Моладзевы марафон 65!: разам з Дэпартаментам аховы — больш за 3 тысячы кіламетраў за 6 дзён
08.05.2010
—
Новости Общества
|
Завяршыўся "Моладзевы марафон "65!", прымеркаваны да 65-годдзя Вялікай Перамогі. Патрыятычная акцыя была арганізаваная грамадскім аб'яднаннем БРСМ, Міністэрствам адукацыі, Дэпартаментам аховы МУС Рэспублікі Беларусь і радыёстанцыяй "Пілот-FM". Удзельнікі акцыі пераадолелі больш за 3000 км, у кожным абласным цэнтры выступілі з канцэртнай праграмай "Салют Перамозе", усклалі вянкі да помнікаў і мемарыялаў, ушанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых, наведалі дамы ветэранаў вайны і працы. Першым прыпынкам на шляху марафонцаў быў Віцебск. Для доўгачаканых гасцей супрацоўнікі Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы наладзілі паказальныя выступленні. Група затрымання Кастрычніцкага (г. Віцебска) аддзела аховы прадэманстравала комплекс прыёмаў самаабароны пры імправізаваным затрыманні злачынцы. Кінолагі разам са сваімі гадаванцамі здзіўлялі выкананнем адпрацаваных камандаў і майстэрскім захопам "зламысніка". На канцэртнай пляцоўцы каля Цэнтра культуры "Віцебск" да выступлення зорак беларускай эстрады далучыўся народны вакальна-інструментальны ансамбль "Начная птушка" Наваполацкага аддзела аховы. Усе ахвотныя ў гэты дзень змаглі прымераць абмундзіраванне "ахоўнікаў", пасядзець у патрульнай машыне, а таксама атрымаць памятныя сувеніры. Магілёў быў наступным прыпыначным пунктам. Да прыезду гасцей супрацоўнікі абласных падраздзяленняў аховы на базе мемарыяльнага комплексу "Буйніцкае поле" падрыхтавалі выставу, якая прадэманстравала сродкі аховы памяшканняў. Ахвотныя маглі прымераць каску з бронекамізэлькай і ўявіць, як нялёгка выконваць службовы абавязак у такім значным па вазе абмундзіраванні. У Гомелі супрацоўнікі міліцыі падрабязна растлумачылі наведвальнікам выставы тэхнічных сродкаў аховы парадак і ўмовы прыняцця пад ахову кватэр, катэджаў і гаражоў. Студэнты прафтэхвучылішча, якое рыхтуе спецыялістаў па мантажы і абслугоўванні сродкаў ахоўна-пажарнай сігналізацыі, даведаліся пра некаторыя тонкасці будучай прафесіі. На Брэсцкай зямлі марафон зрабіў прыпынак каля стэлы "Брэст", мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой", дзе ля вечнага агню адбыўся мітынг-рэквіем. У Парку культуры і адпачынку сіламі супрацоўнікаў Брэсцкага абласнога ўпраўлення, падраздзяленняў гарадскога гарнізона, Маларыцкага і Пружанскага аддзелаў аховы прайшлі мерапрыемствы, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне, прапаганду дзейнасці падраздзялення аховы. У рамках акцыі для брэстаўчан былі арганізаваныя канцэрт, паказальныя выступленні міліцыянераў-кінолагаў і барцоў-самбістаў. Гродна апошнім з абласных гарадоў прымаў моладзевы марафон. У гарадскім парку імя Жэлібера супрацоўнікамі кадравай службы абласнога ўпраўлення аховы і Ленінскага аддзела была арганізавана дэманстрацыя спецыяльных сродкаў, што прымяняюцца службай аховы ў штодзённай дзейнасці. Наведвальнікі прымералі 6,6-кілаграмовую бронекамізэльку "Рубін, ахоўны шлем "Скіф" і адчулі сябе ў ролі паўнапраўнага супрацоўніка. Урачыстае закрыццё шасцідзённага марафону патрыятычнай акцыі "65!" адбылося на Мемарыяльным комплексе Курган Славы. Падчас наведвання месцаў баявой славы ўдзельнікі марафону ва ўсіх рэгіёнах сабралі зямлю з месцаў жорсткіх баёў у спецыяльную капсулу, якую перадалі Дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны для закладкі ў падмурак новага будынка музея, узвядзенне якога было распачата напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі. Алена ЯРМАЛІНСКАЯ. Фота супрацоўнікаў рэгіянальных падраздзяленняў Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Завяршыўся "Моладзевы марафон "65!", прымеркаваны да 65-годдзя Вялікай Перамогі. Патрыятычная акцыя была арганізаваная грамадскім аб'яднаннем БРСМ,...
|
|