Віншаванняў — вялікі букет
26.06.2010
—
Новости Общества
|
![]() Гукі духавых аркестраў заўсёды вельмі яркі, кранальны акорд розных урачыстасцяў. “Асабліва гарачы для нас месяц май, — усміхаецца дырыжор аднаго з такіх калектываў, маёр Мікалай Калашмай. — Шчыльны графік выступленняў: бывала, удзельнічалі ў двух-трох мерапрыемствах штодзень. Скажам, будучыя чыгуначнікі, навучэнцы каледжа, высаджвалі ў Мінску алею з 65 дрэваў у гонар Перамогі — і мы стваралі там добры настрой. Працавалі на ўрачыстасці ў Доме культуры чыгуначнікаў, дзе ўшаноўвалі ветэранаў, гралі і на адкрыцці сезона на Дзіцячай чыгунцы… Шмат было выступленняў на адкрытых пляцоўках для ветэранаў, пад час масавых гулянняў у горадзе”. Усяго ж за час майскіх святаў духавы аркестр Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выступаў больш за пятнаццаць разоў. Ён створаны на базе Камандна-інжынернага інстытута ў 1998 годзе, і Мікалай Мікалаевіч кіруе ім з самага пачатку. Родам дырыжор з Кіеўшчыны, да музыкі цягнуўся з дзяцінства, і вось, закончыўшы ў Мінску Інстытут культуры, стаў ваенным музыкантам. Спачатку, расказвае, у “музычнай камандзе” гралі курсанты, цяпер пад яго кіраўніцтвам шэсць прапаршчыкаў. “Мы ўсе з вышэйшай адукацыяй!” — дадае з гонарам. У кабінеце дырыжора шмат розных дыпломаў, грамат, прызоў. Музыканты — жаданыя госці як на маладзёжных святах, так і на ўрачыстасцях для ветэранаў. Асабліва ж запомнілася дырыжору “прыватнае віншаванне”: гралі для ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Марыі Чаркашынай. Якраз напярэдадні Дня Перамогі ёй спаўнялася 90 гадоў. І родныя зрабілі для яе незвычайны падарунак. Музыканты ігралі ў двары на зялёным лужку, залітым сонцам, перад домам на Лагойскім тракце, дзе жыве Марыя Пятроўна. Сам дырыжор іграў на трамбоне, былі яшчэ трубы, альт… Як аказалася, ваенным музыкантам, удзельнікам Сталінградскай бітвы быў і муж ветэранкі, Міхаіл Сцяпанавіч Чаркашын. Вярнуўся з вайны інвалідам, але доўгі час быў яшчэ “ў музычным страі”: іграў у духавым аркестры горада Ваўчанска, на Харкаўшчыне. Там і цяпер пра яго засталася добрая памяць. І сын Марыі Пятроўны, Юрый, таксама іграў на трубе. Так што, расказвала яна музыкантам, гэта вельмі шчымлівы падарунак. А іграў аркестр для яе мелодыі ваеннага часу, вядомыя маршы “Дзень Пермогі”, “Развітанне славянкі”, і нават украінскую “Чарамшыну”… Дарэчы, я пацікавіўся ў Марыі Пятроўны, ад каго яна атрымала віншаванні з нагоды Дня Перамогі і юбілею. “Віншаванняў быў вялізны букет! — бадзёрым голасам адказала ветэранка. — Даслалі мне з дзесятак паштовак: гарадскія ўлады, адміністрацыя Першамайскага раёна, савет ветэранаў, павіншавала моладзь... Я, як усе ветэраны ў Беларусі, атрымала добры грашовы падарунак ад дзяржавы, прадстаўнікі райваенкамата ўручылі юбілейны медаль, прыйшло віншаванне-трохкутнік і ад Прэзідэнта Беларусі. Нават “Белтэлекам” даслаў картку, з якой больш танна было мне віншаваць родных са святам па тэлефоне". І, вядома ж, шмат незабыўных эмоцый Марыя Пятроўна атрымала ад гукаў духавога аркестра: успомніла і вайну, і пасляваенны час. А яшчэ, дадае, уразіла маладая пара, незнаёмыя хлопец і дзяўчына: пачуўшы музыку ў двары, падышлі да ветэранкі з прыгожым букетам і віншаваннямі. У іх, як аказалася, сямейнае жыццё толькі пачынаецца. Таму яна пажадала маладажонам жыць у радасці і згодзе доўгія гады. Па гэты час на лавачцы знаёмыя, сяброўкі кажуць: “Якое гэта было свята — духавы аркестр іграў для ўсіх прама ў двары…” Іван Ждановіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Музыкай і кветкамі ўпрыгожаны май для Марыі Пятроўны Чаркашынай і іншых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны
|
|