Сьведка па справе Аўтуховіча: “Каб адпусьцілі на Вялікдзень дамоў, сказаў тое, што патрабавалі сьледчыя”
29.03.2010
—
Новости Общества
|
У Вярхоўным судзе працягваецца працэс над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам, Міхаілам Казловым і Аляксандрам Ларыным, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту ды іншых злачынствах. Да абеду 29 сакавіка дапытвалі сьведак па эпізодзе, зьвязаным са знаходжаньнем Мікалая Аўтуховіча ў кастрычніку 2005 году ў гарадзенскай турме. Паводле сьледзтва, Аўтуховіч з турмы фактычна кіраваў сваёй “злачыннай групай”, у якую нібыта ўваходзілі Ўладзімер Асіпенка і Аляксандр Ларын. Сувязь нібыта падтрымлівалася праз былога супрацоўніка турмы Сяргея Шнітко з дапамогай прадпрымальніка з Оршы Ігара Пузікава. Што паказалі наконт гэтага сьведкі?Ігар Пузікаў паведаміў суду, што пазнаёміўся з Аўтуховічам, каб пераняць ягоны досьвед у арганізацыі аўтаперавозак. У кастрычніку 2005 году, калі арыштавалі Аўтуховіча, Пузікаў прыехаў у Гародню і паспрабаваў атрымаць ад вязьня згоду на набыцьцё ў яго “2—3 адзінак аўтатэхнікі”. Свайму знаёмаму, супрацоўніку турмы Шнітко, прадпрымальнік Пузікаў, паводле ягоных слоў, паказаў запіску наконт гэтага, адрасаваную Аўтуховічу, але той адмовіўся яе прыняць. Такім чынам, рэальнага кантактаваньня ў яго з Аўтуховічам не атрымалася, паказаў сьведка. Пракурор Эльдар Сафараў прачытаў паказаньні Пузікава, дадзеныя на сьледзтве, якія супярэчылі сёньняшняму расповеду сьведкі. На сьледзтве Ігар Пузікаў паказваў, што сустрэч было некалькі, і ў выніку Шнітко нібыта ўзяў запіску для Аўтуховіча, а пазьней вярнуў, сказаўшы, што перадаць не атрымалася. Супярэчлівасьці Ігар Пузікаў патлумачыў ціскам: маўляў, яго фактычна прымушалі даваць тыя паказаньні, якія былі патрэбныя сьледчым. “Гэта было на Вялікдзень. Мне казалі: падпішаш — выйдзеш на волю”, — распавёў у судзе Ігар Пузікаў. Пры гэтым і сёньня ў судзе сьведка Пузікаў блытаўся ці згадваў пра пэўныя падзеі выбарачна. Вось фрагмэнт допыту. Судзьдзя Аляксей Цяцюхін: “У чым вас прымусілі прызнацца?” Сьведка Пузікаў: “Што перадаў запіску для Аўтуховіча”. Судзьдзя Аляксей Цяцюхін: “А насамрэч?” Сьведка Пузікаў: “Ня памятаю”. Былы супрацоўнік гарадзенскай турмы Сяргей Шнітко даў суду больш пэўныя паказаньні. Ён заявіў, што бачыў у Пузікава запіску для Аўтуховіча, але яе нават ня ўзяў, а вярнуў назад і праз пэўны час напісаў рапарт кіраўніцтву калёніі пра спробу вонкавага кантакту з Аўтуховічам. Што да сэнсу запіскі, якую Пузікаў хацеў перадаць Аўтуховічу, то, паводле сьведкі Шнітко, гаворка ў ёй ішла пра дазвол на набыцьцё “2—3 аўтамабіляў”. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Вярхоўным судзе працягваецца працэс над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам, Міхаілам Казловым і Аляксандрам Ларыным, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту ды іншых злачынствах. |
|