Пра Атэла жывёльнага свету
21.05.2010
—
Новости Общества
|
Напэўна, кожны з нас заўважаў, што нашы хатнія жывёлы, як і мы, іх гаспадары, маюць свой непаўторны характар, і што паводзіны Тузікаў-Мурзікаў часам зусім невытлумачальныя. Астролагі сведчаць, што вялікі ўплыў на характар нашых гадаванцаў, як і на характар чалавека, аказвае гараскоп, і што знак задыяку, пад якім народжаныя ваша котка ці сабака, можа стаць вызначальным у іх характары і паводзінах. Жывёла-АВЕН (21 сакавіка — 20 красавіка) Жывёлы-Авены адважныя, імпульсіўныя і няўрымслівыя. Яны прыроджаныя лідары. А яшчэ гэтыя звяркі надзвычай цікаўныя. Яны заўсёды хочуць быць адзінымі гадаванцамі ў сям'і і дрэнна ўжываюцца з іншымі хатнімі жывёламі. Гаспадарам яны адданыя безумоўна і гатовыя абараняць іх ад усіх — асабліва гэта ўласціва сабакам-Авенам. Праўда, трэба ведаць і тое, што энергія іх не заўсёды накіравана ў патрэбнае рэчышча. І вам часта прыйдзецца высвятляць адносіны з суседзямі з нагоды іх падрапаных дзвярэй ці прасіць прабачэння перад гасцямі за іх зжаваныя парадныя туфлі і падраныя калготкі. А яшчэ гэтыя "жыўчыкі" надзвычай шчадралюбныя. Асабліва гэта датычыцца катоў. Так што калі ваша котка — Авен, вам давядзецца выслухоўваць серэнады яе шматлікіх прыхільнікаў, а ката, народжанага пад гэтым знакам, увесну вы, хутчэй за ўсё, будзеце бачыць толькі падчас кармлення. Увесь астатні час у яго пойдзе на ўлагоджванне "сябровак" — іх у вашага гадаванца на кожнай вуліцы па некалькі. Усе гэтыя нязручнасці з лішкам кампенсуюцца выдатнай здольнасцю катоў-Авенаў вылечваць усялякія недамаганні, здымаць стрэс ці боль. Жывёла-ЦЯЛЕЦ (21 красавіка — 20 мая) Сабака, народжаны пад знакам Цяльца, заўсёды паслухмяны, спакойны і міралюбівы. Яго складана вывесці з сябе, але калі гэта адбылося — беражыцеся, ён не спыніцца ні перад чым. Сабакі гэтага знака Задыяку — страшэнныя ўласнікі. Хлебам не кармі, дай папільнаваць дом, закапаныя косткі, палкі і цацкі. Ну а калі з'явілася магчымасць ахоўваць гаспадара — сабачаму шчасцю не будзе мяжы. Але разам з тым Цяльцы характарызуецца і лянотай. Скажам, для ката-Цяльца лішак рухаў — катастрофа. Замест гульняў і забаў ён выбірае назіранне пейзажу за акном. З камфортам разваліцца на падваконні, прыплюшчыць вочы — вось любімы занятак такога гультая. Жывёла-БЛІЗНЯТЫ (21 мая — 21 чэрвеня) Блізняты — знак практычнай кемлівасці, шматаблічнасці, рэзкіх змен настрояў і таварыскасці. Сабака-Блізняты заўсёды будзе з хітрынкай, але ў меру. Кот будзе не толькі хітрым, але і настырным. "Сваю" смятану ён усё адно сапрэ з вашага стала, як бы яго ні гналі. "Блізняткі" страшна не любяць заставацца адны. Ім абавязкова падавай кампанію — ці то людзей, ці то звяркоў — абы было весела. Застаўшыся адны, жывёлы-блізняты могуць выць, грызці і драпаць дзверы, рэчы, спрабаваць выскачыць у акно. У сілу вельмі вялікай эмацыйнасці жывёл гэтага знака пераход ад аднаго настрою да другога ў іх адбываецца імгненна. Толькі што ваш сабака быў вясёлы, гуллівы — і раптам лёг, адвярнуўся, адмаўляецца есці, на ласкі адказвае бурчаннем. Пройдзе трохі часу, і вось ён ўжо радасна павісквае, віляе хвастом, запрашае вас да гульні. Гэта пераменнасць можа стаць недахопам паляўнічых сабак. Ваш сабака замест таго каб спудзіць качку ці дастаць яе з балота, раптам западзе ў лірычную задуменнасць і пачне раскопваць зямлю пад бліжэйшым старым пнём... Жывёла-РАК (21 чэрвеня — 22 ліпеня) Для жывёлаў Рак — адмысловы знак, бо ім кіруе Месяц (ён жа Геката), начная багіня зданяў, містыкі і таямніцы. У большай ступені яе ўплыў адчуваюць коткі, якія могуць стаць правадырамі містычнага пачатку: выратавальнага ці разбуральнага — залежыць ад акалічнасцяў. Тым, хто верыць у існаванне іншага свету і схільны давяраць знакам звыш, рэкамендуецца набыць менавіта такую котку. Яна стане анёлам-захавальнікам вашага дома. Любая змена паводзінаў гэтых "талісманаў" — прыкмета няшчасця ў сям'і. Насцярожцеся, калі ваш яшчэ нядаўна такі ласкавы звярок раптам стаў невытлумачальна агрэсіўным ці крычаць па начах (калі толькі на дварэ не вясна). Магчыма, такім спосабам ваш улюбёнец спрабуе папярэдзіць пра небяспеку і выратаваць вас. Калі ў сям'і ўсё добра, котка-Рак гультаяватая і меланхалічная. Яе слабасць — мяккія падушкі і пярыны. Сабака, народжаны пад сузор'ем Рака, можа вызначыцца асабліва меланхалічным і замкнёным норавам. Часам (вельмі рэдка) сабакі-Ракі могуць быць беспадстаўна злымі і агрэсіўнымі. Не перажывайце, зменіцца фаза Месяца — і гэты стан пройдзе. Сабака-Рак абсалютна адданы свайму дому, сям'і. Усе жывёлы-Ракі вельмі ўразлівыя. Яны доўга памятаюць крыўды і рэдка іх прабачаюць. Жывёла-ЛЕЎ (23 ліпеня — 22 жніўня) Як і людзі, гэтыя жывёлы — сапраўдныя каралі — і па духу, і па знешнасці — нават калі ў іхнім радаводзе адны дварнякі. Жывёлы, народжаныя пад знакам Ільва, патрабавальныя, капрызныя і нецярплівыя. А яшчэ яны жудасна раўнівыя — проста Атэла жывёльнага свету. Часцей выводзьце сваіх гадаванцаў на выставы і прагляды — яны, як і людзі-Львы, любяць свецкія мерапрыемствы. Сабака-Леў будзе ганарыцца не толькі сабой любімым, але і сваім ашыйнікам, сваёй стрыжкай і наогул усім, што звязана з яго знешнасцю. Тое ж адносіцца і да катоў. Яны з задавальненнем прымуць ад вас у падарунак гальштук-"матылёк" ці ашыйнік з добрай, мяккай скуры. І з сапраўды каралеўскай годнасцю прадэманструюць яго ўсім жадаючым. З гэтымі "царкамі" ні ў якім разе нельга абыходзіцца груба і абмяжоўваць іх волю. Але нельга дазваляць ім садзіцца вам на шыю. Цвёрда і ласкава дайце зразумець, што паважаеце іх каралеўскую годнасць, але і ў вас тытул — ніяк не ніжэй за прынца. Жывёла-Дзева (23 жніўня — 22 верасня) Жывёлы, народжаныя пад знакам Дзевы, аказваюць на людзей самае вялікае ўздзеянне. Яны — бязлітаснае люстэрка ўсіх нашых добрых якасцяў і заганаў. Скажам, сабака можа справакаваць у вас прыступ нематываванай жорсткасці ці выбух самых пяшчотных пачуццяў. Вы і самі не падазравалі, што здольныя на такое, а сабачка ці котачка вопытным шляхам высветлілі — здольныя. І за гэта ім трэба сказаць вялікі дзякуй. Апроч гэтага, жывёлы знака Дзевы могуць выяўляць і звычайныя якасці гэтага знака: занудства, акуратнасць, адданасць, паслужлівасць... Гэтыя жывёлы вельмі пераборлівыя ў ежы, часам нават занадта. Яны ахайныя і цярпліва ставяцца да ўсіх гігіенічных працэдур. Дзевы напрамую пераймаюць захворванні гаспадароў. Жывёлы-ШАЛІ (23 верасня — 22 кастрычніка) Зусім не раўнавага — адметная рыса гэтага знака Задыяку. Шалі — гэта адносіны. У хатніх жывёл, народжаных пад гэтым знакам, менавіта адносіны з гаспадаром складаюць сэнс іх існавання. Для кошак-Шаляў няма большага шчасця, чым ведаць, што вы іх любіце і захапляецеся імі. Яны адкажуць вам тым жа. Гэтыя дамаседы з аксамітавымі лапкамі будуць на сёмым небе, калі вы праведзяце вечар дома. Гэтыя браты нашы меншыя абавязкова будуць ажыццяўляць сваю місію — наладжваць ці псаваць вашы адносіны з навакольнымі. Сабака-Шалі пазнаёміць вас з гаспадарамі сваіх чатырохногіх прыяцеляў. З ім вам будзе заўсёды спакойна і ўтульна, але на спецыяльныя вартаўнічыя якасці не разлічвайце. Котка-Шалі можа наладзіць адносіны ў сям'і ці на працы, калі вы бераце яе з сабой на службу. Дарэчы, у некаторых краінах дазволена браць на работу чатырохногіх гадаванцаў, што вельмі спрыяе стварэнню дабратворнай атмасферы ў афіцыйных установах. Сабакі-Шалі дрэнна пераносяць адзіноту. Іх трэба як мага часцей выгульваць і сачыць за тым, каб у іх была сяброўская кампанія і прадмет любові. Тое датычыць і котак. Розныя неспадзяванкі падпільноўваюць Шаляў заўсёды і ўсюды. Так што, калі вы даўно не бачылі і не чулі свайго ўлюбёнца, паглядзіце, ці не зачынены ён выпадкова ў халадзільніку або шафе. Жывёла-СКАРПІЁН (23 кастрычніка — 21 лістапада) Жывёлы, народжаныя пад знакам Скарпіёна, злучылі ў сабе рысы, уласцівыя Дзеве (правакацыйнасць) і Раку (містычную празорлівасць). Набыўшы такога мілага "скарпіёнчыка", ведайце: гэта не вы яго абралі, а ён — вас. Коткі і сабакі-Скарпіёны — самі гаспадары свайго лёсу. Не спрабуйце пазбавіцца ад іх. Як правіла, прыход такога гадаванца азначае толькі адно — у вашым жыцці хутка наступіць пераломны момант. Але не палохайцеся. Часам гэтыя фатальныя "прышэльцы" могуць вельмі нават спатрэбіцца — яны загадзя папярэдзяць вас пра бяду ці суцешаць у няшчасці. Гаспадару абавязкова трэба зразумець, навошта з'явіўся гэты сабачка ці котка ў яго жыцці. Прааналізуйце ўсе неверагоднасці, якія адбыліся ў апошні час, — можа, і ўбачыце знак лёсу. Здароўе жывёл-Скарпіёнаў цалкам залежыць ад характару гаспадара. Прычынай іх хвароб, як правіла, становіцца ваша частая змена настрояў. Жывёла-СТРАЛЕЦ (22 лістапада — 21 снежня) Жывёлы, народжаныя пад гэтым знакам, вызначаюцца свабодалюбствам. Іх улюбёная справа — займальныя вандраванні і працяглыя прагулкі. Залатая, утульная, цёплая клетка не для іх. Знакамітая жаба-вандроўніца — тыповы Стралец. Як жа ўлічыць гэтую незалежнасць у адносінах з хатнімі пестунамі? Дазволіце ім быць вольнымі. І яны ніколі вас не падвядуць і не здрадзяць. Што для сабак гэтага знака няма большага шчасця, чым паездкі з гаспадаром ці гаспадыняй "на прыроду". Прычым не столькі прырода цікавіць гэтае стварэнне, колькі сам працэс паездкі, вандравання. Яны — найлепшыя спадарожнікі паляўнічых, вандроўцаў, філосафаў і навукоўцаў. І яшчэ. Не забывайце, што Стральцам жыццёва неабходна адчуваць захапленне з боку навакольных. Любыя знакі ўвагі паднімуць іх на незвычайную вышыню ва ўласных вачах. Кот-Стралец — адважны ваяр і нястомны лавелас. Для яго прабегчыся ў суседняе сяло да сяброўкі — не праблема. Не раўнуйце, не засмучайцеся — ва ўсіх сваіх рамантычных прыгодах вашы ўлюбёнцы памятаюць пра вас. Яны абавязкова вернуцца, толькі не сустракайце іх "цялячымі пяшчотамі", каты-Стральцы іх не любяць. Вашы ласкі і сюсюканні для "вялікіх вандроўцаў" усяго толькі пустое марнаванне часу. Жывёла-КАЗЯРОГ (22 снежня — 19 студзеня) Казярог — знак цвярозасці і разважлівасці. Ён ужо ўсё ведае, разумее, і пра ўсё ў яго ёсць сваё ўласнае меркаванне. Гэтыя істоты — вялікія прыхільнікі пастаянства: адзін раз навучыўшыся чаму-небудзь, яны хочуць, каб так было заўсёды. Гэтыя маленькія кансерватары зацыклены на дробязях і парадку. Усё павінна адбывацца дакладна ў адзін і той ж час і па тым жа сцэнарыі. Сабакі-Казярогі асабліва прыхільныя да распарадку жыцця і адносін у сям'і. Варта іх гаспадарам пачаць сварыцца, чаго, скажам, раней не было, як сабака тут жа заявіць свой пратэст. Любымі спосабамі гэтая жывёла паспрабуе ўсё вярнуць на свае месцы. І часцяком тым самым яна ратуе сям'ю ад распаду, а сяброў — ад сваркі. Але калі вы — адзінокая жанчына — уладальніца сабакі-Казярога, вам прыйдзецца расстацца з думкай пра пастаяннага палюбоўніка. Сабачка не вытрымае змены вашага статуса. У яе "ўсе хады запісаны". Сабака адданы гаспадыні, гаспадыня ж павінна любіць толькі яго. І ніякіх супернікаў. Жывёла-ВАДАЛЕЙ (20 студзеня — 18 лютага) Што да сабак, то для іх знак Вадалея — самы гарманічны, таму што гэта знак і адданасці, і зграі. Сабака-Вадалей заўсёды трохі больш, чым проста сабака — паляўнічы і вартаўнік: ён ніколі не адступіць і не кіне гаспадара. Пад яго апекай можа аказацца ўся акруга. Але разам з тым Вадалей — не лідар. Ён гатовы сябраваць з усімі, клапаціцца пра ўсіх, але ніяк не камандаваць. Чашырскі Кот з кнігі Кэрала "Аліса ў краіне цудаў" — тыповы Вадалей. З катамі-Вадалеямі заўсёды ёсць пра што пагаварыць. Будзьце ўпэўнены — яны вас не толькі зразумеюць, але і знойдуць спосаб адказаць. Але ўлічыце, апошняе слова заўсёды застанецца за вашым улюбёнцам. Жывёлы-Вадалеі заўсёды вас чакаюць, апякаюць. Яны часцяком кампенсуюць недахоп чалавечага цяпла і клопату. Калі вы хочаце, каб яны былі шчаслівымі, — ніколі не аддавайце іх у іншыя рукі, нават на час. Жывёла-РЫБЫ (19 лютага—20 сакавіка) Жывёлы-Рыбы самыя спакойныя сярод сваіх субратоў. Гэта вельмі міралюбныя і цярплівыя звяркі. Яны любяць сваіх гаспадароў, асабліва дзяцей. Усе жывёлы, якія нарадзіліся пад гэтым знакам, валодаюць павышанай інтуіцыяй. Калі ваш гадаванец Рыбы — будзьце ўпэўнены, ён раней за іншых папярэдзіць вас пра надыход стыхійнага бедства. Нягледзячы на павышаную адчувальнасць, сабакі-Рыбы могуць быць дзіўна непераборлівымі і ўстойлівымі ў самых неймаверных акалічнасцях. Не варта асабліва разлічваць на іх як на ахоўнікаў, але лепшага кампаньёна для турыста ці рыбака знайсці складана. Побач з любімым гаспадаром усе цяжкасці паходнага жыцця адыходзяць на другі план. Жывёлы-Рыбы яшчэ і віртуозныя міратворцы, яны тонка адчуваюць настрой у сям'і і на ўсе жылы імкнуцца згладзіць непрыемнасці. Падрыхтавала Інга МІНДАЛЁВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напэўна, кожны з нас заўважаў, што нашы хатнія жывёлы, як і мы, іх гаспадары, маюць свой непаўторны характар, і што паводзіны Тузікаў-Мурзікаў часам зусім...
|
|