Здаровыя вочкі — у здаровым целе. 21.by

Здаровыя вочкі — у здаровым целе

06.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На вашы пытанні адказала дацэнт кафедры афтальмалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук Галіна СЯМАК.

(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 1— 3 красавіка.)

Гомель, Сяргей. Апошнім часам пачаў падаць зрок. Чым яго можна падтрымаць?

— Галоўнае, каб вас паглядзеў афтальмолаг. А наогул трэба весці здаровы лад жыцця. Вы павінны атрымліваць разнастайнае харчаванне, багатае на вітаміны, бялкі. Неабходна таксама сачыць за артэрыяльным ціскам.

(— Мінск, Алена Іосіфаўна. У мяне пастаянна слязяцца вочы. Праходзіла абследаванне, але прычыну гэтага так і не ўдалося знайсці...

— Прычын можа быць мноства. Напрыклад, існуе такое захворванне, як "сухое вока". Пры пэўных асаблівасцях гарманальнага абмену на першым этапе выдзяляецца вялікая колькасць слёз, а потым яны знікаюць зусім. Пры такой сітуацыі трэба працаваць з эндакрынолагам. Папярэдне неабходна здаць аналіз крыві на гармоны шчытападобнай залозы і палавыя гармоны. Акрамя таго, трэба, каб афтальмолагі вызначылі колькасць слёз. Для гэтага ставіцца проба Шырмера, якая пакажа, ці сапраўды ў вас шмат слёз або яны не адцякаюць, куды трэба. Варта даабследавацца.

(— Магілёў, Юрый Віктаравіч. У мяне вельмі дрэнны зрок. У акулярах — плюс 3,5. Зрок не паляпшаецца. Але ж большага шкла для акуляраў няма...

— Зараз ёсць шкло да плюс 15-20. Маюцца вялікія магчымасці для кантактнай і акулярнай карэкцыі. Трэба яшчэ мець на ўвазе, што не заўсёды зрок паляпшаецца з больш вялікім шклом.

— Раней я насіў акуляры для блізкіх адлегласцяў, а цяпер патрабуюцца для далечыні. У чым прычына?

— Гэта нармальна. Так адбываецца з узростам, такія асаблівасці зроку. "Плюс" у вас расце таму, што страчваецца здольнасць акамадаваць — здольнасць вока змяняць аптычную сілу, настройвацца на бачанне на розных адлегласцях. Можа аказваць уплыў і артэрыяльны ціск. Таму трэба пракансультавацца ў кардыёлага, кантраляваць ціск.

(— Асіповічы, Мікалай Пятровіч. Некаторыя спецыялісты гавораць, што трэба як мага больш абыходзіцца без акуляраў. А іншыя лічаць, што калі вочы напружваюцца, акуляры патрэбныя. Як лепш?

— Патрэбны акуляры ці не, вырашае ў першую чаргу афтальмолаг, які павінен вас абследаваць. Аднак хачу адзначыць, што глядзець трэба з найменшым напружаннем. Таму, калі без акуляраў цяжка бачыць, трэба імі карыстацца.

(— Жодзіна, Ірына Канстанцінаўна. Вельмі слязяцца на вуліцы вочы. Як быць?

— Прычын слёзацячэння вельмі шмат. Гэта можа быць і запаленне, і проста вялікая прадукцыя слязы. Трэба разабрацца, а для гэтага звярніцеся да афтальмолага. Пакуль паспрабуйце папрамываць вочы травамі. Напрыклад, рамонкам. Заварыце яго, наліце раствор на ватку і прамывайце па чарзе вочы тры разы на дзень. Магчыма, вам стане крыху лягчэй. Але да афтальмолага ўсё роўна звярнуцца трэба.

(— Магілёў, Іна Антонаўна. 60 гадоў. У мяне хутка стамляюцца, чырванеюць і слязяцца вочы. Пра што гэта можа сведчыць?

— Калі гэтыя скаргі з'явіліся нядаўна, то, хутчэй за ўсё, яны звязаныя з нейкім запаленчым працэсам. Калі ж такія сімптомы даўнія, то, верагодна, у вас не адкарэгіраваны правільны зрок. Інакш кажучы, вы бачыце недастаткова добра, і вочы вымушаны напружвацца. Магчыма, у гэтым пытанні вам дапаможа простая акулярная карэкцыя. Звярніцеся да афтальмолага.

(— Лепель, Соф'я. Скажыце, што гэта за захворванне такое дэмадэкоз?

— Гэта захворванне сустракаецца дастаткова часта, пры ім на павеках і вейках жывуць кляшчы. Вялікая іх колькасць прыводзіць да паталогіі, а ўзнікае пры пэўных захворваннях павек: дэрматытах, блефарытах, цукровым дыябеце, абменных парушэннях у арганізме. Таму неабходнае лячэнне агульнага захворвання, а потым захворвання павек у афтальмолага. Цяпер ёсць вялікая колькасць прэпаратаў, якія дазваляюць змагацца з дэмадэкозам.

(— Дзяржынск, Вера Міхайлаўна. Сыну 10 гадоў, ад камп'ютара яго не адарваць. А колькі часу ў такім узросце дзіцяці можна праводзіць за камп'ютарам увогуле?

— Існуюць правілы, якія абмяжоўваюць для дзяцей час, праведзены за камп'ютарам. Бо карцінка, што атрымліваецца на маніторы, успрымаецца вокам у шмат разоў цяжэй, чым напісанае на паперы. Захворванне так і называецца — камп'ютарны зрокавы сіндром. Навукай даказана, што праз 2 гадзіны працы за камп'ютарам 15 працэнтаў карыстальнікаў адчуваюць дыскамфорт, праз 4 гадзіны — 60 працэнтаў, а праз 6 гадзін — усе карыстальнікі. Дзецям, асабліва ў падлеткавым узросце, нельга праводзіць за камп'ютарам больш за 2 гадзіны. У гэтыя 2 гадзіны ўваходзіць, дарэчы, і прагляд тэлебачання. Значыць, калі дзіця правяло за камп'ютарам 2 гадзіны, то яму ўжо нельга глядзець тэлевізар, і наадварот. Калі ў нейкі дзень мы не карысталіся ні камп'ютарам, ні тэлевізарам, то гэта не азначае, што на наступны можна "эксплуатаваць" нашы вочы больш за 2 гадзіны.

(— Клецкі раён, Уладзімір Іванавіч. Ці можа так быць, што ў адным воку блізарукасць, а ў другім — дальназоркасць?

— Можа. Справа ў тым, што з узростам пачынаюць адбывацца самыя розныя працэсы ў розных структурах вока. Напрыклад, калі ў хрусталіку пачынаецца катаракта, то адбываецца авадненне хрусталіка і расце "мінус". Пры гэтым зрок можа змяняцца ледзь не кожны месяц. І гэта заўважаюць афтальмолагі. Таму калі ў вас такая сітуацыя, раю вам звярнуцца да спецыялістаў.

(— Глуск, Міхаіл Пятровіч. Ці праўда, што акуляры павінны быць рознымі для працы на розных адлегласцях, а таксама асобнымі павінны быць акуляры для чытання і для прагляду тэлевізара?

— Безумоўна, гэта так. Вока, дзякуючы акамадацыі — настройцы, умее глядзець на розныя адлегласці. А акуляры падбіраюцца на строга пэўную адлегласць. Для чытання акуляры павінны быць на адлегласць 33 см ад тэксту, а для прагляду тэлебачання — 5 м ад экрана, камп'ютар павінен знаходзіцца на адлегласці 60—80 см ад вачэй. І акуляры падбіраюцца адпаведна.

(— Жабінка, Вольга. Майму сыну 18 гадоў. У яго сляпое адно вока, яно ўсыхае. Урачы кажуць, што яго трэба выдаляць, каб запаленне не перайшло на здаровае вока. Сын вельмі гэтага не хоча. Ці ёсць выйсце з гэтай сітуацыі?

— Тое, што прапануюць вашаму сыну — абсалютна правільны навуковы падыход да праблемы. Сапраўды, калі хворае вока перашкаджае здароваму, яго трэба выдаляць. Прыязджайце да нас, у Рэспубліканскі афтальмалагічны цэнтр, мы яшчэ раз паглядзім вашага сына, паспрабуем пераканаць у неабходнасці аперацыі. У 10-й клініцы Мінска, па вул. Убарэвіча, 73 робяцца такія аперацыі. Вока выдаляецца, потым ставіцца пратэз. Касметычнага дэфекту пры гэтым няма. Пратэз нават рухаецца, перасоўваецца, бо захоўваюцца мышцы, якія падшываюцца пэўным чынам.

— Ці дорага гэта каштуе?

— У нас гэта робіцца бясплатна. Вазьміце накіраванне і прыязджайце. Тэлефон для даведак 10-й клінічнай бальніцы — 340 19 18.

Святлана БАРЫСЕНКА, Вольга ШАЎКО.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На вашы пытанні адказала дацэнт кафедры афтальмалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук Галіна СЯМАК. (Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 1— 3 красавіка
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика