Таварыства ўласнiкаў на ЖЭС не мяняюць?
22.01.2010
—
Новости Общества
|
Дасведчаныя людзi кажуць, што таварыствы ўласнiкаў куды лепш за самыя паказальныя ЖЭСы — з любога боку. Тэарэтычна так i ёсць. Аднак на практыцы (ва ўсякiм разе на практыцы асобна ўзятага сталiчнага Таварыства ўласнiкаў № 10, якое аб'ядноўвае восем жылых дамоў) высвятляецца, што ўсё не так проста. Адны дрэнныя чуткi змяняюцца iншымi, маўляў, раскрадаецца ўсё, што магчыма... А як праверыш? На хвiлiну адкiнеш убок дрэнныя думкi, а потым падумаеш: раптам i сапраўды праз дваццаць гадоў дом без капрамонту застанецца? А тут яшчэ з'яўляецца на парозе iнiцыятыўная група... з мэтай збору подпiсаў жыхароў у падтрымку iдэi адмовiцца ад паслуг таварыства i папрасiцца пад крыло ЖЭСа... Што рабiць? Паставiць подпiс? Спачатку на такое пытанне адказвае начальнiк аддзела гарадской гаспадаркi Адмiнiстрацыi Фрунзенскага раёна г. Мiнска Аляксандр ЧАРТКОЎ. — Можна перайсцi на тэхнiчнае абслугоўванне ў ЖЭС, але для ажыццяўлення такога пераходу давядзецца трымацца пэўнай працэдуры. Домаўладальнiкi павiнны сабрацца на сход з удзелам старшынi, а таксама праўлення таварыства, выслухаць iх пазiцыю... Наогул я раiў бы iнiцыятыўнай групе азнаёмiцца са Статутам таварыства, дзе прапiсана, якiм чынам можна прымаць рашэннi, у тым лiку i адносна таго, як выходзiць са складу таварыства. Хутчэй за ўсё, там указваецца на тое, пра што я кажу — атрыманне 2/3 галасоў на агульным сходзе. Гэта i будзе рэарганiзацыяй канкрэтнай юрыдычнай асобы. — Цi дастаткова было б для гэтай рэарганiзацыi 2/3 подпiсаў, якiя i збiрае iнiцыятыўная група? — Каб адысцi на абслугоўванне да ЖЭСа, апытанне жыхароў можна лiчыць папярэднiм. Без сходу, я лiчу, не абысцiся. Паколькi, упэўнены, у статуце таварыства ўказваецца на такую неабходнасць. Статут таварыства ўласнiкаў, — па сутнасцi, яго заканадаўства. — Да якога ЖЭСа могуць перайсцi адразу восем дамоў асобна ўзятага таварыства? — Да таго, на тэрыторыi якога размешчана таварыства. — Iнакш кажучы, у ЖЭСа iстотна прырасце колькасць дамоў на абслугоўваннi... I зноў не атрымлiваецца нiчога добрага... — Чаму ж адразу так? Аб'ектыўна працы ЖЭСу дабавiцца. Аднак у сувязi з павелiчэннем колькасцi асабовых рахункаў ЖЭС можа выйсцi на ЖРЭА з хадайнiцтвам аб павелiчэннi штатнай колькасцi патрэбных работнiкаў. — А новы ЖЭС стварыць у такiм выпадку можна? — Нiхто на гэта, вядома ж, не пойдзе. — У Мiнску ёсць таварыствы, якiя абслугоўваюць адзiн дом. — Ёсць. Бывае, што аб'ядноўваюцца i два дамы, i тры... — Але ж не восем! Што значыць сабрацца на сход жыхарам аднаго дома, а што — васьмi? Ды гэта нерэальна ў прынцыпе! — Не бяруся меркаваць, хоць, безумоўна, вялiкая колькасць дамоў, а значыць, i жыхароў — гэта заўсёды цяжка. Прычым як з пункту гледжання абслугоўвання, так i з пункту гледжання правядзення арганiзаванага сходу. Часам нават жыхарам аднаго дома цяжка сабрацца... — Цi могуць домаўладальнiкi аднаго з гэтых васьмi дамоў не далучыцца да ЖЭСа, а стварыць сваё таварыства? — Так. Адзiн, два, чатыры дамы могуць стварыць сваё таварыства. — Зразумела, што там, дзе ўсё iдзе гладка, насельнiцтва наўрад цi будзе ўзнiмаць пытанне пераходу "з адных рук у другiя"... За пяць гадоў у асобна ўзятым таварыстве можа змянiцца пяць старшыняў. I амаль пры кожным могуць не сцiхаць упартыя чуткi аб тым, што на рахунку юрыдычнай асобы няма нi капейкi. Домаўладальнiкi пастаянна будуць гадаць, куды i навошта яны штомесяц робяць адлiчэннi на капрамонт... А самае цiкавае, як атрымлiваецца, што старшынямi таварыстваў становяцца несумленныя асобы? Адкуль яны, выбачайце, бяруцца? — Што да выбару праўлення, рэвiзiйнай камiсii i старшынi таварыства, то тут рашэнне прымаецца толькi выбарчым шляхам. Самi домаўладальнiкi павiнны прагаласаваць за тую цi iншую кандыдатуру. Гэта ўсё, дарэчы, прапiсана ў статуце. Самi сябе старшынi прызначаць не могуць. На сходзе прапануецца кандыдатура. Кандыдат коратка пра сябе расказвае i людзi прымаюць рашэнне. — Якiм чынам можна кантраляваць фiнансава-гаспадарчую дзейнасць таварыства? — Для такога кантролю раз у год праверку можа ажыццявiць рэвiзiйная камiсiя. Калi насельнiцтва ёй не давярае цi па нейкiх iншых прычынах таварыства за свае сродкi наймае незалежны аўдыт, а ён ужо можа правяраць фiнансава-гаспадарчую дзейнасць ад моманту апошняй праверкi, праведзенай у таварыстве. Дзесьцi адзiн раз у два гады ладзiцца справаздачны сход, на якiм старшыня таварыства i прадстаўнiк рэвiзiйнай камiсii расказваюць аб праведзенай за пэўны час рабоце, вынiках праверкi, аб дапушчаных парушэннях. Калi ж ёсць нейкi недавер да старшынi або не праводзяцца нiякiя сходы, а тады ў людзей абавязкова будуць узнiкаць дрэнныя думкi, то я лiчу, усё адно трэба шукаць магчымасць сабрацца, каб даць слова кiраўнiкам арганiзацыi. Далей можна рабiць пэўныя высновы. — Каму ўсё ж такi ў цэлым падпарадкоўваюцца таварыствы? — Выканкам не мае права правяраць фiнансава-гаспадарчую дзейнасць юрыдычных асобаў. Гэта права падатковых органаў, арганiзацыi па барацьбе з эканамiчнай злачыннасцю. Дарэчы, парадак правядзення праверак зараз, як вы ведаеце, спрошчаны... Магчыма, нейкiя праверкi ўжо былi праведзены, але жыхары пра гэта не ведаюць... Можна зазiрнуць i на сайт Мiнгарвыканкама, даведацца, цi падпадаюць сёлета пад праверку таварыствы ўласнiкаў. — Што рабiць домаўладальнiкам, якiя даведаліся аб недастачах на рахунку? — Калi такi факт з'явiўся, можна звярнуцца ў аддзел па барацьбе з эканамiчнай злачыннасцю. Дастаткова напiсаць калектыўную заяву з просьбай правесцi рэвiзiйную праверку фiнансава-гаспадарчай дзейнасцi гэтага таварыства ўласнiкаў. На iмя заяўнiка абавязкова прыйдзе адказ, з якога жыхары i даведаюцца аб вынiках праверкi. — Як вы асабiста лiчыце, цi варта пры першых прыкметах сумнення ў перавагах таварыстваў iмкнуцца пераходзiць на абслугоўванне ЖЭСа? — Таварыства ўласнiкаў у прынцыпе — зусiм не дрэнна. Па сутнасцi, такая структура — нешта накшталт невялiкай фiрмы, якая можа сама рэгуляваць унутраныя ўзаемаадносiны. Скажам, наняць любы штат супрацоўнiкаў — тых жа электрыкаў, сантэхнiкаў, дворнiкаў i г.д. нават з лiку самiх домаўладальнiкаў. Апошнiя — гаспадары сваёй маёмасцi i вырашаюць куды, колькi i навошта. Я асабiста не спяшаўся б развiтвацца з таварыствам. Iншая рэч, калi ўзнiкаюць пэўныя пытаннi, то варта разбiрацца, а потым правiльна арганiзоўваць далейшую работу i кантраляваць яе. Святлана БАРЫСЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дасведчаныя людзi кажуць, што таварыствы ўласнiкаў куды лепш за самыя паказальныя ЖЭСы — з любога боку. Тэарэтычна так i ёсць. Аднак на практыцы (ва ўсякiм разе на практыцы асобна ўзятага сталiчнага Таварыства ўласнiкаў № 10, якое аб'ядноўвае восем жылых дамоў) высвятляецца, што ўсё не так проста. Адны дрэнныя чуткi змяняюцца iншымi, маўляў, раскрадаецца ўсё, што магчыма... А як праверыш? На хвiлiну адкiнеш убок дрэнныя думкi, а потым падумаеш: раптам i сапраўды праз дваццаць гадоў дом без капрамонту застанецца?
|
|