Уладзімір Някляеў: “Праўда – сястра Волі”. 21.by

Уладзімір Някляеў: “Праўда – сястра Волі”

15.03.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

25 лютага стартавала грамадзянская агульнанацыянальная кампанія “Гавары праўду!” Учора ў інтэрнэце з’явіўся сайт кампаніі, дзе сфармаваўся шэраг пытанняў, якія мы задалі лідэру кампаніі Уладзіміру Някляеву.

− З дня прэзентацыі кампаніі прайшло ўсяго тры тыдні. Гэта, зразумела, не тэрмін, каб падводзіць вынікі, але ўсё ж скажыце: яны ёсць?

− Ёсць. Кампанія рэальна запрацавала.

Да прыкладу: я двойчы за гэты час з’ездзіў у Барысаў. Там мясцовыя ўлады сарвалі (адключыўшы сувязь) маю спробу пагаварыць з людзьмі па прамой лініі, не пусцілі на сустрэчу ў школу. Але не пусціць мяне на вуліцу яны не змаглі. І я пайшоў у самы праблемны раён горада: пасёлак Дымкі, дзе вясной людзі жывуць па калена ў вадзе, а зімой – па калена ў лёдзе. Літаральна ў вадзе і лёдзе, а ў нейкім там пераносным сэнсе. Не толькі ў іхніх падворках, але і ў хатах хоць у хакей гуляй − не трэба будаваць аніякіх лядовых палацаў. Уявіце: ляжыць на ложку хворая (інвалідка Чарнобыля!) жанчына, а ложак – умерзлы ў лёд! І гэта доўжыцца з зімы ў зіму, з году ў год!.. Мы сабралі людзей, пагаварылі, выпрацавалі сумесны план дзеянняў, які п р а ў д а й сваёй пагражаў спакойнаму жыццю мясцовай улады – і яна заварушылася. Сёння ўжо завезена ў пасёлак гідратэхнічнае абсталяванне, каб нарэшце вырашыць праблему. А галоўнае ў чым?.. Галоўнае: людзі ўбачылі, што могуць – самі!− нешта ў гэтай краіне вырашыць, зрабіць. Паверылі ў свае сілы і ў сілу праўды. І, між іншым, вылучылі (каб змагацца за праўду) свайго кандыдата ў дэпутаты гарадскога савета. Не ад апазіцыі кандыдата і не ад улады – ад саміх сябе. Гэта якраз і ёсць тая грамадзянская актывізацыя людзей, якую маем мы на мэце, праводзячы кампанію “Гавары праўду!”

Ці вось у дзіцячым садку ў Крупках дзеці мерзлі. І мы прывезлі ў садок бойлер. Усведамляючы, што цалкам гэта не вырашае праблему, але даючы зразумець мясцовай уладзе: калі не вырашыце вы, дык паспрабуем вырашыць мы… І ўлада, патузаўшыся, узялася за рамонт ацяпляльнай сістэмы.

Дарэчы, бойлер мы не з Менску везлі, яго набылі за свае грошы мясцовыя прадпрымальнікі. І гэта хоць і не ўвесь, але адказ на тое, дзе мы знаходзім сродкі на правядзенне кампаніі.

Адказ сапраўды не ўвесь, а ўсе хочуць ведаць усё.

− Хто ўсе? У рэгіёнах ніхто мяне не пытае: “Дзе ты ўзяў грошы, каб казаць праўду?..” Ці каб купіць бойлер… Кажуць: дзякуй, што прыехаў, што дапамог. Калі не дзеяннем, дык хоць словам. Бо разумеюць, як складана нешта зрабіць, калі на кожным кроку замінаюць. Але людзі хочуць, прагнуць, каб з імі гаварылі. Па-людску, ПА ПРАЎДЗЕ.

Гэта ў Менску, у своеасаблівым, так бы мовіць, асяродку я толькі й чую: “Скуль грошы?.. Скуль грошы?..” Так і хочацца адказаць: “Ды з заначкі! Назбіраў за 60 гадоў...”

Хто вам прызнаецца, адкуль у яго грошы? Хіба нехта з апазіцыі публічна пра гэта сказаў? Ці Лукашэнка прызнаўся, адкуль у яго пазабюджэтны бюджэт? – хоць ён такую інфармацыю даваць абавязаны. Дык мне даводзяць: “І ты абавязаны! Бо падпісаўся казаць праўду!..”

Зразумела, што без нейкіх сродкаў ніякай кампаніі, акцыі сёння не правесці. Зразумела таксама, што нейкія людзі кампаніі “Гавары праўду!” сродкамі дапамагаюць. Але казаць праўду − не азначае падстаўляць, здаваць гэтых людзей. І я не зраблю гэтага ні публічна, ні ўпотай.

А тое, што нехта нешта гаворыць… Дык немаведама да чаго дагаворваюцца: то кампанія карыстаецца сродкамі ўлады (бо паштоўкі “Гавары праўду!” надрукаваныя з адрасам Адміністрацыі Прэзідэнта), то праводзіцца на сродкі нейкіх ворагаў. Хто кажа – ворагаў з Крамля, хто – з Белага дома. Але ў любым выпадку − Айчына ў небяспецы!..

Сродкашукальнікі мае, супакойцеся! Ніводнай капейчыны, скарыстанай кампаніяй “Гавары праўду!”, не пайшло і не пойдзе на шкоду Беларусі. Хоць вас, калі ПА ПРАЎДЗЕ, зусім не тое непакоіць. Не гэта спаць не дае…

- Тыя, хто заклапочаны не сродкамі кампаніі, а яе дзейнасцю, пытаюць: “Ці не падаецца Вам, што праўда ў кожнага свая?”

- Гэта праўда побыту ў кожнага свая. А праўда быцця – адна ва ўсіх.

- Наша прапанова: казаць праўду разам. Пачаўшы з маленькай, якая для цябе. Каб узняцца да вялікай, якая для кожнага.

- Падчас паездак я сустракаю шмат людзей, якім душа збалела ў немагчымасці выказаць праўду. Яны б хацелі яе сказаць, але баяцца. Бо наўкол мана. Як спосаб існавання, як нейкая зверху ўведзеная норма. Вось да іх, да тых, хто са сваёй асабістай праўдай жыве сярод агульнай маны, мы і ідзем суразмоўцамі. Каб даць ім адчуць, што яны – не адны. І паштоўкі “Гавары праўду!” мы разаслалі менавіта дзеля гэтага.

- Многія пытаюцца: а што ў тых паштоўках пісаць?

- Ды што заўгодна… Паштоўкі азначылі старт кампаніі. Гэта зварот, заклік да дзеяння. Паштоўкай вы змушаеце ўладу адрэагаваць на праблему. Ці, калі не на праблему, дык на саму паштоўку. Яна ёсць, гэта факт. І, значыць, ёсць чалавек, які яе даслаў. Ёсць ягоная праўда. А калі такіх людзей тысячы?.. Сотні тысяч?..

Паштоўка, нарэшце – сімвал кампаніі. На ёй намаляваны не пухір, як нехта здзекліва хацеў бы бачыць, а знак, які ва ўсім свеце азначае выказванне. Простую мову. Мы не змушаем, а прапануем: НЕ БОЙСЯ! ГАВАРЫ ПРАЎДУ!

- Ці разлічваеце вы на разуменне з боку афіцыйных медыя?

- На прэзентацыю праекту былі запрошаныя журналісты як незалежных, так і дзяржаўных СМІ. Не наша віна, што апошнія не прыйшлі. Кампанія задуманая як агульнанацыянальная, таму мы гатовыя да адкрытага дыялогу ва ўсіх кірунках, на розных пляцоўках. Ідучы да людзей, а не да сістэмы, мы зацікаўленыя ў супрацы з усімі СМІ.

- Пытанне, якое вынікае з папярэдняга. Чаму, на Вашую думку, у нас так пераблытаны паняцці грамадзянскага і палітычнага кантэкстаў?

- Удзел у грамадзянскай кампаніі не патрабуе партыйнай прыналежнасці ці палітычных перакананняў. Праз тое яна можа аб’яднаць значна большую колькасць людзей – і праз тое ж (каб людзей адвярнуць) на яе адразу спрабуюць навесіць палітычны ярлык. Праз гэта і блытаніна… Але − па маіх назіраннях − людзі ўжо навучыліся разбірацца, што ёсць што. І пачанаюць разбірацца ў тым, хто ёсць хто.

- Нягледзячы на тое, што Вы падкрэсліваеце апалітычнасць кампаніі, усе дружна спрабуюць Вас з кімсці параўноўваць. Такое чалавечае ўспрыняцце: каб зразумець нешта новае, трэба параўнаць яго з нечым ужо знаёмым. І, відаць, з гэтай прычыны спрабуюць зразумець – Вы з кім, Вы як хто…? Параўноўваюць Вас з Мілінкевічам, Казуліным…

- Мілінкевіч, Казулін – цалкам акрэсленыя палітычнымі рамкамі асобы. Я такой асобай не з’яўляюся. На сустрэчах з людзьмі я не палітык. Я паэт, які ўзяў на сябе абавязкі грамадскага дзеяча. Для нашага грамадства няма ў тым нічога дзіўнага. Традыцыйна вобраз паэта звязаны ў свядомасці людзей з нейкім супрацівам. Таму мяне ў гэткай ролі ўспрымаюць зусім нармальна. Нават кажуць: “Вы і павінны былі…”

Калі ў нечым паэт і супадае з палітыкам, дык хіба ў тым, што абодвум (для эфектыўнай працы) неабходная пазнавальнасць. Напачатку кампаніі я асцераўся, што за гады адсутнасці ў медыйнай просторы (найперш на тэлебачанні) пазнавальнасць мая страцілася. Аказалася, не. Калі на сустрэчы хтосьці й спытае, забыўшыся: “Някляеў?.. Які Някляеў?..” – дык абавязкова знойдзецца нехта іншы, хто адразу нагадае: “А той, які…” І ўсе стае на свае месцы.

- Шмат хто ўспрыняў, як нонсенс, тое, што кампанія, якую ачольвае Някляеў – рускамоўная. Як пішуць на форумах, “хіба беларусы ня маюць сваёй мовы?”

- Калі казаць праўду, дык я не аднойчы, сотні разоў у сотнях артыкулаў пытаўся ў беларусаў: “Чаму вы, маючы ўсё сваё, чужым карыстаецеся? У тым ліку мовай?..” Пытаўся ў вершах: “Вы беларусы? Хто такія?..” Пакуль што яны на гэта маўчаць. Вось я і распачаў кампанію, каб адказалі.

Кампанія двухмоўная. Такая, якой ёсць рэчаіснасць. Якім ёсць грамадства, да якога яна звернута.

Можна было б, ні на што не зважаючы, зрабіць кампанію цалкам беларускамоўнай. Толькі гэта была б кампанія для саміх сябе. Ды яшчэ для тых, каго ўжо даўно не трэба ані ў чым пераконваць.

Самае горшае ў нашым жыцці – падман. Але ёсць яшчэ самападман. І гэта горш за горшае. Таму ў прыняцці рашэнняў па правядзенні кампаніі мы сыходзілі з праўды, якой бы яна ні была.

- І яшчэ пытанне пра апалітычнасць і грамадзянскасць. Набліжаецца 25 сакавіка – Дзень Волі. Вы пастаянны ўдзельнік гэтага мерапрыемства, яркі аратар. І на гэты раз пойдзеце?

- Не разумею: чаму не?.. Хіба Праўда не сястра Волі?..

Гутарыла Юлія Рымашэўская.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
25 лютага стартавала грамадзянская агульнанацыянальная кампанія “Гавары праўду!” Учора ў інтэрнэце з’явіўся сайт кампаніі, дзе сфармаваўся шэраг пытанняў, якія мы задалі лідэру кампаніі Уладзіміру Някляеву.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика