У вёсцы Янукі падрыхтаваліся да візіту Віктара Януковіча. 21.by

У вёсцы Янукі падрыхтаваліся да візіту Віктара Януковіча

28.04.2010 14:30 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

28 красавіка ў Беларусь прыедзе Віктар Януковіч. На ўсякі выпадак рыхтуюцца да візіту і ў вёсцы Янукі Докшыцкага раёна, адкуль паходзіць Януковічаў дзед.


На ўказальніку - ці то кіламетраж, ці то колькасць жыхароў?


Янукі. Экскаватарам тут закопваюць падмуркі разбураных хат.


Гэтая хата нежылая, але свежапафарбаваная і з фіранкамі.


Марыя Януковіч, адна з апошніх жыхарак вёскі.


На Янукоўскіх могілках спачываюць продкі ўкраінскага прэзідэнта.


Ад маёй вёскі Завараты, што ў Глыбоцкім раёне, да Янукоў каля дзесяці кіламетраў. Паехалі мы на роварах, бо іншай тэхнікай тут праехаць складана.

Дарога ідзе па тэрыторыі трох раёнаў, а між раёнамі дарог у нас амаль няма.

Праехалі мы дзесяць кіламетраў, на шляху сустрэлі толькі двух чалавек (адзін з якіх ляжаў п’яны пры дарозе), і адзін аўтамабіль - вёз рабочых з Янукоў.

Наша мясцовасць ляжыць на мяжы Глыбоцкага, Пастаўскага і Докшыцкага раёнаў, раней гэта была адна адміністрацыйная адзінка. Зараз паўсюль пануе запусценне, у большасці вёсак жыве чалавек па дзесяць.

Праходзіць тут самы грэбень Свянцянскай грады, па якой пралягае водападзел паміж Нёманам і Дзвіной. Мясціны тут прыгожыя, але землі не вельмі ўрадлівыя. Таму тут і былі ў асноўным невялікія вёскі, але недалёка адна ад адной. Да райцэнтраў далекавата, гэта адна з галоўных прычын, чаму людзі адсюль з’яжджаюць.

У вёсцы Струкі, якая да 1960-х была цэнтрам сельсавета, зараз жылая толькі адна хата. Наступная за ёй вёска - Янукі.
Ужо на пад’ездзе да яе чуваць гуд тэхнікі, у паветры стаіць ад яе чад.

Непадалёк ад скрыжавання з докшыцкай дарогай экскаватар і бульдозер прыбіраюць рэшткі фермы. Асноўная частка работ па добраўпарадкаванні была зроблена яшчэ ў мінулы прыезд Януковіча, у 2003 годзе, але яшчэ стаяла воданапорная вежа з буслянкай і сянажныя траншэі. Зараз бураць і гэта. Па словах мясцовай жыхаркі Марыі Януковіч, буслянку гэту ніхто не хацеў прыбіраць, бо ў народзе вераць: хто пакрыўдзіць бусла, накліча на сябе бяду. Але загад ёсць загад, некалі бурылі храмы, дзе ж ужо тут думаць пра бусла…

Пад’язджае начальнік забіраць механізатараў, цікавіцца, хто такія, чаго фатаграфуем. Мы ў сваю чаргу пытаемся, ці чакаюць яны высокага госця з Украіны.

"Прамога ўказання няма, але на ўсякі выпадак рыхтуемся", - адказвае.

Ад скрыжавання да Янукоў два кіламетры, тут відаць ажыўленне, дарога раўняная грэйдэрам, бялеюць свежыя пні зрэзаных дрэў, дымяцца кучы галля. Але ля магілак з навядзеннем парадку, відаць, перастараліся. Нам сустрэўся стары з вядром, які гасіў упаленае дупло ў сасне. Дарэчы, калі я вяртаўся дадому, яно зноў угарэлася. Вакол магілак чарнее спаленая трава, месцамі стаіць абгарэлы ядловец.

- А хто гэта так тут усё папаліў? - пытаюся ў мясцовага жыхара.

- А былі тут з сельсавета…

Што цікава, за падпал сухой травы можна атрымаць штраф да 40 базавых, але начальства, відаць, гэта не тычыцца.

Ды і наогул, на тэрыторыі Пастаўскага і Докшыцкага раёнаў гэтай забароны не вельмі прытрымліваюцца. Да райцэнтраў далёка…

У Януках я не быў паўгода, таму змены адразу кідаюцца ў вочы. Паўразваленыя хаты зламалі, экскаватар закопвае падмуркі. Павыразаныя здзічэлыя слівы, падрэзаныя яблыні ў закінутых садах.

У першай ад дарогі хаце ніхто не жыве, аб чым сведчаць адарваныя драты электраперадач. Але вокны і калодзеж свежапафарбаваныя, на вокнах новыя фіранкі.

Мясцовая жыхарка Марыя Януковіч сустракае нас насцярожана: "Надакучылі тут ужо ездзіць і фатаграфаваць". "То чужыя надакучылі, - кажу. - А мы ж мясцовыя, таксама хочам пабыць у цэнтры падзей". "А што тут такога, проста наводзяць парадак", - кажа яна. На цётцы Марыі куртка з надпісам Ukraine і з украінскім трызубам. "Але ж куртка ў вас украінская", - звяртаю я ўвагу. "Ну, так, украінская." Спадарыня Марыя дзякуе Януковічу, што хоць нейкі тут навялі парадак, праўда, у адраджэнне Янукоў, у якіх жыве зараз два чалавекі, не верыць.

Варта адзначыць, што сам Віктар нарадзіўся не ў Януках, тут нарадзіўся толькі яго дзед, які выехаў на заробкі ў Данбас яшчэ ў 1914 годзе. На Янукоўскіх могілках пахаваны прадзед Януковіча, праўда, месца пахавання яго невядомае. Але ж прозвішча ва ўкраінскага прэзідэнта ўсё адно наша, беларускае, і тутэйшыя жыхары гэтым вельмі ганарацца. "Хоць нехта з нашых выбіўся ў людзі", - кажуць яны.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
28 красавіка ў Беларусь прыедзе Віктар Януковіч. На ўсякі выпадак рыхтуюцца да візіту і ў вёсцы Янукі Докшыцкага раёна, адкуль паходзіць Януковічаў дзед.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика