Людзі-легенды. 21.by

Людзі-легенды

04.12.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

4 снежня Брэсцкая вобласць адзначае 70-годдзе з дня ўтварэння

"100 гадоў — 100 кнiг"

У свае 95 гадоў Васiль Пятровiч Ласковiч поўны аптымiзму, творчай энергii i лiтаратурных задумак. Рэвалюцыянер, падпольшчык, франтавiк, а цяпер ганаровы грамадзянiн Брэста, якi па крупiнках збiрае гiсторыю ўз'яднання Заходняй Беларусi i ўвасабляе яе ў кнiгах, сам — жывая гiсторыя.

Васiль нарадзiўся ў далёкiм 1914 годзе ў вёсцы Франапаль за 20 кiламетраў ад Брэста. У бацькоўскай хаце часта збiралiся аднавяскоўцы, гаварылi пра жыццё, марылi пра лепшую долю. У пятнаццаць гадоў Васiль стаў камсамольцам, а ў дзевятнаццаць уступiў у шэрагi кампартыi Заходняй Беларусi. Далей былi гады падполля, строгай канспiрацыi, жыцця пад чужымi iмёнамi. У 1933 годзе юнага падпольшчыка ўсё-такi арыштавалi i пасадзiлi ў турму. Ён перажыў жорсткiя катаваннi, але нiкога з таварышаў не выдаў i быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волi. Вызваленню паспрыяў пачатак Другой сусветнай вайны. Падзеi развiвалiся як у дэтэктыўнай стужцы. Па дарозе на радзiму падпольшчык яшчэ паспеў паваяваць за Варшаву разам з польскiмi салдатамi. Абараняў сталiцу дзяржавы, якая кiнула ў турму, адняла лепшыя гады юнацтва. Але беларусаў i палякаў тады яднала жаданне даць адпор паўзучай чуме — фашызму.

Пасля вяртання дадому малады, але спрактыкаваны падпольшчык атрымаў накiраванне ў Мiнскую юрыдычную школу. Там ён i сустрэў вайну. Няцяжка здагадацца, як Васiль рваўся на фронт. Але яго, як "заходнiка", гэта значыць чалавека пад падазрэннем, адправiлi на электраматорны завод у Сiбiр. Дапамагло толькi хадайнiцтва даўняй знаёмай Веры Харужай. І ўжо ў 1942 годзе Васiль Ласковiч становiцца курсантам разведшколы ў Маскве. А затым зноў цяжкая разведвальная i дыверсiйная дзейнасць у тыле ворага, дзе кожны дзень прыносiў новую рызыку для жыцця. Менавiта ў разведшколе ён сустрэў сваё каханне — сваю Валянцiну, якая стала надзейным сябрам i спадарожнiкам на ўсё жыццё. Пасля вайны Васiль Пятровiч паспяхова працаваў у органах юстыцыi, пракуратуры Брэсцкай вобласцi. А з выхадам на пенсiю стаў пiсаць. Валянцiна стала яго музай, галоўным памочнiкам i першым крытыкам у яго лiтаратурных пачынаннях. Ён палiчыў сваiм абавязкам увекавечыць памяць тых, побач з кiм змагаўся ў падполлi, ваяваў. Адна за другой выйшлi кнiжкi "Тайнымi сцяжынамi", "З племенi непакораных", "Подзвiг Камунiстычнай партыi Заходняй Беларусi", "Водгук далёкай навальнiцы". Яго рабочы кабiнет i цяпер нагадвае памяшканне бiблiятэкi, хоць колькi гадоў таму паважаны ветэран перадаў абласному архiву больш за чатыры сотнi папак сабраных iм дакументаў аб рэвалюцыйным руху ў заходнiх абласцях Беларусi, Польшчы, Украiны. Таксама каля трох тысяч кнiг i дакументаў з яго бiблiятэкi пераехала ў краязнаўчы музей. Але нястомны аўтар зноў працуе над новай кнiгай. Не так даўно Васiль Пятровiч сказаў журналiстам, што, калi б пражыў яшчэ сто гадоў, напiсаў бы, пэўна, яшчэ сто кнiг. Нам бы ўсiм крупiнку ад яго светлай энергii, а яму — даўгалецця!

Супергерой

Брэст амаль ва ўсiм свеце ведаюць найбольш як месца легендарнай крэпасцi, якая не здавалася, хоць сам горад быў заняты немцамi практычна ў першыя два днi вайны. А сярод гераiчных абаронцаў цытадэлi — найпершы маёр Гаўрылаў. Чалавек-легенда, як цяпер сказалi б, супергерой. Не, Пётр Гаўрылавiч не бачыў фiльмаў пра Рэмба i ўсялякiх там баевiкоў. Тады iх не было. Ён дзейнiчаў у адпаведнасцi з асабiстым разуменнем афiцэрскага абавязку. Камандзiр 44-га стралковага палка дабраўся да Паўночных варот крэпасцi ў першыя гадзiны вайны. Байцоў i камандзiраў, што былi ў казематах, разбiў на роты, абазначыў участкi абароны. Потым Гаўрылаў сустрэў камандзiра асобнага батальёна сувязi Касаткiна. Разам яны прабралiся на Усходнi форт i арганiзавалi на абарону яшчэ 300 байцоў i малодшых камандзiраў. Такiм чынам было ўсталявана адзiнае кiраўнiцтва Усходняга форта i паўночнай часткi землянога вала. "Дзiву даешся, — напiша пазней нямецкi мемуарыст, — як у такiх умовах рускiя маглi сабрацца з сiламi i наладзiць абарону". Усё ж навокал прастрэльвалася i палала агнём.

Таму i змаглi, што быў маёр Гаўрылаў, якi замяняў сабой усялякую прапаганду i агiтацыю. Калi яго, знясiленага голадам, параненага, на 32-i дзень вайны ўсё ж знайшлi ворагi, нямецкi камандзiр загадаў пранесцi на насiлках перад строем сваiх салдатаў i сказаў: "Вось так ваююць героi". Цi было яшчэ такое на вайне, не ведаю, але ведаю, што кiношныя героi ў параўнаннi з маёрам Гаўрылавым — проста немаўляты.

Пётр Мiхайлавiч назаўжды параднiўся з Брэстам. Ён прыязджаў сюды кожны год. Сустракаўся з вучнямi, моладдзю, вайскоўцамi. Сюды вярнуўся i на вечны спачын. Iмя Героя Савецкага Саюза носiць вулiца ў абласным цэнтры.

Завод Сальнiкава

Пра пасляваенную iндустрыялiзацыю Брэста нельга гаварыць, абыходзячы галоўны прамысловы гiгант — электрамеханiчны завод, якi ў Брэсце ўсе называюць абрэвiятурай — БЭМЗ. Гэта было базавае прадпрыемства радыёпрама СССР, гiгант па выпуску ЭВМ сярэдняга класа i прадукцыi для тагачаснай абароннай прамысловасцi. I зрабiў яго такiм першы дырэктар электрамеханiчнага завода Уладзiмiр Сальнiкаў.

Бiяграфiя Уладзiмiра Аляксандравiча ў многiм тыповая для яго пакалення. У 41-м семнаццацiгадовым хлопцам пайшоў на курсы радыстаў. Потым фронт, палон, канцлагер, а пасля вызвалення амерыканцамi — адпаведныя "фармальнасцi" праверкi. Выпускнiк Ленiнградскага полiтэхнiчнага iнстытута працаваў на Вiцебскiм заводзе электравымяральных прыбораў. Там яго i заўважылi як высокаквалiфiкаванага спецыялiста з задаткамi кiраўнiка. Неўзабаве Сальнiкаў атрымаў накiраванне на пасаду дырэктара завода, якi яшчэ будаваўся. Уладзiмiр Аляксандравiч ствараў завод, як мастак карцiну. Разам з вытворчай базай вырастаў калектыў спецыялiстаў-аднадумцаў i рабочых з адпаведнай квалiфiкацыяй. Праз некаторы час спажывецкiя тавары пад маркай БЭМЗа набывалi пакупнiкi ад заходнiх межаў краiны да Камчаткi. А ў сярэдзiне 60-х з канвеера сышлi першыя прыстасаваннi для ЭВМ, у якiх мела патрэбу народная гаспадарка. Брэсцкiя ЭВМ тады выкарыстоўвалi ў вылiчальных цэнтрах ЦК КПСС, Савета Мiнiстраў краiны, ЦСУ СССР, iншых саюзных арганiзацыях. Гэта ўжо само па сабе гаворыць за iх якасць. Такiя ж характарыстыкi вызначалi i вырабы, якiя iшлi ва ўзброеныя сiлы.

Завод тады быў узорам сацыяльнай палiтыкi прамысловага гiганта. Нiхто ў горадзе не будаваў столькi жылля для сваiх супрацоўнiкаў, а дзiцячых садкоў у БЭМЗа было болей, чым, напрыклад, ва ўсiм Маскоўскiм раёне горада.

Былыя калегi, паплечнiкi Уладзiмiра Аляксандравiча, успамiнаюць яго перш за ўсё як чалавека высокаiнтэлiгентнага i высокаадукаванага. Пiлiп Кавалёў, былы начальнiк лабараторыi завода, згадаў, што ў дырэктара заўсёды быў побач томiк Пушкiна альбо iншага аўтара. Яго асаблiвае стаўленне да паэзii, да мастацтва характарызавалi яго як асобу рознабаковую. Уладзiмiр Аляксандравiч рана пайшоў з жыцця, што стала вялiкай стратай для яго сяброў i аднадумцаў, але ўратавала ад ведання таго, што сталася з заводам на рубяжы вякоў. Цяпер над адмiнiстрацыйным корпусам колiшняга гiганта высiцца шыльда банка, а вытворчасць стала адным з радавых дробных прадпрыемстваў у iнфраструктуры горада.

Даярка на трыбуне з'ездаў

Лёс Лiдзii Дзмiтрыеўны Брызгi, яе бiяграфiя вельмi паказальныя i характэрныя для свайго часу i сведчаць пра тое, што чалавека працы ўсё ж умелi шанаваць. Часта можна пачуць, як герояў у ранейшыя часы "рабiлi", прыпiсвалi iм паказчыкi, цэнтнеры, прывагi, надоi. Здаралася такое, асаблiва з ардэнаноснымi калгаснымi старшынямi. Але Лiдзiя Брызга — герой ад мазаля. Яна ў 70-я гады, калi даярак-чатырохтысячнiц усяляк славiлi i ўзнагароджвалi, даiла ад каровы па сем тысяч лiтраў малака. Так, была дэпутатам Вярхоўнага Савета, членам ЦК КПСС, заслужана прадстаўляла там калгаснае сялянства. Успомнiла працаўнiца, як абралi яе дэпутатам — два тыднi плакала, баялася: як там у Маскве, цi справiцца з абавязкам, цi патрапiць сказаць правiльна. Аказалася, i там баялiся, цi ўмее хоць чытаць. Ды дарэмна баялiся: з-за трыбуны яна часам i без паперкi гаварыла так, што зрывала шквал апладысментаў. Нават Лiгачоў яе запомнiў, добра ведаў i выдзяляў з шэрагу працаўнiкоў сельскай гаспадаркi. А калi аднойчы прыехаў у Астрамечава Брэсцкага раёна — перадавую гаспадарку, — вырашыў сустрэцца са старой знаёмай. Лiдзiю Дзмiтрыеўну праiнструктавалi, каб нiчога не прасiла ў сакратара ЦК, маўляў, ён гэтага не любiць. Яна i не прасiла: надта трэба. Але як зайшоў Ягор Кузьмiч на кароўнiк са шматлiкай свiтай, як сталi ёй з усiх бакоў пытаннi сыпаць, дык разгубiлася: яна ж маленькага расточку, нiкога не бачыць. Сама не ўспомнiла, як атрымалася, але ён стаяў блiжэй, да яго i звярнулася: "Ягор Кузьмiч, падсадзi на кармушку, хоць усiх бачыць буду". Ягор Кузьмiч, праўда, не разгубiўся. "А мяне з той пары не iнструктавалi болей наконт абыходжання з высокiм начальствам", — смяецца Лiдзiя Дзмiтрыеўна. Яна ўсё такая ж гумарная, прыгожая i гаваркая, як у мiнулыя гады. I як тады, галоўнай апорай у жыццi лiчыць сям'ю. Некалi муж з дзецьмi замянялi яе на ферме, калi Герой Сацыялiстычнай Працы тыднямi засядала ў парламенце цi на з'ездзе. Цяпер яна поўнасцю прысвяцiла сябе чатыром дзецям, дзевяцi ўнукам, двум праўнукам.

Ваяр асветы, рыцар Светлынi

Нездарма ж, калi абмяркоўвалi помнiк 1000-годдзю Брэста, прапаноўвалi ў якасцi адной з гiстарычных постацяў скульптуру Калеснiка. Яго асоба знакавая для культуры, для ўсяго духоўнага жыцця Брэстчыны. Кажучы словамi Генадзя Праневiча, "У. Калеснiк застаўся ў нашай памяцi носьбiтам няздзейсненага iдэала аб людскiм братэрстве i грамадскай гармонii, рамантыкам-адраджэнцам з непазбыўнай марай пра шчаслiвага чалавека, пра клапатлiвую дзяржаву-абаронцу, у якой прасторна i хораша жывецца ўсiм i кожнаму. Як мастак i грамадзянiн ён быў глыбока перакананы ў тым, што iсцiна i краса, дабрыня i гармонiя чалавечых узаемаадносiнаў, сацыяльная справядлiвасць i нацыянальная свабода, разумная сэнсоўнасць i дэмакратызм — гэта якраз тыя духоўныя каштоўнасцi, якiя лягуць у падмурак новай, посттаталiтарнай Беларусi, абноўленага беларускага грамадства". Ён усё жыццё клапацiўся пра грамадскае дабро, уласнымi паводзiнамi сцвярджаў сумленнасць, праўду, справядлiвасць, ён запалiў "Берасцейскае вогнiшча". Гэта значыць, сабраў творчых здольных людзей, дапамог шмат каму паверыць у сябе. Па ўсёй Беларусi жывуць выхаванцы Уладзiмiра Андрэевiча, якiя ўспамiнаюць свайго выкладчыка добрым i ўдзячным словам.

Вучнi называюць яго чалавекам-глыбай i вялiкiм рамантыкам, якi бясконца любiў красу прыроды. Адзiн з аўтараў сусветнавядомай "Я з вогненнай вёскi", аўтар "Усё чалавечае", шматлiкiх лiтаратурна-крытычных эсэ, артыкулаў i мастацкiх твораў з яго вечным : "Шукайма iсцiны ў законах быцця i пазнання, у патрэбе пазнання свету i самога сябе" працягвае жыць у вучнях i творах.

Лётчык i касманаўт

Першы беларускi касманаўт Пётр Клiмук нарадзiўся ў вёсцы Камароўка Брэсцкага раёна. Як толькi наш зямляк узняўся на арбiту i пра гэты факт паведамiлi сусветныя iнфарм- агенцтвы, Камароўка стала знакамiтай на ўвесь Саюз. Марфа Паўлаўна, мацi касманаўта, сарамлiва давала iнтэрв'ю. А што было асаблiва расказваць? Рос, як усе вясковыя дзецi, працавiтым, як усе, хто застаўся без бацькi-франтавiка, рана сталеў. У школе вучыўся старанна.

Потым Клiмук паляцеў у космас зноў, затым узначалiў цэнтр падрыхтоўкi касманаўтаў. Землякi ганарылiся яго поспехамi. А ён не забываў малой радзiмы. У роднай школе з яго дапамогай створаны такi музей касманаўтыкi, якога няма больш нiдзе ў краiне. Колькi разоў даводзiлася браць iнтэрв'ю ў касманаўта, i кожны раз любавацца яго прастатой, шчырасцю, абаяльнасцю. Запомнiлася яго чыста клiмукоўскае: "Неаднойчы мяне пыталi: ты быў далёка ў нябёсах, цi верыш ты ў Бога? Я адказваю, што не. У Бога не веру... Але ж Ён мне дапамагае".

I першы Герой Беларусi Уладзiмiр Карват родам з Брэстчыны, цi правiльней сказаць, з Брэста. Былы жыхар вулiцы Чыгуначнай, якая цяпер носiць яго iмя, вучань восьмай брэсцкай школы, як многiя тады, марыў стаць лётчыкам. Як нямногiя, iм стаў. Служыў на Далёкiм Усходзе, а ў 1994 годзе вярнуўся ў Беларусь.

Пра той ракавы палёт падпалкоўнiка Карвата шмат напiсана. Падчас вучэбнага палёту здарыўся пажар. За 14 секундаў, што ў яго заставалiся, цаной уласнага жыцця Уладзiмiр адвёў палаючую машыну ад вёскi i тым самым папярэдзiў магчымыя ахвяры. Яму споўнiлася толькi 37, яшчэ невялiкiмi былi сын i дачка. Сям'я пасля гiбелi атрымала кватэру ў Брэсце. У адзiн з апошнiх дзён мая заўсёды збiраюцца ў школе Валодзевы аднакласнiкi i ўспамiнаюць яго як добрага таварыша, нешматслоўнага i сцiплага. Яму было б сёлета толькi пяцьдзясят. Якраз пра такiх склалi некалi песню "Апусцела без цябе Зямля"...

Да такой даты, як юбiлей вобласцi, прынята згадваць лiчбы i даты, гаварыць пра дасягненнi. Але ж гiсторыю рэгiёна стваралi людзi, i кожны са згаданых сёння слынных прадстаўнiкоў краю сказаў сваё слова, накрэслiў штрых, без якога гiсторыя была б няпоўнай.

Святлана ЯСКЕВIЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"100 гадоў — 100 кнiг" У свае 95 гадоў Васiль Пятровiч Ласковiч поўны аптымiзму, творчай энергii i лiтаратурных задумак. Рэвалюцыянер, падпольшчык, франтавiк, а цяпер ганаровы грамадзянiн Брэста, якi па крупiнках збiрае гiсторыю ўз'яднання Заходняй Беларусi i ўвасабляе яе ў кнiгах, сам — жывая гiсторыя.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика