Чаму знікае беларускае аблічча гарадоў - Частка другая. 21.by

Чаму знікае беларускае аблічча гарадоў - Частка другая

14.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Будучыня Мінска — дамы ў "намордніках"?

"Калі справа тычыцца захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў і развіцця турызму на аўтэнтычнай глебе, ці не рызыкоўна прыцягваць грошы інвестараў? Усё ж захаванне аб'ектаў — гэта адно, а выкарыстанне іх для атрымлівання прыбытку — іншае", — пытаюся ў дырэктара інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі.

— Сёння, на жаль, як правіла, там, дзе выкарыстоўваюцца сродкі інвестараў, часцей за ўсё ўзнікаюць эклектычныя, несапраўдныя, амбіцыйныя, у не лепшым сэнсе гэтага слова, ўтварэнні, ці вынікі той жа рэстаўрацыі, — заўважае Аляксандр Лакотка.— Думаецца, што праблема тут у навуковым забеспячэнні. Упэўнены, што ў большасці інвестараў, калі падрыхтаваць якасную навукова-праектную дакументацыю, спрэчак не будзе, што рабіць трэба менавіта так: аўтэнтычна, дакладна, і навукова абгрунтавана. Між іншым найбольш запатрабаваныя турыстамі і найбольш прыбытковыя менавіта праекты, выкананыя па такіх правілах. Праблема недахопу навукова прапрацаваных абгрунтаванняў сёлета актыўна абмяркоўвалася на сумесным пасяджэнні Прызідыума Нацыянальнай акадэміі навук і калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дзе прыводзіліся і прыклады наступстваў такіх неабгрунтаваных навукова-рэстаўрацыйных вырашэнняў. Сярод найбольш спрэчных і эмацыйных — прыклад з вежай Нясвіжскага палацава-замкавага комплексу. Мне не аднойчы даводзілася гаварыць, што недастаткова карыстацца, прымаючы такія рашэнні ў рэстаўрацыі, толькі, скажам, гравюрамі ХVІ—ХVІІ стагоддзяў, выкананымі заходнімі майстрамі. Дапушчаная памылка вымагае значных затрат на яе выпраўленне. Тое ж датычыцца, скажам, многіх спрэчных пытанняў добраўпарадкавання Мірскага замка, дзе тэрыторыя наваколля занадта аздоблена сучаснай пліткай, шматлікімі ліхтарамі, незразумелай агароджай, што нагадвае агароджу летняга сада ў Санкт-Пецярбургу. Неапраўданай была і ідэя стварыць тут востраў з прыстанню на зусім невялічкім вадаёме. Непатрэбныя, залішнія рашэнні прыводзяць да затрат тых жа інвестыцый не па прызначэнні, а часам ствараюць і экалагічныя праблемы.

Вынікам такіх добраўпарадкаванняў можа стаць тое, што мы не зможам прэзентаваць Беларусь праз помнікі архітэктуры. ЮНЕСКА сочыць за тым, у якім стане знаходзяцца помнікі архітэктуры і як адбываюцца працэсы рэстаўрацыі.

Аляксандр Іванавіч звярнуў ўвагу і на такую праблему, як нявызначанасць з навукова-праектнымі арганізацыямі. Напрыклад, на тым жа Мірскім замку над праектнай дакументацыяй працавала адразу некалькі арганізацый (Мінскпраект, Беларускі рэстаўрацыйны інстытут і нават прыватныя майстэрні пры грамадскіх арганізацыях). Такая розная супарадкаванасць, наяўнасць некалькіх галоўных архітэктараў праектаў прыводзіць да таго, што ствараецца эклектычная, стракатая, спрэчны рэстаўрацыйны малюнак, ад чаго церпяць не толькі асобныя помнікі архітэктуры. Скажаецца аблічча гарадоў. Возьмем, напрыклад, забудову вуліцы Багдановіча.

— У канцы 60-х гадоў гістарычная забудова Нямігі знікла, і спрэчкі пра тое, як аднавіць гэта асяроддзе горада, узнімаліся неаднойчы, — расказвае Аляксандр Іванавіч. — У свой час навуковым кіраўніком гістарычнага цэнтра Мінска Сяргеем Багласавым быў распрацаваны праект, у якім прадугледжвалася франтальная забудова боку насупраць Нямігі. Гэты праект, які ўключаў адзінае архітэктурнае рашэнне, пачынаўся ад будынка Промпраекта і заканчваўся на Гарадскім вале. Але калі была пабудаваная першая чарга да вуліцы Камсамольскай, з'явіўся яшчэ адзін праект, дзе мы бачым новае архітэктурна-стылёвае рашэнне, цыліндрычную пабудову, завершаную купалам. Па сутнасці цэласнасць распадаецца. Ужо не кажу пра тое, што з'яўляецца вельмі шмат формаў, дэталяў, колераў і пластыкі. І я выказваў гэта на адным з пасяджэнняў рэспубліканскай навуковай рады па рэстаўрацыі і кансервацыі гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры. Альбо звернем увагу на аднаўляемую вуліцу Гандлёвую, ад будынкаў, якія цяпер прымыкаюць да Кафедральнага сабора, да адрэстаўраваных помнікаў. Здзіўляе эклектычнасць, безгустоўнасць і стракатасць формаў. І гэта пры тым, што захаваліся відарысы гэтай часткі горада пачатку ХХ стагоддзя (на фатаграфіях, паштоўках, малюнках Язэпа Драздовіча). Добраўпарадкаванне горада робіцца безгустоўна, няма адзінай думкі, захапленне ліхтарамі ажно залішняе, імі літаральна ўсё "засеяна". На папрок галоўнаму навуковаму кіраўніку гістарычнага цэнтра быў дадзены адказ, што не наладжана сістэма ўзгаднення і справаздачнасці рэстаўрацыйных работ.

Між іншым многіх праблем, звязаных з рэстаўрацыяй помнікаў архітэктуры і забудовай горада, можна пазбегнуць. На калегіі Міністэрства культуры вучоным была прапанавана ідэя: ўвесці ролю навуковага кансультанта, незалежнага ні ад інвестараў, ні ад праекціроўшчыкаў, ні ад падрадчыкаў, які б у цэлым сачыў за станам вядзення рэстаўрацыйных работ і іх адпаведнасцю айчыннаму, міжнароднаму заканадаўству, і канвенцыям ЮНЕСКА. Праектныя матэрыялы можна заслухоўваць і абмяркоўваць на вучоным савеце інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дарэчы, дарадчая роля акадэміі ў гэтым плане была ў СССР.

Аляксандр Іванавіч заўважае, што павінны навукова вывучацца і аднаўляцца гістарычныя будаўнічыя тэхналогіі, што патрабуецца па канвенцыях ЮНЕСКА. Калі гэта не выконваецца, збудаванне не можа лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. А сёння нават некаторыя нядаўнія тэхналогіі з-за навуковай некампетэнтнасці праблематычна аднавіць.

— Так, у ходзе рэстаўрацыі Дзяржцырка мы абмяркоўвалі пытанне з атынкоўкай фасада. Аказваецца, тую тынкоўку, якая выкарыстоўвалася ў сярэдзіне 50-х гадоў, з напаўняльнікамі, якія ў асноўным прывозіліся з Урала, сёння складана правесці. Прасцей за ўсё ўзяць фарбу "капарол" і проста пафарбаваць. Я ўжо не кажу пра тое, што трэба з адпаведнай павагай ставіцца да роднасных матэрыялаў сапраўдных помнікаў. Прасцей усё зрабіць зноў, заліць бетонны падмурак і нешта сабраць з сучаснай цэглы. Ізноў гэта праблема духоўнасці, праблема сумлення, праблема асэнсавання значнасці менавіта сапраўднага помніка, разумення гісторыі ў яе матэрыяльным абліччы.

Аляксандр Іванавіч заўважае, што да работы па навуковым кіраўніцтве трэба далучаць вядомых беларускіх вучоных у гэтай галіне, якія працуюць у Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, у праектных інстытутах, асабліва, калі ўзнікаюць праблемы на аб'ектах дзяржаўнага маштабу, такіх, як Мірскі замак, Нясвіжскі, Лідскі, Крэва, гістарычныя цэнтры Гродна, Брэста, гістарычная забудова Бабруйска, альбо звязаныя з гістарычнай забудовай мястэчак, гістарычных вёсак. Трэба лічыцца з аўтарамі, якія самі ўдзельнічалі ў стварэнні архітэктурных праектаў, таго ж праспекта Незалежнасці, аб'екты якога Беларусь рыхтуе да ўключэння ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Ужо сёння ўсплывае яшчэ адна праблема. Пакуль у цэлым гістарычнае аблічча Мінска, якое склалася на ХХ стагоддзе, яшчэ захоўваецца, але ёсць небяспека таго, што яно будзе скажоным. Ужо цяпер многія будынкі перакройваюцца пад патрэбы ўстаноў, якія там займаюць плошчу. Прыкладам таго можа быць вуліца Талбухіна.

— Яна выкананая па праекце вядомага беларускага архітэктара Юрыя Шпіта, у канцы 60-х гадоў. У свой час у СССР гэта быў адзін з узораў ансамблевай забудовы сучаснага горада, які ўвайшоў ва ўсе тагачасныя падручнікі і выданні па архітэктуры. Паглядзіце, на што стаў падобны рэстаран "Каменная кветка", у што ператварылі кінатэатр "Партызан", крамы, што там стаяць. І такіх прыкладаў па Мінску вельмі шмат. Цалкам ігнаруецца меркаванне аўтараў, не ўлічваецца, што яны тады думалі аб праспекце як аб цэласным ансамблі, які параўноўваўся, і заслужана, з Елісейскімі палямі Парыжа. Гэта быў лепшы ансамбль свайго часу, таму што пры яго праектаванні ўлічылі недахопы і Неўскага праспекта, і вуліцы Цвярской, і Крашчатыка. Знайшлі больш аптымальны варыянт скразнога магістральнага праспекта, на якім чаргуюцца пяць плошчаў, які складаецца з адрэзкаў, кожны з якіх з'яўляецца ансамблем. А сёння да будынкаў прыстаўляюцца нейкія ганкі, казыркі, прыступкі. Абуральна, што зрабілі з будынкам інстытута фізкультуры (былыя партыйныя курсы). Адна трэць яго абрэзана і туды заехала "Лідо". А што за безгустоўнасць гэтыя крамы, якія начэплены на будынкі корпуса метро на плошчы Незалежнасці, якія спецыялісты называюць "наморднікамі". З-за іх скажаецца цэласнае аблічча і плошчы ў цэлым, і комплексу з будынка гарвыканкама, адміністрацыйнага корпуса метро і галоўнага корпуса БДУ. Безумоўна, гэта праблема не толькі Мінска. Паглядзіце, што робіцца ў Маскве, Пецярбургу ЮНЕСКА пагражае выключыць горад са спісу гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта адзін з канфліктаў, выкліканых глабалізацыяй, і тут дзяржавы, якія клапоцяцца пра захаванне нацыянальнай адметнасці, гісторыка-культурнай спадчыны, павінны шукаць форму абароны ад наступстваў такога канфлікту.

План дзеянняў

Я папрасіла Аляксандра Іванавіча абазначыць першасныя задачы для захавання архітэктурнай спадчыны Беларусі

Драўлянай:

1) Найперш закончыць экспазіцыю музея народнай архітэктуры і побыту. Гэта задача дзяржаўнага маштабу, музею трэба прыдаць статус нацыянальнага. А аб'екты яго ўключыць у спіс нацыянальнай навуковай спадчыны.

2) Перагледзець канцэпцыю мінскага горада майстроў у Чыжоўцы, сфармуляваць гэту канцэпцыю так, каб там усе аб'екты былі рэальнымі і стварэнне гэтага горада працавала на захаванне драўлянай народнай архітэктурнай спадчыны. Няхай гэта будзе парк драўлянай забудовы гарадоў Беларусі.

3) Захаваць Паўночны завулак — хоць бы адзін драўляны радок будзе як помнік прадмесцям Мінска. Тое ж самае можна рабіць і ў іншых гарадах: у Бабруйску вуліца Інтэрнацыянальная, у Оршы — Мінская, Магілёве — Пушкіна, шэраг вуліц ў Гомелі, Віцебску.

Мураванай:

1) Вельмі адказна і далікатна падысці да захавання гістарычнага цэнтра Гродна, Брэста, Віцебска, Полацка. Гэта ўключае праблемы ахоўных зонаў, зонаў рэгулявання забудовы, праблемы добраўпарадкавання і аднаўлення аблічча пэўных помнікаў.

2) Захаванне руінаваных помнікаў: замка ў Крэве, Навагрудку, Гальшанах і інш.

3) Добраўпарадкаванне архітэктурна-археалагічных помнікаў (гарадзішчаў). Напрыклад, гарадзішча на Менцы, Лоск і інш.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Калі справа тычыцца захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў і развіцця турызму на аўтэнтычнай глебе, ці не рызыкоўна прыцягваць грошы інвестараў? Усё ж...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика