Радыяцыйнае забруджванне сёння і праз дзясяткі гадоў
14.05.2010
—
Новости Общества
|
Учора ў Мінску адбылася прэзентацыя атласа сучасных і прагнозных аспектаў наступстваў аварыі на ЧАЭС на пацярпелых тэрыторыях Расіі і Беларусі. Гэты фундаментальны даведачна-навуковы твор быў падрыхтаваны беларускімі і расійскімі навукоўцамі ў рамках адпаведнай праграмы Саюзнай дзяржавы, паведаміў намеснік дырэктара Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Мікалай Цыбулька. Атлас створаны для навуковай сістэматызацыі матэрыялаў аб радыяцыйна забруджаных тэрыторыях Беларусі і Расіі, адлюстраваных з дапамогай рознамаштабнага картаграфавання абагульненай і спецыялізаванай інфармацыі існуючага забруджвання. З дапамогай атласа цяпер дзяржаўныя органы кіравання, мясцовыя ўлады і спецыялісты змогуць атрымаць цалкам дакладную і зразумелую інфармацыю аб радыяцыйным становішчы, даведацца пра ацэнкі перспектыў і планавання мераў па сацыяльна-эканамічным развіцці пацярпелых рэгіёнаў. Намеснік дырэктара паведаміў, што ў стварэнні гэтага капітальнага дакумента з боку Беларусі і Расіі прымалі ўдзел 19 арганізацый і навуковых устаноў. Атлас складаецца з чатырох раздзелаў. Спачатку ідзе аглядная інфармацыя аб катастрофе, потым два раздзелы прысвечаны картаграфічнай інфармацыі дынамікі радыяцыйнага забруджвання, у тым ліку ландшафтаў. Апошнім з'яўляецца даведачны артыкул. У межах саюзнай праграмы па стварэнні атласа было зроблена дэталёвае абследаванне Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка плошчай 216 тысяч гектараў. У запаведніку ўдакладняліся ўзроўні ўтрымання цэзію, стронцыю і іншых трансуранавых элементаў. Гэта дазволіла стварыць дакладныя карты па стане на сённяшні дзень, а таксама прагнозныя карты меркаванага забруджвання на 2016 год і далей праз кожныя 10 гадоў, ажно да 2056 года. Атлас мае даволі буйны фармат і ўключае значны аб'ём інфармацыі, таму тыраж яго не вельмі вялікі. Расійскі бок надрукаваў для сябе 1000, а наша краіна — 1400 экзэмпляраў. Акрамя гэтага, дэпартамент па ліквідацыі катастрофы на ЧАЭС зрабіў яшчэ тысячу экзэмпляраў атласа ў электронным варыянце. Начальнік аддзела дэпартамента адзначыла, што стварэнне атласа не з'яўляецца камерцыйным праектам, таму яго не будзе ў свабодным продажы. Атлас будзе размяркоўвацца сярод структур дзяржаўных органаў кіравання, навуковых устаноў, спецыялістаў і бібліятэк. Якое радыяцыйнае становішча чакае забруджаныя тэрыторыі праз дзясяткі гадоў? Дырэктар дэпартамента па гідраметэаралогіі Мінпрыроды Марыя Герменчук адзначыла, што, згодна з прагнознымі картамі, у 2016 годзе плошчы забруджаных тэрыторый па стронцыі і цэзіі паменшацца прыкладна на 10 працэнтаў. Потым тэмпы скарачэння забруджаных тэрыторый замарудзяцца. Да 2056 года плошчы забруджвання глебы цэзіем-137 будуць памяншацца, па стронцыю — памяншацца, па плутонію памер забруджвання застанецца на ранейшым узроўні, аднак крыху павялічацца плошчы забруджвання амерыцыем-241. Спадарыня Герменчук удакладніла, што гэта не сенсацыя і баяцца няма чаго, бо амерыцый з'яўляецца пабочным прадуктам распаду плутонію-241, якога шмат у 30-кіламетровай зоне. У перспектыве асаблівага ўплыву гэтага радыеактыўнага рэчыва на насельніцтва Беларусі спецыялісты не прагназуюць, запэўніла Марыя Герменчук. Сяргей КУРКАЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў Мінску адбылася прэзентацыя атласа сучасных і прагнозных аспектаў наступстваў аварыі на ЧАЭС на пацярпелых тэрыторыях Расіі і Беларусі. Гэты...
|
|