Макей асабіста прэзентаваў Бароўскага на МАЗе
07.12.2009 15:31
—
Новости Общества
|
Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей прадставіў сёння працоўнаму калектыву ААТ «МАЗ» новага генеральнага дырэктара Аляксандра Бароўскага. «Рашэнне аб змене кіраўніцтва прадпрыемства далося няпроста, — сказаў Уладзімір Макей. — Як бы не было крыўдна для ранейшага кіраўніцтва, але апошні час са стратай эканамічных паказчыкаў на МАЗе гублялася ўпэўненасць, што прадпрыемства справіцца са складанай сітуацыяй. І прычына тут не толькі ў сусветным крызісе». Сёння МАЗ нараўне з іншымі флагманамі беларускага машынабудавання, а таксама нафтаперапрацоўкі займае асаблівае месца ў народна‑гаспадарчым комплексе краіны і адыгрывае важную ролю ў вытворчасці ВУП, падкрэсліў Уладзімір Макей. МАЗ можна назваць нацыянальным здабыткам, таму «страціць такое прадпрыемства раўнацэнна страце палкавога сцяга», лічыць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Але, на жаль, апошні час МАЗ стаў усё больш страчваць свае пазіцыі. Прычына таго — не толькі ў сусветным фінансавым крызісе, ёсць адкрытыя пралікі ў маркетынгавай палітыцы прадпрыемства, патрэбна дзейсная тавараправодная сетка. «Галоўнае — недапушчальны памылкі ў кадравай палітыцы, якія мяжуюць са злачыннай нізкавокасцю», — адзначыў Уладзімір Макей. Усё гэта ў канчатковым выніку прывяло да страты фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў. Дзеючая ў ранейшым складзе дырэкцыя прадпрыемства не спраўлялася з вырашэннем пастаўленых задач, завод адкінуты на некалькі гадоў таму, яго трэба ўзнімаць, падкрэсліў Уладзімір Макей. Ён дадаў, што МАЗ — гэта не тое прадпрыемства, стабільнасцю якога можна грэбаваць. Яго паспяховая работа жыццёва важна як для калектыву, так і для яго сумежнікаў, якіх налічваецца на прадпрыемствах каля 100 тыс. чалавек. Уладзімір Макей растлумачыў, чаму на пасаду генеральнага дырэктара ВА «БелаўтаМАЗ» выбраны Аляксандр Бароўскі. «Гендырэктар МАЗа — фігура перш за ўсё палітычная, зыходзячы з таго значэння і ролі, якія займае прадпрыемства ў гаспадарчай іерархіі краіны», — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі. Аляксандр Бароўскі прайшоў добрую школу, будучы старшынёй канцэрна «Белнафтахім». «Але самае галоўнае — ён мае вялікі вопыт антыкрызіснага кіравання: 10 гадоў прапрацаваў дырэктарам Завода масавых шын ААТ «Белшына» ў самыя цяжкія гады і не дапусціў фінансавага краху прадпрыемства, рэйдэрскага захопу, — сказаў Уладзімір Макей. — Тым, хто сумняваецца, скажу, што выбар не выпадковы, Аляксандр Бароўскі назначаецца генеральным менеджэрам, а не інжынерам і не генеральным канструктарам, і яму не абавязкова ведаць, напэўна, методыку разлікаў нагрузкі на вось аўтамабіля». Новы гендырэктар прызначаны «стабілізаваць сітуацыю на прадпрыемстве», яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі. Паводле яго слоў, Прэзідэнт краіны даў Аляксандру Бароўскаму поўны карт‑бланш у навядзенні парадку ва ўсіх сферах жыцця прадпрыемства, але пры гэтым параіў не выганяць кадры, а пазбаўляцца толькі ад тых, хто запляміў сябе, хто не чысты на руку. Як адзначыў міністр прамысловасці Беларусі Аляксандр Радзевіч, апошнім часам сітуацыя на МАЗе ўсё больш трывожыць. Разам з тым, сказаў міністр, звяртаючыся да працоўнага калектыву, «вы захавалі прыбытковую работу, але сёння гэтага мала». Калі рынак аўтамабілебудавання пагоршыўся у пяць разоў, то становішча на МАЗе — у дзесяць. «Калі мы не прымем кардынальных мер, МАЗ можа пайсці з асноўных рынкаў», — сказаў Аляксандр Радзевіч. Ён прызнаў, што цяпер калектыў прадпрыемства вядзе вялікую работу па пашырэнню і дыверсіфікацыі рынку, але гэта на сённяшні дзень не паляпшае сітуацыю, не дае тых аб’ёмаў рэалізацыі, якія патрабуюцца, каб жыць заводу. Новы гендырэктар, звяртаючыся да калектыву Мінскага аўтамабільнага завода, сказаў, што з яго прыходам «ніякіх узрушэнняў не будзе». «Я чалавек каманды і мне патрэбна каманда, але кардынальных кадравых змен не будзе», — адзначыў ён, дадаўшы, што мае намер менш гаварыць, а больш рабіць. Пры гэтым разлічвае на дапамогу калектыву. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Гендырэктар МАЗа — фігура перш за ўсё палітычная, зыходзячы з таго значэння і ролі, якія займае прадпрыемства ў гаспадарчай іерархіі краіны», — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі.
|
|