Чаму беларусы зберагаюць менш ахвотна, чым кітайцы і еўрапейцы?. 21.by

Чаму беларусы зберагаюць менш ахвотна, чым кітайцы і еўрапейцы?

22.01.2010 14:03 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Летась уклады насельніцтва прыраслі амаль што на 37 працэнтаў. Але па-ранейшаму нашы суайчыннікі, паводле падлікаў экспертаў, нясуць у банкі не больш за 5 працэнтаў ад заробкаў. Які адваротны бок такой пасіўнасці для саміх грамадзян і эканомікі краіны ў цэлым? Ці зможа запланаваны на сёлета прырост заробкаў значна папоўніць банкаўскія ўклады?

Толькі 2-месячны запас

Яшчэ на пачатак 2007 года ў сярэднім на кожнага беларуса ў айчынных банках прыходзіўся ўклад у памеры каля 800 тысяч рублёў. Але да студзеня 2010-га гэты паказчык вырас прыблізна да 1,9 мільёна. Падваенне за тры гады ўражвае. Але, калі прааналізаваць, гэта не так ужо і шмат.

— На кожнага жыхара краіны на дэпазітах прыходзіцца сума ў памеры не больш за два месячныя заробкі, — звяртае ўвагу на праблему дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў. — А вось, напрыклад, у Кітаі гэты паказчык складае амаль што гадавы заробак, у большасці еўрапейскіх краін — запас на 4-6 месяцаў.

Паводле слоў спецыяліста, многія беларусы па-ранейшаму працягваюць дзейнічаць па сацыялістычнай звычцы: атрыманую зарплату неабходна ў той жа месяц і зрасходаваць. Таму далейшая палітыка прыросту заробкаў павінна суправаджацца кваліфікаванай кампаніяй, скіраванай на павелічэнне нормы зберажэнняў.

— Трэба тлумачыць нашым людзям, што ва ўмовах рыначнай эканомікі кожны павінен у большай ступені клапаціцца пра сябе, сваю сям’ю, дзяцей і назапашваць пэўную “падушку бяспекі”, — лічыць прафесар. — Так робяць многія еўрапейцы на выпадак страты работы. Вось і ў Беларусі летась былі праблемы ў дзейнасці некаторых прадпрыемстваў. Калі б у работнікаў такіх заводаў былі больш істотныя зберажэнні, дык і гэтыя цяжкасці яны перажылі б лягчэй.

Яшчэ “савецкі” дэфіцыт

Нацыянальны банк, па словах яго прэс-сакратара Анатоля Драздова, прыкладае ўсе намаганні, каб стварыць для патэнцыяльных укладчыкаў прывабныя ўмовы: некалькі разоў на год гэтую праблему абмяркоўваюць разам з прадстаўнікамі банкаў, улічваюць іх слушныя прапановы. І калі аб’ём укладаў прырастае, значыць, меры прымаюцца правільныя.

Праўда, параўноўваць беларускую норму зберажэнняў з кітайскай, на думку прадстаўніка Нацбанка, наўрад ці правільна. Хаця б таму, што ў Кітаі сярэдні заробак меншы, чым у нашай краіне.

На актыўнасць зберажэнняў беларусаў, акрамя памеру заробкаў і ўзроўню працэнтных ставак, уплывае і важкі псіхалагічны фактар. Нашы людзі, на думку спецыяліста Нацбанка, яшчэ памятаюць пра дэфіцыт эпохі СССР і таму сёння замест таго каб зберагаць грошы, набываюць машыны, дачы, кватэры.

Да канца года стаўкі па дэпазітах у Беларусі могуць знізіцца. Тым не менш, як прагназуе Анатоль Драздоў, аб’ём укладаў па-ранейшаму будзе прырастаць.

Патрэбен баланс

— Норма зберажэнняў — не самамэта. Больш важна, каб зберажэнні насельніцтва максімальна эфектыўна выкарыстоўваліся, — перакананы старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Фелікс Чарняўскі.

Калі грамадзяне пачнуць значна больш зберагаць, то гэта можа прывесці да падзення збыту айчынных тавараў. Таму трэба вытрымліваць пэўны баланс, а прынесеныя насельніцтвам грошы накіроўваць не на бягучыя патрэбы дзяржавы, а на мадэрнізацыю прадпрыемстваў, на павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Калі заводы пачнуць працаваць лепш, то гэта стане стымулам і да павелічэння заробкаў укладчыкаў.

Акрамя гэтага, для прытоку сродкаў насельніцтва, на думку эксперта, неабходна ў нашай краіне развіваць сістэму будзберажэнняў, якая можа стаць альтэрнатывай ільготным жыллёвым крэдытам, а таксама прыцягваць сродкі насельніцтва ў сферу традыцыйнага і пенсіённага страхавання.

Колькі можна зарабіць на дэпазіце?

Па ўкладах у рублях у айчынных банках, як прааналізавалі эксперты партала infobank.by, цяпер прапануюць да 30 працэнтаў гадавых (напрыклад, на 5 мільёнах рублёў можна за год “наварыць” каля 1,5 мільёна), а па інвалютных — у сярэднім каля 8 працэнтаў (за год даход з 2 тысяч долараў — больш за 150 долараў).

На што паставіць: долар ці еўра?

Верагодны дыяпазон ваганняў валютнай пары еўра/долар на 2010 год — 1,4-1,5 (цяпер фактычна каля 1,44). Такі прагноз для “НГ” зрабіў Мікалай Іўчанка, кіраўнік інфармацына-аналітычнага цэнтра FOREX CLUB. Па яго падліках, сярэдні курс на бягучы год прагназуецца на ўзроўні 1,46. У доўгатэрміновай перспектыве, відаць, амерыканская валюта прадоўжыць падзенне. У 2011-2012 гадах усе зноў змогуць звярнуць увагу на вялізны дэфіцыт бюджэту ЗША, на значную дзяржаўную запазычанасць гэтай краіны. Не выключана, што Кітай ды іншыя краіны пачнуць змяншаць долю долара ў сваіх золатавалютных рэзервах.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Летась уклады насельніцтва прыраслі амаль што на 37 працэнтаў. Але па-ранейшаму нашы суайчыннікі, паводле падлікаў экспертаў, нясуць у банкі не больш за 5 працэнтаў ад заробкаў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика