Першае рытуальнае купанне дзіцяці
28.05.2010
—
Новости Общества
|
Важным складнікам абрадаў, якія суправаджалі пачатак чалавечага жыцця, было купанне дзіцяці. Яно знаходзілася ў строгай залежнасці ад шэрагу часовых каардынат: часу сутак, дня тыдня, аддаленасці ад даты нараджэння. Этнаграфічныя запісы мінулага сведчаць пра тое, што першае рытуальнае купанне суправаджалася шматлікімі і разнастайнымі атрыбутамі. Адны з іх былі характэрныя толькі для асобных рэгіёнаў, іншыя атрымалі паўсюднае распаўсюджванне. Іх сімвалізацыя і ўключэнне ў канву абраду засноўвалася на адным з прынцыпаў народнай культуры — прынцыпе падабенства. Так, пры купанні дзяўчынкі ў ваду клалі: дзевяць (або сорак) зярнятак жыта, каб яна вырасла здаровай і змагла нарадзіць дзіця, прадоўжыць свой род; сярэбраную або медную манету самага маленькага кошту, каб тым самым "звесці" да мінімуму працягласць і хваравітасць месячных; дадавалі свежае малако, каб твар быў белы і чысты; выкарыстоўвалі розныя гаючыя зёлкі, сабраныя на Купалле (рамонкі, чабор, падтыннік); некалькі вугольчыкаў, каб не паддавалася сурокам; пад ночвы клалі грабеньчык, верацяно, іголку, лён, каб дзяўчынка стала добрай гаспадыняй. Пры першым рытуальным купанні хлопчыка здзяйснялі прыкладна такія жа дзеянні, а ў ночвы клалі: збожжа (з той жа мэтай працягу роду); заручальны пярсцёнак бацькі: стаўшы сталым, мужчына будзе знаходзіцца па-за ахавальнай прасторай хаты (земляробства, паляванне, рыбалка), таму вакол яго ўжо ў пачатку жыцця ўзводзілі магічнае кола; у некаторых выпадках у ночвы для першага купання маглі пакласці трохі мёду, каранёў дзівасілу, сярэбраную манету, каб хлопчык быў здаровым, прыгожым і багатым; пад ночвы клалі сякеру, малаток, цвік і г.д., каб закласці навыкі, якія неабходныя добраму гаспадару. У больш позні час у некаторых рэгіёнах Беларусі пад ночвы клалі кнігу (часцей за ўсё Біблію), каб дзіця было разумным і адукаваным. Лічылася, што ў таго, хто навучыцца пісаць і лічыць, жыццё будзе лягчэй і багацей. Аксана Катовіч, Янка Крук. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Важным складнікам абрадаў, якія суправаджалі пачатак чалавечага жыцця, было купанне дзіцяці. Яно знаходзілася ў строгай залежнасці ад шэрагу часовых каардынат:... |
|