Не дапкскаць чорта ў рабрыну рэкамендуюць анкаўролагі мужчынам з сівымі скронямі
06.04.2010
—
Новости Общества
|
Практыка паказвае, што беларускія мужчыны ўсё часцей пачынаюць задумвацца пра ўласнае здароўе. Хоць для захавання апошняга аднаго толькі ўсведамлення малавата. Трэба яшчэ дакладна прымяняць на практыцы некалькі простых рэкамендацый. Важныя тлумачэнні загадчыка аддзялення анкаўралогіі Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансэра, урача вышэйшай катэгорыі Ігара МАСАНСКАГА павінны падштурхнуць наш моцны пол пачаць клапаціцца пра сябе з "самага дарагога". — Каму з мужчын і як часта трэба абследавацца на прастат-спецыфічны антыген? Для чаго гэта патрэбна? — Рак прастаты — злаякаснае захворванне, якое найбольш часта сустракаецца ў мужчын у гадах, прычым частата яго выяўлення паступова расце ў выніку старэння насельніцтва і павелічэння сярэдняй працягласці жыцця. У нашай краіне прырост захворвання на рак прастаты толькі за апошнія гады склаў звыш 30 працэнтаў! Анколагі вельмі занепакоеныя тым, што з прычыны асаблівасцяў клінічнага цячэння і недасканаласці ранняй дыягностыкі больш як у 60 працэнтаў хворых на рак прастаты пры першасным звароце выяўляюцца метастазы.
Прастат-спецыфічны антыген — гэта бялковае рэчыва, якое выпрацоўваецца клеткамі прастаты. Павышэнне канцэнтрацыі гэтага маркёра ў крыві часам можа мець месца пры банальным хранічным прастатыце, дабраякаснай гіперплазіі прастаты і нават пасля палавога кантакту. І ўсё ж такі найбольш частай прычынай з'яўляецца рак прастаты. Прычым ўстаноўлена, што ўзроўні ПСА звычайна пачынаюць павышацца прыкладна за 5-7 гадоў да клінічнага праяўлення хваробы. У ідэале кожнаму мужчыну пасля 50 гадоў, нават тым, у каго няма ніякіх расстройстваў мочаспускання, неабходна штогод здаваць аналіз крыві на ПСА. Калі ж у брата, бацькі, дзеда ці іншага сваяка пацыента па мужчынскай лініі быў рак прастаты, ПСА неабходна вызначаць штогод пасля 40 гадоў. — У якіх медыцынскіх установах Мінска і рэспублікі можна зрабіць такі аналіз? — На сёння даследаванне крыві на ПСА праводзіцца ва ўсіх шматпрофільных клініках краіны, анкалагічных дыспансэрах, многіх раённых паліклініках, камерцыйных медцэнтрах і біяхімічных лабараторыях. Даследаванне часцей за ўсё платнае. — У якой ступені аб'ектыўным з'яўляецца атрыманы вынік? — Для вызначэння ўзроўню ПСА неабходна здаць аналіз крыві з вены. Каб выключыць магчымасць памылкова станоўчага выніку, забор крыві на даследаванне варта праводзіць не раней за 5 сутак пасля такіх маніпуляцый, як пальцавае даследаванне прастаты праз прамую кішку, масаж прастаты, трансрэктальнае ўльтрагукавое даследаванне, калі датчык уводзіцца ў прамую кішку, і пасля любых іншых механічных уздзеянняў на прастату. Рэкамендуецца таксама за 2-3 дні да абследавання пазбягаць эякуляцыі, язды на веласіпедзе, ужывання алкаголю. У залежнасці ад методыкі вынік становіцца вядомым праз 2-10 дзён пасля забору крыві. Пад нармальным значэннем агульнага ПСА варта разумець узровень менш за 4 нг/мл. Але ў любым выпадку інтэрпрэтацыю атрыманага выніку павінен праводзіць урач-уролаг або ўролаг-анколаг. — У чым заключаецца даабследаванне пацыента з павышаным ПСА? — Ні ўльтрагукавое даследаванне, ні камп'ютарная тамаграфія прастаты пры невялікім павелічэнні ПСА не дазваляюць правесці дыферэнцыяльны дыягназ паміж пухліннай і непухліннай паталогіяй прастаты. У такіх выпадках абавязковым дапаўненнем да абследавання з'яўляецца пункцыйная біяпсія прастаты з заборам не менш 10-12 участкаў тканкі з розных аддзелаў залозы. Толькі дзякуючы марфалагічнаму даследаванню атрыманых пры біяпсіі тканак прастаты можна пацвердзіць або выключыць дыягназ раку. — У чым заключаецца прафілактыка раку палавых органаў у мужчын? — Галоўнымі фактарамі рызыкі ў развіцці раку прастаты з'яўляюцца ўзрост, спадчыннасць, лад харчавання і расавая прыналежнасць. Што датычыцца ўзросту, то асноўная большасць хворых — гэта мужчыны ва ўзросце 60-80 гадоў. Захворванне ў рэдкіх выпадках можа сустракацца і ў больш раннім узросце, і тады, як правіла, яно працякае больш злаякасна. Спадчынныя ракі прастаты сустракаюцца дзесьці ў 5-10 працэнтах выпадкаў. Рызыка развіцця гэтай хваробы ў сваякоў павялічваецца дзесьці ў 2 разы пры наяўнасці першай ці другой ступеняў роднасці і ў 8 і болей разоў, калі хварэлі сваякі абодвух ступеняў. Павялічвае рызыку развіцця раку прастаты залішняе ўжыванне тлушчаў жывёльнага паходжання, недастатковае ўжыванне жоўта-зялёных фруктаў. Ежа ў рэгіёнах з нізкай распаўсюджанасцю раку прастаты (у азіяцкіх краінах, Паўднёвай Еўропе, на Далёкім Усходзе) багатая на грубавалакністую клятчатку ў гародніне. Апошняя ўтрымлівае так званыя фітаэстрагены — рэчывы, здольныя блакіраваць пераўтварэнні ў арганізме мужчынскага палавога гармону тэстастэрону ў актыўныя метабаліты, якія, як лічыцца, і выклікаюць развіццё ракавых клетак у прастаце. Найбольшая колькасць фітаэстрагенаў утрымліваецца ў прадуктах з соі. Дарэчы, цікава, што ў японцаў, якія пастаянна пражываюць у ЗША, рызыка захварэць на рак прастаты ў 100 разоў перавышае рызыку развіцця гэтай хваробы ў мужчын у самой Японіі... Таксама з рэчываў, якія зніжаюць верагоднасць развіцця раку прастаты, неабходна адзначыць лікапін, які ў вялікай колькасці ўтрымліваецца ў памідорах і прадуктах з іх. Важную ролю іграюць вітаміны А, Е, Д і мікраэлемент селен. — Што можна сказаць пра ролю сэксуальнага жыцця ў сэнсе прафілактыкі раку прастаты? — Роля сэксуальнага жыцця ў развіцці раку прастаты не дастаткова вывучаная па аб'ектыўных прычынах. Усе вядомыя анкеты-апытальнікі ў лепшым выпадку вызначаюць ступень палавой актыўнасці мужчыны і выражанасць некаторых фізіялагічных станаў, якія дазваляюць ажыццявіць палавы акт. Усё было б проста, калі б мы гаварылі толькі пра "звычайнае" сямейнае жыццё. Але як улічыць уплыў "бурных раманаў", частай змены палавых партнёрак, прыём для разняволення і абвастрэння эмоцый алкаголю, выкарыстанне ўсемагчымых зрокавых, слыхавых і лекавых стымулятараў, і, у рэшце рэшт, ролю так званых няроўных шлюбаў, калі розніца ва ўзросце паміж партнёрамі перавышае 20-30 гадоў? Усё пералічанае вышэй уплывае на ступень палавой стымуляцыі і выпрацоўку мужчынскага палавога гармону тэстастэрону і яго метабалітаў, якія, як я ўжо гаварыў, іграюць найбольш важную ролю ў развіцці раку прастаты. І перш-наперш усё гэта адносіцца да мужчын ва ўзросце пасля 55-60 гадоў. Ім неабходна мець на ўвазе, што пры нармальным цячэнні фізіялагічных працэсаў і завяршэнні перыяду мужчынскага клімаксу прадукцыя тэстастэрону ў арганізме да гэтага ўзросту ў норме пачынае зніжацца. Прырода патрабуе, каб сэксуальнае жыццё было ўпарадкаваным, размераным... Не сакрэт, што рак прастаты амаль не сустракаецца ў праваслаўных свяшчэннікаў. І галоўную ролю тут іграюць не канстытуцыя і харчаванне, а менавіта паводзінавы фактар — інтымныя адносіны ў сям'і свяшчэннаслужыцеля строга рэгулюе царкоўны статут. Вядома, многім захочацца са мной паспрачацца. Тым не менш, я хацеў бы пажадаць мужчынам з "сівізною на скронях" на ўсякі выпадак не дапускаць "чорта ў рабрыну". Святлана БАРЫСЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Практыка паказвае, што беларускія мужчыны ўсё часцей пачынаюць задумвацца пра ўласнае здароўе. Хоць для захавання апошняга аднаго толькі ўсведамлення малавата. Трэба яшчэ дакладна прымяняць на практыцы некалькі простых рэкамендацый. Важныя тлумачэнні загадчыка аддзялення анкаўралогіі Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансэра, урача вышэйшай катэгорыі Ігара МАСАНСКАГА павінны падштурхнуць наш моцны пол пачаць клапаціцца пра сябе з "самага дарагога". |
|