Еўропа абрала Спадарожніка
01.06.2010
—
Новости Общества
|
Еўрабачанне-2010 У сёлетнім песенным конкурсе пастаўлена прадказальная кропка Не здзіўляйцеся, калі немудрагелістая песенька "Satellіte" будзе гучаць бліжэйшы год, што называецца, з усіх прасаў. Бо як бы ні круцілі носам крытыкі і эксперты, маўляў, чутны стыль "два прытопы—тры прыхлопы", аднак яшчэ да перамогі на "Еўрабачанні-2010" спявачка Лена Маер-Ландрут узарвала з дэбютным альбомам гэтага стылю ўсе музычныя чарты ў роднай Германіі. Пасля чаго, як мы і прадракалі, спрацаваў "сцэнарый Рыбака" — 19-гадовая артыстка, якая ніколі афіцыйна не навучалася акцёрскаму і вакальнаму майстэрству, ужо за некалькі месяцаў да конкурсу лічылася адной з галоўных фаварытак у букмекераў, яе кліп на YouTube праглядзелі мільёны інтэрнэт-карыстальнікаў (на сёння — больш як 13 млн праглядаў), яе рэпетыцыі ў Осла спраўна наведвалі практычна ўсе прысутныя журналісты і заўзятары, а непасрэдна пасля выступлення ў фінале менавіта яна сабрала больш за ўсіх найвышэйшых адзнак — 9. Леташні рэкорд Рыбака ў 387 балаў дзяўчыне паўтарыць не ўдалося, але і з выніковымі 246 яна ўпэўнена заняла першае месца, апярэдзіўшы бліжэйшых супернікаў — гурт з Турцыі "MaNga" — на 76 балаў. Таксама ў дзясятку лепшых, паводле галасавання тэлегледачоў і журы ва ўсіх 39 краінах — удзельніцах конкурсу, трапілі Румынія (162 балы), Данія (149), Азербайджан (145), Бельгія (143), Арменія (141), Грэцыя (140), Грузія (136) і Украіна (108). Прадстаўніку Расіі Пятру Налічу не хапіла адносна нямнога, каб увайсці ў топ-10 — з 90 баламі ён на 11-м месцы (пры тым, што букмекеры абяцалі ў лепшым выпадку 22-е)."Лав" з нямецкім акцэнтам "Я дагэтуль не веру, што гэта адбываецца са мной, — ледзьве ўтрымліваючы ў руках прызавы хрустальны мікрафон, шчыра прызналася журналістам Лена пасля паўторнага выканання сваёй пераможнай песні. — Дзякуй усім, хто тэлефанаваў і галасаваў за Германію. Калі вакол мяне закрычалі: "Лена, ты пераможца!" — я ўсё яшчэ не разумела, што адбываецца, бо вельмі многа краін яшчэ не прагаласавалі... Але не буду хаваць, перамагчы на "Еўрабачанні" — гэта вельмі, вельмі прыемна. Не скажу, што гэта галоўная падзея ўсяго жыцця, але я буду атрымліваць асалоду ад яе столькі, колькі змагу". Для Германіі ж гэта перамога вельмі значная і надзвычай прыемная яшчэ і таму, што яна — усяго толькі другая па ліку за ўсю гісторыю ўдзелу краіны ў конкурсе. (Першы раз трыумф немцы святкавалі ажно ў 1982 годзе, калі перамагла спявачка Nіcole з песняй "Eіn bіsschen Frіeden"). Дарэчы, пакуль невядома, дзе адбудзецца "Еўрабачанне-2011" — акрамя нямецкай сталіцы, сярод прэтэндэнтаў на званне гаспадара наступнага конкурсу Мюнхен, Гамбург, Кёльн і родны для Лены Маер-Ландрут Гановер... Зрэшты, ужо на гэтым тыдні мяркуецца агучыць папярэдняе рашэнне на гэты конт, а пакуль нямецкую дэлегацыю сустрэлі на радзіме фанаты харавым прыпевам з песні "Satellіte": "Love, Oh, Love, І gotta tell you how І feel about you" — "Каханне, о, каханне, я скажу табе, што адчуваю да цябе". Музычная матэматыка: 3+2=24 Для беларусаў жа сёлетняе "Еўрабачанне" сенсацыйным не атрымалася — калі толькі не меркаваць, што хтосьці ўсур'ёз разлічваў на перамогу. У паўфінале гурт "3+2", нягледзячы на маладосць і не самы вялікі сцэнічны вопыт, справіўся з хваляваннем і ўпэўнена прайшоў у фінал — як і прагназавалася. Зводная шыльда галасавання сведчыць, што Беларусь у сваім паўфінале апынулася на 9-м месцы, набраўшы 59 балаў (такую ж колькасць балаў набрала Боснія і Герцагавіна, але больш высокіх ацэнак вывелі яе на 8-е месца). Каму падзякаваць за гэты вынік? Гледачам і журы з Расіі, якія далі беларусам 12 балаў, а таксама з Малдовы (8), Партугаліі (7), Грэцыі (6), Македоніі, Латвіі і Мальты (па 5), Эстоніі (4), Польшчы (3) і нават Францыі (1). У фінале ж Арцём Міхаленка, Егіязар Фарашан, Алена і Нінель Карповічы і Юлія Шышко выканалі сваю песню "Butterflіes" практычна бездакорна, аднак на высокае месца відавочна разлічваць не маглі — занадта многа было моцных канкурэнтаў. Вынік — 24-е месца. Букмекерскія канторы прагназавалі ўвогуле апошняе, 25-е. Можа, яно так бы і атрымалася. Але для іх, як, зрэшты, і для нас саміх сталі поўнай нечаканасцю 12 балаў ад Грузіі. Усяго ж Беларусь "зарабіла" ў фінале 18 балаў — 1 ад Балгарыі, 2 ад Расіі, 3 ад Малдовы, 12 ад Грузіі. У сваю чаргу, наша краіна выказала сімпатыі Румыніі (1 бал), Ісландыі (2), Турцыі (3), Малдове (4), Арменіі (5), Азербайджану (6), Грузіі (7), Ізраілю (8), Украіне (10) і Расіі (12). Крылцамі бяк-бяк-бяк-бяк З аднаго боку, прыемна ўжо тое, што за сем гадоў удзелу ў конкурсе наша краіна двойчы ўваходзіла ў фінал. З іншага — як ні рабі добрую міну, але выніковае перадапошняе месца — гэта крыўдна. І на хвалі ўсеагульнай крыўды давялося ўбачыць на прасторах інтэрнэту не адзін дзясятак абураных меркаванняў кшталту "вось вам і славянскае братэрства, мы ім усё, а яны нам нічога!". Прабачце, шаноўныя, але галасаванне па геапалітычным прынцыпе даволі-такі надакучыла. Добрасуседскія абмены "ты — мне, я — табе" нагадваюць школьныя ацэнкі, пастаўленыя з жалю, калі ўвесь клас ведае, што "добра" ў тваім дзённіку з'явілася не таму, што адказ быў сапраўды добры, а таму, што мама ўламала настаўніка не псаваць выніковы табель... Таму радуе, што сёлета акрамя традыцыйнага суседскага абмену ласкамі, было і галасаванне за таго, хто найбольш сімпатычны. Па прыклад далёка хадзіць не трэба: краіна-пераможца конкурсу Германія не атрымала балаў толькі ад 4 краін з 38 (з улікам таго, што за сябе самога галасаваць нельга)! Усе астатнія так ці інакш выказалі сваю ўхвалу: хто — крыху нязграбнаму абаянню Лены, хто — лёгкай запамінальнай песеньцы, хто — па суме ўражанняў увогуле. Так, беларусаў не ўзнялі на больш высокае месца ні касцюмы-трансформеры з крылцамі, ні змена іміджу салістак, ні вывераная алгебрай гармонія хіта ад расійскага прадзюсара Макса Фадзеева, які паспяшаўся ўжо адхрысціцца ад выніку "3+2", ні запрошаны са Швецыі музыкант і кампазітар Роберт Уэлс. З іншага боку, гэтаксама не дапамог Арменіі славуты музыкант Джыван Гаспаран і не ўратавала Азербайджан "зорная каманда": харэограф Бейонсе, стыліст конкурсу "Топ-мадэль Амерыкі" ды рэжысёр Майкла Джэксана. Затое беларускія арганізатары ўгадалі сёлета той самы загадкавы фармат конкурсу — стаўка на песню, а не на шоу, проста выйсці і праспяваць... Можа, уся сутнасць у тым, што зноў атрымалася не зусім проста, і акцэнты зноў змясціліся ў вонкавую частку не на карысць унутранай — сэнсу, або, як модна казаць, "месэджу" песні? Можа, дарэмна пакрыўдзілі беларускіх аўтараў і даверыліся Фадзееву, які цяпер сцвярджае, што яго падманулі? Ці, як заўжды, настроіўшыся на "Еўрабачанне" як на Алімпіяду, мы чакалі занадта многага ад артыстаў і пакрыўдзіліся, хутчэй, не за іх, а за ўласныя няспраўджаныя чаканні? Значыць, трэба вучыцца на памылках — сваіх і чужых, і настройвацца аптымістычна — як на наступнае "Еўрабачанне-2011", так і на дзіцячае "Еўрабачанне-2010", што адбудзецца ўжо ў лістападзе гэтага года ў Мінску. Што за шоу без скандалу Безумоўным дасягненнем беларускіх удзельнікаў сёлета, мяркую, трэба лічыць захаванне спакойнай, добразычлівай атмасферы і стасункаў з прэсай цягам усяго конкурсу. Не было ні дэманстратыўнага выплеску крыўды, як у 2005-м, ні скандальных прызнанняў і высвятлення адносінаў, як летась... Праўда, пастфактум разгараецца скандал з Максам Фадзеевым, які абвінавачвае беларускі бок у падмане і "падробцы" песні — але тут трэба яшчэ разабрацца больш падрабязна. Яшчэ адзін са скандалаў гэтага "Еўрабачання" — недарэчны жарт наконт сэксуальнай арыентацыі леташняга пераможцы Аляксандра Рыбака. Міф аб тым, што такое прызнанне як быццам зрабіў сам спявак у сваім афіцыйным блогу, з лёгкай рукі рускамоўных журналістаў за пару дзён распаўсюдзіўся ў прэсе і стаў, бадай, самай гучнай "вуткай" сёлетняга конкурсу. Стомлены нездаровай увагай як прэсы, так і фанатаў, перад якімі менеджмент спевака вымушаны быў апраўдвацца, Аляксандр з відавочнай палёгкай перадаваў галоўны прыз — а разам з тым і немінучую хвалю самых неверагодных чутак — сёлетняй пераможцы "Еўрабачання" Лене Маер-Ландрут. Другі скандал адбыўся непасрэдна ў фінале конкурсу і зачапіў канкурсанта з Іспаніі Даніэля Дзігеса. Падчас выступлення іспанскага артыста, нягледзячы на ўзмоцненую ахову комплексу "Тэленор Арэна", на сцэну здолеў прабрацца і "паўдзельнічаць у нумары" адзін з фанатаў. У сувязі з гэтым выканаўчы прадзюсар "Еўрабачання" Свантэ Стакселіус даў Іспаніі права выступіць паўторна. У выніку канкурсант заняў 15-е месца. Што ж да парушальніка, то пазней высветлілася, што гэта Джымі Джамп, каталонскі стрыкер (стрыкеры — прафесійныя правакатары, якія звычайна выбягаюць галяком на спартыўных спаборніцтвах і прыцягваюць да сябе ўвагу). На рахунку Джампа — пранікненне на поле падчас фіналу чэмпіянату Еўропы па футболе ў 2004 годзе і паўфіналу ў 2008-м, а таксама падчас шэрагу матчаў Лігі Чэмпіёнаў, фіналу Фрэнч Опен па тэнісе 2009 года і г.д. За цяперашнюю выхадку каталонца чакае, у лепшым выпадку, грашовы штраф, а арганізатараў "Еўрабачання-2011" — галаўны боль у сэнсе максімальна прадуманай сістэмы бяспекі. Вікторыя ЦЕЛЯШУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сёлетнім песенным конкурсе пастаўлена прадказальная кропка Не здзіўляйцеся, калі немудрагелістая песенька "Satellіte" будзе гучаць бліжэйшы год, што...
|
|