Rammstein такі гуляў з агнём
08.03.2010 11:03
—
Новости Общества
|
{FOTOS} Чорна-чырвоныя-жоўтыя шлейкі і папругі, такія самыя сцягі (з федэральным арлом або з гэдээраўскім цыркулем), белыя спартовыя касцюмы з надпісам Germany — мінская публіка аддавала даніну радзіме знакамітага рок-гурту «Рамштайн». Калі ты на шоу, то факт, што «Рамштайн» у музыцы капіюць ужо не толькі мінулыя пакаленні металістаў і электроншчыкаў, але і саміх сябе — неістотны. Бо ўсё-усенькае, што назапасіла чалавецтва па майстэрстве ладжання рок-шоу, было тут: талкова падабраны разагрэў, агрэсіўны грым, сцэнічныя касцюмы са скуры, узняцце музыкаў на вышыню, інсцэніроўка падпальвання нібы выпадкоўца з натоўпу, раптоўныя выбухі і фаер-шоу з лязамі полымя, чый жар сягаў нават у самыя зацішныя куткі залы… Шоу «Рамштайна» — бездакорнае, яно па гіпербале імкнецца да дасканаласці, ды пасля якога любая крытычная заўвага будзе проста недарэчы. А яшчэ была аграмністая, навюткая і страшэнна бюджэтная «Мінск-Арэна», чый індустрыяльны інтэр’ер як найлепей адцяняў дэманічны біт бубнаў і пякельны рокат гітар. Калі саліст Тыль Ліндэман выйшаў спяваць чарговы паўторак са слупом агню на галаве, дык стала зразумела, хто на сённяшні дзень займае пасаду ўладара сусвету і крон-прынца галактыкі. Непрыхаваная прапаганда канфеці Нагадаем, напярэдадні канцэрту грамадская рада па маральнасці выказалася няўхвальна наконт будучага выступу нямецкіх музыкаў у Мінску, бо яны «ўяўляюць сабою непрыхаваную прапаганду гомасэксуалізму, мазахізму ды іншых вычварэнняў, лютасці, гвалту і непрыстойнай лаянкі». Паназіраўшы за канцэртам, варта зазначыць: прапаганда гомасэксуалізму сапраўды мела месца. Падчас канцэрту згары валіліся каляровыя, колеру вясёлкі і сэкс-меншыняў, канфеці. Мазахізму? А як жа: удзельнікі гурту былі апранутыя ў скуру і заклёпкі, і час ад часу гэтыя здаровыя дзядзькі брутальна скакалі адзін на аднаго. Пры жаданні можна жыва ўявіць якую-небудзь садамаза-сцэну. Іншых вычварэнняў? Без іх нікуды: саліст з бетонамяшалкі паліваў публіку вялікімі камякамі пены. Сцэны лютасці і гвалту? Як жа, было: «канфлікт» фронтмэна з клавішнікам Крысціянам Лорэнцам. Сюжэт: Ліндэман хапае Лорэнца і шпурляе яго ў невядома адкуль матэрыялізаваную пасярод сцэны ванну. Потым уздымаецца на адмысловай калоне на вышыню пяці метраў і адтуль сыпле на клавішніка жарынкамі. Упакораны клавішнік ператвараецца ў робата і ў вопратцы з бліскаўкамі пачынае як бы механічна граць на сваіх сінтэзатарах, пры гэтым да канца шоу ён вымушаны бегчы па рухомай дарожцы, што цяпер усталявалі ў яго пад нагамі. Еўрастандарты для еўрамастацтва «Рамштайн» заўсёды свядома працавалі на сутыку жанраў: націск метала, загадкавасць індастрыялу, выйгрышныя тэмы гатычных і танцавальныя рытмаў — усё ўключана. І дадамо добра прадбачаны катарсіс з фаерверкам пры канцы — еўрастандарты нават у мастацтве. А яшчэ заўсёдны, безупынны эпатаж, гулянні на стэрэатыпах аб немцах, выпрабоўванне межаў публікі. З адметных знаходак: насуперак старэйшым братам па металу, Scorpions i Accept, якія аддалі перавагу экспартнай, ангельскай мову, рамштайнцы не ўзбаяліся паставіць на нізкі рэгістр роднай нямеччыны. Дарэчы, мінская публіка проста здзівіла, калі на поўныя грудзі пацягнула па-нямецку ўслед за Ліндэманам гіт Du Hast. Канцэрт «Рамштайн» — усё роўна як фільмы Ціма Бёртана, дзе вытанчаны антураж і дзівосныя персанажы , якія спляліся ў трохі пачварнае відовішча, ад якога не страшна, у жахалку, ад якой хочацца жыць. А дзе там рок? Рок памёр. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пры гэтым саліст з бетонамяшалкі паліваў публіку вялікімі камякамі пены.
|
|