Псіхалогія дай-дай паступова змяняецца. 21.by

Псіхалогія дай-дай паступова змяняецца

30.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Тых, хто жыве вось ужо 24 гады на так званых "забруджаных" тэрыторыях, словы "Чарнобыль, радыяцыя..." даўно не пужаюць. Прызвычаіліся да асаблівасцяў жыцця ў зоне пэўнай рызыкі. А хто ўпэўнены, што ў іншых рэгіёнах фактары рызыкі меншыя? Іншыя, так. Але ж часцяком і большыя, чым тут. Вядома, трэба разумна выконваць усе прапанаваныя правілы пражывання. "Сіндром Чарнобыля" нарадзіў 24 гады таму ўпэўненасць у тым, што прадукцыя, вырабленая на гэтых тэрыторыях, была, ёсць і будзе забруджанай. Са стэрэатыпамі змагацца складана, але ж сёння свядомасць людзей, якія жывуць на гэтай тэрыторыі і вакол, усё ж змянілася, — лічыць Ігар Бойдак, начальнік аддзела радыяцыйнай абароны, аналізу і інфармавання насельніцтва ўпраўлення па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Гомельскага аблвыканкама.

— Раней была спажывецкая псіхалогія "дай-дай": мы чарнобыльцы, мы пацярпелыя... Сёння гаворка ідзе пра тое, што кожны можа і сам зарабіць грошы, а не чакаць міласціны. Аднак мы разумеем, што раёны, прадпрыемствы ў паўднёвых раёнах Гомельшчыны не стаяць так моцна на нагах, каб самім вырашаць усе пытанні. І таму дзяржава са свайго боку аказвае падтрымку ў вырашэнні іх праблем. Стэрэатыпы, якія ў людзей ёсць, змяняюцца ў лепшы бок. Прадпрыемствы, якія знаходзяцца на гэтых тэрыторыях, прымаюць удзел у самых розных кірмашах, харчовых выставах... Прадстаўнікі, напрыклад, прадпрыемства "Палескія сыры" прыязджаюць з Масквы, дзе атрымліваюць выдатныя адзнакі і дыпломы. Людзі ведаюць гэтую прадукцыю і ўжо не баяцца яе ўжываць. Прадукцыя рэалізуецца, і ўсе ведаюць, што яна якасная.

— Зараз распрацоўваецца канцэпцыя новай дзяржаўнай праграмы па пераадольванні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011-2015 гады і на перыяд да 2020 года. З улікам часу, у ёй, відаць, будуць некаторыя іншыя, чым раней, прыярытэты...

— Пытанні сацыяльныя застаюцца па-ранейшаму актуальнымі — гэта абарона здароўя насельніцтва. Што тычыцца атрымання чыстай сельскагаспадарчай прадукцыі, правядзення засцерагальных мерапрыемстваў, у тым ліку ў прыватным сектары — таксама актуальнасць праблемы захоўваецца. Але ж гэта раней мы рабілі ўсё, каб стабілізаваць, утрымаць сітуацыю, сёння задача — даць штуршок да развіцця гэтых раёнаў. Новая дзяржпраграма будзе накіраваная на ўстойлівае развіццё рэгіёнаў, якія пацярпелі ад катастрофы. Мы ўступаем у рэабілітацыйны перыяд. Мы разумеем, што тых фінансавых сродкаў, якія ёсць, недастаткова для вырашэння ўсіх праблем адразу. Таму разглядаць праблемы будзем "кропкава". Увага — на развіццё прадпрыемстваў, асабліва горадаўтваральных, тых, на якіх трымаецца ўвесь раён. Частка сродкаў чарнобыльскай тэматыкі будзе накіроўвацца на рэалізацыю праектаў, якія дазволяць стварыць новыя вытворчасці, перааснасціць прадпрыемствы, якія ёсць, стварыць новыя працоўныя месцы.

— Грошы плануецца ўкладаць у прадпрыемствы, станоўчая праца якіх можа паўплываць на сітуацыю ў канкрэтным рэгіёне, а значыць, урэшце зняць актуальныя для гэтых датацыйных раёнаў праблемы... Гэта і заробак людзей, і падаткі, і падтрыманне ў нармальным стане сацыяльнай сферы...

— У двух паўднёвых раёнах — Брагінскім і Хойніцкім — была праблема рэалізацыі збожжа. У тым, якое там вырошчвалі, быў перавышаны нарматыў па стронцыю. Каб вырашыць гэтую праблему, было прынята рашэнне рэканструяваць Стралічаўскі спіртзавод у Хойніцкім раёне. Летась прадпрыемства здадзена ў эксплуатацыю. І гэта дазволіла перапрацоўваць зерне на спірт — атрымліваць чысты ад стронцыю прадукт. Калі раней за вырашчанае зерне гаспадарцы плацілі як за фуражнае, то сёння яно ідзе як харчовае — і вартасць зусім іншая. Розніцу, якая была паміж фуражным і харчовым, гаспадарцы ніхто ж не кампенсаваў, і сельгаспрадпрыемствы неслі страты. Вось таму мы хацелі б і надалей займацца "кропкавымі" праектамі. У прыватнасці, мяркуем разгледзець такі праект у Хойніках на прадпрыемстве "Палескія сыры". Плануецца ўсталяваць там новую тэхналагічную лінію па перапрацоўцы сыроваткі. Гэты пабочны прадукт сёння зліваецца ў ачышчальныя збудаванні. Набыццё лініі па яе перапрацоўцы дазволіць зрабіць вытворчасць безадходнай, а гэта адзначае дадатковыя сродкі. Між тым, сухая сыроватка выкарыстоўваецца ў будаўнічай галіне і ў іншых мэтах. Магчыма, што з цягам часу і ў Нароўлі будзе рэалізаваны нейкі праект на цукеркавай фабрыцы "Чырвоны Мазыранін". Усё залежыць ад таго, якія бізнэс-планы, прапановы прадставяць адміністрацыі раёнаў. Без развіцця на гэтых тэрыторыях нейкіх новых вытворчасцяў, мадэрнізацыі тых, якія там ёсць, раёны рухацца наперад не змогуць. Яны не вытрымаюць канкурэнтнай барацьбы з тымі прадпрыемствамі, якія знаходзяцца на чыстых тэрыторыях. Таму што на падсвядомасці засталося: "Нароўля, Хойнікі, Брагін — ўсё бруднае". Насамрэч сёння можна казаць са 100-працэнтнай упэўненасцю, што тыя методыка апрацоўкі і сістэма радыяцыйнага кантролю, якія існуюць, выключаюць вытворчасць забруджанай прадукцыі, і тым больш магчымасць, што яна трапіць на прылаўкі крамаў. Што тычыцца стронцыя, то цяпер вядзецца работа, каб перайсці на жорсткія нарматывы.

— Відаць, важна прыцягваць сродкі ў гэтыя раёны з розных крыніц? А чым могуць зацікавіць інвестараў забруджаныя тэрыторыі?

— Сёння ў рэспубліцы рэалізуецца праграма развіцця малых і сярэдніх гарадоў. Там прадугледжаны пэўныя льготы для новых прадпрыемстваў — гэта таксама стымул, каб ствараць новыя вытворчасці. Але ж для гэтых раёнаў застаецца актуальным і кадравае пытанне. Сёння важна там замацаваць спецыялістаў. Хоць цяпер мы маем магчымасць забяспечыць любога маладога спецыяліста, які прыбывае на тэрыторыю вышэй за 5 кюры, службовым жыллём. Раней гэта адносілася толькі да медыкаў, настаўнікаў, спецыялістаў сельскай і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Зараз — практычна да ўсіх маладых спецыялістаў, якія накіроўваюцца на работу ў гэтыя раёны. Аднак праблема ёсць — маладыя людзі адбываюць вызначаны тэрмін і звычайна ад'язджаюць на сваю гістарычную радзіму. І ўсё ж сітуацыя тут паступова стабілізуецца. Канешне, рана пакуль казаць пра тое, што хутка гэтыя раёны пяройдуць на самазабеспячэнне. Усё будзе залежыць ад таго, якая эканамічная сітуацыя будзе складацца ў нас і ва ўсім свеце.

— У мінулыя гады да 60 % сродкаў чарнобыльскай дзяржпраграмы ішлі на сацыяльныя артыкулы, 40 % — на астатнія мэты...

— У сувязі з тым, што ў краіне былі праведзеныя мерапрыемствы па аптымізацыі льгот насельніцтву, у тым ліку і пацярпеламу на гэтых тэрыторыях, вызвалілася частка сродкаў. Для Гомельшчыны гэтая сума складае каля 100 мільярдаў рублёў. Кіраўніцтва вобласці ўнесла прапанову аб накіраванні часткі гэтых сродкаў на развіццё гэтых жа пацярпелых тэрыторый. І ў канцы мінулага года ў вобласць было пералічана дадаткова каля 134 мільярдаў рублёў. Паколькі яны трапілі да нас у снежні, мы не маглі іх усе выкарыстаць, і па прапанове вобласці, калі прымаўся бюджэт, было вырашана, што сродкі, якія мы не змаглі выкарыстаць у 2009 годзе, накіраваць на гэтыя ж мэты сёлета. Сродкі гэтыя накіраваныя ў першую чаргу на медыцынскае пераабсталяванне адпаведных устаноў, якія знаходзяцца на забруджаных тэрыторыях. Таксама вялікая доля пайшла на камунальную гаспадарку. Гэта набыццё камунальнай тэхнікі: мы летась закупілі 114 адзінак (і гэта акрамя тых, што трапілі ў Гомель сёлета — каля 70 адзінак). Між тым, яны таксама часткова прафінансаваныя за кошт чарнобыльскіх сродкаў. Не вырашаны ў гэтых раёнах канчаткова пытанні з газіфікацыяй населеных пунктаў, праблема ёсць з забеспячэннем чыстай вадой, таму частка сродкаў накіроўваецца на ўдасканаленне сістэмы водазабеспячэння і газіфікацыю. Акрамя таго, у нас атрымалася працягваць добраўпарадкаванне гэтых населеных пунктаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тых, хто жыве вось ужо 24 гады на так званых "забруджаных" тэрыторыях, словы "Чарнобыль, радыяцыя..." даўно не пужаюць. Прызвычаіліся да асаблівасцяў жыцця ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика