Родам з Ляхавіч
26.06.2010
—
Новости Общества
|
![]() На міжнароднай навуковай канферэнцыі згадваліся цікавыя факты з жыцця раманіста Сяргея Пясецкага Хоць канферэнцыі цыкла “Знакамітыя мінчане”, прысвечаныя дзеячам культуры Мінска і Міншчыны ХІХ–ХХ стагоддзяў, праводзяцца штогод і матэрыялы іх абавязкова выдаюцца, ды колькасць удзельнікаў павялічваецца. І кола асобаў, вартых дакладаў, пашыраецца. Раней гэта былі людзі літаратурнага, мастацкага, навуковага беларуска-польскага памежжа, а сёлета аб’ектам увагі сталі Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Алесь Салагуб, Карусь Каганец і Лукаш Калюга… На кожнай падобнай канферэнцыі стыхійна засяроджваецца ўвага вакол “чалавека года”. Летась, скажам, такой асобай стаў папулярны польскі пісьменнік Мельхіёр Ваньковіч. Ён нарадзіўся ў вёсцы Калужыцы цяперашняга Бярэзінскага раёна, доўгі час жыў у Мінску ў будынку ля цяперашняга Дома-музея свайго славутага родзіча-мастака. А сёлета героем дня стаў пісьменнік з незвычайнай біяграфіяй, ураджэнец Ляхавіч Сяргей Пясецкі. Яму былі прысвечаны ажно тры даклады: прафесара з Вроцлава Здзіслава Вінніцкага і беларускіх навукоўцаў Алеся Бразгунова і Анатоля Вялікага. Пясецкі і сапраўды асоба неардынарная, таленавітая. Ён доўга жыў у Мінску, добра ведаў камароўскае крымінальнае і напаўкрымінальнае асяроддзе, праўдзіва апісанае потым у яго раманах. Гэты чалавек не раз праходзіў каля Ракава савецка-польскую мяжу. За гэта і быў пасаджаны пажыццёва ў польскую турму. І вось там вывучыў польскую мову, ды настолькі дасканала, што стаў пісаць на ёй напаўдакументальныя раманы. Рукапіс аднаго з іх, “Каханка Вялікай Мядзведзіцы”, трапіў у рукі Мельхіёра Ваньковіча, якому тады належала прасавецкае выдавецтва “Рой”. Ацаніўшы перспектывы, Ваньковіч пайшоў з рукапісам да самога прэзідэнта Польшчы Ігнація Масціцкага — і вязень выйшаў на волю, а потым пераехаў у Англію. Між іншым, яго “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” быў перакладзены на 14 моваў, у тым ліку на беларускую. Збеларушчаны і раманы “Імгла” (на Камароўцы) і “Запіскі савецкага афіцэра”. Не абышлося на канферэнцыі і без сенсацый: цёмнаскурая студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Анджэлін Туфкрэо на бездакорнай беларускай мове выступіла з дакладам “Вінцэнт Якуб Дунін-Марцінкевіч і яго наступнікі: вынікі вывучэння біяграфій і некаторыя асацыяцыі”, які выклікаў дыскусію. Яно і зразумела: пры свежым поглядзе на праблему заўважна тое спрэчнае, што ў нашым літаратуразнаўстве лічылася канчатковай ісцінай. Адам Мальдзіс Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На міжнароднай навуковай канферэнцыі згадваліся цікавыя факты з жыцця раманіста Сяргея ПясецкагаХоць канферэнцыі цыкла “Знакамітыя мінчане”, прысвечаныя...
|
|