Складваецца — не складваецца... Магчыма, прычына ў нас самiх?
21.01.2010
—
Новости Общества
|
Чорны квадрат ...Мне патэлефанаваў Вiталь Артамонавiч. Я ведаў яго па рабоце ў райсельгасхарчы. Някепскi быў работнiк, але гарэлка звяла, таму ён вымушаны быў развiтацца з пасадай... Вiталь Артамонавiч з’явiўся ў паношаным палiто, але, вiдаць, па старай звычцы, у касцюме i пры гальштуку. Пачаў вымаць з сакваяжа паперы. I тут я заўважыў пад iмi рылка пляшкi... «Давайце сустрэнемся заўтра на маiм рабочым месцы, так будзе зручней i вам, i мне», — прапанаваў я нечаканаму госцю. На наступны дзень Вiталь Артамонавiч прыбыў роўна ў прызначаны час, але ад яго моцна несла перагарам. — Дык пра што вы хацелi расказаць? – перапытаў я. — Разумееце, у Казiмiра Малевiча ёсць фiласофская работа «Чорны квадрат». Аднак мастак не дамаляваў яе, я спрабую гэта зрабiць. Вось бачыце, — паказаў ён на выведзенае на камп’ютэры графiчнае адлюстраванне карцiны... — А што вы хацелi ад мяне? — Каб вы дапамаглi адшукаць спецыялiстаў, якiя б ацанiлi гэту работу, магчыма, хтосьцi захоча набыць яе... Як высветлiлася, Вiталь Артамонавiч ужо спрабаваў збыць сваё тварэнне ў Польшчы, куды ездзiў да родзiчаў, але беспаспяхова: «Фiласофская рэч, не кожны разумее». — А як вашы асабiстыя справы, дзе зараз працуеце? – пацiкавiўся я. Аказалася, нiдзе, перабiваецца часовымi заробкамi. У старым доме, якi дастаўся ад бацькоў, жыве. Нi сям’i, нi дзяцей, усё пайшло наперакос... «Вось табе i квадрат, — мiжволi падумаў я. – Любая фiласофiя мае пад сабой рэальную жыццёвую аснову». ------------------------------------- Пасля ўзлёту... Сержука я ведаю гадоў дваццаць, з таго часу, калi ён пачаў разгортваць бiзнес у нашым горадзе. У яго гэта даволi ўдала атрымлiвалася. Сказаўся вопыт, якi набыў у Прыбалтыцы, дзе да гэтага жыў. Фiрма Сержука насiла назву карабля палавецкiх купцоў, якiя яшчэ ў XIII стагоддзi ажыццяўлялi гандлёвыя сувязi са Скандынавiяй. А яе гаспадар меў адукацыi — усяго «мараходку»... Разгарнуўся Сяржук някепска. У яго працавала каля сотнi чалавек. У памочнiках – брат. Яны першымi ў горадзе адкрылi казiно, ламбард, прыватную стаянку. Задумвалi ўзнавiць аэрапорт, пашырыць гасцiнiчны комплекс... А тут новы бiзнес падвярнуўся – продаж нерухомасцi. Капейка, можна сказаць, сама кацiлася. Куды ўкладваць грошы? У маляўнiчым месцы, каля ракi Бярэзiны, узвялi трохпавярховы гмах. Дакладней, два: адзiн – жыллёвы, а другi – вытворчы. Мо, з паўсотнi пакояў, усё аздоблена, даведзена да ладу. У вольны час выскачыў на раку — асвяжыўся... Справы iшлi па ўзрастаючай. Сяржук паступiў вучыцца ў вышэйшую навучальную ўстанову, займеў аўтарытэт у горадзе сярод прадпрымальнiцкай брацii, чыноўнiцтва. Аднак, як часта гэта бывае, пасля ўзлёту – падзенне. Страцiў брата (яго застрэлiлi невядомыя), не заладзiлася з сям’ёй... Толькi цяпер Сяржук пакрысе адыходзiць ад перажытага: упёрся зубамi, але не здаецца! Гляджу на яго i думаю: калi б пакласцi на вагi ягоныя здабыткi i страты, што б перацягнула? ------------------------------------- Расплата? У новы раён горада мы пераехалi не так даўно. Я тут мала каго ведаў. Вiтаўся з адным, як падалося, надзвычай заклапочаным мужчынам, якi жыў у вуглавой кватэры нашай шматпавярхоўкi. А пазнаёмiла нас унучка: як выйдзем на вулiцу, бяжыць да яго... Напэўна, адчувае добрага чалавека, думаў я. Аднаго разу разгаварылiся. «Ай, чакаюць маёй смерцi...» – роспачна выгукнуў мой субяседнiк. «Хто?» – не зразумеў я. «Ды Шурка, мой пасынак. Ён мне, як сын, лiчы, з пялёнак яго гадаваў, калi сышоўся са сваёй Кацярынай. Я Шурку вельмi любiў. Памятаю, нёс яго ды паслiзгнуўся. Сам у ваду, а ўсе думкi — каб хлопчыка не замачыць... Мой сынок! Пазней матаролер i матацыкл яму купiў: хай катаецца! Можа, i песцiлi – адно ж дзiця ў сям’i. А ён не закончыў школу, жанiцца сабраўся. Як нi адгаворвалi яго – нi ў якую! Трохпакаёвую кватэру размянялi на двух- i аднапакаёвую. Сабе — большую, маладажонам – меншую. I неўзабаве – развод. Шурка вяртаецца да нас... I зноў жэнiцца. Мы двухпакаёўку – на дзве аднапакаёвыя, даплацiлi пры гэтым нямала. Зусiм абязгрошылiся. А тут i жонка ад сардэчнага прыступу памiрае. Застаўся я адзiн, ад тугi хвароба падвярнулася: цукровы дыябет. Думаў, Шурка будзе падмогай. А ён i блiзка не паказваецца, чакае маёй смерцi, каб маёмасцю завалодаць, якая на яго перапiсана. Вось як у мяне склалася...» Дакладней, не склалася, падумаў я. А хто вiнаваты? Спачатку жыццё не пачнеш... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На наступны дзень Вiталь Артамонавiч прыбыў роўна ў прызначаны час...
|
|