Захаваць свой твар
27.05.2010
—
Новости Общества
|
Царква адкрывае дыскусію вакол выкладання рэлігіі ў школе 26 мая ў Мінску адкрыліся XVІ Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія Чытанні, якія прысвечаныя тэме ўвядзення ў школах Беларусі новага прадмета — рэлігійнай культуры. Беларусь засталася адной з нямногіх еўрапейскіх краін, дзе ў тым альбо іншым выглядзе інфармацыю аб сусветных рэлігіях не даюць дзецям у рамках сеткі школьных заняткаў. Каб выправіць гэту сітуацыю, у сёлетнім красавіку Беларуская праваслаўная царква накіравала прапанову кіраўніцтву Парламента Рэспублікі Беларусь аб унясенні адпаведных зменаў у закон "Аб адукацыі" . Пра тое, навошта нашым дзецям патрэбна веданне рэлігійнай культуры не столькі іх бацькоў, колькі дзядоў, ці нават прадзедаў, і на якім этапе знаходзіцца ажыццяўленне новага адукацыйнага праекта, мы распыталі першага намесніка старшыні Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірылы" (Цэнтр з'яўляецца арганізатарам і фундатарам Чытанняў) і кіраўніка Цэнтра Міжнародных сувязяў і развіцця багаслоўскай адукацыі Інстытута тэалогіі БДУ Рыгора ДАЎГЯЛУ.
— У такіх маштабах, з прыцягненнем вялікай колькасці спецыялістаў, упершыню пытанне абмяркоўвалася ў рамках пасяджэнняў сумеснага каардынацыйнага савета Міністэрства адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквы. Вынікам стала з'яўленне факультатыўных курсаў з зацверджанымі планамі "Асновы праваслаўнай культуры", "Духоўныя асновы культуры" і "Культура і рэлігія" ў шэрагу школ Мінска і Мінскай вобласці. Такім чынам, ёсць прыклады таго, якім выкладанне рэлігійнай культуры можа быць па змесце. Але — не па форме. Бо факультатыў знаходзіцца па-за сеткай вучэбных гадзін і таму не дасць таго эфекту, які могуць даць урокі ў рамках вучэбнага працэсу. — Калі прадстаўнікі Царквы ўжо абмяркоўвалі магчымасць увядзення ў школах урокаў па рэлігійнай культуры, то, напэўна, чулі і аргументы апанентаў. Якія з іх найбольш важкія? — Адзін з галоўных аргументаў — адсутнасць кваліфікаваных кадраў настаўнікаў, якія могуць выкладаць такія ўрокі. Але сёння кадры ўжо ёсць. Інстытут тэалогіі, які існуе з 1993 года (тады ў фармаце факультэта, а з 2005 года — у складзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта), выпусціў дастатковую для першага этапу армію дыпламаваных спецыялістаў, якія маюць права выкладаць у сярэдняй школе і якія з задавальненнем падключацца да праекта. Думаю, падобных спецыялістаў знойдуць і Каталіцкая царква, іудзейскія і мусульманскія абшчыны. Але, сапраўды, адразу, акордна, па ўсёй краіне ўвесці такія ўрокі было б праблематычна. У гэтым мы пагаджаемся з нашымі апанентамі. Але і тут ёсць выйсце. Галоўнае — вырашыць задачу прынцыпова. Для гэтага можна ўвесці гады на тры статус эксперымента. Напрыклад, пачаць выкладанне новага прадмету ў некалькіх школах кожнага з абласных цэнтраў і ў некалькіх школах кожнай вобласці на перыферыі. На працягу трох гадоў адпрацаваліся б методыка, механізмы, улічыліся б усе станоўчыя і адмоўныя моманты, падрэдагаваліся вучэбныя планы, адшліфаваліся падручнікі. Пасля чаго можна было б увесці ўрокі рэлігійнай культуры па ўсёй краіне. Пазіцыя Царквы па гэтым пытанні дастаткова гнуткая і цвярозая. — Падобным чынам паступіла Расія. Вучэбны прадмет "Асновы рэлігійных культур і свецкай этыкі" там ужо эксперыментальна ўключаны ў школьную праграму ў 19 рэгіёнах, а праз два гады яго плануецца ўвесці па ўсёй краіне. Што з практыкі суседзяў мы ўжо можам улічыць? — Сёння зразумела адно: выкладанне з 1 красавіка 2010 года ў расійскіх школах асноў рэлігійных культур было правільным рашэннем. Гэта адказ на выклік часу. Бацькі гэта ўспрынялі станоўча. Безумоўна, працэнт тых, хто запісаўся на ўрокі праваслаўнай культуры, урокі іншых рэлігійных культур, у тым ліку на ўрокі свецкай этыкі, у розных рэгіёнах адрозніваецца. Гэта залежыць ад сітуацыі ў сістэме адукацыі кожнага канкрэтнага рэгіёну. Пра гэта ёсць ужо артыкулы і водгукі ў СМІ. Ёсць дыскусіі з нагоды падручнікаў. Але самае галоўнае, што гэта ўжо канструктыўныя дыскусіі — працэс пайшоў, і размова ідзе не пра тое, як забараніць эксперымент, а пра тое, як яго палепшыць. Напэўна, адзін з самых галоўных вынікаў на сёння: дзеці павінны чуць з вуснаў настаўнікаў не толькі абстрактныя мадэлі маральных імператываў, але, галоўным чынам, факты, якія існуюць ў гісторыі і адносяцца да той ці іншай рэлігіі. Напрыклад, факты біблейскай гісторыі, жыццеапісанні біблейскіх персанажаў, іх учынкі, памылкі, маральныя ўрокі, якія яны робяць самастойна альбо па натхненні зверху. Вельмі важна пачынаць з жывых, з пункту погляду літаратурнага помніка, людзей. Дарэчы, тут Беларусь не адстае ад Расіі, а нават апераджае. Бо выпускнікі Інстытута тэалогіі Святлана Мандрык і Андрэй Гаранскі падрыхтавалі падручнік "Біблія як помнік культуры" — добрае ілюстраванае выданне, якое выйшла ў выдавецтве "Зорны верасок" у 2009 годзе. Кніга мае статус падручніка і можа выкарыстоўвацца на эксперыментальных пляцоўках, пра што сведчыць грыф Міністэрства адукацыі на яе тытуле. Гаранскі і Мандрык якраз пайшлі па шляху аповеду не пра абстрактныя схемы, а пра канкрэтных гістарычных асобаў, жыццёвыя гісторыі. Так дзецям лягчэй зразумець прадмет размовы. — Такім чынам, мы маем ужо нейкі задзел... — Так, прэцэдэнты ёсць, і не толькі ў Мінску і Мінскай вобласці, а практычна ва ўсіх абласцях. Яны ёсць і ў католікаў. Мы не кажам пра нейкую манаполію. Размова ідзе пра тое, што ў Беларусі неабходна стварыць сістэму, у якой маглі б рэалізаваць свае адукацыйныя праграмы ўсе гістарычныя рэлігіі і канфесіі. — Аднак што скажуць бацькі, наконт яшчэ большай загружанасці дзяцей? І як сустрэнуць навіну школьныя педагогі, якія не толькі выхоўваліся ў атэістычным грамадстве, але і на сваіх уроках часта адмаўляюць існаванне Бога? — На мой погляд, рэальнай перагружанасці дзяцей у школе няма і вучэбны план там дастаткова збалансаваны. Пацвярджэнне таму — скаргі многіх бацькоў на скарачэнне шэрагу дысцыплін. Думаю, сацыялагічнае апытанне пацвердзіла б гэта. У верасні 2009 года падчас ток-шоу "Выбар" у прамым эфіры на пытанне "Ці неабходная вашым дзецям духоўная адукацыя?" 88 працэнтаў гледачоў адказала: "Так". Цікава і тое, што сярод іх былі атэісты. Гэтыя людзі ўпэўненыя, што іх дзіця атрымае нейкую прышчэпку маралі і мудрасці, калі будзе наведваць такія ўрокі. І ніхто не перажываў наконт дадатковай нагрузкі. Наадварот, многія аддалі б перавагу таму, каб іх дзіця было трохі загружана такімі ўрокамі, чым праседжвала гэты час у інтэрнэце. Што датычыцца настаўнікаў, сапраўды, частка іх трымаецца атэістычных поглядаў. Але другая частка — вітае выкладанне ў школе рэлігійнай культуры. Мы кантактуем з рознымі школамі і бачым, наколькі дырэктары і настаўнікі самі з задавальненнем прыходзяць на нашы сустрэчы, прыводзяць сваіх уласных дзяцей. Таму тут не адбудзецца гульні ў адны вароты. Будуць як станоўчыя, так і адмоўныя водгукі, але яны будуць да таго часу, пакуль мы не паспрабуем, пакуль не пакажам, што ў духоўнай адукацыі няма нічога страшнага. Калі вы не хочаце, каб ваша дзіця наведвала такія ўрокі, альбо калі вы не хочаце выкладаць такі прадмет — калі ласка. Таму вельмі важна, каб урокі рэлігійнай культуры выкладалі настаўнікі, якія зацікаўленыя ў поспеху праекта. Мы настойваем на тым, каб права выкладаць прадмет мелі педагогі, якія атрымалі, умоўна кажучы, двайны сертыфікат: і дзяржавы, і Царквы, ад імя якой урокі заяўленыя. Каб яны не казалі дзецям ерасі і свайго нічым не абгрунтаванага меркавання. Мы тут не вынаходзім веласіпед, такая схема працуе ва ўсёй Еўропе. — Які эканамічны аспект гэтага пытання? Сёння шмат кажуць пра эканомію дзяржаўнага бю- джэту, шукаюць розныя для гэтага спосабы, школьнае навучанне скарацілі на год, а тут прапануецца ўвесці новы прадмет, які нават у рамках эксперыменту запатрабуе дадатковых выдаткаў. — Так, але, па-першае, на душах дзяцей, іх псіхічным, духоўным здароўі эканоміць нельга. Па-другое, нельга эканоміць на гуманітарнай бяспецы дзяржавы. Для прыкладу нагадаю Германію пасля Другой сусветнай вайны. Калі вы пачытаеце біяграфію Конрада Адэнаўэра, і паглядзіце, якімі метадамі ён выцягваў разбураную Федэратыўную Рэспубліку Германія з таго стану, у якім яна знаходзілася да моманту яго прыходу на пасаду канцлера, то ўбачыце, што эканомія была ва ўсім, але менавіта ў той час традыцыйныя Цэрквы атрымліваюць у Германіі карт-бланш. Працягваецца выкладанне асноў рэлігіі ў школах, дзяржава фінансуе багаслоўскія факультэты, і самае цікавае — ствараецца сетка лютэранскіх і каталіцкіх акадэмій для міран. Хрысціянская этыка, пакладзеная Адэнаўэрам у аснову грамадскага ладу, забяспечыла няўхільнае і паспяховае эканамічнае развіццё Германіі і вярнула вагу краіне на міжнароднай арэне. У нас сітуацыя зусім не такая, якая была ў пасляваеннай Германіі, і я думаю, што сродкі на тое, каб увесці ў школах урокі рэлігійнай культуры, знойдуцца. Тут важна памятаць, што мы адказныя перад бацькамі — падаткаплацельшчыкамі, за чые сродкі ўтрымліваецца школа. І яны павінны мець права на такія ўрокі для сваіх дзяцей у рамках школьнай праграмы. Да таго ж, падчас трохгадовага эксперыменту з'явіцца магчымасць намацаць і фінансавы механізм ўвядзення такога прадмету ва ўсіх школах краіны. Разам з тым важна разумець, што праект рэлігійнага складніка ў сістэме дзяржаўнай адукацыі — гэта не жэст павагі ў бок Царквы, не даніна традыцыі, а жорсткі прагматызм, самая блізкая мера па развіцці і ўмацаванні айчыннага гуманітарнага фону. Сучасны глабалізаваны свет, асабліва пад уздзеяннем фінансавага крызісу, шукае новыя шляхі эканамічнай актыўнасці. Гэтыя шляхі суправаджаюцца інтэнсіўнай міграцыяй спецыялістаў. Хутка мы будзем сведкамі вельмі моцных узаемных інвестыцый. Усё гэта надзвычай наблізіць розныя культуры адна да адной. І больш моцнай можа аказацца якраз тая, што апынецца на чужой тэрыторыі — гэтую тэндэнцыю даўно заўважылі сацыёлагі. Іншая культура і рэлігійнасць можа ўзбагаціць, а можа і паглынуць, растварыць нас у сабе. Мы не павінны баяцца гэтай сустрэчы, бо гэта — натуральны ход развіцця сучаснай цывілізацыі. Але калі мы хочам вітаць у сябе з'яўленне іншых культур і пры гэтым не згубіць свайго твару, сваёй ідэнтычнасці ветлівых, але ўпэўненых у сабе гаспадароў сваёй зямлі, — тады нам трэба культываваць нашу традыцыйную рэлігійнасць. З іншага боку, гэта патрэбна, каб выключыць сутыкненні на міжэтнічнай, міжрэлігійнай глебе. Калі мы не навучым сваіх дзяцей ведаць і паважаць сваю культуру і рэлігію, яны не змогуць з павагай ставіцца да чужой, і самі акажуцца не вартыя павагі. — Ці можам мы казаць пра нейкія тэрміны? — Так, мы гатовыя былі б пачаць эксперымент ужо з 1 верасня. Або з пачатку трэцяй вучэбнай чвэрці. Самае позняе — з 1 верасня 2011 года. Усе гэтыя тэрміны Царкве па сілах, цяпер слова за дзяржавай і грамадскасцю. Размаўляла Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Царква адкрывае дыскусію вакол выкладання рэлігіі ў школе 26 мая ў Мінску адкрыліся XVІ Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія Чытанні, якія прысвечаныя тэме ўвядзення ў... |
|