайскай, рамана-германскай, англiйскай, нямецкай i славянскай фiлалогii, апрача выкладчыцкiх спецыяльнасцяў, атрымаюць квалiфiкацыю "Перакладчык". У той жа час дэкан факультэта прафесар I. Роўда, яго намеснiкi дацэнты С.   Важнiк, П. Навойчык i М. Хмяльнiцкi, загадчыкi кафедраў (прафесары С. Ганчарова-Грабоўская, Н. Нiжнёва, М. Прыгодзiч, I. Чарота, Т. Шамякiна, дацэнты З. Бадзевiч, Т. Казакова, С. Логiш, В. Халiпаў, Г. Шаўчэнка i iнш.) думаюць над адкрыццём новых фiлалагiчных спецыяльнасцяў i квалiфiкацый. Але i тое, што ёсць на сёння, выгадна выдзяляе фiлфак з iншых гуманiтарных факультэтаў i па шырынi квалiфiкацыйных характарыстык, i па магчымасцi працаўладкавання.

Фiлалагiчны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта — несумненна, флагман фiлалагiчнай адукацыi ў незалежнай Беларусi. Быць флагманам — ганарова, але адначасова i нялёгка, i адказна. Тым не менш няма сумнення: нiякiя хвалi жыццёвага мора не саб'юць яго з абранага шляху.

Вячаслаў Рагойша, доктар фiлалагiчных навук, прафесар,

загадчык кафедры тэорыi лiтаратуры БДУ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фiлалагiчнаму факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта — 70 гадоў. Факультэт з такой назвай пачаў функцыянаваць у БДУ з пачатку 1939/1940 навучальнага года. Аднак фiлалагiчныя кадры ўнiверсiтэт стаў "каваць" значна раней — разам са сваiм узнiкненнем у 1921 годзе. Праўда, тады было толькi этнолага-лiнгвiстычнае аддзяленне на факультэце грамадскiх навук, а з 1922 г. — лiтаратурна-лiнгвiстычнае на педагагiчным факультэце. На тым аддзяленнi ў 1923—1926 гг. выкладаў сам Якуб Колас. А яшчэ — акадэмiк I. Замоцiн, прафесары Я. Барычэўскi, А. Вазнясенскi, М. Пiятуховiч
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика