Таццяна Бучэль і яе дзеці. 21.by

Таццяна Бучэль і яе дзеці

08.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таццяна Бучэль з сынам Міхаілам і дачкой АленайЗямлячка Язэпа Драздовіча выкладае родную мову ў Даўгаўпілсе, дзе жыве больш за 12 тысяч нашых суайчыннікаў. І мова, культурныя скарбы беларусаў цікавыя не толькі ім...
Пераемнасць — ключавое слова ў жыцці беларускіх суполак замежжа. Сэнс існавання ўсіх клубаў, аб’яднанняў, згуртаванняў, таварыстваў... А калі працягу традыцый бацькоў няма, навошта і збірацца? Сумна чуць, бывае, ад прыезджага супляменніка: маўляў, усё добра, ды маладыя да нас не цягнуцца. То можа і цягнуцца няма куды?..
У чарговы раз, наведваючы радзіму, да нас завітала бадзёрая Таццяна Бучэль. Адразу відаць была і крыніца яе ўпэўненасці: разам з маці прыехалі двое дарослых дзяцей, Міхаіл і Алена. Да таго ж Таццяна Фамінічна ўпершыню прывезла з Латвіі ў Беларусь і сваю калегу: Валянціна Пракоф’ева працуе над доктарскай дысертацыяй па творчасці Уладзіміра Караткевіча. І пакуль Таццяна Бучэль і яе дзеці расказвалі пра сябе, пра жыццё беларусаў у Даўгаўпілсе, супрацоўнік рэдакцыі прафесар Адам Мальдзіс гутарыў з дактаранткай. Забягаючы наперад, скажу: пачата цікавае даследаванне гісторыі беларуска-латышскіх культурных сувязяў.
— Таццяна Фамінічна, як склаўся ваш шлях у суполку “Уздым”?
— Нацыянальны дух, пэўна, у мяне ў крыві: я ж зямлячка мастака Язэпа Драздовіча, чым вельмі ганаруся. Ён родам з суседняй вёскі Лужкі, а ў нашых Германавічах — гэта Шаркаўшчынскі раён Віцебшчыны — створаны цікавы школьны музей, яму прысвечаны. Туды, дарэчы, я важу на экскурсіі сваіх студэнтаў з кафедры славянскай філалогіі Даўгаўпілскага ўніверсітэта. Выкладаю там беларускую мову і літаратуру. Не зусім па спецыяльнасці, бо ў 1977-м заканчвала Мінскі інстытут замежных моў. І настаўніцай нямецкай і англійскай паехала ў Глыбокае. А паколькі мой будучы муж — мы ў адной школе і вучыліся, дарэчы, — жыў у Даўгаўпілсе, то пераехала да яго. Я больш за трыццаць гадоў ужо ў Дзвінску — так раней называлі Даўгаўпілс, горад на Дзвіне-Даўгаве, беларусы.
— Рака, сапраўды, яднае народы. Помніцца, моладзь Беларусі і Латвіі яшчэ ў 1988-м годзе разам ладзіла “воднае ралі Дзвіна-Даўгава”: плылі на чаўнах ад Асвеі ўніз да Даўгаўпілса, у знак пратэсту супраць будаўніцтва там гідраэлектрастанцыі.
— І я памятаю тую акцыю: тады ўжо ішлі працэсы адраджэнскія, па-латышску “атмада”. І калі латышы загаварылі пра дзяржаўнасць, то і беларусы заварушыліся: а хто ж мы ў Латвіі? Проста эмігранты, людзі без грамадзянства? У 1996-м зарэгістравана беларускае таварыства “Уздым”, я і тады была ў актыве, і цяпер — намеснік старшыні суполкі. У горадзе, дарэчы, беларусаў шмат, больш за 12 тысяч. І не толькі мы аб’ядналіся, каб “не згубіцца”: у Даўгаўпілсе ажно 14 этнатаварыстваў: рускае, польскае, літоўскае, украінскае, яўрэйскае…
— Ці ўдалося беларусам Даўгаўпілса адваяваць “месца пад сонцам” сярод іншых этнасуполак?
— Мы шмат паспелі зрабіць, таму з намі лічацца ўлады, нас ведаюць, мы прымаем удзел практычна ва ўсіх мерапрыемствах. Працавала беларуская гімназія (у якой, дарэчы, вучыліся і мае дзеці — Міхаіл, Алена і Надзея), цяпер ёсць Цэнтр беларускай культуры. У горадзе ў канцы мая штогод прахо-дзяць Дні славянскай культуры. Свята поліфанічнае: тут канферэнцыя, там спяваюць, танцуюць… Бывае па дзесяць і больш дакладаў навуковых, а таксама выставы кніг, ганчарных вырабаў. Ну і вялікі канцэрт. Неяк на падмогу нашай “Купалінцы” мы запрасілі на Дзень Беларусі віцебскі фальклорны гурт “Талака”. Вось калі ўсе пабачылі, хто такія беларусы, што такое нашы танцы і песні! “Талака” выступала ў цэнтры горада і мела грандыёзны поспех. І ў мэрыі знайшліся людзі, якія нам тады сказалі: выдзелім беларусам будынак. Так яно і сталася. Гадоў дзесяць ужо ў нас вялікае памяшканне ў цэнтры горада, усе расходы на яго ўтрыманне — за кошт мэрыі, з якой у нас доўжыцца плённае супрацоўніцтва.
— Вашы дзеці таксама далучаны да справаў дыяспары?
— Так, яны са мной заадно. Закончылі 6-ю школу імя Яна Райніса, дзе быў факультатыў беларускай мовы. Я вяла заняткі там на грамадскіх пачатках, і гэта называлася: адукацыя па інтарэсах. Праўда, філолагам стала толькі Надзея: мае ступень бакалаўра польскай і іспанскай моваў, цяпер у Вялікабрытаніі. Міхаіл, бакалаўр-эканаміст, працуе ў камунальнай гаспадарцы. Алена — супрацоўніца візавага аддзела беларускага консульства. Мае дзеці, як кажуць, свае ва “Уздыме”. У прыватнасці, у Міхаіла былі вядучыя ролі ў самадзейных спектаклях, Лена добра грае на акардэоне. Беларускі дух яны ўпітвалі і ў сваіх бабуль на Шаркаўшчыне — праводзілі там у дзяцінстве амаль усё лета, мы часта ездзілі туды ў госці. А Троіца, Дзяды, Вялікдзень — у нас гэта святое, заўсёды едзем на магілы продкаў, і дзеці з маленства да гэтага прывучаны. Такое выхаванне.
— Таццяна Фамінічна, што яшчэ на карысць суполкі вам хацелася б зрабіць?
— Вельмі хочацца аднавіць у Даўгаўпілсе работу беларускай школы. Я ўпэўнена: каб мы ўсюды адчувалі сябе беларусамі, трэба пачынаць з дзяцей, з мовы — першаасновы нашай культуры. І нам, старэйшым, заўсёды трэба думаць пра пераемнасць традыцый. Калі будзе жыць мова, калі будзе бадзёрая маладая змена — тады можна будзе сказаць: а не дарма стараліся!

Іван Ждановіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зямлячка Язэпа Драздовіча выкладае родную мову ў Даўгаўпілсе, дзе жыве больш за 12 тысяч нашых суайчыннікаў. І мова, культурныя скарбы беларусаў цікавыя не толькі ім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика