Барыс Кіт: “Я ўсім рабіў дабро. Таму і дажыў да 100 год”
06.04.2010 09:40
—
Новости Общества
|
6 красавіка адзначае 100-гадовы юбілей адзін з піянераў сусветнай касманаўтыкі, “першы беларус у свеце” Барыс Кіт. Дзякуючы яго даследаванням стаў мажлівы палёт чалавека на Месяц. Грамадзянін свету, ён пражыў на Беларусі ўсяго 26 год. Пры гэтым застаўся руплівым беларускім патрыётам і цягам усяго жыцця дапамагаў землякам і радзіме. Напярэдадні юбілею ў гасцях ў жывой легенды пабываў карэспандэнт TUT.BY.
Жывая легенда Франкфурт-на-Майне. Горад, што спалучае хмарачосы Манхэтану з раскопамі Рымскай імперыі. Пахмурная і халаднаватая сакавіцкая раніца. Старажылы кажуць, што апошні раз такая позняя вясна ў Нямеччыне была сто гадоў назад. У баку ад гулкіх вулак і вакзалу-мурашніку — высачэзны шматкватэрны дом, дзе апошнія чатыры дзесяцігоддзі жыве сусветнавядомы навуковец. Націскаю на званок насупраць шыльдачкі “Dr. Boris Kit”. “Guten tag! — раздаецца бадзёры голас. — Дабрыдзень, Барыс Уладзіміравіч!” Жывая легенда шпарка спускаецца з шостага паверху, каб прывітаць гасцей яшчэ ля пад’езду. Усплёск дзіцячай радасці ў старэчых вачах. Цёплы поціск рук і абдымкі.
Нібыта, мы старыя знаёмыя, а не бачымся ўпершыню. Не здзіўляюся, бо багата чуў пра адкрытую Кітаву душу і расчыненыя дзверы яго гасціннай хаты, якія зазналі тысячы беларусаў на радзіме, у ЗША і Нямеччыне. Сціплая аднапакаёвая кватэра прафесара нагадвае музей. Сцены ўбраны фотаздымкамі родных і астранаўтычнымі ўзнагародамі — амерыканскімі, еўрапейскімі, расійскімі дыпломамі і медалямі. На сталах — стосы кніг, рукапісаў, нямецкая і беларуская прэса... КДБ: “Ваш сын стаў вялікім чалавекам у Амерыцы” — Барыс Уладзіміравіч, што вы лічыце галоўным дасягненнем у жыцці? — Калі я прыйшоў у ракетную галіну, у амерыканскай касманаўтыцы выкарыстоўваліся маламоцныя палівы, якія не дазвалялі значна прасунуцца наперад. Нарэшце навукоўцы звярнулі ўвагу ў бок плыўкага вадароду. На дварэ быў 1956 год. Аднаго дня падыходзіць да мяне начальнік: “Барыс, зрабі поўную выкладку па плыўкаму вадароду”. Далі мне час, я пачаў збіраць усе магчымыя матэрыялы, вырахоўваць сілу плыўкага вадароду, патэнцыйныя цяжкасці. Напісаў вялікую справаздачу. І гэта быў пачатак усяго! Плыўкі вадарод стаў асноўным ракетным палівам, дзякуючы чаму стала магчыма падарожжа на Месяц, праграма "Шатл" і многае іншае. Мяне так захапіла гэта праца, што я даследаваў іншыя патэнцыйныя віды ракетнага паліва. І напісаў першы ў свеце падручнік па астранаўтыцы, які дагэтуль ўжываецца ў сусветных ракетных цэнтрах. ![]() — Вы ўдзельнічалі ў першых касмічных перамовах паміж ЗША і СССР. У якой атмасферы яны праходзілі? — Пасля таго, як у 1957 годзе СССР запусцілі ў космас першы “Спутник”, амерыканцы сур’ёзна зацікавіліся савецкай касманаўтыкай. Паколькі я ўжо тады меў вялікі вопыт у ракетнай сферы і добра ведаў расійскую мову, мяне выклікалі ў Міністэрства ваенна-паветраных сіл ЗША, прызначыўшы кіраваць навуковай групай у аддзеле касманаўтыкі. Першая двухбаковая сустрэча паміж СССР і Амерыкай, на якой прысутнічала група савецкіх акадэмікаў і міністраў, адбылася ў 1960-м годзе ў вашынгтонскім “Шэратон-
Парк-Гатэле”. Абсалютна ніякай палітыкі там не было. Мы вялі выключна навуковую справу. Атмасфера была вельмі дружалюбнай, і я ганаруся, што быў старшынём гэтага гістарычнага сходу. Вынікам тых перамоваў стаў запуск у 1972 годзе савецка-амерыканскай праграмы "Саюз" — "Апалон". Супраца ж дзвюх звышдзяржаў у касмічнай сферы працягваецца ўсе гэтыя гады. — А прадстаўнікі Саюзу не былі здзіўленыя, убачыўшы беларуса на чале сустрэчы ад амерыканскага боку? Ці не было ў вас праблемаў з КДБ? — Усе ведалі, што ў 1944-м мы ўцякалі ад савецкай улады. Ніякіх праблемаў у мяне не было. Наадварот, ад бацькі, які застаўся на Беларусі, я ведаў, што да яго прыходзілі з КДБ і гаварылі: “Ваш сын стаў вялікім чалавекам у Амерыцы. Калі захоча, ён можа смела прыехаць і працаваць у Савецкім Саюзе”. — Але такі варыянт вы нават не разглядалі? — Асабіста да мяне ніхто не звяртаўся. Усе разумелі, што з лепшага на горшае не паедзеш. Тое, што я ўцёк у Амерыку — найвялікшае шчасце, бо захаваў жыццё і асягнуў вяршынь у навуцы. Як напісаў адзін літаратар, у Амерыцы я трапіў у вока касмічнага ўрагану. Спаткаў найвялікшых людзей свету... Пры гэтым я ўсім гаварыў, што выйшаў з Беларусі, з самай беднай вёскі, і што я гэтым ганаруся. ![]() “Матэматыка мяне выцягнула” — Ці падтрымлівалі сувязь са сваякамі на радзіме? — Апроч жонкі і сына ўся мая радзіна засталася на Беларусі — можа, сто чалавек. Працуючы ў сакрэтнай службе і маючы найвышэйшую ў ЗША ступень даверанасці, сам я не мог падтрымліваць з імі сувязь. Гэта б выклікала падазрэнні. Кантакты трымаў праз жонку. Хаця, шчыра вам скажу, Амерыка была нашмат меней сакрэтнай за СССР. Пра “бацьку расійскай касманаўтыкі” Каралёва амаль нічога не было вядома. У той час, як пра ягонага амерыканскага калегу фон Браўна існавала багата інфармацыі. — У 1964-м выйшла ваша кніга па гісторыі савецкай касманаўтыкі, якая была першай на Захадзе. Да якіх крыніц вы мелі доступ? — СССР рассылаў шмат інфармацыі, кніг. Я працаваў у вашынгтонскай бібліятэцы Кангрэсу — адной з найвялікшых у свеце, дзе ёсць расійскі аддзел. Натуральна, там былі толькі адкрытыя крыніцы. Доступу да сакрэтнай інфармацыі мы не мелі. ![]() — З кім з вядомых людзей, Барыс Уладзіміравіч, вам давялося працаваць? — Вельмі з многімі. У асноўным гэта былі знакамітыя чужаземцы, якія пасля вайны пераехалі ў Штаты. Падчас працы ў Міністэрстве ваенна-паветраных сілаў ЗША мяне ўсе добра ведалі ў Вашынгтоне. Таму на астранаўтычных і атамных кангрэсах я часам прадстаўляў Дзяржаўны дэпартамент. На адным такім кангрэсе гляджу, па калідоры ходзіць нейкі чалавечак. Падыходжу. Прадставіўся. Выявілася, гэта Вернер Хайзэнберг — адзін са стваральнікаў квантавай механікі. У яго былі праблемы з кватэрай, і я прапанаваў сваю дапамогу. Памятаю, як прыйшлі з ім у неабходную інстанцыю, і я запатрабаваў: “Неадкладна дайце кватэру гэтаму чалавеку! Перад вамі стаіць несмяротнасць!” На другой канферэнцыі падыходжу да незнаёмца: “Я ёсць Барыс Кіт. — А я Месершміт”. Я добра ведаў “бацьку амерыканскай касмічнай праграмы” Вернера фон Браўна. Але маім найвялікшым сябрам быў стваральнік сучаснай аэрадынамікі Тэадор фон Карман. Ён быў дырэктарам авіяцыйнага камітэта пры НАТА ў Парыжы, але часта бываў у Амерыцы. Перад выступамі ў Кангрэсе Тэадор заўжды званіў мне і прасіў неабходныя матэрыялы. Я дапамагаў яго сям’і дастаць кватэру ў Вашынгтоне. Ён, у сваю чаргу, напісаў уступнае слова да маёй кнігі. — Пра сваё галоўнае дасягненне вы сказалі. А што ў жыцці не атрымалася? — Асабліва не было такога... У дзяцінстве выяўляў здольнасці да ігры на скрыпцы і ў маляванні. Але потым усё прапала, бо трэба было выбіраць нешта адно. Яшчэ з часоў гімназіі я страшэнна люблю гісторыю. Калі запісваўся ў Віленскі ўніверсітэт, хацеў паступаць менавіта на гісторыю. Гляджу: перад акенцам на гістфак сто чалавек стаіць. Направа ж прымалі дакументы на матэматыку, і там было якіх пяць чалавек. Так я стаў матэматыкам. Вельмі добра, што так сталася, бо толькі матэматыка мяне выцягнула. Каб я гісторыяй займаўся, заміж працы над “Месячным праектам” мыў бы посуд у рэстаранах Нью-Ёрка. “Са смерцю сына я напалову памёр” — Барыс Уладзіміравіч, а кім сталі вашы дзеці, унукі? — Я вельмі ганаруся сваімі дзецьмі. Мой старэйшы сын Уладзімір (Уолтэр) Кіт быў асістэнтам кіраўніка амерыканскага аэракасмічнага агенцтва NASA. Кіраваў аддзелам, які адказваў за кантакты з Еўропай. А нарадзіўся ён ў Беларусі (у 1941 г. — TUT.BY) і быў вялікім патрыётам радзімы. Ніводзін беларус на эміграцыі не дасягнуў большага поспеху! На жаль, летась 4 лістапада ён памёр. Паскудны рак хапае усіх, ні да каго не прыглядаецца. З ягонай смерцю напалову памёр і я. ![]() Мой малодшы сын Віктар з’явіўся на свет ўжо ў Амерыцы. Стаў вядомым хірургам у Балтымары. Яшчэ ў мяне ёсць дзве ўнучкі і два праўнукі. Старэйшая ўнучка Марына, дачка Уладзіміра, скончыла балетную школу ў Вашынгтоне. Калі ў Амерыку прыязджаў знакаміты балетмайстар Рудольф Нурыеў, яна выступала з ім ў адной сцэне. На гэты спектакль я адмыслова прыехаў у Вашынгтон. Пасля сканчэння пайшоў за кулісы. “Дзядуля, дазвольце вам прадставіць Нурыева!”. Мы абняліся. — А на якой мове вы размаўлялі з сынамі? — З малодшым толькі па-ангельску. Нашчадкі беларусаў за мяжой, на жаль, не ведаюць мовы дзядоў. А вось са старэйшым — толькі па-беларуску. Мовай ён валодаў першакласна. У 1968 годзе разам з жонкай яны былі прызначаны кіраваць выстаўкай амерыканскай архітэктуры ў СССР. Паездзілі па ўсіх сталіцах. Былі і ў Мінску. І вось мой сын выходзіць і чыста па-беларуску гаворыць да ўсіх! І ўсе так здзівіліся! Потым у газетах пісалі, маўляў, амерыканцы адмыслова вывучылі беларускую мову, каб спадабацца ў БССР. Яшчэ ён захапляўся тэнісам і ў студэнцкія гады быў чэмпіёнам. Таму у Маскве, Пецярбурзе гуляў ў тэніс з савецкімі чыноўнікамі. “Беларусаў нельга абвінаваціць у бесчалавечнасці” — Вы ўсё жыццё імкнуліся яднаць беларусаў вакол нацыянальнай ідэі. Разам з тым у нацыятворчых працэсах мы прайгралі ўсім суседзям. Чаму так атрымалася? — Стагоддзямі беларусаў таўклі злева і справа. Стварылася такая псіхалогія... Беларусы — вельмі адрозны ад суседзяў народ. Больш мяккі, лагодны. Тыя ж больш энергічныя, бадзёрыя і агрэсіўныя. Гэта бачна, напрыклад, калі параўнаць, як мы і літоўцы захоўваліся пры немцах. Беларусаў, у адрозненне ад іншых, нельга абвінаваціць у забойстве габрэяў. Нас нельга абвінаваціць у бесчалавечнасці. Таму я ганаруся, што я беларус. — Як вы ўспрынялі вестку, што Беларусь абвясціла незалежнасць? — Было вядома, што Ельцын, Шушкевіч і Краўчук паехалі ў Белавежскую пушчу, добра выпілі і зрабілі добрую справу. Потым па тэлевізіі сказалі, што Беларусь зрабілася незалежнай. На душы такое было свята! Калі сюды прыязджаў Шушкевіч, я сказаў яму: “Вы найвялікшы беларускі чалавек, бо першы ў гісторыі зрабілі беларусаў незалежнымі!” ![]() — У 2001 годзе ў вас гасцяваў Васіль Быкаў. Якія ўспаміны засталіся аб тым часе? — Быкаў быў не толькі пісьменнік, ён прарок Беларусі і мой найвялікшы беларускі сябра. Я яшчэ толкам яго не ведаў, як раптам дасылае мне, чужому чалавеку, сваю кнігу “У тумане” з подпісам “Найпершаму беларусу ў свеце”. Потым ён мне страшэнна многа памог на Беларусі, калі пра мяне яшчэ мала што ведалі. Цэлы год мы спаткаліся кожны дзень. Ездзілі па ўсёй Нямеччыне разам. Я распавядаў, ён занатоўваў мае аповеды. Гэта быў самы цікавы год у маім жыцці! — А чаму, на вашу думку, нацыянальнае адраджэнне пачатку 1990-х правалілася? — Бо да ўлады прыйшлі іншыя людзі. Трэба ў іх спытацца, чаму яны так робяць. Увогуле ж, тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі — адрыжка ад Савецкага Саюзу,
вялікай “імперыі зла”. — Быкаў меў песімістычныя погляды адносна будучыні Беларусі. На вашу думку, ці здолее выжыць беларускі народ? — Думаю, выжыве. Ужо не тыя часы, і моладзь — хай сабе яе частка — ўзгадавалася ў незалежным духу. Яна не дапусціць, каб Беларусь згінула. — А ці магчыма ў перспектыве незалежная Беларусь без беларускай мовы? — Думаю, у Беларусі павінна быць дзве мовы. З адной беларускай цяжка, бо расійская — міжнародная і дазваляе камунікаваць з сусветам. ![]() Сакрэт доўгажыхарства — чыстае сумленне — Сто гадоў — больш, чым паважная дата. Які ваш рэцэпт доўгажыхарства? — У мяне няма ніякіх рэцэптаў. Думаю, гэта спалучэнне многіх элементаў. Найперш, беларуская генетыка. Па-другое, увесь час я меў прыгожую дзейнасць: займаўся вучыцельствам, навукай. Па-трэцяе, маё жыццё было спачатку страшэнна цяжкім. Я многа галадаў, а гэта добра для арганізму. І потым я стараўся не пераядаць. Але самае, можа, важнае — чыстае сумленне. Я нікому ніякага зла не рабіў. Толькі дабро. Дзякаваць Богу, што я ніколі не быў салдатам, не браў удзелу ў вайне. Выкруціўся ад дрэнных магчымасцяў і дажыў да 100 гадоў! ![]() І, сапраўды, калі ўпершыню сустракаеш гэтага чалавека, не можаш супаставіць ягоны пашпартны ўзрост з вонкавым. Рэзкія рухі. Бадзёрае маўленне. Хуткая рэакцыя і вострае мысленне. А галоўнае — агеньчык энергіі і жыцця ў вачах. — Я ўсё сам раблю. Закупкі ўсе... Ніхто за мной не даглядае. Гэта займае час, амаль цэлы дзень корпаешся па хаце. Кожны вечар я іду на спатканне са сваёй сяброўкай Тамарай. Мы шпацыруем, займаемся гімнастыкай, гуляем у мячык. Я раблю “чаплю”. Гуляем у мазгавыя гульні. Дзякуючы гэтаму я яшчэ жыву. Нічога не рабіць — дрэнь. Тады ўжо хутка прыйдзе смерць. Плюс пішу лісты, званю, займаюся архівамі. Вось ляжыць цэлы чамадан маіх артыкулаў, кніг, дакументаў. Думаю, перадаць усё гэта ў Нацыянальны архіў у Мінск. Вялікую частку дакументаў і асабістых рэчаў Барыс Кіт ужо перадаў на малую радзіму ў Навагрудак. Два гады назад там адчыніўся ягоны музей. Музей пры жыцці
— выключная для Беларусі з’ява. Асабліва, калі ідзецца пра палітэмігранта, чыё імя доўгія дзесяцігоддзі было на радзіме пад забаронай. — Баюся толькі, каб не зачынілі яго. Я ўжо паміраю, мне мала засталося, але я цешуся, ўсё, што ёсць у музеі, застанецца беларускаму народу. 100-гадовы юбілей Барыса Ўладзіміравіча адзначаюць у Нью-Ёрку і Франкфурце-на-Майне, у Мінску, Вільні, Варшаве, Празе... Яго віншавалі прэзідэнты ЗША і Германіі, грамадскасць і ўлады роднай Навагрудчыны. Напярэдадні свята прафесара адведала не адна дэлегацыя з Беларусі, а кіраўніцтва Франкфурта-на-Майне, дзе беларус жыве апошнія 38 гадоў, зладзіла ўрачысты прыём у яго гонар. Пра патрыярха сусветнай касманаўтыкі — Хацелі, каб я паехаў у Мінск. Нават прапаноўвалі даставіць санітарную машыну і доктара ў суправаджэнне. Але я ўжо надта стары для такіх паездак. Замест гэтага прыедзе мая сям’я з Амерыкі: малодшы сын з жонкай і ўдава старэйшага. ![]() На развітанне мы яшчэ раз абдымаемся. Гасцінную кватэру “першага ў свеце беларуса” я пакідаў акрылены фантастычным зарадам пазітыўнай энергіі. З адчуваннем, што мне пашэнціла дакрануцца да вечнага. Толькі потым я зразумеў, што менавіта гэта фенаменальная здольнасць — імкненне знаходзіць пазітыў ва ўсім — напэўна, і ёсць галоўным сакрэтам доўгажыхарства і ўнікальнай працаздольнасці Барыса Кіта. Моцнага Вам здароўя, Барыс Уладзіміравіч, і невычэрпнай энергіі! З днём нараджэння! Мінск - Франкфурт-на-Майне. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
6 красавіка адзначае 100-гадовы юбілей адзін з піянераў сусветнай касманаўтыкі, “першы беларус у свеце” Барыс Кіт. Грамадзянін свету, ён застаўся руплівым патрыётам Беларусі і цягам усяго жыцця дапамагаў землякам і радзіме. Напярэдадні юбілею ў гасцях у жывой легенды пабываў карэспандэнт TUT.BY. |
|