Пасля смерці Булькі ў Мосары правялі алкагольны рэферэндум. 21.by

Пасля смерці Булькі ў Мосары правялі алкагольны рэферэндум

05.04.2010 18:39 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

фотоБольшасць прагаласавала за адмену "сухога закону", але вёска па-ранейшаму засталася ў "зоне цвярозасці".

Вёску Мосар вырашылі яшчэ на год пакінуць у “зоне цвярозасці” — да студзеня 2011 года у вясковай краме па-ранейшаму немагчыма будзе набыць не тое што гарэлкі, але нават і піва. У зоне цвярозасці вёска Мосар апынулася ў жніўні 2009 года. Менавіта тады, з ініцыятывы мясцовага ксяндза Юзаса Булькі (на фота), сельвыканкам прыняў рашэнне ў якасці эксперыменту забараніць на паўгода прадаваць у вясковай краме алкаголь. 9 студзеня мінулага года святар пайшоў з жыцця, а сельвыканкам вырашыў працягнуць дзейнасць рашэння наконт “зоны цвярозасці”. Праўда, не ўсе вяскоўцы былі згодныя з такой мерай. Пра гэта Еўрарадыё расказала доктар мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта Святлана.

Фельчар Святлана: “Хтосьці хацеў, каб ізноў вярнулася ўсё да таго, як было раней, хтосьці — каб заставалася так, як ёсць. Збіралі подпісы — і 100 з нечым подпісаў за тое, каб вярнуць алкагольныя напоі ў краму. І толькі 20 подпісаў за тое, каб пакінуць так, як ёсць цяпер. Рознагалоссі былі, але прыйшлі да аднаго меркавання”.

Іншая справа, ці змянілася нешта за час дзеяння “сухога закона” ў асобна ўзятай вёсцы. Паводле словаў доктаркі, пэўныя поспехі ёсць: нехта кінуў піць увогуле, нехта стаў менш ужываць алкаголю. Але ёсць і такія, якія як пілі, так і п’юць па-ранейшаму.

Сама Святлана прыехала ў Мосар па размеркаванні некалькі гадоў таму. Кажа, мясціны вельмі прыгожыя, людзі прыемныя, але наладзіць асабістае жыццё з кімсьці з мясцовых хлопцаў не выпадае.

Фельчар Святлана: “Калі тут застацца і выбраць сабе мужа, то не выбярэш. Вы пажывіце тут з тыдзень — пабачыце, якая тут “зона цвярозасці”! Вельмі цікава часам бывае паглядзець, калі людзі на роварах, на конях, хто на чым заўгодна, затарваюцца па дзве скрыні віна адразу і — наперад! Такое паломніцтва ў краму”.

Размова ідзе пра суседнюю вёску — Луцк-Мосарская, у трох кіламетрах ад “цвярозага” Мосара. Там па-ранейшаму ў краме прадаюць усё што душы заўгодна. Вось толькі ад такога “паломніцтва”, кажа Святлана, недалёка да бяды.

Фельчар Святлана: “Я ж ведаю, як яны п’юць: набылі ў краме, выпілі паўбутэлькі і наперад. Гэта ў іх як запраўка. Ён узяў бутэльку віна, выпіў па дарозе і зваліўся. А ці мала нейкі ліхач? Калі ласка — аварыя. Альбо п’яны на ровары. Так што гэта пакуль ціха і без аварый”.

І паскардзілася, што вельмі часта даводзіцца “лекаваць” тых, хто не разлічыў сілы падчас паходу ў суседнюю вёску.

Фельчар Святлана: “Звяртаюцца потым, калі цяжка “адысці”, дрэнна. У некага ціск, калі больш сталы чалавек. Альбо траўмы”.

Як доктар Святлана за тое, каб людзі не злоўжывалі алкаголем. Але ж, кажа, бываюць сітуацыі, калі трэба сустрэць гасцей бутэлькай добрага віна, а набыць яго няма дзе. Дый хоць і выпіць бутэльку піва пасля працы!

Фельчар Святлана: “Я маладая, і можа я хачу пасля працы піва выпіць?! Я думаю, што гэта цалкам нармальна. І трэба некага прасіць, каб прывезлі. А гэта лішнія выдаткі хаця б на тое, каб пазваніць. А то можа і за дарогу заплаціць. Увогуле, гэта парушэнне правоў чалавека”.

Згодны з тым, што сітуацыя гэтая не зусім нармальная, і старшыня Ўздзелаўскага сельвыканкама Віктар Карман, пад юрысдыкцыю якога трапляе вёска Мосар.

Віктар Карман: “Мы жывыя людзі — мала нейкія госці прыязджалі, яшчэ нехта. Без гэтага не абыходзіцца: калі бутэльку добрага віна купіць, пачаставаць каго. А так — прыязджаюць госці і кажаш: “Едзь са сваім” — "А ў вас што там?” — “А ў нас зона цвярозасці” — “Ну, дык у вас там зусім!”

Але не толькі адсутнасцю алкаголю ў крамах адрозніваецца Мосар ад суседніх вёсак. Некалькі гадоў таму тут закрылі клуб. І моладзі даводзіцца на танцы ездзіць за 8 кіламетраў. Зараз, кажа старшыня сельвыканкама Віктар Карман, клуб збіраюцца адкрываць нанава.

Віктар Карман: “Што тычыцца гэтай зоны: стварыць толькі дзеля таго, каб стварыць? І ўсё? Трэба, каб праца пад гэта была адпаведная. Трэба, каб нейкія мерапрыемствы пад гэта былі, альбо праграма спецыяльная аддзелам ідэалагічнай працы павінна быць падрыхтаваная, менавіта па гэтай зоне цвярозасці. Нейкія сустрэчы з цікавымі людзьмі. Па культуры нейкія пытанні каб працавалі — у нас жа клуб закрыты. Будзем ісці насустрач людзям і адкрываць клуб. Каб моладзь магла адпачываць і мы нейкія мерапрыемствы правесці”.

Згодна са словамі старшыні сельвыканкама, у раённага кіраўніцтва была ідэя распаўсюдзіць вопыт Мосара не толькі на суседнія вёскі, але і суседнія сельсаветы. Але, кажа, пакуль ад гэтай ідэі адмовіліся. Больш за тое: глядзіш, і з мосарскіх крам здымуць эмбарга на пастаўкі алкаголю.

Віктар Карман: “Будзем глядзець па абстаноўцы: калі сапраўды там нармальнае будзе становішча з п’янкамі, з парушэннямі адміністратыўнымі грамадскага парадку, будзем здымаць. У сувязі з тым, што абстаноўка палепшылася”.

А напрыканцы размовы і доктарка, і старшыня сельвыканкама пагадзіліся з тым, што забаронай нічога не даб’ешся. Гэта зараз жадаючыя выпіць могуць з’ездзіць за пляшкай у суседнюю вёску. Калі ж забароняць гандляваць алкаголем і там, то пачнуць гнаць самагон. І не дапаможа ўчастковы — які пакуль з падпольным гандлем спраўляецца.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Большасць прагаласавала за адмену "сухога закону", але вёска па-ранейшаму засталася ў "зоне цвярозасці".
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика