Гэта светлая ноч
14.05.2010
—
Новости Общества
|
А ўсё таму, што яна можа адбывацца нават днём — калі гэта акцыя. Напрыклад, міжнародная акцыя "Ноч музеяў". Не першы год у рамках яе музеі Беларусі адчыняюць дзверы для наведвальнікаў, стварыўшы адмысловыя праграмы. Сёлета напярэдадні Міжнароднага дня музеяў, 15 мая, у нас будзе не жартоўны выбар: куды накіравацца? Аднак варыянты праглядаць нядрэнна ўсё-такі з пэўнай доляй жарту. Аднак сур'ёзна трэба памятаць, што ў Беларусі да святаў асаблівае стаўленне. І ідэі наконт таго, як гэтае свята абставіць. 1. Магчыма, самы нечаканы варыянт, як адзначыць дзень музеяў, — зрабіць у яго гонар шоу. Шоу — гэта па-нашаму, нічога не скажаш. Шоу пад назвай "Ноч музеяў-2010" пройдзе ў суботу ў Вілейцы на плошчы Свабоды. Краязнаўчы музей абяцае тэатралізаваны паказ — з гістарычнымі персанажамі. А далей... Байк-шоу, конкурс "Ты — суперСТАР!" "Вілейскае радыё" заснавала сваю "музычную прэмію", каб аддзячыць... самых адданых слухачоў. Але якое ж сапраўднае шоу без канцэрта? Аня Шаркунова, Герман, гурт ""The Марки". Такое шоу людзі наўрад ці абмінуць. І яго падумваюць нават зрабіць традыцыйным. Музеі яўна адпачываюць у такое свята. Аднак, не ўсе. 2. "Я і Францыя" — напярэдадні паслухаць гэтую песеньку гурта "Срэбранае вяселле" можна параіць усім, хто збіраецца ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. У ім абвешчаны вечар у французскім стылі. Рамантычна. Тэатральна-музычная дзея "Парыж: сны на яве" дапаможа ўзгадаць усё, што вы ведаеце пра гэты горад. Пра тых, хто у ім жыў, што стварыў, з чым увайшоў у гісторыю. І ў кожнага будзе сваё ўяўленне пра Францыю. Як ёсць яно ў беларускай мастачкі Ілоны Касабукі, выстава якой адкрыецца ў музеі. Аднак не адна яна думала пра Парыж, калі стварала. Дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў, таксама думаў. Думкі натхнілі на напісанне карціны "Віцебскія мары пра Парыж". А Уладзімір Шчасны пайшоў далей — ён напісаў кнігу: "Мастакі Парыжскай школы з Беларусі", якая будзе прадэманстравана публіцы. Усё прадумалі: і кіно з успамінам пра братоў Люм'ер, і сучасныя модныя тэндэнцыі з дэфіле. Нават тое, што сапраўднай парыжанкай можа адчуць сябе любая жанчына, калі ў яе ёсць капялюш і пальчаткі. Ці якім франтам можа выглядаць яе спадарожнік у чорным цыліндры і з бутаньеркамі. Смешна, думаеце? Аднак тыя, хто мае ў гардэробе падобныя рэчы, смяяцца будуць апошнімі — калі пройдуць на акцыю без білетаў. 3. Аднак беларуская гісторыя мае свой шарм. Хто не верыць — будзе мець справу з рыцарамі. Іх у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі павінна быць шмат: 600-годдзе Грунвальдскай перамогі гуляюць. Заадно дапамогуць стварыць інтэрактыўную праграму "Ажыўлены музей". І што там далёка ехаць — скрозь эпохі дайшлі да нас нормы беларускага этыкету. Танцы мінулых часоў дажылі: ахвотныя могуць павучыцца ў майстроў гэтай справы, якія выступяць у музеі. Каб потым ведаць, што рабіць на балі — у гонар Валенція Ваньковіча. Ну што там далёка хадзіць, ці ездзіць: вучыся, як у нас было, вось і лепшая акцыя. Але шоу будзе працягвацца ў абсалютна сучасным стылі — на своеасаблівай танц-пляцоўцы, дзе запаліць тэатр песні і танца Іны Афанасьевай. Праўда, сёння мы ўжо ведаем, як танцаваць і самбу, і румбу. Можам нават паказаць... 4. Юбілейны вечар опернай спявачкі заслужанай артысткі Беларусі Людмілы Колас — вось чым завабіць Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. Ды яшчэ паказам батлеечных спектакляў у філіяле "Гасцёўня Галубка". 5. "Партызанскі лагер" і "Ваенная тэхніка перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Цяжкае ўзбраенне" — гэта толькі экспазіцыі. Іх падрыхтаваў Музей Вялікай Айчыннай вайны. Эксклюзіў — "Салдацкая каша" для ўдзельнікаў свята, якія збяруцца, каб яшчэ і канцэрт паслухаць. Музейныя пляцоўкі: "Старая мяжа" і "Партызанскі лагер" у цэнтры экалагічнага турызму "Станькава" ў Дзяржынскім раёне. Абсалютна па-партызанску. 6. У наведвальнікаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры будзе цудоўная магчымасць адправіцца ў музейнае падарожжа па беларускім мястэчку разам з Юрасём Жыгамотам. Пазнаёміцца з культурай, мастацтвам, танцамі, песнямі шматнацыянальнага асяроддзя. Узяць удзел у адкрыцці мастацкай выставы "Асабістая справа". Але калі вы яшчэ не слухалі спевы малодшага хору хлопчыкаў "Рэспубліканскай гімназіі-калежда" пры Беларускай акадэміі музыкі, ці яшчэ не маеце новага дыска "Ключы златыя" дуэта "Аляксандра і Канстанцін", то сваё ад гэтага вечара атрымаеце. 7.На "Вяселле ? NON STOP" запрашае Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Толькі каханне — галоўная тэма, якая пасуе вечару. Паэтычна-музычны "Гімн каханню", спектакль школы танцаў "Гісторыя кахання Барбары Радзівіл", нават майстар-клас "Дзіўныя танцы кахання", дзе навучаць праз танец перадаваць свае пачуцці. А ў фінале па-беларуску як на сапраўдным вяселлі ўсіх пачастуюць караваем. Бясплатны ўваход для дзяўчат, апранутых у белыя сукенкі, для мужчын, у гардэробе якіх прысутнічае гальштук-бабачка. 8. Ведаеце, што значыць фэйс-арт? Значыць трэба схадзіць у Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Абяцаюць маляванне на тварах наведвальнікаў сімвала купалаўскай паэзіі — папараць-кветкі. Майстар-клас па выцінанцы Наталлі Гамаюнавай. Чорна-белае кіно з тапёрам. Фотаатэлье з пераапрананнем у гістарычныя касцюмы. Адкрыццё новай выставы — напэўна галоўная падзея, дзеля якой арганізоўваюцца і канцэрт, і міні-спектакль. Аднак арт-дзея "Чыстка абутку" нагадвае пра тое, што музеі нас робяць больш культурнымі. 9. Толькі на працягу адной гадзіны з 19.00 будзе ўнікальная магчымасць запісаць запаветнае жаданне за сталом Якуба Коласа чарніламі і пяром паэта. Так абяцаюць у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. І яшчэ нешта адмысловае: тэатр-фрай. Гэта значыць, што вершаванае апавяданне Якуба Коласа "Паўлюкова бяда" прагучыць у выкананні артыста Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, вядучага майстра сцэны Салаўёва В.М. Народныя майстры, джазавая музыка дазволяць адысці ад акадэмізму. 10. Паехаць у Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту — гэта значыць, правесці свята бліжэй да тых самых каранёў, памяць пра якія зберагаюць нашы музеі. Драўляныя пабудовы нібыта ажывуць: асабліва, калі пабач з імі разгорнуцца выставы, традыцыйныя народныя гульні на Кірмашы, а ахвотных пакатацца будуць чакаць павозкі з запрэжанымі конямі. Дык куды паедзем? Падрыхтавала Ларыса ЦІМОШЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А ўсё таму, што яна можа адбывацца нават днём — калі гэта акцыя. Напрыклад, міжнародная акцыя "Ноч музеяў". Не першы год у рамках яе музеі Беларусі адчыняюць...
|
|