ДФР зацікавіўся распаўсюднікам беларускамоўнай прадукцыі. 21.by

ДФР зацікавіўся распаўсюднікам беларускамоўнай прадукцыі

31.05.2010 21:47 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У поле зроку фінансавай міліцыі трапіла інтэрнэт-крама «Кнігі — Поштай».

На мінулым тыдні ў сеціве з’явілася інфармацыя пра тое, што следчыя Дэпартаменту фінансавых расследаванняў выклікаюць на гутаркі кліентаў інтэрнэт-крама «Кнігі — Поштай» (knihi.net). Людзей пытаюць, з якой мэтай яны пераказвалі грошы на рахунак уладальніка інтэрнэт-крамы «Кнігі — Поштай» Яўдахі Аляксандра Анатольевіча. Пры гэтым следчыя дэманструюць спісы пакупнікоў з падрабязнымі звесткамі пра іх: пашпартныя дадзеныя, хатні адрас.

Алесь Яўдаха пра дзеянні супрацоўнікаў ДФР даведаўся ад журналістаў. Ён расказаў, што ў лютым гэтага году ў яго замовілі некалькі дзесяткаў асобнікаў кнігі «Маладафронтаўцы». «Гэта была кантрольная закупка. Зладзілі яе супрацоўнікі аддзела рэйдавых праверак Міністэрства па падатках і зборах Кастрычніцкага раёну сталіцы», — кажа А. Яўдаха. Па яго словах, яму прапанавалі праехаць у аддзяленне, дзе паказалі спіс людзей, якія дасылалі яму паштовыя пераказы. Не дачакаўшыся ад яго тлумачэнняў, распаўсюдніка адпусцілі, не склаўшы ніякіх пратаколаў.

Алесь выказвае здагадку, што праверка можа мець палітычнае адценне. Магчыма, кантралёраў зацікавіла акурат кніга «Маладафронтаўцы». Інфармацыя пра тое, што яе можна замовіць праз «Кнігі — Поштай» была змешчаная на сайце «Маладога фронту» mfront.net, кажа ён

Яўдаха падкрэслівае, што палітычнай дзейнасцю, калі не лічыць такой прасоўванне беларушчыны, ніколі не займаўся. Ён не лічыць свой занятак бізнесам: «Гэта была справа для душы. Я даваў людзям магчымасць набыць сучасную беларускамоўную літаратуру і музыку праз пошту. Найперш гэта людзі з рэгіёнаў».

Замоўленую ў інтэрнэт-краме «Кнігі — Поштай» прадукцыю пакупнікі аплачвалі праз пошту накладзеным плацяжом. Тут можна было замовіць творы айчыннай і замежнай літаратуры, навуковую літаратуру і публіцыстыку, выданні для дзяцей, айчынную музыку на роднай мове, беларускамоўныя фільмы і перакладзеныя на беларускую мову замежныя стужкі.

Музыка Лявон Вольскі, чые дыскі слухачы знаходзілі ў тым ліку і дзякуючы інтэрнэт-краме «Кнігі — Поштай», мяркуе, што ўжо сам па сабе распаўсюд беларускамоўнай прадукцыі ў сучаснай Беларусі — занятак рызыкоўны. А калі яшчэ чалавек ставіцца да гэтай справы з любоўю, то любы ўціск можа ператварыць яго ў адкрытага апазіцыянера. «І навошта гэта ўладам?» — не разумее музыка.

Філосаф Валянцін Акудовіч кажа, што дзякуючы knihi.net ягоныя кнігі прадаваліся па ўсёй Беларусі, а не толькі ў лічаных кнігарнях Мінску. «Я не бяруся ацэньваць дзейнасць гэтай інтэрнэт-крамы з эканамічнага, або палітычнага боку. Але як культурная з’ява гэты праект проста неацэнны», — кажа філосаф. Беларускамоўнай літаратуры, па яго словах, цяжка прабіцца на рынак. У дзяржаўных кнігарнях кнігі па-беларуску часта цяжка адшукаць. У такіх умовах інтэрнэт-крамы кшталту «Кнігі — Поштай» з’яўляюцца паратункам для выдаўцоў і аўтараў беларускамоўнай друкаванай прадукцыі.


Сямён Печанко

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У поле зроку фінансавай міліцыі трапіла інтэрнэт-крама «Кнігі — Поштай».
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика