Не для таго ж столькi вучыўся, каб вагоны разгружаць.... 21.by

Не для таго ж столькi вучыўся, каб вагоны разгружаць...

06.01.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Услед за пiсьмом

Падобныя словы не раз даводзiлася чуць ад знаёмага, якi, скончыўшы БНТУ i атрымаўшы размеркаванне па спецыяльнасцi, працягвае, як i ў студэнцкiя гады, у вольны час падпрацоўваць грузчыкам. Такiя ж сумныя ноткi ўлавiла i ў лiсце, а пасля i ў голасе ўрача-стажора Дзiмы.

Хiрургам малады чалавек марыў стаць з дзяцiнства. Шэсць гадоў вучобы ў Вiцебскiм дзяржаўным медыцынскiм унiверсiтэце за плячыма — i мара так блiзка. На стажыроўку адправiлi ў Барысаўскую цэнтральную раённую бальнiцу. І ўсё б добра, але...

— Многiя мае знаёмыя ўжо стварылi сем'i альбо плануюць гэта зрабiць у найблiжэйшы час. Я ж пакуль аб гэтым i думаць баюся. Няма не тое што свайго кутка, але i своечасовага заробку. У працоўным дагаворы чорным па белым прапiсана, што наймальнiк павiнен выплачваць зарплату ўрачам-стажорам у 9—11 дзень кожнага месяца. У снежнi ж, напрыклад, я (i не толькi) атрымаў зарплату толькi 18-га. Нягледзячы на тое, што аклад складае 348 759 рублёў (сума дзелiцца на аванс i непасрэдна зарплату), грошай чамусьцi на стажораў не хапiла... Затрымкi такiя бываюць апошнiм часам рэгулярна. Скажыце, аб якой дэмаграфiчнай палiтыцы i бяспецы можа iсцi гаворка, калi, пражываючы ў iншым горадзе, iншай вобласцi, мы без падтрымкi бацькоў (я ж наогул вымушаны разлiчваць толькi на свае сiлы, бо мацi на пенсii, а бацькi ў мяне няма) не можам забяспечыць сябе мiнiмальным наборам тавараў i паслуг для выжывання. Магчыма, людзям, якiя маюць кватэры i машыны, i не прынцыпова, сёння цi праз тыдзень яны атрымаюць грошы. Мне ж трэба ў тэрмiн заплацiць за камунальныя паслугi. А з такога заробку нi капейкi на "чорны" дзень, калi б i хацеў, не адкладзеш.

Падчас вучобы ў Вiцебску Дзiма падпрацоўваў санiтарам у бальнiцы. Цалкам сябе забяспечваў: здымаў кватэру, харчаваўся, апранаўся. Цяпер жа, хоць i стаў на прыступку вышэй, жыве ад зарплаты да зарплаты, па вушы ў даўгах. Працуе пяць дзён на тыдзень з 8.00 да 16. 00. Тэарэтычна вольны час для падпрацоўкi ёсць. Iншая рэч, будучаму хiрургу хацелася б гэта рабiць у сферы медыцыны.

— Не дарэмна ж я столькi гадоў вучыўся... А тут такой магчымасцi, на жаль, не даюць. Галоўны ўрач з трыбуны 3 жнiўня 2009 года сказаў, што ўсе ахвотныя стажоры будуць працаўладкаваныя на станцыю хуткай дапамогi ў якасцi фельчараў. Што датычыцца мяне, то абяцанне так i засталося на словах. Маўляў, няма сярэдняй медыцынскай адукацыi.

— Дзiма, ты, наколькi я зразумела, здымаеш кватэру. Чаму не напiсаў заяву на iнтэрнат? Усё ж танней абышлося б.

— Усiм iншагароднiм прапаноўвалi напiсаць заяву на iнтэрнат. Я, як, у прынцыпе, i большасць стажораў, адмовiўся адразу ж, бо ўмовы пражывання ў iнтэрнаце сумнеўныя. Мяркуйце самi. У пакой, разлiчаны максiмум на два чалавекi, засялялi не менш за трох, на паверсе функцыянаваў адзiн унiтаз з чатырох наяўных, адзiная душавая кабiна на пяць паверхаў iнтэрната не працавала з-за адсутнасцi вады ў летнi перыяд, на кухнях не было электраплiт, таму на кожны пакой былi выдадзены старыя электраплiткi (пажарабяспечнасць пад пытаннем), гаворка ўжо не iдзе пра мэблю i рэжым работы iнтэрната. Ведаеце, я не люблю скардзiцца. Напiсаў у газету ад безвыходнасцi, як кажуць, накiпела. Не ўсё ж жыццё ездзiць дадому ў агульным вагоне, бо на плацкарт нестае грошай. Не для таго ж шэсць гадоў вучыўся...

  Пракаментаваць сiтуацыю пагадзiлiся намеснiкi галоўнага ўрача Барысаўскай цэнтральнай раённай бальнiцы Тамара ШАПЧЫЦ i Наталля ЖУКАВЕЦ.

"Затрымка зарплаты — не наша вiна"

— Я сама атрымлiваю грошы ў апошнюю чаргу, — кажа Тамара Эргашаўна. — Такое рашэнне адносна адмiнiстрацыi бальнiцы выканкам прыняў гадоў пяць назад. Таму нельга сказаць, што грошай на стажораў не хапiла. Сутнасць у тым, што ў крызiс — i гэта нi для каго не сакрэт — прадпрыемствы, якiя ўтвараюць бюджэт горада, не працуюць у поўную сiлу. Вось адсюль, мяркую, i затрымкi. Але i такога, каб па дзесяць дзён не выплачвалi, таксама, дзякуй Богу, няма. Два-тры, ну максiмум сем дзён. Я не лiчу, што гэта вялiкая затрымка i што яна адыгрывае нейкую глабальную ролю ў жыццi.

"Больш самастойнасцi стажорам не перашкодзiла б"

— Я б на месцы стажораў уздымала iншую, больш iстотную, праблему. У iх зарплата вельмi нiзкая, як, у прынцыпе, i ва ўсiх медыцынскiх работнiкаў. Калi мы, урачы са стажам, атрымлiваем крыху больш, то толькi таму, што працуем на паўтары стаўкi i яшчэ i дзяжурым. Стажоры ж цяпер — раней i я, i мой муж толькi так i выжывалi — не маюць права выходзiць на начное дзяжурства самастойна. У той жа час у нас не хапае каля 300 урачоў, найбольш востры дэфiцыт участковых тэрапеўтаў, акушэраў-гiнеколагаў, рэнгенолаў i траўматолагаў. Адпаведна i з дзяжурствам ёсць праблемы — няма каму дзяжурыць. А далi б, як i раней, стажорам больш самастойнасцi, то яны не толькi знялi б нагрузку з урачоў, але i для iх гэта была б добрая практыка i лiшняя капейка, якая лiшняй у прынцыпе не бывае. Пачынаючы з восенi мiнулага года мы штомесяц даплачваем урачам-стажорам i маладым спецыялiстам ад 20 да 40 працэнтаў ад iх заробку. Пакуль што гэта адзiнае, што мы можам зрабiць, каб хоць неяк падтрымаць iх. Што тычыцца фельчараў... Рэдка ў нас людзi, якiя маюць вышэйшую адукацыю, праяўляюць жаданне працаваць фельчарам па сумяшчальнiцтве. І я iх разумею. Цi варта ж было вучыцца на генерала, каб салдатам працаваць? Толькi некалькi чалавек, пераважна тыя, якiя перад паступленнем ва ўнiверсiтэт атрымлiвалi сярэднюю медыцынскую адукацыю, падпрацоўваюць фельчарамi. Але такая магчымасць ёсць i ў астатнiх, усё залежыць ад жадання стажора i, безумоўна, ад наяўнасцi вольных месцаў.

Пра жыллё

— Сёння 11 (тыя, якiя напiсалi заявы) з 46 стажораў жывуць у iнтэрнаце, якi належыць барысаўскаму лiцэю, — уключылася ў размову Наталля Уладзiмiраўна. — Мы, у прынцыпе, гатовыя выдзелiць месца ўсiм ахвотным. Там, зразумела, не еўраўмовы, але чысцiня i парадак, гаспадары нават пайшлi на ўступкi i рамонт на нашых двух паверхах зрабiлi. Некаторыя iншагароднiя стажоры адмовiлiся пражываць у iнтэрнаце. Маўляў, электраплiткамi мы карыстацца не будзем, ды i жыць хацелася б па адным. Не задавальняюць iх умовы пражывання — таму i наймаюць далёка не таннае жыллё за свой кошт. У планах закладзена будаўнiцтва iнтэрната для медработнiкаў. Калi яго пабудуюць, сказаць складана. Цяпер нялёгкi час у фiнансавым плане, трэба ў першую чаргу думаць, як забяспечыць медыцынскую дапамогу насельнiцтву ды выплачваць работнiкам зарплату. Ды i невядома цi затрымалiся б маладыя спецыялiсты ў нас, калi б iм пачалi выдзяляць месцы ў новым, але усё ж такi iнтэрнаце.

* * *

Сяброўка, калi я ёй расказала пра Дзiму, выдала сваю каронную фразу: "А хто казаў, што будзе лёгка? Залатая талерачка з блакiтным беражком бывае толькi ў казцы, а ў жыццi, як правiла, большасцi трэба самiм прабiваць сабе дарогу. Я таксама, калi паступала ва ўнiверсiтэт, думала, што адразу ж пасля заканчэння буду купацца ў папулярнасцi i грашах. Толькi цяпер зразумела, што не заўсёды нашы жаданнi супадаюць з жаданнямi i магчымасцямi iншых." Адным словам, не ўсё так проста...

Надзея ДРЫЛА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падобныя словы не раз даводзiлася чуць ад знаёмага, якi, скончыўшы БНТУ i атрымаўшы размеркаванне па спецыяльнасцi, працягвае, як i ў студэнцкiя гады, у вольны час падпрацоўваць грузчыкам. Такiя ж сумныя ноткi ўлавiла i ў лiсце, а пасля i ў голасе ўрача-стажора Дзiмы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика