І праз сто гадоў нашчадкі сібірскіх беларусаў не забыліся пра свае карані
У гэтым годзе на V з'ездзе беларусаў свету мне давялося пазнаёміцца з выдатным чалавекам Васілём Ракітай -- старшынёй Савета мясцовай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Чарэмхава Іркуцкай вобласці”. Даведаўшыся, што я прадстаўляю галоўную сялянскую газету краіны, ён быў вельмі рады: “А ў мяне якраз ёсць выдатны артыкул пра лёс беларускіх сялян, якія ў пачатку мінулага стагоддзя пачалі засяляць бязмежныя абшары Сібіры. Для мяне было б вялікім гонарам пабачыць яго на старонках “Белорусской нивы”, але, калі ласка, у перакладзе на родную беларускую мову”. Што я з задавальненнем і зрабіла. У аснове артыкула ляжаць сапраўдныя падзеі стогадовай даўніны, паведаныя Іўкам Равянковым, адным з першых перасяленцаў-беларусаў з Магілёўшчыны, сваім дзецям і ўнукам, ды аповеды нашых сучаснікаў Івана і Ульяны Равянковых --Красанавых.
Рух на поўнач У вёсках Іванаўка і Цярэнічы, што на Магілёўшчыне, аб Сібіры гаварылі па-рознаму: хто з цікавасцю, а хто са страхам. Але ўсе чулі аб яе ўрадлівай глебе, багатых лясах з мноствам жывёл і птушак, магутных рэках, дзе рыбу хоць рукамі лаві. Зямелька-маці патрэбна была ўсім. Мікалай ІІ указам ад 9 лістапада 1906 года абвясціў аб рэформе сялянскага надзельнага землеўладання, якая ўвайшла ў гісторыю як “сталыпінская”. Але дзяліць бедныя, неўраджайныя землі Магілёўшчыны па паўдзесяціны на чалавека, выключаючы дзяўчат, было справай безнадзейнай. А тут зноўку з'явіўся Сысой Шапараў. Моцны мужык, барадач, бадзяга і вальнадумец. І прыехаў ён у родную вёску якраз з той самай далёкай Сібіры. Абступілі мужыкі Сысоя: “Якая яна, Сібір? Якія землі? Якія людзі там жывуць?” А Сысой адказваў ім проста: Сібір не страшная для сапраўднага працаўніка, а зямлі казённай-гасударавай -- колькі апрацаваць зможаш. А тут якраз і вярбоўшчыкі пайшлі па вёсках. І ссуда гасударава выдаецца аж на дзесяць гадоў, і ў дарозе хлеб абяцаюць даваць на кожную душу, і маладых хлопцаў ад ваеннай павіннасці вызваліць, і ніякіх падаткаў не будзе. Адно толькі патрабаванне -- працуйце на зямлі, будуйце дамы ды пабольш дзетак нараджайце. І вырашылі мужыкі з беларускіх вёсак Іванаўка і Цярэнечы перасяліцца ўслед за Сысоем у Сібір. Водар хлеба ў Белай Падзі Абоз рухаўся марудна. Стаміліся ўсе: замучылі слепні, гнус, апухлі твары, вочы. Упершыню з'явілася сумненне: а можа, трэба павярнуць назад? Але ў гэты момант Сысой кінуў шапку аб зямлю і аб'явіў -- усё, прыехалі, гэта наша зямля! Навокал лясы і пералескі з балотамі -- прыгажосць незвычайная. А лес для беларуса -- гэта жыццё, гэта будучы дом, сядзіба. Абдымалі мужыкі сосны, нібы нявест, цалавалі іх, пастуквалі, прыслухоўваючыся да іх таямнічага звону. У бярозавых пералесках узрыхлілі глебу, паднялі ў далонях багатую зямлю, паспрабавалі на смак спелы чарназём. І засвяціліся радасцю вочы стомленых сялян. Выбіралі надзелы для сям'і, аж па дзесяціне адной сядзібнай зямлі. Пад нівы і сенажаці -- бяры колькі зможаш апрацаваць. Вуліцу абралі сумесна -- з усходу на захад. Сэнс быў простым: сонца ўсходзіць з усходу, а заходзіць на захадзе, у Беларусі, дасылаючы сонечнае прывітанне землякам. Так і рассяліліся: з аднаго боку вуліцы іванаўскія, з другога -- цярэнічскія. Праз год цяжкай працы з'явіліся на вуліцы хаты, дыхтоўныя і абавязкова з палісадам, у якім рассаджвалі кветкі ды прыгажуню з тайгі -- рабіну. Першы ўраджай хлеба быў багаты: аддала зямелька колькі магла за ласку і беражлівы клопат. І запахла ў хатах печаным хлебам і караваямі. Упершыню наеліся перасяленцы хлеба ўдосталь. Паляцелі на радзіму лісты з прывітаннямі і запрашэннямі ў Сібір. Назвалі мужыкі сваё пасяленне Белай Паддзю ў памяць аб Белай Русі -- далёкай радзіме продкаў.
Цяжкія гадзіны выпрабаванняў Ішлі гады. Усё новыя і новыя перасяленцы прыязджалі ў Белую Падзь, гэты рух працягваўся амаль да канца 20-х гадоў. Усім хапала зямлі, лесу, пакосаў. У Сібіры галодны толькі той, хто уж занадта гультаяваты. І ў Белай Падзі даўно ўжо з'явіліся заможныя сялянскія сем'і -- больш за сто двароў. Цяжкія выпрабаванні ляглі на плечы белападзінцаў у гады Вялікай Айчыннай. У першыя дні вайны, пад плач баб і суровы пагляд старых, пацягнуліся абозы навабранцаў на барацьбу з немцамі. Слёзы і крыкі, а не духавы аркестр і бравыя спевы суправаджалі іх. І ніхто з тых першых байцоў не вярнуўся назад. А ў вёсцы засталіся бабы, нямоглыя старыя ды падлеткі. Увесь цяжар непасільнай працы ваеннага ліхалецця лёг на іх плечы. Ульяне Красанавай ледзь споўнілася чатырнаццаць гадоў, а працавала яна як дарослы мужчына, выконваючы франтавую працоўную норму. Цяжка ўявіць дзяўчыну-падлетка -- у лапцях, галодную і дрэнна апранутую -- за плугам. І калгаснага коніка, які панура цягнецца па баразне. А ўзараць трэба за змену не меней за гектар. “Удзень аром, а ноччу малоцім сабраны ўраджай, -- з сумам узгадвае Ульяна. -- Жыта жалі ўручную, сярпом. Норма -- трыццаць пяць сотак за змену, ды ўсё трэба звязаць у снапы, якія потым ставілі ў крыжы. Вясной, пры апрацоўцы бульбянога поля, падбіралі гнілушкі, таўклі іх у ступе. З такой мукі пяклі, невядома на якім тлушчы, праснакі. Не лыкам шытыя Усё для фронта, усё для перамогі! Не паспелі нашыць сабе ботаў перасяленцы- беларусы. І асноўным абуткам у гады вайны і летам і зімой былі лапці. “Я і зараз змагу сплесці іх з лазы ці бяросты” -- кажа Іван Равянкоў, муж Ульяны і сын аднаго з самых першых пасяленцаў 1907 года -- Іўкі Равянкова. Асабліва моцныя лапці атрымліваліся ў Івана з бяросты, толькі загатоўкі трэба рабіць з розумам і ў час. Ну а ў тыя ліхія гадзіны добрыя лапці з анучамі да іх -- гэта ўсё, што магло сагрэць ногі працаўніка. “Сям-там мы лапцямі хлеб у начальства здабывалі”, -- смяецца Іван. -- Ужо пасля вайны, у канцы саракавых, запрасілі ў Галумець на раённую нараду старшыню калгаса з Белай Падзі Рыгора Марданцава. Ён абуў самыя лепшыя лапці, высока закруціў анучы, сеў на першы рад і пастаянна дэманстратыўна перакідваў нагу на нагу. Пасля нарады запрашае яго да сабе Мікалай Шарстнёў, першы сакратар Галумецкага райкома партыі: “На, бяры боты, здымі свае лапці”. -- “Ты, сакратар, мне не боты давай, а хлеба дай калгаснікам, накарміць трэба і працаўнікоў, і ўдоў, і дзяцей”, -- сказаў Рыгор Філіпавіч у адказ. Невядома, ці паўплывала гэта, і ці накармілі тады хлебам нашчадкаў беларускіх перасяленцаў, але план паставак хлеба дзяржаве знізілі. Хоць маленькая, але ўсё ж падтрымка для галодных з Белай Падзі. Мара Любашы У 1944 годзе Іван быў прызваны ў склад дзеючай арміі, ваяваў на Усходзе. Мінавалі яго кулі і ваенныя нягоды. Вярнуўся дадому бравым салдатам, засумавалі рукі па мужыцкай працы. Сеў на трактар, ды так шмат гадоў і працаваў механізатарам. Спадабалася яму Ульяна, прыгожая чарнявая дзяўчына. Вяселле гулялі ўсёй вёскай па беларускаму звычаю -- цэлы тыдзень: спачатку ў Равянковых, потым у Красанавых, а затым у хросных жаніха і нявесты. Пачастункі былі сціплымі -- прайшло ўсяго некалькі гадоў пасля вайны, але весялосці хапіла на ўсю Белую Падзь. Пабудавалі для маладых дом, і жыццё пайшло сваім парадкам. Была праца, быў хлеб, не галадалі, жылі ў дастатку, асабліва ў 70-я, брэжнеўскія. Дзяцей нарадзілі па беларускай традыцыі -- пяць сыноў і дачушка. Але на падыходзе былі новыя павевы, новыя эксперыменты. Раптам у чарговы раз выявілася “бесперспектыўнасць” абжытай перасяленцамі, абмытай потам, перажыўшай і шчасце і гора людское, Белай Падзі. І зноўку мы адрывалі мужыка ад наседжанага месца. І не разумелі рэфарматары, што разам з гэтым знішчалася і самабытная культура беларускіх перасяленцаў, іх мова, побыт і звычаі. Раскідала беларусаў -- каго ў Галумець (Голуметь), каго ў Чарэмхава (Черемхово) на шахты, каго на вялікую сібірскую чыгунку. Іван з Ульянай перасяліліся ў Хандагай, старажытнае сяло, заснаванае буратамі. Сумавалі па Белай Падзі, але працягвалі працаваць у калгасе, гадавалі дзетак, хутка пайшлі ўнукі. Гаспадарка ў калгасе была моцная, працы хапала ўсім. Пачалі ўжо забываць аб цяжкіх гадзінах, як тут пачалася гарбачоўская шматслоўная рыторыка і перабудова, потым -- развал Саюза. І ўраз усе далёкія родныя з Беларусі аказаліся хоць і ў блізкім, але ўсё ж замежжы. Потым прыйшоў занадта ліберальны, зусім абыякавы да лёсу простага чалавека ельцынскі ўрад. З болем і горыччу гаворыць Іван Іовавіч, прамы нашчадак беларускіх перасяленцаў, ветэран вайны і працы, аб тысячах гектарах закінутай урадлівай зямлі. Сорамна глядзець у вочы ветэрану: цяжка растлумачыць яму, чаму зямля, узнятая і палітая потам перасяленцаў у пачатку мінулага стагоддзя, не патрэбна дзяржаве зараз -- у пачатку новага. Працоўны подзвіг Ульяны быў ацэнены па заслугах адразу пасля вайны: атрымала медаль за доблесную працу ў час вайны, пасведчанне ветэрана тылу і ветэрана працы. Не гаворачы аб тым, што шасцёра дзяцей выгадавала. А пенсію ёй дзяржава выдаткавала… аж 1600 рублёў ў месяц. Чыноўнікі з пенсіённага фонду спасылаліся на невялікую зарплату Ульяны, і як вынік -- маленькую базу для налічэння пенсіі. Аб якой даходнай базе можна гаварыць пры фактычна прыгоннай працы ў гады вайны і пасляваеннага ліхалецця? Абяцалі, што пасля 80 гадоў жыцця будзе пераразлік -- пенсія павялічыцца. Недацягнула Ульяна ўсяго два месяцы да патрэбнага тэрміну, так і памерла з пачуццём крыўды і горычы. Адно толькі супакойвае асірацеўшага Івана. Побач, у вёсцы, жыве іх сын Міхаіл, хлебароб, сын зямлі, паднятай перасяленцамі. У Міхаіла шасцёра дзяцей -- тры сыны і тры дачкі. Усе працавітыя, не адрываюцца ад зямлі, ад звычаяў і традыцый беларусаў. Я гутарыў з Любашай, праўнучкай і ўнучкай Равянковых і Красанавых -- перасяленцаў пачатку XX стагоддзя з Магілеўшчыны. Адзіная ў яе мара -- хоць раз пабываць у Беларусі, на радзіме сваіх прашчураў. Як бы і мне хацелася, Любаша, каб твая мара здейснілася! Пераклала і падрыхтавала да друку -- Арына САНДОВІЧ, “БН”. НА ЗДЫМКАХ: вось так новае пакаленне сібірскіх беларусаў шануе традыцыйныя беларускія святы -- Купалле і гуканне вясны. Фотаздымкі зроблены клубам “Крывічы” (Іркуцкая вобласць).