Пенсiянеры змогуць працаваць на сённяшнiх умовах. 21.by

Пенсiянеры змогуць працаваць на сённяшнiх умовах

06.01.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адчувальнае знiжэнне тэмпаў росту сярэднiх па краiне заробкаў, знiжэнне рэальнай зарплаты i рэальных пенсiй, скарачэнне колькасцi вакансiй i рэзкае павелiчэнне паказчыкаў занятасцi ў няпоўным рэжыме — такiм быў год мiнулы. Сёлета, адзначаюць у Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны, сiтуацыя мае змянiцца i перш-наперш — з зарплатамi i пенсiямi. Прычым зноў-такi новы год для сацыяльнай сферы павiнен прайсцi без "непапулярных" змен.

Пакуль — на 5 працэнтаў

Паводле аператыўнай iнфармацыi, па стане на 31 снежня ў Беларусi не было пратэрмiнаваных даўгоў па выплаце зарплаты. З улiкам цяжкасцяў айчыннай эканомiкi падобны факт з'яўляецца, безумоўна, прыемным. Аднак сам па сабе малюнак з аплатай працы аказаўся далёка не аптымiстычным. Як сведчыць статыстыка, сярэднiя па краiне заробкi ў студзенi—лiстападзе летась выйшлi на адзнаку 989,8 тыс. рублёў. У "намiнале" гэта на 12,9 працэнта больш, чым за такi ж перыяд пазалетась. Аднак пры гэтым рэальныя, з улiкам iнфляцыi, заробкi зменшылiся. Змяншэнне чакаецца i па вынiках мiнулага года ў цэлым.

Сiтуацыю плануецца выправiць сёлета. Як заўважыла намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Валянцiна Каралёва, па вынiках гэтага года сярэдняя па краiне зарплата павiнна выйсцi на ўзровень 500 долараў у эквiваленце. Зразумела, што хуткасць змянення заробкаў у рэальным сектары эканомiкi — заўсёды пытанне магчымасцяў канкрэтных прадпрыемстваў. Што ж да бюджэтнай сферы, то тут пасля леташняй паўзы запланавана адразу некалькi павышэнняў тарыфнай стаўкi І разраду. Канчатковыя рашэннi будуць прымацца з улiкам фiнансавых магчымасцяў. Але першы крок ужо зроблены — з 1 студзеня "бюджэтная" тарыфная стаўка I разраду ўзрасла з 77 да 81 тыс. рублёў. З улiкам карэкцiровачных каэфiцыентаў гэта прывядзе да павелiчэння сярэдняй зарплаты работнiкаў бюджэтных арганiзацый на 5,2 працэнта.

"Мiнiмалка" набрала вагу

Тым часам, нагадала Валянцiна Каралёва, прынятыя рашэннi i наконт сацыяльных гарантый некаторым катэгорыям грамадзян. З 1 студзеня памер штомесячнай дапамогi на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў узрос да 100 працэнтаў бюджэту пражытковага мiнiмуму, са 120 да 150 працэнтаў БПМ павышана "планка даходаў" пры прызначэннi адраснай сацыяльнай дапамогi, дадзена права на атрыманне без улiку даходаў тэхнiчных сродкаў рэабiлiтацыi iнвалiдам III групы, а таксама дзецям, якiя iнвалiдамi не з'яўляюцца, але маюць патрэбу ў дапаможных прыстасаваннях паводле медыцынскiх заключэнняў.

Урэшце, павялiчылiся гарантыi па аплаце працы. З 1 студзеня месячная "мiнiмалка" складае 258 600, а пагадзiнная — 1530 рублёў.

Не лакаўт. Але прастой

Паводле звестак мiнiстэрства, за студзень—лiстапад летась па дапамогу ў працаўладкаваннi ў дзяржаўныя службы занятасцi звярнулiся 314,9 тыс. грамадзян Беларусi. Тым не менш, дзякуючы стварэнню новых працоўных месцаў, падтрымцы прадпрымальнiцтва i перанавучанню беспрацоўных, сiтуацыя не выйшла з-пад кантролю. Узровень зарэгiстраванага беспрацоўя ў цэлым па краiне адпавядае прыкладна 1 працэнту ад агульнай колькасцi эканамiчна актыўнага насельнiцтва. Пры гэтым не менш адметна, што статыстыка не "зашкалiла" ў рэгiёнах. Па стане на 1 студзеня паказчык беспрацоўя ў 80 гарадах i раёнах не перавышаў 1 працэнта, у 44 гарадах i раёнах — вагаўся ў межах 1,1-1,5 працэнта, у 5 раёнах — у межах ад 1,6 да 2 працэнтаў. I толькi ў Ганцавiцкiм раёне ён складаў 2,1 працэнта.

Аднак таксама не сакрэт: стрымлiванне афiцыйнага беспрацоўя ў тым лiку стала вынiкам свядомай адмовы ад масавых звальненняў. На сёння ў службах занятасцi ёсць звесткi аб меркаваным скарачэннi ў лютым ўсяго 146 работнiкаў у 4 арганiзацыях. Так, не выпадае сумнявацца, што захаванне персаналу з пункту гледжання перспектывы праблемных на сёння суб'ектаў гаспадарання — крок правiльны. Аднак стаўка на ўтрыманне штатаў мае i адваротны вынiк — вымушаную няпоўную занятасць.

Яе аб'ёмы паступова змяншаюцца. Тым менш аператыўны манiторынг мiнiстэрства засведчыў, што за першыя два тыднi снежня страты працоўнага часу адзначалiся ў 104 з 696 правераных арганiзацыяй. Iнакш кажучы, праблемы з "загрузкай" былi прыкладна ў кожнага сёмага суб'екта гаспадарання. Што да далейшага развiцця падзей, то прадбачыць iх няцяжка — часткова цяперашняе "схаванае" беспрацоўе можа стаць "адкрытым".   Прагназуецца, што сёлета яго афiцыйны паказчык у Беларусi крыху ўзрасце i выйдзе на 1,1-1,2 працэнта. У сувязi з гэтым набывае асаблiвую актуальнасць яшчэ адна праблема — падтрымкi грамадзян, якiя зарэгiстравалiся ў службе занятасцi.

Пакуль памер дапамогi па беспрацоўi ў Беларусi — адзiн з найбольш нiзкiх у СНД. Таму, як паведамiла Валянцiна Каралёва, вывучаецца магчымасць павелiчэння як дапамогi па беспрацоўi, так i стыпендый асобам, якiя праходзяць перанавучанне па накiраваннях службы занятасцi. У прыватнасцi, гэтыя выплаты прапануецца "прывязваць" не да базавай велiчынi, а да бюджэту пражытковага мiнiмуму.

Пенсiйны ўзрост застанецца ранейшым

Традыцыйна няпростая тэма — пенсii. На працягу мiнулага года ў сувязi з ростам бюджэту пражытковага мiнiмуму мiнiмальныя, сацыяльныя пенсii, а таксама надбаўкi i павышэннi iндэксавалiся 4 разы, пераразлiк працоўных пенсiй быў праведзены аднойчы — з 1 лiстапада. Такiм чынам, у цэлым летась сярэднямесячны памер пенсii па ўзросце павялiчыўся на 8,8 працэнта i склаў 415,9 тыс. рублёў, а сярэднямесячны памер мiнiмальнай пенсii па ўзросце павысiўся на 11 працэнтаў — да 235,6 тыс. рублёў. Пры гэтым суадносiны мiнiмальнай пенсii па ўзросце i бюджэту пражытковага мiнiмуму пенсiянера адпавядалi 109,5 працэнта. Мiж тым наступны пераразлiк пенсiй зроблены ўжо сёлета — з 1 студзеня сярэднi памер усiх працоўных пенсiй узрос на 9 працэнтаў. У цэлым жа па вынiках года ў мiнiстэрстве прагназуюць намiнальную прыбаўку па пенсiях па ўзросце на 18—20 працэнтаў. Іх сярэднi памер павiнен выйсцi на адзнаку 492—507 тыс. рублёў.

Прычым Валянцiна Каралёва падкрэслiла: чакаць у новым годзе павышэння пенсiйнага ўзросту не варта. Не зменяцца i ўмовы выплат працуючым пенсiянерам.

Ветэранам — выплаты да свята

Адна з адметных падзей новага года — 65-гадовы юбiлей Перамогi. Па стане на 1 кастрычнiка ў Беларусi пражывалi 45 749 ветэранаў i больш 50 тысяч грамадзян, якiя пацярпелi ад наступстваў Вялiкай Айчыннай вайны. На жаль, колькасць ветэранаў Вялiкай Айчыннай хутка змяншаецца — усяго пяць гадоў таму iх было ў два разы больш.

Як заўважыла Валянцiна Каралёва, сёння кожны шосты ветэран вайны з'яўляецца адзiнокiм чалавекам, а кожны трэцi — пражывае ў вёсцы. Адсюль асаблiвая патрэба ў сацыяльнай падтрымцы. Сёлета пройдзе абследаванне ўмоў жыцця кожнага ветэрана — на падставе гэтага будуць распрацаваны планы аказання неабходнай дапамогi. Як правiла, маецца на ўвазе рамонт жылля, гаспадарчых пабудоў i печак, замена электраправодкi, апрацоўка прысядзiбных участкаў, нарыхтоўка палiва, бульбы i агароднiны на зiму. Адначасова ветэранам плануецца аказаць аднаразовую матэрыяльную дапамогу. На гэтыя мэты ў бюджэце краiны запланавана 17,3 млрд рублёў.

Сяргей ГРЫБ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адчувальнае знiжэнне тэмпаў росту сярэднiх па краiне заробкаў, знiжэнне рэальнай зарплаты i рэальных пенсiй, скарачэнне колькасцi вакансiй i рэзкае павелiчэнне паказчыкаў занятасцi ў няпоўным рэжыме — такiм быў год мiнулы. Сёлета, адзначаюць у Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны, сiтуацыя мае змянiцца i перш-наперш — з зарплатамi i пенсiямi. Прычым зноў-такi новы год для сацыяльнай сферы павiнен прайсцi без "непапулярных" змен.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика