Вынесены прысуды паводле «паляўнічай справы»
17.02.2010 16:43
—
Новости Общества
|
Трое з абвінавачваных па гэтак званай »паляўнічай справе» асуджаныя на тэрміны ад трох да чатырох гадоў пазбаўлення волі, адзін — вызвалены. Такое рашэнне вынес 17 лютага Вярхоўны суд Беларусі. Слуханні крымінальнай справы ў дачыненні да службовых асоб МУС праходзілі ў закрытым рэжыме ў Вярхоўным судзе з 12 кастрычніка 2009 года. Фігурантамі з’яўляюцца былыя начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Віктар Ермакоў, начальнік УБКіЭЗ УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Малаеў, начальнік УБКіЭЗ СН УУС Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Баранаў і начальнік АБКіЭЗ Жлобінскага РАУС Леанід Мінянкоў. Усе яны абвінавачваюцца ў перавышэнні ўлады (арт. 426 КК). У крымінальнай справе фігуруюць таксама іншыя грамадзяне, якія абвінавачваюцца ў незаконным паляванні (гаворка ідзе пра здабычу еўрапейскай рысі, занесенай у Чырвоную кнігу) і бяздзейнасці службовых асоб. Справы аб незаконным паляванні і перавышэнні ўлады былі аб’яднаныя ў адну вытворчасць. Ермакова і Малаева суд абвінаваціў па частцы 2 артыкула 426 (перавышэнне ўлады), Дзмітрыя Баранава і Леаніда Мінянкова — па частцы 2 і 3 таго ж артыкула. Ермакоў, Баранаў і Мінянкоў прызнаныя вінаватымі ў злоўжыванні службовым становішчам з асабістай зацікаўленасці, у выніку чаго быў нанесены ўрон грамадскім і дзяржаўным інтарэсам. 17 лютага Вярхоўны суд прыгаварыў Ермакова і Баранава да трох гадоў пазбаўлення волі, Мінянкова — да чатырох. Яны таксама пазбаўленыя на пяць гадоў права займаць пасады, «звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка органаў улады». Малаеў вызвалены ад крымінальнай адказнасці на падставе закона аб амністыі. Абвінавачваныя адмовіліся, каб у зале суда падчас абвяшчэння прыгавору вялася фота‑ і відэаздымка. Упершыню беларуская грамадскасць даведалася аб «паляўнічай справе» 29 красавіка 2009 года. На нарадзе, прысвечанай працы праваахоўных органаў, прэзідэнт паведаміў: «У поле зроку КДБ нядаўна трапіў начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Жлобінскага РАУС Леанід Мінянкоў, які стварыў умовы для палявання, рыбалкі і яшчэ таго‑сяго. Устаноўлена, што ў 2003 годзе ён набыў і аформіў на падстаўную асобу сядзібу плошчай больш за два гектары на тэрыторыі Жлобінскага раёна і захапіў пры гэтым яшчэ больш як адзін гектар лясных угоддзяў, самавольна ўзвёў 14 пабудоў, абзавёўся зграяй з 29 пародзістых сабак і трыма дзікамі. Усю гэтую гаспадарку абслугоўвалі мясцовыя жыхары. На ўласнай базе рэгулярна праводзіліся паляванне, рыбалка з удзелам кіраўнікоў, у тым ліку Беларускага металургічнага завода, і вышэйшых службовых асоб органаў унутраных спраў, напрыклад начальніка галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Ермакова». Як раней паведамлялася, 17 лютага супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі сістэмны блок рабочага камп’ютэра намесніка галоўнага рэдактара газеты «Народная воля» Марыны Коктыш. Раніцай журналістку выклікалі ва УУС Ленінскага раёна Мінска на допыт у сувязі з яе публікацыямі па «паляўнічай справе», а затым супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў рэдакцыю з ператрусам. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трое з абвінавачваных асуджаны на тэрміны ад трох да чатырох гадоў пазбаўлення волі, адзін — вызвалены.
|
|