У Віцебску ставяць помнікі чужым героям?
05.04.2010 19:10
—
Новости Общества
|
У горадзе над Дзвіной могуць з'явіцца бронзавыя княжна Вольга і Аляксандр Неўскі. Вольга, на думку віцебскіх чыноўнікаў, заснавала горад. Аляксандру Неўскаму збіраюцца паставіць манумент проста за тое, што "ён тут быў".
Тым часам гісторыкі з Акадэміі навук папярэджваюць: ні Вольга, ні Аляксандр Неўскі для Віцебска нічога гераічнага не зрабілі. Выходзіць, што дзяржаўныя грошы пойдуць на манументы неадназначным героям? Нягледзячы на гэты эпізод, Вольгу прызналі святой, а віцебскія чыноўнікі зрабілі яе... стваральніцай горада. Помнік Вользе збіраюцца паставіць насупраць летняга амфітэатра, дзе штогод праходзіць фестываль "Славянскі базар". Другі запланаваны помнік — у гонар наўгародскага князя Аляксандра Неўскага. Усталяваць яго збіраюцца на плошчы Тысячагоддзя. Праўда, ніхто так і не патлумачыў, навошта ў Віцебску манумент гэтаму дзеячу гісторыі, які ў абароне нашых земляў удзелу не браў. — Мы ў гэтыя палітычныя пытанні не паглыбляемся, — кажа галоўны спецыяліст аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Пётр ПАДГУРСКІ. — Дакладна вядома, што Аляксандр Неўскі ў 1245 годзе бываў у Віцебску і забіраў адсюль свайго сына. Жонка Аляксандра Неўскага была з Полацка. Магчыма, тут жылі і іншыя яго сваякі. Атрымліваецца, што помнік усталёўваюць не за заслугі перад горадам, а за тое, што "Неўскі БЫВАЎ у Віцебску". Трэба сказаць, што конкурсы на лепшыя праекты помнікаў праводзіліся ў некалькі этапаў. Мерапрыемствы асвятляліся ў дзяржаўнай і не прэсе, пра гэта перадавалі інфармацыйныя агенцтвы, а просты люд успрыняў "заслугі" Вольгі і Неўскага за чыстую манету. Цікава, што на гэты конт думаюць дзяржаўныя гісторыкі? Акадэмія навук: "Ставяцца помнікі, якія не адносяцца да рэальных падзей" — Аляксандр Неўскі сапраўды прыязджаў у Віцебск, каб забраць з горада свайго сына. Гэта зафіксавана ў "Наўгародскім летапісе". Ён прыехаў у Віцебск, забраў сына і уцёк у Ноўгарад. І ставіць помнік дзеячу ў сувязі з гэтай "падзеяй" — смешна, — лічыць Аляксандр ГРУША, загадчык аддзела гісторыі Беларусі сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі. — Княжна Вольга калі і мае дачыненне да горада Віцебска, то толькі ўскоснае. Доказаў, што горад заснавала яна — няма. Мы ўвесь час просім чыноўнікаў звяртацца ў Інстытут гісторыі НАН Беларусі. Але робяць яны гэта не заўсёды. У выніку ставяцца помнікі, арганізоўваюцца мерапрыемствы, якія не адносяцца да рэальных падзей. Аляксандр Неўскі і Вольга — раскручаныя гістарычныя персанажы. Напэўна, віцябчанам хочацца прыхінуцца да іх славы. Але навошта? У нас ёсць свае гістрычныя дзеячы, не менш праслаўленыя. Помнік князю Альгерду ў Віцебску, напрыклад, цалкам абгрунтаваны. Дзеля справядлівасці адзначу, што ў горадзе над Дзвіной і сапраўды збіраюцца ўсталяваць помнік Вялікаму князю Альгерду. Таму самаму, які тройчы "прытуляў дзіду" да сценаў маскоўскага крамля ў другой палове ХІV стагоддзя. Такім чынам наш князь караў за залішнюю агрэсію. У Віцебску Альгерд збудаваў абарончы замак, пры Вялікім князі горад у эпоху сярэднявечча дасягнуў росквіту. Але на фоне Вольгі і Неўскага помнік Альгерду будзе глядзецца, мякка кажучы, недарэчна. Не хочацца верыць, што віцебскія чыноўнікі і сапраўды патрацяць дзяржаўныя грошы на манументы персанажам іншай гісторыі (сумы могуць складаць мільярды беларускіх рублёў). Аднак падобна на тое, што справа да гэтага ідзе. На жаль, у Віцебску хапае "дзеячаў", якія надзвычай зацікаўленыя ў "рускіх" помніках. "Уся гэта беларусізацыя — спроба раскалоць рускі народ" У горадзе над Дзвіной дзейнічае арганізацыя "Рускі дом", якая не так даўно "праславілася" на ўсю краіну. Старшыня арганізацыі, адзін з чыноўнікаў Андрэй Герашчанка даў інтэрв'ю расійскаму інтэрнэт-парталу "Мацярык". Ідэолаг назваў усіх беларусаў... рускімі, а тэндэнцыі развіцця беларускай мовы — "расколам". Дасталося за любоў да беларушчыны і стваральніку "Песняроў" Уладзіміру Мулявіну. — У рускім доме шмат і беларусаў, якія не забыліся пра тое, што яны прыродныя рускія людзі, — запэўніваў Герашчанка інтэрнэт-партал "Мацярык". — Пры больш глыбокім разглядзе робіцца зразумела, што ўся гэта беларусізацыя — не больш чым спроба раскалоць адзіны рускі народ і ўнушыць беларусам думку пра тое, што яны — нярускія, што іх далейшы паспяховы лёс звязаны з Еўропай. Па такой логіцы нам можна хоць сёння уваходзіць у склад Расіі асобнай губерніяй, а беларускамоўную газету "Звязда" зачыняць як раскольніцкую... Чыноўнікі адмаўляюцца ставіць помнік "тырану" ў сталіцы Яшчэ адзін дзіўны праект распрацоўваюць беларускія дзеячы з арганізацыі "За Саюз і Камуністычную партыю Савецкага Саюза". Яны збіраюцца ўсталяваць у Мінску помнік... Іосіфу Сталіну. Згодна са школьнай праграмай па гісторыі, у часы Іосіфа Сталіна беларуская нацыянальная інтэлігенцыя была вынішчана амаль пад корань. Гэта амаль ўсе супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры (мовазнаўца Сцяпан Некрашэвіч, географ Аркадзь Смоліч і дзясяткі іншых), амаль усе найлепшыя пісьменнікі 20-х і 30-х гадоў (Максім Гарэцкі, Барыс Мікуліч, Андрэй Мрый, спіс можна працягваць сотнямі прозвішчаў), вайскоўцы, урачы і іншыя людзі, якія проста любілі Беларусь. Але ўдзельнікі арганізацыі "За Саюз і Камуністычную партыю Савецкага Саюза" гарой стаяць за рэпутацыю Іосіфа Сталіна і запэўніваюць, што рэпрэсаваныя былі ворагамі народа. Інфармацыя пра помнік Сталіну абышла ўвесь беларускі інтэрнэт. Дзеячы з арганізацыі сабралі ўжо больш за 2 мільёны беларускіх рублёў. Але Мінгарвыканкам дазволу на ўсталяванне манумента не дае. І дзякуй Богу. На помніках выхоўваецца самасвядомасць людзей. І калі недасведчаныя ў гісторыі чыноўнікі будуць увекавечваць у бронзе іншых герояў, то наўрад ці варта чакаць ад беларусаў хоць нейкага патрыятызму. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксандру Неўскаму збіраюцца паставіць манумент проста за тое, што "ён тут быў" |
|