Сумесных мерапрыемстваў шмат, галоўнае — выкарыстаць іх для ўмацавання сяброўства і ўзаемаразумення
06.04.2010
—
Новости Общества
|
Будаўніцтва Саюзнай дзяржавы ажыццяўляецца паслядоўна і планамерна: па ўсіх накірунках інтэграцыі, як у эканоміцы, так і ў сацыяльнай сферы, атрыманы важныя практычныя дасягненні ў інтарэсах грамадзян Беларусі і Расіі. Наша краіна даўно наладзіла цесныя кантакты з братняй дзяржавай, а калі больш канкрэтна, то і не перарывала, а, наадварот, увесь час умацоўвала іх. І асабліва паспяховае ўзаемадзеянне адбываецца ў сацыяльнай сферы, адукацыі, навуцы, культуры. Асновы інтэграцыйнага супрацоўніцтва дзвюх краін у цэлым па гэтых накірунках вызначаны Канцэпцыяй сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2010 года, якая была заклікана забяспечыць роўнасць правоў нашых грамадзян у працаўладкаванні і аплаце працы, у атрыманні адукацыі, медыцынскай дапамогі, у пенсійным забеспячэнні, а таксама адлюстроўвала развіццё супрацоўніцтва ў сферы культуры, навукі, спорту і турызму. На сёння пытанні, звязаныя з забеспячэннем роўных правоў беларусаў і расіян на ўдзел у гаспадарчай дзейнасці, на атрыманне адукацыі, на абмен жылымі памяшканнямі, працаўладкаванне, аплату працы і іншыя практычна вырашаны. Мы не адчуваем сябе чужынцамі ў Расіі, і расіяне адчуваюць сябе даволі камфортна ў Беларусі. Але спыняцца на дасягнутым нельга. Вельмі важным элементам саюзнага будаўніцтва з'яўляецца рэалізацыя праграм і правядзенне сумесных мерапрыемстваў сацыяльнага накірунку. На працягу чатырнаццаці апошніх гадоў з бюджэту Саюзнай дзяржавы прафінансаваны шматлікія мерапрыемствы, якія маюць вялікае грамадска-культурнае і навуковае значэнне. Так, ужо традыцыйнымі сталі разнастайныя спартакіяды, алімпіяды і злёты расійскіх і беларускіх навучэнцаў і студэнтаў, фестывалі моладзі, навукова-практычныя канферэнцыі навукоўцаў і выкладчыкаў, уручэнне прэмій у галіне літаратуры і мастацтва, грамадзянска-патрыятычныя змены школьнікаў Саюзнай дзяржавы "За гонар Айчыны", правядзенне майстар-класаў для навучэнцаў мастацкіх навучальных устаноў Беларусі і Расіі, арганізацыя санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення дзяцей, ветэранаў і інвалідаў. Дзякуючы фінансаванню з бюджэту Саюзнай дзяржавы моладзь нашых краін і ў гэтым годзе зможа паўдзельнічаць у Алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць" у лістападзе, у турыстычным злёце навучэнцаў Саюзнай дзяржавы ў ліпені, у спартакіядзе Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва, у спартыўных гульнях дзяцей гарадоў-герояў Саюзнай дзяржавы і ў іншых цікавых і карысных мерапрыемствах. Цікавай абяцае быць праграма "Усе кветкі ліпеня", прысвечаная сяброўству беларускага і расійскага народаў, якую рыхтуе да XVІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Нацыянальны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. У ёй прымуць удзел таксама лаўрэаты прэміі Саюзнай дзяржавы: кампазітар Аляксандра Пахмутава, артыст Уладзімір Гасцюхін, драматург Аляксей Дудараў і іншыя. Пройдуць гастролі моладзевага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра. Але гэты год усё ж асаблівы. Ён багаты на знамянальныя падзеі. 2 красавіка 2010 года споўнілася 14 гадоў з моманту падпісання Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй Дагавора аб утварэнні Саюза Беларусі і Расіі. З гэтай нагоды ў Маскве і ў Мінску прайшлі ўрачыстыя сходы і святочныя канцэрты, прысвечаныя Дню яднання. А ў бібліятэцы нашага мінскага БНТУ ўжо даўно адкрылася выстава, прысвечаная гэтаму дню. У гэтым жа годзе спаўняецца 65 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вышэйшым Дзяржаўным Саветам Саюзнай дзяржавы зацверджаны пералік мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай усім нам памятнай даце. Сярод іх — канцэрт майстроў мастацтваў Расіі і Беларусі "Саюзная дзяржава — ветэранам Перамогі", які адбудзецца ў маі ў Мінску і Маскве. Акрамя таго, вядучыя музеі Беларусі, Расіі і Украіны пакажуць унікальны праект — выставу "Парад Перамогі". У экспазіцыі можна будзе пабачыць сцягі, арыгіналы дакументаў, у тым ліку Акт аб капітуляцыі фашысцкай Германіі, а таксама асабістыя рэчы вядомых палкаводцаў. Спецыялісты сцвярджаюць, што такога паказу ўнікальных музейных прадметаў не было з 1945 года. Плануецца, што выстава адкрыецца ў Маскве ў маі, а ў верасні яна пераедзе ў Мінск. Упершыню Саюзнай дзяржавай прафінансавана стварэнне поўнаметражнага мастацкага кінафільма "Брэская крэпасць", прэм'ерны паказ якога адбудзецца 22 чэрвеня ў Брэсце, а наступныя дэманстрацыі пройдуць у Мінску і іншых гарадах рэспублікі. У трэцяй дэкадзе красавіка будзе арганізаваны відэамост "Масква—Мінск", прысвечаны юбілею Перамогі. У бібліятэках, навучальных установах, музеях, клубных установах Беларусі пройдуць тэматычныя і музейныя выставы, урокі мужнасці, сустрэчы з удзельнікамі вайны і іншыя мерапрыемствы пад дэвізам "Ніхто не забыты і нішто не забыта". У прыватнасці, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі да 9 Мая сумесна з вядучымі музеямі краіны плануецца правесці Рэспубліканскую выставу плакатаў ваенных гадоў "Савецкі плакат, 1941-1945 гады". А ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у красавіку пройдзе мастацкая выстава студэнтаў і навучэнцаў ВНУ і каледжаў культуры і мастацтва пад дэвізам "Мы памятаем пераможны Май 45-га". У рэпертуарах беларускіх тэатраў у гэтым годзе тэма 65-годдзя Перамогі таксама знойдзе адлюстраванне. Будуць пастаўленыя п'есы па творах В. Быкава, А. Дударава і рускіх класікаў. З канца красавіка па 9 мая 2010 года ў межах акцыі "Памяць народная" пройдзе звышмарафонскі лёгкаатлетычны прабег, прысвечаны 65-годдзю Вялікай Перамогі. У ходзе прабега адбудуцца мітынгі памяці каля абеліскаў славы, помнікаў загінулым воінам, абаронцам Айчыны. А яшчэ гэты год з'яўляецца Годам культуры Беларусі ў Расіі. Праграма гэтых мерапрыемстваў таксама шырокая і ўключае выступленні беларускіх калектываў (у прыватнасці, Анатоль Ярмоленка са сваім калектывам выступіць з канцэртамі ў Маскве ў Крамлёўскім палацы), арганізацыю выстаў, дэманстрацыю беларускіх кінастужак у Маскве і іншых расійскіх гарадах. Беларуская культурная праграма распачнецца ў расійскай сталіцы выступленнем Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Падчас адкрыцця будзе праходзіць выстава твораў сучасных беларускіх мастакоў. Закрыццё гэтай праграмы адбудзецца таксама ў Маскве. Плануецца, што ў лістападзе на маскоўскіх падмостках выступіць Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Заўважу, што ўжо пачалося фарміраванне новай Канцэпцыі сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы. Як і папярэдняя, яна па-ранейшаму будзе ўяўляць сабой узаемаўзгодненую сістэму сацыяльнай абароны грамадзян, вызначаць шляхі і этапы яе рэалізацыі. Плануецца, што новая канцэпцыя стане больш канкрэтнай, працаздольнай, асабліва ў збліжэнні прававой базы сацыяльна-працоўнай сферы і ўзроўню сацыяльных гарантый грамадзянам Расіі і Беларусі. Рашэнне актуальных пытанняў, правядзенне сумесных семінараў, канферэнцый, рэалізацыя саюзных праграм і мерапрыемстваў будуць ажыццяўляцца шляхам стварэння сумесных рабочых груп, што дазволіць ажыццявіць узаемадзеянне і каардынацыю дзеянняў. Так што, сумесных мерапрыемстваў па розных накірунках плануецца шмат, фінансуюцца яны шчодра (на 2010 год выдаткі складуць больш за 1 мільярд расійскіх рублёў), таму вельмі важна выкарыстаць іх не "дзеля галачкі", а для ўмацавання сяброўства і ўзаемаразумення паміж нашымі краінамі і народамі. Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, намеснік старшыні Камісіі Парламенцкага Сходу па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях. Уладзімір Здановіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Будаўніцтва Саюзнай дзяржавы ажыццяўляецца паслядоўна і планамерна: па ўсіх накірунках інтэграцыі, як у эканоміцы, так і ў сацыяльнай сферы, атрыманы важныя практычныя дасягненні ў інтарэсах грамадзян Беларусі і Расіі. Наша краіна даўно наладзіла цесныя кантакты з братняй дзяржавай, а калі больш канкрэтна, то і не перарывала, а, наадварот, увесь час умацоўвала іх. І асабліва паспяховае ўзаемадзеянне адбываецца ў сацыяльнай сферы, адукацыі, навуцы, культуры. |
|