Адкатная справа. 21.by

Адкатная справа

27.01.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Па звестках Генпракуратуры Беларусi найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў зарэгiстраваная ў такiх вiдах эканамiчнай дзейнасцi, як гандаль i прамысловасць, а таксама ў дзяржаўным кiраваннi, сельскай гаспадарцы, будаўнiцтве i адукацыi.

64-гадовы Мiхаiл Семянюк працаваў на пасадзе дырэктара ААТ "Жлобiнскi рамонтна-механiчны завод" 38 гадоў. На апошнiм годзе працы яго пасадзiлi ў турму за хабар, якi склаў 10 тысяч долараў.

Расiйскай фiрме "Трансбудтэхналогiя" была тэрмiнова патрэбная вугляродзiстая сталь для армiравання жалезабетонных канструкцый. Гэтую сталь можна набыць на Беларускiм металургiчным заводзе. Аднак на той момант у БМЗ была досыць вялiкая чарга сваiх пакупнiкоў.

У адной з маскоўскiх камандзiровак Мiхаiл Семянюк сустракае дырэктара расiйскай фiрмы "Трансбудтэхналогii" Сяргея Цiткова. Абодва мелi зацiкаўленасць у той армiраванай сталi.

Жлобiнскi рамонтна-механiчны завод набывае сталь для вытворчасцi тавараў у тым жа БМЗ. А паколькi гэта беларускае прадпрыемства, то яму сталь адгрузяць, безумоўна, хутчэй, чым расiйскай фiрме. Але, згодна з беларускiм заканадаўствам, "Жлобiнскi РМЗ" не мае права прадаваць сыравiну самастойна, а толькi праз таварную бiржу.

Мiхаiл Рыгоравiч прапанаваў: можа, адгрузiць неапрацаваную сталь непасрэдна кампанii пад выглядам адгрузкi нарыхтовак, але толькi пры ўмове, што 15 працэнтаў ад сумы здзелкi будуць належаць яму.

На што спадар Цiткоў пагаджаецца i дае даручэнне прадстаўнiку кампанii Юрыю Грэку працаваць з Мiхаiлам Семенюком i надалей.

10 тыс. долараў за подпiс

Пасля падпiсання дамовы памiж Жлобiнскiм РМЗ i "Трансбудтэхналогiямi" на суму 144,9 млн рублёў Мiхаiл Рыгоравiч у тэлефонных размовах неаднаразова намякаў на тое, што без узнагароды адгрузка не адбудзецца. А ўзнагарода, па падлiках Мiхаiла Семенюка, склала 10 тыс. долараў.

Спадар Грэк прыбыў непасрэдна ў кабiнет Мiхаiла Семенюка i перадаў яму дамоўленую суму. Мiхаiл Рыгоравiч, па словах Юрыя Грэка, толькi зазiрнуў у канверт i адразу паклаў яго ва ўнутраную кiшэню пiнжака.

Аднак умовы дамовы Жлобiнскi рамонтна-механiчны завод выканаў напалову. І як толькi дырэктар выйшаў з адпачынку, яму патэлефанаваў Юрый Грэк з просьбай вярнуць палову грошай. Маўляў, магчымасцi набываць прадукцыю Жлобiнскага РМЗ няма. У Расii змянiлiся кошты, i было прынята рашэнне не набываць далей прадукцыю ў беларускага прадпрыемства. Мiхаiл Рыгоравiч патлумачыў, што "падзялiўся" з начальствам, а сваю частку ўжо патрацiў i можа вярнуць толькi 1000 долараў.

Яны сустрэлiся з Грэкам каля ТЦ "На Нямiзе", пад наглядам мiлiцыi (Юрый Грэк пагадзiўся ўдзельнiчаць у следчым эксперыменце). Там жа спадар Семянюк перадаў Юрыю 1200 долараў. У гэты момант iх абодвух затрымалi аператыўнiкi.

"Спонсарская" дапамога

У судзе Мiхаiл Рыгоравiч прызнаўся, што не павiнен быў прадаваць сталь у абыход таварнай бiржы. А вось 10 тыс. долараў, з яго слоў, — гэта спонсарская дапамога, якую ён папрасiў у кампанii "Трансбудтэхналогii". На заводзе, па тлумачэннi Мiхаiла Рыгоравiча, былi выяўлены сляды крадзяжу. I ён хацеў усталяваць вiдэаназiранне, на якое павiнны былi пайсцi гэтыя грошы. Аднак, па сведчаннi прадстаўнiка кампанii Юрыя Грэка, са слоў iх дырэктара было зразумела, што 15 працэнтаў трэба заплацiць дырэктару Жлобiнскага РМЗ.

Арыштаваная маёмасць Мiхаiла Семенюка: па месцы жыхарства — 14,4 млн руб., легкавы аўтамабiль BMW — 35 млн руб., рахункi ААТ "Бел-аграпрамбанк" Жлобiна — 24,48 млн руб., 14 882 долары i 3 240 еўра.

Суд прызнаў Мiхаiла Семенюка вiнаватым у атрыманнi хабару ў буйным памеры. Мiхаiл Рыгоравiч атрымаў шэсць гадоў i шэсць месяцаў турмы з канфiскацыяй маёмасцi i пазбаўленнем права займаць пасады кiраўнiка на працягу пяцi гадоў.

Там, дзе высокая карупцыя, народ бедны

Хабар бяруць i даюць не толькi бiзнэсмены i людзi, якiя знаходзяцца пры ўладзе. Побытавая карупцыя, хоць i не прыносiць такой шкоды дзяржаве, як "адкаты" i г.д., але...

Трэба перавезцi большы груз праз мяжу? Пакладзi цiхенька ў пашпарт купюру-амерыканку. Перавесцiся на завочнае аддзяленне на пятым курсе? Дай хабар дэкану. Лепшы догляд у шпiталi — пакладзi медсястры шакаладку ў правую кiшэню халата.

У чым жа прычыны карупцыi? Чаму яна нараджаецца i да чаго прыводзiць?

— Небяспека карупцыi ў тым, што яе наступствы ў канчатковым вынiку кладуцца на плечы ўсяго насельнiцтва, — кажа Аляксандр Ракевiч, начальнiк упраўлення па барацьбе з карупцыяй i арганiзаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Беларусi. — Напрыклад, "адкат". Завышаецца кошт канчатковай прадукцыi, якую купляем мы з вамi. Такiм чынам мы бяднеем з-за карупцыi. Па-другое, падрываецца давер насельнiцтва да ўлады. Народ становiцца апатычным i пасiўным. Ён не верыць у магчымасцi ўлады, i адпаведна гэта будзе адбiвацца на ўсiх працэсах — i палiтычных, i iдэалагiчных, i г.д. Па-трэцяе, у шэрагу карумпаваных краiн (а я Беларусь не адношу да карумпаваных краiн), гэта вядзе да падрыву эканомiкi i ўвогуле бяспекi дзяржавы. Гэта назiраецца ў афрыканскiх краiнах, такiх, як Нiгерыя i iншыя. Там, дзе высокая карупцыя, народ бедны. Iдзе поўнае самаўпраўства чыноўнiкаў. Так што высiлкi дзяржавы накiраваныя на змаганне з гэтай сацыяльнай з'явай.

Якiя тут шляхi вырашэння? Ну, па-першае, падбор кадраў. Пажадана старанна вывучаць асобу, перш чым прызначыць яе на адказную пасаду.

Па-другое, праца кантрольных вышэйшых органаў, якiя павiнны кантраляваць нiжэйшыя. Асаблiва кантрольна-рэвiзiйныя падраздзяленнi i кадравыя службы. А таксама праверка падатковых дэкларацый. Таму што часта дэкларацыi запаўняюцца, але фактычна не правяраюцца.

Калi параўнаць фактычную маёмасць i прыбыткi, то можна зразумець, як жыве чыноўнiк, цi можна яго пакiдаць на гэтай пасадзе. I ўключэнне грамадскасцi. Шырокае асвятленне фактаў карупцыi ў СМI, тое, што мы i стараемся рабiць.

На нядаўняй сустрэчы з мiнiстрамi, якую праводзiў генеральны пракурор, мы казалi пра магчымасць друкаваць факты карупцыi ў ведамасных СМI. Прапаноўвалi, каб кiраўнiкi прадпрыемстваў, якiя ўваходзяць у тую цi iншую сферу, часткова друкавалi свае дэкларацыi. Не трэба пiсаць, дзе жыве сын, дачка i iншыя, раскажыце, якой маёмасцю валодаеце.

Вось праз некалькi гадоў будзе цiкава паглядзець на змяненнi. Вядома ж, калi маёмасць не аформлена на iншых асобаў, iнакш iмi ўжо будзем займацца мы.

Вядома ж, трэба яшчэ са школы выхоўваць непрыняцце карупцыi. Важна разумець, што ўсё можна вырашыць законным шляхам. Тым больш, што нашы законы ў сферы эканомiкi пастаянна лiбералiзуюцца.

Выкаранiць карупцыю зусiм нi адна краiна не змагла. Але кантраляваць i мiнiмiзаваць гэтыя працэсы, на наш погляд, мы ў стане.

Настасся Занько.

 

Меркаваннi:

Iгар, бiзнэсмен:

— "Адкаты" ў бiзнэсе — справа звычайная. У некаторых фiрмах грошы на хабары закладваюцца ў бюджэт. Гэта звязана з грувасткасцю i слабасцю нашага заканадаўства ў эканамiчнай сферы.

Iлья, iндывiдуальны прадпрымальнiк:

— Неабавязкова "дзякаваць" чыноўнiкам за iх працу. Мы i так плацiм iм зарплату са сваёй кiшэнi. Сiтуацыя можа змянiцца толькi тады, калi людзi ўсвядомяць гэта.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па звестках Генпракуратуры Беларусi найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў зарэгiстраваная ў такiх вiдах эканамiчнай дзейнасцi, як гандаль i прамысловасць, а таксама ў дзяржаўным кiраваннi, сельскай гаспадарцы, будаўнiцтве i адукацыi. 64-гадовы Мiхаiл Семянюк працаваў на пасадзе дырэктара ААТ "Жлобiнскi рамонтна-механiчны завод" 38 гадоў. На апошнiм годзе працы яго пасадзiлi ў турму за хабар, якi склаў 10 тысяч долараў. Расiйскай фiрме "Трансбудтэхналогiя" была тэрмiнова патрэбная вугляродзiстая сталь для армiравання жалезабетонных канструкцый. Гэтую сталь можна набыць на Беларускiм металургiчным заводзе. Аднак на той момант у БМЗ была досыць вялiкая чарга сваiх пакупнiкоў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика