Экзаменацыйная сесія — галоўная зона рызыкі
06.04.2010
—
Новости Общества
|
Зала калегіі (Заканчэнне. Пачатак у нумары за 3 красавіка.) Трэба патлумачыць, што ў мэтах павышэння прававой культуры навучэнцаў ва ўсіх сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах чытаецца курс "Карупцыя і яе грамадская небяспека" ў аб'ёме 6 і 10 гадзін адпаведна. Магчыма, да выкладання гэтага курса ў навучальных установах падыходзяць выключна фармальна? У рэспубліканскіх і абласных установах павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў таксама чытаецца курс лекцый, які ўключае цэлы спектр пытанняў па захаванні антыкарупцыйнага заканадаўства. Дзейнічае камісія па прафілактыцы карупцыйных правапарушэнняў у сістэме Міністэрства адукацыі. У адпаведнасці з загадам Міністэрства адукацыі ў правілы ўнутранага распарадку ВНУ і ССНУ ўключаны меры адказнасці навучэнцаў за дачу хабару службовым асобам, якія прадугледжваюць выключэнне з кола навучэнцаў без права наступнага аднаўлення. Арганізавана работа студэнцкіх "гарачых ліній" і пошты даверу, праз якія студэнты могуць паведаміць інфармацыю аб супрацьпраўных дзеяннях супрацоўнікаў навучальнай установы. — У перыяд з 11 па 23 студзеня бягучага года Дэпартаментам кантролю якасці адукацыі ажыццяўляўся аналіз арганізацыі і правядзення экзаменацыйнай сесіі ў 16 ВНУ і 13 ССНУ, — паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук. — Быў арганізаваны ўнутраны кантроль за ходам сесіі, які ўключаў наведванне экзаменаў і праверку іх правядзення загадчыкамі кафедраў, дэканамі факультэтаў, прарэктарамі па вучэбнай рабоце. Ва ўсіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах былі выдадзены загады аб захаванні антыкарупцыйнага заканадаўства і мерах адказнасці за карупцыйныя правапарушэнні, з якімі пад асабісты подпіс былі азнаёмленыя ўсе выкладчыкі і навучэнцы. Узмацненне кантролю дазволіла выявіць шэраг парушэнняў. Так, у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце расклад залікаў не складаўся, практычна ўсе заліковыя ведамасці закрываліся апошнім днём, у які асобныя студэнты здавалі залікі адразу па 4-5 дысцыплінах, пераздача залікаў працягвалася і падчас экзаменацыйнай сесіі. У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова, на факультэце славянскай філалогіі, білеты да іспыту па дысцыпліне "Руская мова" ў студэнтаў 4 курса спецыяльнасці "беларуская філалогія" не былі зацверджаныя, не ўсе залікова-экзаменацыйныя ведамасці пасля правядзення экзаменаў былі запоўненыя цалкам. У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы па асобных дысцыплінах колькасць экзаменацыйных білетаў была меншая, чым колькасць студэнтаў у групе. У Брэсцкім політэхнічным каледжы парушаны парадак допуску навучэнцаў да экзаменацыйнай сесіі: прыём іспыту па дысцыпліне "будаўнічыя матэрыялы і вырабы" на завочным аддзяленні праводзіўся пры невыкананых лабараторных і практычных работах, прадугледжаных праграмай. Аляксандр Жук паведаміў таксама, што ў 2009 годзе ў Міністэрства адукацыі паступіла 1850 пісьмовых зваротаў грамадзян, што на 25 працэнтаў менш, чым у 2008 годзе. На фоне агульнага скарачэння колькасці пісьмовых зваротаў грамадзян адбыліся і некаторыя змены ў разрэзе рэгіёнаў. Так, колькасць зваротаў ад жыхароў Брэсцкай вобласці скарацілася на 40 працэнтаў, Віцебскай — на 38 працэнтаў і Мінска — на 27 працэнтаў. Аналіз тэматыкі зваротаў у міністэрства паказаў, што большасць з іх звязаны з пытаннямі правамоцнасці дзеянняў кіраўнікоў устаноў адукацыі, вяртання сродкаў за навучанне, арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, абароны правоў і інтарэсаў дзяцей, правядзення цэнтралізаванага тэсціравання і ўступных іспытаў. У ходзе праверак, праведзеных па 7 ананімных зваротах грамадзян у Міністэрства адукацыі, якія сігналізавалі пра факты злоўжывання службовым становішчам і іншых супрацьпраўных дзеяннях службовых асобаў ва ўстановах адукацыі, ніводзін з выкладзеных фактаў не знайшоў пацвярджэння. Пра знікненне напружанасці падчас правядзення ў краіне прыёмнай кампаніі сведчыць наступны факт: летась на гарачую лінію "Абітурыент—2009", якая дзейнічае ў Міністэрстве адукацыі, паступілі 1539 зваротаў грамадзян, што амаль на тысячу менш, чым пазалетась. Прычым практычна ўсе гэтыя звароты мелі кансультацыйны характар... Міністр пацікавіўся ў Аляксандра Жука, якая са сфер адукацыі, па яго меркаванні, найбольш небяспечная ў плане здзяйснення карупцыйных злачынстваў: прафесійная адукацыя, агульная сярэдняя, дашкольная ці пазашкольная адукацыя? "Бясспрэчна, гэта вышэйшая і сярэдняя спецыяльная адукацыя, — адказаў Аляксандр Жук. — У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі нас хвалюе арганізацыя ўступных іспытаў у гімназіі і ліцэі і так званыя школьныя паборы. Паборы з бацькоў актуальныя і для дашкольных устаноў. А вось за сістэму пазашкольнай адукацыі мы больш-менш спакойныя, таму што прымусіць дзяцей наведваць пазашкольныя ўстановы немагчыма. І занятак па душы, і педагогаў, пад кіраўніцтвам якіх яны жадаюць займацца сваёй любімай справай, дзеці выбіраюць самастойна, без вонкавага ціску. Адным словам, усё адбываецца добраахвотна, і там проста адсутнічае глеба для хабарніцтва..." Надзея НІКАЛАЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 3 красавіка.) Трэба патлумачыць, што ў мэтах павышэння прававой культуры навучэнцаў ва ўсіх сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах чытаецца курс "Карупцыя і яе грамадская небяспека" ў аб'ёме 6 і 10 гадзін адпаведна. Магчыма, да выкладання гэтага курса ў навучальных установах падыходзяць выключна фармальна? У рэспубліканскіх і абласных установах павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў таксама чытаецца курс лекцый, які ўключае цэлы спектр пытанняў па захаванні антыкарупцыйнага заканадаўства
|
|