На край свету
10.01.2011
—
Новости Общества
|
Сяргей Грышын падарыў сабе на Новы год аўтападарожжа да Атлантычнага акіяна
Жаданне часам “змяніць карцінку” ў яго, пэўна, у крыві. Прадпрымальнік Сяргей Грышын згадаў, што за мінулае стагоддзе з-за войнаў, па іншых прычынах яго сваякам, ураджэнцам Мінска, давялося пажыць у Львове, Вільнюсе, Арэнбургу. А самому яму дзяцінства, студэнцтва помніцца цікавымі паездкамі на поўдзень, у Крым. Потым былі заходнееўрапейскія падарожжы. У Лісабон, да Атлантыкі, на заходні еўрапейскі мыс Каба дэ Рока Сяргей адправіўся на сваім аўтамабілі ў снежні 2008-га, ужо маючы немалы вопыт падобных вандровак па Германіі, Францыі Польшчы... Пад адным з мноства яго фотаздымкаў, размешчаных у інтэрнэце, — красамоўны подпіс: “Партугалія, мыс Каба дэ Рока. 1 студзеня 2009 года”. “Я спланаваў праехаць праз усю Еўропу да Атлантычнага акіяна ў старым годзе, а ў Мінск вяртацца ў новым, — усміхаецца падарожнік. — Ехаў праз Польшчу, Германію, Люксембург, Бельгію, Францыю, Іспанію. Новы год сустракаў з тысячамі лісабонцаў і гасцей горада на плошчы Дон Педра. І ў першы ж дзень Новага года быў на мысе Каба дэ Рока. Вядома ж, шпацыр па краі зямлі, па скалістым беразе акіяна нельга забыць. А былі ж яшчэ дзясяткі сустрэч, уражанняў. Вяртаўся ў Мінск іншым маршрутам — праз Швейцарыю і Аўстрыю. Быў у дарозе тры тыдні, праехаў 10 тысяч кіламетраў”. Самае галоўнае ў такіх падарожжах, лічыць ён, — умець не стамляцца за рулём і звяртаць увагу больш на станоўчыя моманты, чым на некаторыя бытавыя нязручнасці. Дарэчы, Сяргей вёў у дарозе падрабязныя дзённікі, яны таксама ёсць у інтэрнэце. Аматары вандраваць на ўласных колах знаходзяць там шмат карысных парад. Як сцвярджае Сяргей, беларусы ездзяць на сваіх аўто па Еўропе ў асноўных па справах, але выходзяць на яго і такія, як ён, падарожнікі. Цяпер “у распрацоўцы” ў Грышына — новая вандроўка: разам з сынамі Сяргеем і Крысціянам на пачатку лета яны мараць выбрацца ў Італію. Утульнае мястэчка, кіламетраў за 20 ад Рыма, прыгледжана. Дзён дзесяць пакалясіць па краіне, прыкладна столькі ж адпачыць на пляжах — што ж, цудоўная задума! Іван Ждановіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Грышын падарыў сабе на Новы год аўтападарожжа да Атлантычнага акіяна
|
|