Заробак вызначае эканоміка. 21.by

Заробак вызначае эканоміка

10.03.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гавораць, што прыярытэтнымi тэмамi для людзей ва ўсе часiны з'яўляюцца здароўе, надвор'е i грошы. Менавiта грошы цяпер вылучаюць на першую пазiцыю, i не толькi з-за наступстваў крызiсу. У Беларусi абвешчаны вялiкiя планы: сярэднi заробак напрыканцы гэтага года павiнен дасягнуць 500 долараў у рублёвым эквiваленце.

Для Магiлёўскай вобласцi гэтая знакавая лiчба складае 1,3  мiльёна рублёў, цi 444 долары. Якiм шляхамi будзе дасягнуты такi сярэднi заробак i якiя ўмовы для гэтага неабходны? Пра гэта ў iнтэрв'ю "Звяздзе" расказвае намеснiк старшынi Магiлёўскага аблвыканкама Вiктар Некрашэвiч.

Магiлёўшчына — 444

— Улады рэгiёна, падаецца, не маюць сумненняў, што лiчба ў 444 долары — цалкам дасягальная.

— Пачнём з таго, што наша эканомiка мае сацыяльную скiраванасць. Канчатковая мэта — дабрабыт нашых людзей. Кожны чалавек ставiцца да ўлады i вызначае стаўленне ўлады да сябе паводле лiчбаў у разлiковым квiтку заробку. Цi не так?

Мова лiчбаў увасабляецца ў рэальнае жыццё, калi мы iдзём у краму. Там мы адразу адчуваем, многа цi мала мы зарабляем грошай.

— А 500 долараў, да якiх сёння iмкнецца краiна, на ваш погляд, — гэта многа цi мала?

— Адназначнага адказу на гэтае пытанне няма. Калi такi заробак стварае ўмовы для таго, каб чалавек мог пракармiць сям'ю, заплацiць за камунальныя паслугi, даць добрую адукацыю дзецям, забяспечыць дастойную старасць сваiм бацькам, дык гэтага дастаткова. 500 долараў — гэта значны крок у павелiчэннi дабрабыту нашага насельнiцтва.

Але трэба разумець, што ўсё адносна. У В'етнаме цi Манголii сума ў 500 долараў з'яўляецца неймавернай. Iншым i гэтага мала. Увогуле, чалавеку заўсёды будзе мала, таму што ён iмкнецца жыць лепей, спажываць больш якаснае, расцi i ўдасканальвацца.

Iнвестыцыi i эканомiя

— Заробак нельга проста штучна павялiчыць, яго трэба зарабiць. Якiм чынам ён павялiчыцца ад студзеньскага заробку ў 871,2 тысячы рублёў да 1,3 мiльёна ў снежнi ў сярэднiм па Магiлёўскай вобласцi?

— Усе лiчбы дыктуе эканомiка. Галоўнае ў тым, што вядзе да напаўнення кашалька прадпрыемстваў i выканання iмi заданняў па заробку.

Гэта, найперш, рытмiчная праца прадпрыемстваў. Сёння важна забяспечыць не толькi павелiчэнне аб'ёмаў вытворчасцi, але i, безумоўна, рэалiзацыю прадукцыi.

Другi рэзерв — гэта стварэнне новых прадпрыемстваў, асаблiва з прыцягненнем замежных iнвестараў. Заснавальнiкi новых прадпрыемстваў, акрамя стварэння працоўных месцаў, прымаюць на сябе i абавязацельствы па дастойнай аплаце працы.

Iнвестыцыi ствараюць перадумовы для прагрэсiўнага развiцця эканомiкi. Сёння Беларусь i, у прыватнасцi, Магiлёўская вобласць прыцягальныя для iнвестараў.

— Аднак ад iнвестыцый да заробку шлях усё ж такi доўгi. А ўжо ў сёлетнiм снежнi заробак павiнен павялiчыцца ў параўнаннi з леташнiм снежаньскiм на 38,5 %.

— Шлях, можа, i доўгi, але ён аб'ектыўны i неабходны. Па-iншаму проста не атрымаецца. Асаблiва калi глядзець не толькi на год, але i на перспектыву. Каб праз тры гады атрымаць сярэднi заробак у тысячу долараў, умоўна кажучы. Iнвестыцыi, iнавацыйны шлях развiцця дадуць нам прыгожы заробак не сёння, але заўтра.

Аднак Магiлёўская вобласць i сёлета выканае даведзены паказчык па сярэднiм заробку. Мы не можам гэтага не зрабiць — за намi больш за мiльён жыхароў вобласцi.

I гэта не проста заклiкi, ёсць усе перадумовы.

Эканомiка патроху выходзiць са стану няпэўнасцi. Трэба толькi кожнаму бачыць свае магчымасцi. Прамысловасцi — у знiжэннi ставак па крэдытах, сельскай гаспадарцы — у тэндэнцыi павышэння попыту на прадукты харчавання, будаўнiцтву — у павелiчэннi долi iльготнага крэдытавання жылля i гэтак далей.

Улада ж бачыць сваю задачу ў прыцягненнi iнвестараў, стварэннi ўмоў для iх камфортнай працы. Вось гэтая папка на маiм стале — iнвестыцыйныя прапановы. Ужо сёння мы маем iнвестыцыйных прапаноў на суму звыш 168 мiльёнаў долараў. Так што, я ўпэўнены, што дасягнем. Хацелася б, каб маю ўпэўненасць раздзялiлi i тыя, пра каго я сказаў вышэй.

— Цi праўда, што адной з дзейсных мераў павелiчэння заробку з'яўляецца эканомiя матэрыяльных рэсурсаў?

— Абсалютная праўда. Не сакрэт, што заработная плата складае ў сабекошце прадукцыi, калi казаць прыблiзна, 25 %. Больш цi менш — залежыць ад галiны. Калi знiзiць матэрыяльныя выдаткi — павялiчыцца доля заробку.

Мы прызнаём, што нашы вытворчасцi матэрыяла- i энергаёмiстыя. Падлiчана, што знiжэнне матэрыялаёмiстасцi на 2,5 % дае магчымасць бязбольна для сабекошту павялiчыць заробак на 10 %.

Сабекошт прадукцыi можна панiжаць спакойна: за кошт аптымiзацыi вытворчых працэсаў, эканомii энергii, вынiшчэння непатрэбных выдаткаў. Не, не скарачаць людзей — на гэта вялiкага розуму не трэба, але мадэрнiзаваць i зрабiць эканамiчным працэс вытворчасцi. Мяркую, што на любым прадпрыемстве можна скарацiць выдаткi як мiнiмум на 3-5 %.

200 долараў — мiнiмум

— Сярэднi заробак — гэта сапраўды нiбыта сярэдняя тэмпература па бальнiцы.

— Так, у аднаго за 40 градусаў, у другога 35, а ў сярэднiм — норма. Безумоўна, для вядучых галiн эканомiкi (энергетыкi, нафтахiмii, газавай гаспадаркi, банкаўскага сектара i iншых) нашы цяперашнiя арыенцiры — зусiм не праблема. Мiнск i абласныя цэнтры таксама маюць прыстойны сярэднi заробак.

Складаней зарабiць у Краснаполлi, Хоцiмску i Глуску, дзе няма вялiкiх прадпрыемстваў. Аднак сёлета аблвыканкам паставiў мэту, каб у кожным раённым цэнтры з'явiлася 5-10 новых прадпрыемстваў, i некалькi з iх — прамысловыя. Гэта ланцуг: новыя працоўныя месцы — занятасць — заробак.

Заснавальнiк новага прадпрыемства, як правiла, плануе строга неабходную колькасць работнiкаў. У адрозненне ад дзейных прадпрыемстваў, дзе часта могуць захоўвацца лiшнiя працоўныя месцы. Таму ў новаствораных суб'ектах гаспадарання фонд заробкаў дзелiцца сярод меншай колькасцi работнiкаў. Гэта, як вы разумееце, забяспечвае больш высокi ўзровень аплаты працы.

— Пакуль жа ў вобласцi некалькi соцень арганiзацый, дзе сярэднi заробак нiжэй за 200 долараў.

— Калi казаць дакладна, то iх 305 на канец мiнулага года. Гэта сельгаспрадпрыемствы, бюджэтныя арганiзацыi, таксама гандлёвыя, грамадскага харчавання i бытавога абслугоўвання.

Заўважу, што 444 долары — гэта не адзiны арыенцiр. Яшчэ адзiн, i не менш важны — мiнiмальны ўзровень заробку ў 200 долараў. Старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Пётр Руднiк паставiў задачу напрыканцы гэтага паўгоддзя ўсiм арганiзацыям без выключэнняў мець сярэднi заробак не нiжэй за 200 долараў. Аблвыканкам мае канкрэтныя iдэi, як гэтага дасягнуць.

— Цяпер на iнтэрнэт-форумах пры абмеркаваннi заробкаў i сёлетнiх планаў па iх павелiчэннi абавязкова ўзгадваюць пра нiзкааплатныя слаi насельнiцтва. Вы з такiмi людзьмi сустракалiся? Глядзелi iм у вочы?

— Не аднойчы, на прыёмах грамадзян у сельскай мясцовасцi. Аднак зразумейце, што людзi ў вёсках усё ж больш адаптаваныя да розных жыццёвых праблем, бо прасцей да iх ставяцца, таму што ў iх ёсць падсобная гаспадарка, якая заўсёды дасць магчымасць мець свае харчы. Калi дзяржава будзе выконваць свой абавязак па своечасовай аплаце сялянам iх прадукцыi, яны нiколi не прападуць.

Вядома, у зоне рызыкi знаходзяцца, напрыклад, мацi-адзiночкi, якiя засталіся без падтрымкi мужчыны. Састарэлыя з сур'ёзнымi хваробамi i людзi з абмежаванымi фiзiчнымi магчымасцямi. Вось iм цяжка глядзець у вочы. Але i для многiх з iх, пры ўмове частковай занятасцi, магчыма зарабiць тыя 200 долараў.

Я хачу папрасiць усiх людзей, перадусiм здаровых i здольных працаваць: калi вы адчуваеце свой патэнцыял, не сядзiце i скардзiцеся на жыццё, а iдзiце ў цэнтры занятасцi, перавучвайцеся i дамагайцеся дастойнага заробку. Усё залежыць ад нас самiх.

Працуй i зарабляй

— Цi не турбуе ўладу сацыяльнае расслаенне ў вынiку вялiкай рознiцы заробкаў, напрыклад, у банкаўскiм сектары i настаўнiкамi?

— Давайце паглядзiм лiчбы: у студзенi сярэднi заробак у банках — 1 мiльён 593 тысячы, у бюджэтнай сферы — 753 тысячы рублёў. Паводле прагнозаў, супрацоўнiкi бюджэтных арганiзацый напрыканцы года будуць зарабляць у сярэднiм 1, 077 тысячы рублёў, альбо 368 долараў.

Гэта не расслаенне, усё знаходзiцца ў дапушчальных межах. У 85% насельнiцтва рознiца памiж мiнiмальным i максiмальным значэннем заробку не перавышае 2-разовай. На цяперашнiм этапе развiцця нашай дзяржавы, лiчу, гэта нядрэнна. Горш, калi б разрыў быў у 3,5—4 разы.

Увогуле, я мяркую, што трэба жыць па сродках, менавiта па заробленых сродках. Сёння банкаўская сфера запатрабаваная, таму яна i высокааплатная. Ёсць прапанова, попыт i магчымасць зарабiць. Праўда, на Захадзе па-iншаму. Там банкаўскiя работнiкi — не самыя высокааплатныя, iх апярэджваюць адвакаты i настаўнiкi.

А што датычыцца расслаення, то я не гляджу ў чужыя кiшэнi. Ну што ж, у чалавека ёсць высокi IQ, энергiя i магчымасцi, таму ён i зарабляе шмат. Маё меркаванне такое: нiкому з нас не позна вучыцца. Так сказаў мне адзiн вельмi разумны чалавек, якi ў свае 46 гадоў пайшоў вучыцца ў ВНУ.

— I што з iм адбылося далей?

— Атрымаў вышэйшую адукацыю, але ён — нiбыта Ляўша, усё ж вярнуўся да свайго рамяства, якое не толькi давала даход, але i прыносiла задавальненне.

— Добра, калi чалавек займаецца сваёй любiмай справай, ды яшчэ можа на ёй зарабiць.

— Мая галоўная думка ў тым, што ў кожнага чалавека ёсць магчымасць зарабiць. Калi не 500, дык 200 долараў дакладна. Трэба iмкнуцца зарабiць, хацець.

— Можа, усё ж такi iмкнення мала?

— Я ў студэнцтве працаваў у будатрадах, часта ўначы разгружаў вагоны. Знаёмы сродак заробку для мужчын, цi не так? Сёння ёсць iншыя iдэi: ад прыбiрання кватэр да ўтрымання гасцiнiцы для хатнiх жывёл. Можна навучыцца асновам вядзення бiзнэсу, адкрыць сваю справу альбо пашырыць яе. Дзяржава гатовая даць на гэта беспрацэнтныя пазыкi.

Цяпер упершыню створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы для прадпрымальнiкаў i малога бiзнэсу, калi практычна без падаткаў яны могуць займацца рэалiзацыяй на экспарт беларускай прадукцыi. Сёння можна без доўгага афармлення дакументаў узяць нелiквiдную прадукцыю на прадпрыемстве i прадаць яе. Ну чаму не? Было б жаданне!

Арыенцiр на дабрабыт

— Чаму цяпер Магiлёўская вобласць пляцецца ў хвасце таблiцы заробкаў у Беларусi i цi зменiцца такое становiшча?

— Тут прычыны ад прыродна-клiматычных да адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных, i атрымлiваецца, што ў нас сярэднi заробак сапраўды меней за iншыя рэгiёны. Але гэта рознiца ўсяго ў некалькi тысяч рублёў.

Прычына апошняга месца — у структуры эканомiкi рэгiёна. У нас няма, як у iншых абласцях, нафтаперапрацоўкi, і энергетыка, i банкаўская сфера маюць меншую ўдзельную вагу. Прамысловыя прадпрыемствы рэспублiканскага маштабу — напрыклад, Белшына i металургiчны завод — сур'ёзна адсталi летась ад сярэднеабласных паказчыкаў. Ад крызiсу дала збой кааперацыя: можа таму што многае было надумана i неэфектыўна. Патэнцыял у нас ёсць, усё будзе залежаць ад працы прадпрыемстваў.

Узорам тут могуць стаць нашы моцныя сельскiя гаспадаркi, дзе працуюць добрыя кiраўнiкi, а даяркi атрымлiваюць не 200, а 500 долараў. Яны выстаялi ў крызiс, хоць былi ў такiх жа ўмовах, як i iншыя.

Так што многае залежыць i ад цябе канкрэтна. Калi ты не на вулiцу бегаеш, каб патрабаваць большыя заробкi, а добра выконваеш сваю работу, то абавязкова будзе плён. Гэта датычыцца ўсiх здаровых i iнiцыятыўных людзей.

— Як вам падаецца, цi добра, што заробак не рэгулюецца самастойна, а менавiта дзяржава ставiць перад суб'ектамi гаспадарання арыенцiр?

— Добра. Калi мы кажам пра нейкую планку, то мы не проста дэкларуем. Гэта як у гадзiннiку, дзе адзiн механiзм прымушае круцiцца ўсе iншыя. Канчатковы вынiк — дастойнае жыццё. Нездарма Прэзiдэнт i ўрад абвясцiлi сёлета Год якасцi. Калi размова iдзе пра якасць жыцця, то заробку лагiчна надаецца вялiкая ўвага. Таму 500 долараў — арыенцiр для ўсiх, i гэта правiльна.

Гутарыла Iлона Iванова.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гавораць, што прыярытэтнымi тэмамi для людзей ва ўсе часiны з'яўляюцца здароўе, надвор'е i грошы. Менавiта грошы цяпер вылучаюць на першую пазiцыю, i не толькi з-за наступстваў крызiсу. У Беларусi абвешчаны вялiкiя планы: сярэднi заробак напрыканцы гэтага года павiнен дасягнуць 500 долараў у рублёвым эквiваленце. Для Магiлёўскай вобласцi гэтая знакавая лiчба складае 1,3  мiльёна рублёў, цi 444 долары. Якiм шляхамi будзе дасягнуты такi сярэднi заробак i якiя ўмовы для гэтага неабходны? Пра гэта ў iнтэрв'ю "Звяздзе" расказвае намеснiк старшынi Магiлёўскага аблвыканкама Вiктар Некрашэвiч.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика