Навумаў хоча пазбавіцца апошняй пасады ў Беларусі. 21.by

Навумаў хоча пазбавіцца апошняй пасады ў Беларусі

21.01.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёньня адбудзецца пазачарговая справаздачна-выбарная канфэрэнцыя Фэдэрацыі хакею Беларусі. Пасады старшыні арганізацыі афіцыйна можа пазбавіцца Ўладзімер Навумаў.18 сьнежня ён нечакана заявіў пра рашэньне разьвітацца зь “вялікім спортам”. Зрэшты, пакуль няма пэўнасьці, што ўдзельнікі канфэрэнцыі прымуць адстаўку Навумава, паколькі той публічна абяцаў дацягнуць на пасадзе хакейнага функцыянэра прынамсі да чэмпіянату сьвету 2014 году ў Менску. У выніку ж ня толькі не стрымаў абяцаньня, а ўвогуле зьехаў зь Беларусі -- адстаўны міністар працуе ў Маскве пад дахам “Внешторгбанка”. Нагадаем, што ўвесну 2009 году Навумаў ужо вызваліў крэсла міністра ўнутраных спраў Беларусі. 

У Фэдэрацыі хакею абяцаюць пэўную інтрыгу вакол сёньняшняга мерапрыемства: маўляў, жаданьне Ўладзімера Навумава разьвітацца зь беларускім хакеем яшчэ не азначае, што яго задаволяць. А ці чакаецца прысутнасьць на канфэрэнцыі самога Навумава?

“Па ідэі – так. Гэта ягоны абавязак. Бо фармальна ён дагэтуль застаецца на пасадзе старшыні фэдэрацыі. І нават ёсьць такі варыянт, што канфэрэнцыя яго не адпусьціць і ён застанецца выконваць абавязкі надалей. Альбо таксама ня выключаны варыянт, што канфэрэнцыю ў адсутнасьць агульнай пазыцыі папросту перанясуць. Сытуацыя да канца незразумелая. Але першапачаткова канфэрэнцыя заплянаваная на 15.00 у Доме футболу”.

Паваротным у лёсе Навумава стала ягонае рашэньне напярэдадні зімовай Алімпіяды-2010 адмовіцца ад паслугаў галоўнага трэнэра нацыянальнай беларускай зборнай Глена Хэнлана, які ў перадалімпійскім сэзоне таксама трэніраваў менскае “Дынама”. У аўральным парадку на месца заакіянскага спэцыяліста быў прызначаны Міхаіл Захараў, фігура якога выклікала новы віток супрацьстаяньня пад дахам фэдэрацыі. Навумаў быў катэгарычна супраць кандыдатуры Захарава, які фактычна праваліў папярэдні алімпійскі цыкл. Захараў лічыць, што захады Навумава супраць Хэнлана стварылі нэрвозную сытуацыю ня толькі ў камандзе, але і ў грамадзтве. Хакейны аглядальнік газэты “Прессбол” Вячаслаў Федарэнкаў перакананы: менавіта прынятае на эмоцыях рашэньне каштавала Навумаву месца ў фэдэрацыі:

“Я меркаваў так: калі Хэнлан і будзе звольнены, то толькі пасьля Алімпіяды, а то можа і пасьля чэмпіянату сьвету 2010 году. А што да Навумава, то пра ягоны сыход з пасады можна было нешта казаць як мінімум пасьля Алімпійскіх гульняў у Ванкувэры. Бо гэта, зразумела, этап у жыцьці кожнай нацыянальнай каманды. Тым больш, што пачынаў Навумаў з чаго? Калі ён заступіў на пасаду старшыні фэдэрацыі, то ў нас атрымалася 4 месца ў Солт-Лэйк Сыці. Але ў выніку ён сам сябе перайграў”.

Хто прэтэндуе на месца старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі, калі яно ўсё ж зробіцца вакантным? У кулюарах называюцца розныя прозьвішчы, але найбольш часта згадваецца іншы “сілавік” -- старшыня фізкультурна-спартовага таварыства “Дынама”, колішні кіраўнік службы аховы прэзыдэнта Юрый Бародзіч. Гэтаксама не выключаецца магчымасьць перадачы пасады хакейнага функцыянэра ў спадчыну па лініі МУС – цяперашняму міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову.

Як бы не разгортваліся падзеі, але, па словах спартовага аглядальніка Вячаслава Федарэнкава, Навумаў быў прынамсі ня горшым кіраўніком хакейнай фэдэрацыі. Дый да працы журналістаў ставіўся з разуменьнем:

“Нічога кепскага пра яго сказаць не магу. За што асабіста я яго адзначаю, дык гэта за павагу да журналісцкай працы. Ніводнага разу ён не “наехаў” дзеля “прафіляктыкі”. Пасьля працяглых цяжбаў “Прессбола” з экс-міністрам фінансаў Мікалаем Корбутам у нас нават зьявіўся такі выраз – “пятля Корбута”. Дык Навумаў, адрозна ад Корбута, гэтую пятлю на нас накінуць ні разу нават не паспрабаваў. Хоць меў і нагоду, і магчымасьці. Але ў дадзеным выпадку ён гуляў чэсна. За гэта яму пашана”.

Уладзімер Навумаў устрымліваецца ад камэнтароў адносна сваіх пэрспэктываў у Беларусі. Праўдападобна, маральна генэрал ужо гатовы пусьціць карані ў Маскве, дзе пераспэцыялізаваўся ў банкіра. Навумаў працаўладкаваны ў адным з найбуйнейшых расейскіх банкаў — ВТБ-банку (“Внешторгбанк”), які ўваходзіць у міжнародную фінансавую групу ВТБ і зьяўляецца другім паводле памеру актываў пасьля “Сбербанка”. Ня выключана, што ў дадзеным выпадку дапамаглі старыя сувязі: прэзыдэнт аднаго з падразьдзяленьняў банку -- ВТБ24 — экс-міністар фінансаў, былы першы намесьнік старшыні ўраду і дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Міхаіл Задорнаў. Відавочна, што ў Задорнава захавалася нямала сувязяў, у тым ліку і зь беларускімі функцыянэрамі. Да таго ж галоўны акцыянэр ВТБ з доляй 77,5% — урад Расеі, які не пакідае спадзяваньняў глыбей інтэгравацца ў фінансавы рынак Беларусі.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёньня адбудзецца пазачарговая справаздачна-выбарная канфэрэнцыя Фэдэрацыі хакею Беларусі. Пасады старшыні арганізацыі афіцыйна можа пазбавіцца Ўладзімер Навумаў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика