Дзе можна купіць металашукальнік?
09.04.2010
—
Новости Общества
|
Прывітанне! "Звязда" ў свой час шмат пісала пра скарбы Напалеона — нарабаваныя ў Маскве каштоўнасці. Я нядаўна стаў пенсіянерам, часу стала больш. Пытанне: дзе можна набыць металашукальнік, які б рэагаваў на каляровы метал? Прыбор павінен "мацаць" на вялікую глыбіню. І якія прыкладна на металашукальнікі цэны? У свой час расійская газета напісала пра французскіх скарбашукальнікаў. Там прыборы свабодна прадаюцца і сотні тысяч людзей — хто ў водпуску, хто на пенсіі — шукаюць скарбы. Рэкардсменкай стала адна мадам, якая выцягнула, у прамым сэнсе, з зямлі каштоўнасцяў больш чым на мільён франкаў. Калі вы не "ў курсе", дык парайце, куды можна звярнуцца па металашукальнік, магчыма, у Маскву? Барыс АСЕЦКІ, г. Бабруйск. Мяркуючы па франках, інфармацыя ў чытача даволі даўняя. Але ён сапраўды мае рацыю: у некаторых краінах пошук прадметаў з дапамогай металашукальнікаў — ці не адна з галоўных забаў, напрыклад, пенсіянераў. Гэта зусім не азначае, што людзі сапраўды знаходзяць нейкія вялікія каштоўнасці. Напрыклад, адным з папулярных месцаў пошукаў з'яўляюцца пляжы. Што там можна знайсці? Манетку, гузік. А калі пашанцуе — і залаты ланцужок. Гэта пошук дзеля самога працэсу. Але ж вернемся да пытання заяўніка. Знайсці ў Мінску краму па продажы металашукальнікаў аказалася справай нескладанай: дастаткова было ўвесці ў пошукавую сістэму адпаведны запыт (каб гэта не было бясплатнай рэкламай гандлярам, мы не можам даць больш падрабязныя звесткі, адзінае, што можам удакладніць — знаходзіцца яна на тэрыторыі ваеннага гарадка ў мікрараёне Уручча). Тэлефануем, тлумачым пра запыт чытача, просім даць яму параду. — Любы глебавы металашукальнік (ёсць яшчэ дэтэктарныя, што выкарыстоўваюць спецслужбы) па ўмаўчанні рэагуе на каляровы метал. Каб нешта падказаць далей, трэба каб ваш заяўнік вызначыўся: прыкладна што і на якой глыбіні ён збіраецца шукаць? Бо чым меншыя прадметы з'яўляюцца аб'ектам пошуку, тым меншая ж магчымасць у прыбораў, — патлумачылі нам работнікі крамы. — Напрыклад, самы магутны металашукальнік, зроблены для пошуку прадметаў кшталту 5-капеечнай манеты, распазнае яе на максімальнай глыбіні ў 40 сантыметраў. А вось бляшанку з пад кансерваў, ядро ад гарматы іншы прыбор можа "намацаць" на глыбіні 1,5—2 метры. Што яшчэ можна карыснага паведаміць нашаму чытачу? Гэтая крама, па словах работнікаў, манапаліст у нас на рынку па продажы такіх не зусім звыклых для большасці беларусаў прыладаў. Ніякіх дакументаў для набыцця металашукальніка не трэба, самі прыборы ўвозяцца цалкам легальна. У нашым выпадку гаворка ідзе пра металашукальнікі амерыканскай вытворчасці. Важаць яны няшмат — крыху больш за кілаграм. Цэны? "Бюджэтны" варыянт можна набыць прыкладна за 320 долараў. Самыя дарагія могуць каштаваць 1,5—2 тысячы долараў. Варта толькі нагадаць (не канкрэтна Барысу, а ўвогуле ўсім, каго можа зацікавіць гэтая тэма), што праблемы з законам могуць узнікнуць ва ўладальнікаў металашукальнікаў, калі яны апынуцца з прыборамі на тэрыторыі археалагічных помнікаў, месцах баёў і воінскіх пахаванняў. Не пераходзьце гэтую мяжу. А вам, Барыс, зычым сапраўды знайсці скарбы — хоць Напалеона, хоць якія іншыя. Не забудзьцеся толькі потым пра тое паведаміць "Звяздзе". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прывітанне! "Звязда" ў свой час шмат пісала пра скарбы Напалеона — нарабаваныя ў Маскве каштоўнасці. Я нядаўна стаў пенсіянерам, часу стала больш. Пытанне: дзе можна набыць металашукальнік, які б рэагаваў на каляровы метал? Прыбор павінен "мацаць" на вялікую глыбіню. І якія прыкладна на металашукальнікі цэны?
|
|