Дыялог глухога з нямым. 21.by

Дыялог глухога з нямым

04.02.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кааператыў -- гэта той жа калгас?

Зямельныя ўчасткі ў раёне цяперашніх Ждановіч, што пад Мінскам,  выдзяляліся людзям у далёкім 1958 годзе. Выдзяляліся ў адпаведнасці з пастановай Савета міністраў.

Жыхары пасёлкаў Ждановічы-1 і Ждановічы-6 свята верылі ў тое, што іх пабудовы знаходзяцца ў падпарадкаванні Ждановіцкага сельскага Савета. Менавіта ў бухгалтэрыю Ждановіцкага сельскага Савета людзі да апошняга часу ўносілі ўсе плацяжы.

І толькі адносна нядаўна, гады два таму, яны даведаліся, што іх дамкі і зямля, на якой яны стаяць, быццам бы ніякага дачынення да згаданага сельсавета не маюць...

“Высветлілася, што прыватныя дамы нашых дачных пасёлкаў знаходзяцца “па-за межамі прававога поля”, бо яны не адносяцца да Ждановіцкага сельскага Савета, -- гаворыць мясцовы жыхар Адам Фёдаравіч Шуцько. -- А гэта значыць, што дамоў гэтых быццам бы наогул няма, хаця больш за 50 гадоў тут жывуць людзі. З тым каб быць уключанымі ў склад Ждановіцкага сельскага Савета, мы павінны стварыць дачны кааператыў, як гэтага хочуць мясцовыя ўлады... А людзі гэтага не хочуць. Мы гатовы самі сабраць неабходныя паперы, для таго каб нас уключылі ў склад Ждановіцага сельскага Савета, але без уступлення ў кааператыў...”

Каб разабрацца ў сітуацыі карэспандэнт “Народнай Волі” адправіўся ў Ждановіцкі сельскі Савет. На мінулым тыдні тут адбыўся сход з удзелам жыхароў пасёлкаў Ждановічы-1, Ждановічы-6 і кіраўніцтва сельскага Савета. На ім разглядалася пытанне аб магчымасці ўключэння дачных пасёлкаў Ждановічы-1 і Ждановічы-6 у склад мясцовага сельсавета.

Перад пачаткам сходу пытаюся ў сабраўшыхся, чаму яны так не хочуць ствараць дачны кааператыў. “А навошта нам уступаць у гэты калгас? -- абурана адказваюць. -- Кааператыў -- гэта тое ж самае. Над намі хочуць паставіць людзей, якія б намі камандавалі. А навошта так, калі мы самі хочам распараджацца сваёй уласнасцю? Намі не трэба камандаваць... Бо пры ўступленні ў кааператыў усе яго ўдзельнікі павінны падпарадкоўвацца рашэнням кіраўніцтва. А яны могуць быць і не на нашу карысць...”

У падвешаным стане

На лёсавызначальны сход прыйшло каля 50 чалавек жыхароў дачных пасёлкаў. Маленькая зала сельскага Савета ледзь умясціла ўсіх жадаючых. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што сярод прысутных ніводны не выказаўся за ўступленне ў кааператыў.

У сваю чаргу старшыня Ждановіцкага сельскага Савета Уладзімір Каралько адзначыў: “Зараз пасёлкі Ждановічы-1 і Ждановічы-6 знаходзяцца ў падвешаным стане.  Яны не ўваходзяць у склад нашага сельскага Савета. І ў бюджэце сельсавета, які цалкам фарміруецца за кошт самаакупнасці, не закладзена ніводнага рубля на абслугоўванне і ўтрыманне гэтых дачных пасёлкаў”.

Дачнікаў абурыла нават не тое, што з бюджэту на абслугоўванне іх пасёлкаў няма грошай, а тое, што зямля, на якіх стаяць іх дамы, не адносіцца да Ждановіцкага сельскага Савета. “Гэтага не можа быць! -- абураліся яны. -- Па-першае, у нас ёсць дамавыя кнігі з адрасамі дамоў. Па-другое, ёсць нават прапісаныя па гэтых адрасах людзі. Паўсюль фігурыруе назва “Ждановічы”. І па-трэцяе, да апошняга часу ўсе плацяжы, звязаныя з абслугоўваннем нашых прыватных дамоў, мы плацілі ў Ждановіцкі сельскі Савет”.

Аднак, згодна з дакументамі, на якія спасылаўся Уладзімір Каралько, на сённяшні дзень гэтыя дачныя пасёлкі і насамрэч не маюць ніякага юрыдычнага статуса. Іншымі словамі, гэтых дамоў быццам бы няма...

З тым каб “дакументальна” апынуцца ў межах Ждановіцкага сельскага Савета, жыхары звярнуліся да старшыні Уладзіміра Каралько. Той у сваю чаргу стаў пісаць звароты ў вышэйстаячыя інстанцыі: “Несуцяшальныя адказы прыйшлі з інстытута Мінскграда. Там палічылі, што паколькі пасёлкі знаходзяцца на значнай адлегласці адзін да аднаго, то ўключыць іх у межы Ждановіцкага сельсавета няма ніякай магчымасці...”

Акрамя таго, праектны інстытут “Белгіпразем” таксама пакуль не бачыць падстаў для ўключэння дачных пасёлкаў у склад Ждановіцкага сельскага Савета. У адказе, які атрымалі з Мінскага раённага выканаўчага камітэта, сярод прычын называецца і такая: адсутнасць генеральнага плана мясцовасці.

Дарэчы, як паведаміў Уладзімір Каралько, заказаць выкананне генеральнага плана можа любая юрыдычная асоба: “Для таго каб ваша пытанне пачало вырашацца, патрэбна, каб усе без выключэння жыхары былі за ўступленне ў межы сельскага Савета. Таксама неабходна падрыхтаваць генеральны план, гэта можна зрабіць ад імя юрыдычнай асобы. Лепшым выйсцем для вас было б уступленне ў кааператыў...”

Людзі зноў узбунтаваліся. “Не ганіце нас у кааператыў! -- гаманілі яны. -- Мы гатовы за ўласныя грошы заказаць выкананне генеральнага плана, калі толькі ў гэтым праблема. Нашы дачы павінны ўваходзіць у склад сельсавета, так было 50 гадоў, і хто калі нас адтуль выключыў -- невядома...”

У чыноўнікаў свая праўда: Ждановічы-1 і Ждановічы-6 ніколі не ўваходзілі ў склад мясцовага сельсавета... Ніхто не тлумачыць людзям, чаму яны ўсе плацяжы праводзілі праз гэты ж сельскі Савет. Як быццам такога і не было.

Карацей, размова нагадвала дыялог глухога з нямым -- бакі не здолелі пачуць адзін аднаго. У рэшцэ рэшт кампраміснае рашэнне было выпрацавана. У пратаколе сходу было запісана, што прысутныя катэгарычна выступаюць супраць уступлення ў кааператыў, а Уладзімір Каралько паабяцаў, што праблемнае пытанне наконт юрыдычнага статуса дачных пасёлкаў Ждановічы-1 і Ждановічы-6 будзе разгледжана на бліжэйшай сесіі дэпутатаў Мінскага абласнога Савета. Чыю пазіцыю зоймуць “народныя выбраннікі” -- пакажа час.

Фота аўтара.

Мінскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кааператыў -- гэта той жа калгас? Зямельныя ўчасткі ў раёне цяперашніх Ждановіч, што пад Мінскам,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика