Ажаніцца, каб не журыцца. Чаму ў Вілейцы паболела магнатаў, а адразу пасля загса маладыя спяшаюцца ў музей?. 21.by

Ажаніцца, каб не журыцца. Чаму ў Вілейцы паболела магнатаў, а адразу пасля загса маладыя спяшаюцца ў музей?

27.01.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

27.01.2010

Вілейскі раённы музей запрашае... ажаніцца. Больш дакладна – узяць удзел у традыцыйным абрадзе «Горка» па-беларуску», пабудаваным з улікам мясцовых вясельных традыцый.

Усё пачалося з магістарскай дысертацыі маладога дырэктара музея Сяргея Ганчара і ўласцівасці чалавечай памяці праз усё жыццё захоўваць самыя светлыя ўспаміны. – Калі веснавыя, траецкія ці купальскія песні бабулі амаль забыліся, то вясельныя могуць пець, бадай, тыдзень напралёт, – дзеліцца ўражаннямі з экспедыцый дырэктар. – Нам падалося, што вясельны абрад – добры спосаб папулярызацыі народных традыцый, а таксама магчымасць прапанаваць месцічам новую паслугу музея. Да таго ж пад абрад можна было адмыслова аздобіць адну з экспазіцый – беларускую хату.

У палатняны шлях!

У экспедыцыях здараліся ўнікальныя знаходкі. Адна са “знаходак” — бабуля з навакольнай вёскі, якая брала шлюб у 1938 годзе, але памятае ўсё, быццам учора пад вянцом стаяла. Тады Вілейшчына была пад Польшчай і традыцыі адрозніваліся ад пазнейшых, пасляваенных, калі з-за нястачы яны спрашчаліся.У той час фатаграфаваліся на вяселлях толькі заможныя людзі, прычым самыя распаўсюджаныя сюжэты — альбо маладая з маладым, альбо ўсе госці разам. Бабуля ж паказвае нетыповы здымак: упрыгожаны конь з возам, ад каня да хаты высцелена саматканае палатно, маладыя ідуць па ім. Аказваецца, калі бабуля выходзіла замуж, прыехаў нейкі карэспандэнт з Польшчы і запісаў усё вяселле. Як расказвае старая, мучыў іх тры дні, але ўсе песні запісаў, кожны крок занатаваў. Потым даслаў у падарунак чатыры здымкі — як куфар з прыданым уносяць, як маладых адорваюць... Да нашых дзён захаваўся толькі адзін.У Вілейскага музея вельмі выгаднае геаграфічнае становішча: недалёка загс, побач плошча Свабоды і помнік вызваліцелям. Маладыя пасля рэгістрацыі ўскладаюць да помніка кветкі — і ў музей. Па тры, часам нават па чатыры пары даводзілася прымаць у некаторыя суботы.— Сустракаем з караваем і медавухай, — распавядае Сяргей Ганчар. — Рэцэпт медавухі з бярозавага соку таксама адна бабулька расказала. Кажам, каб прыгубілі медавухі і вылілі астатняе цераз плячо, каб усё благое засталося ззаду. Маладыя цалуюць каравай і кланяюцца (раней, як казалі нам бабулькі, ад каравая не адкусвалі, а толькі кланяліся, такім чынам выказвалі пашану хлебу).Потым маладыя замыкаюць на парозе замок — сімвал шчасця. Прычым, як сцвярджаюць бабулі, маладым ні ў якім разе нельга наступаць на парог, каб пазбегнуць у новай сям’і сварак. І ў нас ужо выслана саматканае палатно, як даўней высцілалі мужу і жонцы. За маладымі сведкі скручваюць палатно, каб ніхто выпадкова не наступіў на яго. Як ніхто не наступіць, так ніхто і не ўвойдзе ў гэтую сям’ю і не разлучыць іх.

“Цягні, Галя, мы таксама замуж хочам!”

— Дарэчы, адна бабуля расказала, што ў яе гады падчас вянчання маладая стаяла на кавалку палатна — метры тры, — працягвае Сяргей. — Прычым яго сцялілі ўперад ад іх ног, і, пакуль ішла служба, маладая павінна была паступова падцягваць пад сябе палатно. Чым большы кавалак яна падцягне, тым больш яе незамужніх сябровак у гэтым жа годзе возьмуць шлюб. Калі мы расказалі пра гэта чарговай вясельнай дружыне, аднекуль ззаду пачулася шчырае: “Галя, цягні паболей, ты паглядзі, колькі нас!” Кажуць, Галя тады не падвяла: ва ўсялякім разе каля 60 пар прайшлі ўжо праз музейны абрад. Аднойчы, абводзячы вакол лубкі з зернем і грамнічнымі свечкамі чарговую пару, Сяргею падалося, што яму тэрмінова трэба адпачыць: маладая была нібы дзве кроплі вады падобная на іншую дзяўчыну, якая таксама праходзіла праз абрад месяцы тры таму. Здаецца, прыязджалі яны з аграгарадка Любань... Таямніцу раскрыла шчаслівая маці маладой: аказваецца, яна ў адзін год выдала замуж сястрычак-блізнят і ажаніла іх роднага брата. Тры вяселлі за год вытрымаць можна, падзялілася вопытам маці. Так, узялі, канешне, пару крэдытаў, але затое ўсе клопаты ўжо ззаду... Брат блізнят таксама прайшоў праз музейны абрад. Мяняюцца эпохі, сыходзяць у нябыт пакаленні, але нязменным застаецца чалавечае жаданне мець шчаслівую сям’ю. — Калі госці праходзяць у беларускую хатку, я расказваю ім пра сімвалічную арку шчасця: даўней, калі маладыя ад’язджалі з двара, у адзін канец ручніка заварочвалі бохан хлеба ад маладога, у другі — ад маладой. Пад такой аркай пара ехала вянчацца ў царкву. Дзякуючы шаргунам, якія ўпрыгожвалі коней, вясельны поезд было чуваць здалёк. Да таго ж гукі шаргуноў адганяюць нячыстую сілу.Абрад ідзе пад гукі народных вясельных песень. Большасць з іх была распаўсюджана ў розных рэгіёнах краіны, але трапляюцца і ўнікальныя, народжаныя толькі на вілейскай зямлі народныя творы.Каб забяспечыць сваёй хаце багацце, на працягу ўсяго вяселля маладыя сядзелі на кажуху. Нават адна вілейская бабуля казала, што яшчэ яе бабуля, калі выходзіла замуж, павінна была сядзець не на кажуху, а ў кажуху — і так усё вяселле, нават калі на двары было лета. Бо “будуць маладыя так багаты, як гэты кажух касматы”.

Ці варта ўводзіць стаўку мядзведзя?

Не так даўно ў музей завіталі госці з аграгарадка Нарач.— Бачылі вашу работу на відэа, — кажа бацька. — Можа, вы самі да нас прыедзеце і правядзеце ўсё вяселле? Хочацца, каб было нешта такое — каб і цыганы, і мядзведзі, і баян...— Ну, ведаеце, — развёў рукамі дырэктар, — пакуль у штаце музея няма ні цыганоў, ні мядзведзяў... Геральдыстаў у штаце таксама няма, але не так даўно музей прапанаваў месцічам новую паслугу — занясенне новай сям’і ў вілейскую кнігу магнацкіх родаў і распрацоўку для маладых іх фамільнага герба. Ідэю падалі маладыя з Нарачы: пажадалі, каб новай сям’і надаваўся пэўны статус. Напярэдадні абраду супрацоўнікі музея размаўляюць з жаніхом і нявестай, распытваюць пра прозвішчы і род заняткаў іх продкаў. Кожны герб распрацоўваецца з улікам сямейнай гісторыі, прозвішчы новых сем’яў разам з выявай герба заносяцца ў спісы мясцовых магнатаў. Кожная вілейская пара ёсць частка агульнай гісторыі горада, рэгіёна, краіны. Пэўна, калі гэта адчуваеш, інакш ставішся да звыклых, бы паветра ці вада, сямейных каштоўнасцей.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вілейскі раённы музей запрашае... ажаніцца. Больш дакладна – узяць удзел у традыцыйным абрадзе «Горка» па-беларуску», пабудаваным з улікам мясцовых вясельных традыцый.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика