Георгій Грыц: Валюта — не самае выгаднае ўкладанне грошай.... 21.by

Георгій Грыц: Валюта — не самае выгаднае ўкладанне грошай...

14.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Летась у свеце актыўна абмяркоўваліся перспектывы амерыканскага долара, і не заўсёды эксперты выдавалі па ім спрыяльныя прагнозы, прадракаючы нават страту гэтай валютай статусу сусветнай. Затое будучае еўра многім падавалася абнадзейваючым, на еўрапейскую валюту як сродак укладання і захавання зберажэнняў спадзяваліся і грамадзяне, калі за адзін еўра на сусветным рынку пачалі даваць ужо больш за 1,4 долара, і гучалі нават прагнозы, што ваганні курсаў дзвюх валют "пераваляць" за адзнаку ў 1,6 долара. Разам з тым, сёння мы бачым, што еўрапейская валюта вярнулася да тых пазіцый, на якіх знаходзілася да пачатку сусветнага фінансавага крызісу, за апошнія паўгода на сусветным рынку яна патаннела больш як на 15 працэнтаў.

Сёння людзі, якія трымаюць у сваіх зберажэннях еўра, з трывогай вымушаныя назіраць, як апошнім часам валюта дае слабіну: перасягнуўшы раней вышыню ў чатыры тысячы беларускіх рублёў, зараз яна скацілася далёка ўніз — сёння "абменнікі" выкупляюць наяўны еўра ўсяго за якіясьці 3800, а афіцыйны курс нацыянальнай валюты ўмацаваўся да еўра з пачатку года амаль на 8 працэнтаў. Прычым цяпер ніхто з сур'ёзных аналітыкаў дакладна не бярэцца казаць, калі еўрапейская валюта зноў адыграе свае пазіцыі. Акрамя шэрагу еўрапейскіх палітыкаў, якія сцвярджаюць, што прыняты план па стварэнні антыкрызіснага фонду для ўдзельнікаў еўразоны выратуе сітуацыю, а любая спроба аслабіць еўра скончыцца няўдачай. А вось многія эканамісты ў сваіх ацэнках куды менш аптымістычныя і адзначаюць, што сігналаў па зніжэнні рызыкі развіцця еўрапейскага даўгавога крызісу пакуль недастаткова, каб памяняць адносіны інвестараў да перспектыў еўра. Гэта значыць, не выключана, што магчымае і далейшае зніжэнне курсу.

Цяперашнія цяжкасці еўразоны, можа падацца, узніклі раптоўна, і раней нічога не прадвяшчала падобнага развіцця сітуацыі. Аднак вядомы эксперт, загадчык кафедры інстытута бізнэсу і менеджменту тэхналогій БДУ Георгій Грыц лічыць падобнае меркаванне неабдуманым.

— І мы з вамі казалі, і эканамісты заўважалі, што крызіс прыйшоў не на год і не на два, ён ні ў гэтым, ні ў наступным годзе не скончыцца, — адзначае Георгій Грыц. — Больш за тое, гэты крызіс развіваецца хвалямі, і, на жаль, яго пік яшчэ наперадзе. У прыватнасці, 2008 год быў пачаткам крызісу і самым разгарам крызісу крэдытнай сістэмы. Другая хваля — гэта рэальны сектар эканомікі — заспела Беларусь на пачатку мінулага года і, як ужо неаднаразова падкрэслівалася, не па нашай віне. Цяпер мы адчулі трэцюю хвалю, яна закранае сацыяльную сферу. На жаль, наступаюць яшчэ некалькі хваляў. Наступная — крызіс пенсійнай сістэмы, таму што двухузроўневая сістэма на Захадзе прадугледжвае інвеставанне пенсійных сродкаў у найбольш даходныя паперы, а найбольш даходныя паперы — гэта найбольш высокарызыкоўныя даходы. Трэба разумець, што бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы, і справядлівасць гэтага пацвярджае тое, што практычна ўсе высокадаходныя фонды страцілі да 80 працэнтаў сваёй капіталізацыі. І па многіх разліках макраэканамістаў да 2012 года шэраг краін і шэраг пенсійных фондаў у ЗША і Заходняй Еўропе будуць не ў стане выканаць свае абавязацельствы перад людзьмі, якія выйшлі на пенсію. Гэта вельмі сур'ёзная і страшная пагроза. Яшчэ адна хваля, якая падвядзе вынік гэтага вялікага глабальнага крызісу, — гэта крах нацыянальных эканомік. Мы цяпер адзначаем пераддэфолтны стан найбольш слабых удзельнікаў рынку, якія, па вялікім рахунку, займаліся махлярствам. У прыватнасці, грэчаская эканоміка. Сёння ўжо не сакрэт, што папярэдні грэчаскі ўрад фальсіфікаваў статыстычную справаздачнасць перад Еўрасаюзам, гэта значыць паказваў прыбытковасць і высокадаходнасць каштоўных папер, у тым ліку дзяржаўных, і інвестары ўкладвалі ў іх грошы. І настаў перыяд, калі падманваць больш было нельга, тым больш, што змяніўся ўрад, а грошы па даўгах трэба было выплачваць. Так склалася сітуацыя, якую мы цяпер назіраем. Носьбітамі ўсіх гэтых тэндэнцый з'яўляюцца грашовыя знакі — еўра, фунты, долары, і паколькі цяпер у найбольш крызіснай сітуацыі знаходзіцца менавіта заходняя эканоміка, заходні свет, натуральна, і долар, і еўра трасе. Сёння прыйшла чарга еўра. Але гэта не значыць, што заўтра долар будзе найбольш моцнай і стабільнай валютай, у якую неабходна будзе ўкладваць сродкі, у тым ліку насельніцтву. Хутчэй за ўсё, гэта лепшы з горшых варыянтаў. І праблема долара не за гарамі, тым больш што той, хто назірае за тэндэнцыямі на рынку нерухомасці, у тым ліку ЗША, бачаць вельмі трывожныя тэндэнцыі. Калі казаць пра валюту як сродак укладання грошай, то гэта не самае выгаднае ўкладанне, і, хутчэй за ўсё, даходнасць канвертацыі і ў долары, і ў еўра будзе падаць. Напрыклад, можна прывесці наступную статыстыку: калі ўзяць 2005 і 2009 гады, апошнія чатыры гады, то тыя, хто ўклаў сродкі ў расійскія рублі, згубілі каля 13 працэнтаў, у еўра — 26 працэнтаў, долары — 30 працэнтаў, у каштоўныя паперы — 50 працэнтаў. Гэта значыць, сёння традыцыйныя спосабы ўкладання актываў вядуць да страты капіталізацыі.

— Георгій Васільевіч, 110 мільярдаў, якія выдзяляюцца Грэцыі, грошы вялікія, але рашэнне аб стварэнні стабілізацыйнага фонду ў 750 мільярдаў еўра, мабыць, сведчыць, што праблемы з валютай Еўрасаюза куды большыя, чым уяўляецца напачатку. Як мяркуеце, праблемы будуць паглыбляцца?

— Вядома, будуць паглыбляцца. Яшчэ раз паўтаруся, гэта агульнасусветная тэндэнцыя — яна будзе датычыцца і Расіі, і Еўропы, і ЗША.

На мой погляд, Еўрасаюз зрабіў вельмі вялікую памылку, што пашырыўся і сабраў розныя краіны: з эканамічнага пункта гледжання вельмі складана раўняць тую ж Грэцыю з Германіяй. Чаму амаль год не прымаліся захады па выратаванні эканомікі Грэцыі? Таму што нямецкія падаткаплацельшчыкі кажуць: "А чаму я атрымліваю зарплату толькі 12 разоў у год, а грэчаскія дзяржаўныя служачыя — 14? Чаму яны адпачываюць 67 дзён, а я — 40? Чаму яны выходзяць на пенсію ў 55 гадоў, а я — у 70". Рэцэпт тут адзіны і датычыцца і Еўропы, і Грэцыі, і Германіі, і ЗША — жыць па сродках. А каб жыць па сродках, трэба зменшыць сваё спажыванне. Гэта значыць, яны павінныя працаваць столькі ж, колькі і працавалі, а атрымліваць менш. Але вы ўяўляеце, калі казаць пра дэмакратычныя краіны, што палітык заявіць наступнае: давайце я прыйду да ўлады, і вы будзеце працаваць у два разы больш і атрымліваць столькі ж. У такім выпадку выбаршчыкі яго праігнаруюць. Таму сёння заходняя эканоміка і ўвайшла ў такі тупік.

— З падзеннем курса еўра ў нас у некаторыя дні назіраўся дэфіцыт гэтай наяўнай валюты. Магчыма, попыт на яе звязаны з ажыўленнем паездак за мяжу. Аднак, відаць, ёсць людзі, якія ўсё ж такі спадзяюцца запасціся танным еўра з разлікам на далейшае яго падаражанне?

— Я яшчэ раз паўтаруся, што традыцыйныя сродкі захоўвання грошай у выглядзе ўкладання ў каштоўныя паперы, нерухомасць, валюту — яны прыводзяць сёння да страты капіталізацыі. Канешне, ёсць выключэнні, ёсць так званы спекулятыўны капітал. Сродкі трэба ўкладваць не ў папяровыя актывы, а, напрыклад, у адукацыю, у нерухомасць з пункту гледжання развіцця сваёй справы, альбо набываць сродкі спажывання. Між іншым, нядаўна прачытаў меркаванне эксперта Сусветнага банка, які прадказвае, што да канца года еўра і долар зраўняюцца. Аднак на мой погляд, гэта вельмі песімістычны прагноз.

— Патаннеўшы, еўра зрабіў еўрапейскія тавары больш канкурэнтаздольнымі па цане. На ваш погляд, ці не будзе гэта дадатковым ціскам на айчынных вытворцаў?

— Што датычыцца беларускіх экспарцёраў, то у нас у Еўропу ідзе ў асноўным сыравінны экспарт — нафта, чорныя металы, і, канешне, улічваючы крокі Расіі па пераходзе з намі на рынкавыя ўмовы пастаўкі нафты і сыравінных прадуктаў, гэта будзе моцны ўдар па даходнасці згаданага сегмента. Але адносна рэальнага сектара эканомікі, машынабудаўніцтва, прадуктаў харчавання, то асноўны наш рынак — Расійская Федэрацыя. Расійскі рубель і да долара, і да еўра з'яўляецца больш стабільнай валютай, а таму, мяркую, моцных патрасенняў у гэтым годзе для беларускіх вытворцаў, якія працуюць менавіта з Расіяй, чакаць не трэба.

— Георгій Васільевіч, вы згадалі прагноз эксперта, згодна з якім да канца года суадносіны еўра і долара могуць скласці 1:1 і назвалі яго вельмі песімістычным. Трэба так разумець, што ў рэальнасці еўра наўрад ці дадуць скаціцца да такога мінімуму?

— Я думаю, што ён наўрад ці спраўдзіцца, таму што гэта фактычна пакажа няздольнасць Еўрасаюза. Такія суадносіны — самазабойства для ўсёй палітычнай эліты вядучых краін Еўропы, і з такім падыходам ніводзін з іх не перавыберацца на другі тэрмін.

Ігар ШЧУЧЭНКА.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Летась у свеце актыўна абмяркоўваліся перспектывы амерыканскага долара, і не заўсёды эксперты выдавалі па ім спрыяльныя прагнозы, прадракаючы нават страту гэтай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика