Антонаўкi забыты пах. 21.by

Антонаўкi забыты пах

29.01.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Зiма, а на рынках рознай садавiны хапае. Цытрусавыя, бананы, кiвi, а побач ляжаць яблыкi: "Антэй", "Спартан", "Аўксiс"... Плады выглядаюць хораша, але iншым разам абыдзеш увесь рынак i не знойдзеш там антонаўкi, цiтаўкi цi малiнаўкi — яблыкаў знаёмых з маленства.

Хто памятае старыя сады "панскiх часоў" i паспытаў з iх яблыкаў i грушаў, той, параўнаўшы тагачасную садавiну з сённяшнiмi, замежнымi гатункамi, аддаў бы перавагу першым, хоць iншым разам здаецца, што такога выбару розных гатункаў, як у наш час, нiколi не было.

Жыццё змянiлася, i сады з агромiстымi дрэвамi адыходзяць у небыццё. Садаводства стала iнтэнсiўным, пастаўлена на прамысловую аснову i ўжо пакупнiкам прапаноўваюцца саджанцы: "Глостэр", "Айдарэд", "Джонаголд"... Нязвычныя для мясцовага вуха назвы, але яны рэкламуюцца як самыя-самыя.

Яблыкi замежных гатункаў прыцягваюць увагу сваiм выглядам — нiбы з воску зробленыя ды i ляжаць доўга. Прадаецца шчэпка, а на ёй вiсiць здымак будучых яблыкаў цi той яблык ляжыць побач, яго нават можна памацаць, i ўжо хочацца купiць такую яблыньку — спакуса вялiкая.

Іншым разам пакупнiк здзiўляецца, асаблiва калi ён немаладога веку: "Як такiя яблыкi могуць да вясны ляжаць — i каб без нiводнай плямкi?"

Але калi яблык мае прыгожы выгляд i ляжыць доўга, гэта не значыць, што ён такi ж смачны — сакавiты i духмяны. У кожным гатунку абавязкова ёсць свае плюсы i мiнусы.

Яблыкi старадаўняй селекцыi маюць сваю ярка выражаную адметнасць. Напрыклад, "Пепiн лiтоўскi" (не памятаю калi яго апошнi раз бачыў) дужа сакавiты, а дробныя яблыкi аж свяцiлiся на дрэве, багата ўсыпаным тым гатункам. "Цыганка" — буйныя, бурачковага колеру яблыкi, ляжалi да вясны без усякага спецсховiшча. Аднойчы на рынку хацеў гэты гатунак купiць, ды не знайшоў. Прадаўцы-садаводы не ведалi такога.

А што датычыцца "Антонаўкi", то яна вытрымае любую канкурэнцыю. I тым не менш, "Антонаўку" ў перспектыве можна заносiць у Чырвоную кнiгу. Адзiн з самых старадаўнiх гатункаў можа знiкнуць.

Лепш за антонаўку нiводны яблык не пахне. Для замочкi, зноў жа, найлепш падыходзяць антонаўкi.

Так, гэтыя яблыкi захоўваюцца да Новага года, бо ў кожнага гатунку свой час. Нiхто ж не спадзяецца, што Белы налiў будзе ляжаць да кастрычнiка.

Размова ў нас iдзе пра "Антонаўку звычайную", бо сёння за "Антонаўку" выдаюць каля 17 вiдаў яблык. I калi антонаўкамi называюць яблыкi чырвонага колеру, то цяжка паверыць, што гэта сапраўды "Антонаўка". У нас яна толькi жоўта-зялёная.

Пiшуць, што I. Мiчурын сваiмi эксперыментамi сапсаваў "Антонаўку". У маiм садзе растуць дзве антонаўкi, але яны былi пасаджаны яшчэ да вайны, за "польскiм часам", i рукi вялiкiх селекцыянераў iх не кранулi.

А яблыкi замежнай селекцыi ў гэтым плане ўнiверсальныя, але ж i па смаку ў iх разбежка неiстотная.

У садаводстве сёння самае важнае — каб яно давала максiмальны прыбытак. Калi яблык доўга не ляжыць i не мае эфектыўнага знешняга выгляду, то вытворцаў такi гатунак не цiкавiць. А смак i пах яблыка хоць i мае значэнне, але не вызначальнае.

З высокiх дрэў здымаць ураджай даволi складана. Не на кожную галiну залезеш, ды i драбiны бываюць кароткiмi. Можна зрабiць прыстасаванне на тычцы i здымаць яблыкi па адным, альбо абтрэсцi iх, але ж гэта не выйсце. Прасцей кажучы, з такiмi яблынямi ў наш iмклiвы час адзiн клопат, i таму сёння аддаецца перавага нiзкаросламу саду.

Яблынi на карлiкавым падвоi займаюць мала месца, хутка пачынаюць плоданасiць i ўраджай з iх збiраць вельмi лёгка. Але ўсе гэтыя "клоны" патрабуюць добрай глебы i догляду, менш зiмастойкiя i жывуць мала — у межах 15 гадоў.

Новае i перадавое перамагае, асаблiва калi справа датычыцца знiжэння сабекошту прадукцыi. I тут вытворцы навязваюць спажыўцам свае правiлы гульнi. А наш пакупнiк яшчэ не пераборлiвы. Гэта ў Германii спажывец патрабуе экалагiчна чыстае прадукцыi, i ўжо 20 працэнтаў фермераў уцягнулiся ў яе вытворчасць.

Але вернемся да нашай "Антонаўкi" i паслухаем, што скажа дырэктар гадавальнiка "Зубкi", што ў Клецкiм раёне, Iван Iльюкевiч.

— З усiх гатункаў яблыкаў "Антонаўка" для харчавання дзяцей найлепш падыходзiць, бо ад яе няма дыятэзу. А калi дзецi хворыя, то "Антонаўку" нiякiя яблыкi не заменяць. Вельмi каштоўны гатунак.

— Iван Сцяпанавiч, але ж сёння "Антонаўка" не ў пашане.

— Наш гадавальнiк — адзiны астравок, дзе засталася "Антонаўка". Некалi была яшчэ "Камянiчка", якая адносiлася да гэтага гатунку, то яна ляжала да красавiка, але апылiлася з iншымi гатункамi i знiкла. Становiцца складана зберагчы мясцовыя гатункi, вось мне пастаянна напамiнаюць, каб старыя сады выкарчоўваў.

— Гатункi замежнай селекцыi ў нас вельмi папулярныя, а як вы ставiцеся да iх?

— Смакавыя якасцi ў пладоў замежнай селекцыi саступаюць смаку мясцовых. Там сады апрацоўваюць хiмiкатамi да 24 разоў у сезон, а гэта адбiваецца на смаку. I з нашай "Антонаўкай" тыя яблыкi ў гэтым плане нават параўноўваць нельга. Але ж у чалавека натура такая, што найперш, давярае сваiм вачам. Убачыў вялiкае ды чырвонае — то i адкусiць хочацца.

— Можна зрабiць нейкiя захады, каб зберагчы для будучых пакаленняў гатункi яблыняў i грушаў, якiя дасталiся нам ад продкаў? Цi ёсць магчымасць дрэвы зрабiць нiзкарослымi, каб яны не выпадалi з iнтэнсiўнай вытворчасцi?

— Над гэтым неабходна працаваць сiстэматычна. Тую ж "Антонаўку" можна прышчапiць на карлiкавы падвой, але тады яна будзе слабей развiвацца.

— Апошнiм часам садаводы скардзяцца, што ёсць праблема са збытам яблыкаў. Як у вас?

— Праблема ўзнiкла з прычыны канкурэнцыi. У Беларусi многiя фермеры заклалi сады i цяпер збываюць сваю прадукцыю. Наш гадавальнiк займае 350 гектараў, i нам даводзiцца варушыцца, каб выстаяць.

— Натуральнае яблычнае вiно — гэта...

— Выдатны прадукт. За савецкiм часам такое вiно выраблялi i прадавалi. А сёння перайшлi на вядомае ў народзе "чарнiла". А яблычнаму вiну патрэбен час, каб выстаяцца, хоць бы два месяцы.

Сёлета на маiх антонаўках яблыкаў не будзе, бо ўраджай яны даюць праз год. А гэта i добра. Летась не ведаў, што з тымi яблыкамi рабiць. Для сябе пакiнуў некалькi скрынак, а астатнiя ляжалi пад дрэвамi да марозу.

Сымон Свiстуновiч.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зiма, а на рынках рознай садавiны хапае. Цытрусавыя, бананы, кiвi, а побач ляжаць яблыкi: "Антэй", "Спартан", "Аўксiс"... Плады выглядаюць хораша, але iншым разам абыдзеш увесь рынак i не знойдзеш там антонаўкi, цiтаўкi цi малiнаўкi — яблыкаў знаёмых з маленства.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика