Парасон у фотастудыі. 21.by

Парасон у фотастудыі

09.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Добра глядзіцца ў фотастудыі... Можна было б паставіць не тры, а дзве кропкі ды пачаць спіс розных рэчаў, а то і вядомых імёнаў, але я абмяжуюся парасонам. У фотастудыі выдатна глядзіцца мокры толькі-толькі з-пад дажджу парасон. Ён надзіва цякуча-жывы і бліскуча-нераўнадушны. Ён не супярэчыць духу студыі. Парасон напаўняе яе свежасцю. Стаю, любуюся і вачэй адарваць не магу ад упэўнена-шэрага парасона.

Свой час і Новы час Цяпер у нас cвой час. Ён запаволены, марудны, вялы, крызісны... Падобны час быў, на маёй памяці, у СССР і называўся эпохаю развітога сацыялізму. У Старым часе дыхаецца... І хацеў бы сам сябе прыспешыць, ды не атрымліваецца. Новы час надыходзіць раптоўна. Раніцай адчыняеш акно і адчуваеш вецер. І пайшло, і паехала, і пакацілася, і паімчалася... Новы час праявіўся ў Беларусі нацыянальна-вызвольнай рэвалюцыяй. Нам пашанцавала, што наш Новы час не вызначыўся крыважэрнасцю і людазабойствам. Пашанцавала. Адчыняю акно, насыпаю на падваконне сланечнікавых семак для сваіх сініц і радуюся, калі да сініц далучаецца імклівая сітаўка. Чэхаў і думы

"Ты вось зараз глынуў, але не падумаў, верагодна, што гэты глыток каштуе грошыкаў, а грошы здабываюцца працаю. Ты еш і думай..." Так герой апавядання Антона Чэхава "Незвычайны" вытлумачвае мараль свайму сыну-гімназісту. Мараль — думанне пра грошы, думанне грашыма, думанне пра капітал. Гімназісты вырастаюць і працягваюць думаць пра капейчыну. Палітык палітыкуе і думае пра грошы, журналіст піша і думае пра іх, артыст і ўсе-ўсе-ўсе жаруць дый думаюць думу-думную пра грошы. Такое вакол нас грашова-задуменнае грамадства. Нейкі час яго нібыта і не было, на нейкі час яно нібыта і спрабавала памяняцца, але эксперыменты са зменамі ў грамадстве не далі станоўчых вынікаў. Ты вось зараз пачытаеш і падумаеш пра (...) доктара Чэхава, спадзяюся. Ты падумаеш пра Антона Чэхава, які застаўся вялікім мастаком слова ў грамадстве, якое думала пра грошы. Грамадства яшчэ думала, што той, хто не думае пра капіталы, не выжыве. Чэхаў выжыў і застаўся чалавекам, бо толькі мастак здатны заставацца чалавекам сярод зграй драпежнікаў-думаннікаў пра грошы.

Навіна і праклятыя месцы для славянаў

Я набліжаўся да падземнага пераходу, што на станцыі метро "Няміга", калі затэлефанаваў сын. Ад яго і даведаўся пра авіякатастрофу, у якой загінуў прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі. Урадавая дэлегацыя ляцела з Варшавы ў Смаленск, на жалобныя ўрачыстасці. Мерапрыемства было прымеркавана да сямідзясятых угодкаў Катынскай трагедыі, у Катыні знайшлі гвалтоўную смерць тысячы польскіх вайскоўцаў. У авіякатастрофе загінула сто трыццаць два чалавекі. Я слухаў сынаў голас і глядзеў на падземны пераход, у якім задыхнуліся ў звалцы дзясяткі маладых людзей. Спрадвеку гэтае месца, дзе Няміга ўпадае ў Свіслач, лічылася праклятым, такім жа праклятым месцам для славянаў была і будзе Катынь.

Гематаген з курагою і весніцы

Замест шакаладных батончыкаў і цукерак я, часам, ем гематаген. Люблю ўзяць у аптэчнай крамцы гематаген з курагою. І калі захочацца закурыць... На падыходзе да могілак мне моцна захацелася закурыць. Раней я, звычайна, курыў непадалёк ад татавай магілы. Пастаю, пакуру, і нібыта крыху лягчэй робіцца. Цяпер не пакурыш, бо кінуў, таму вырашыў з'есці гематаген. Есці на могілках я ніколі не любіў і ніколі не разумеў тых, хто сярод крыжоў выпівае і закусвае. Стаў я каля металічных весніц і ем. Тут нейкі малады мужчына ў чорных акулярах, заходзячы на могілкі, павітаўся са мною. Мне зрабілася прыкра і няўтульна, гематаген стаў нясмачны — засалодкі. Пасля наведвання могілак мне разбалелася галава, а ўсе навокал казалі пра цудоўна-сонечны дзень.

Рыльке і творы

У "Фларэнційскім дзённіку за 1998 год" паэт Райнер Марыя Рыльке запісаў: "Бог — самы стары твор мастацтва". На мой сціплы розум варта зрабіць удакладненне: "Бог — адзін з самых старажытных твораў мастацтва".

Сініцы і заяц

Сонца зыркае, красавіцкае і ўсё яшчэ прахалоднае. Сініцы скачуць па падваконні і выпрошваюць сланечнікавых семак. Пташкі ўжо не галодныя, яны просяць семкі па звычцы. Я, зноў жа па завядзёнцы, сыплю чорныя семкі на бляшанае блакітна-нябеснае падваконне. Сініцы бяруць па семцы і ўладкоўваюцца на галіны вулічнай акуратна паабразанай ліпы. Гляджу на вялікую ліпу і згадваю пасаджаныя жонкаю ў мінулым кастрычніку тоненькія дрэўцы чарэшні. Зімою іх моцна пааб'ядаў і скалечыў заяц. Камель быў абгорнуты яловымі лапкамі і мешкавінай, таму заяц, дачакаўшыся вялікага снегу, паабгрызаў галінкі. Чарэшань шкада, як шкада і жончынай працы. Але сябе я ўяўляю менавіта зайцам, які лютаўскай марознай ноччу прабіраецца па высокіх сумётах у вёску Сёмкава, на вуліцу Бэзавая і вячэрае салодкімі галінкамі.

Хармс і кончык языка

"Калі дзяржаву прыпадобніць да чалавечага арганізма, дык на выпадак вайны я хацеў бы жыць у пятцы", — напісаў Данііл Хармс у 1937 годзе, пэўна ж, пісаў ён, адчуваючы, што на свет насоўваецца вялікая вайна. Не ведаю, што насоўваецца на наш змучаны тэрорам і антытэрорам свет, але, калі на Еўропу насунулася вулканічнае воблака і ўсе чакалі насоўвання папяловага воблака на Беларусь, я задумаўся над ваенным жаданнем Хармса. Ён хацеў бы стаць душою, якая ад страху хаваецца ў пяткі. Я? "Калі Беларусь параўнаць з чалавечым целам, дык у час вайны я хацеў бы стаць кончыкам языка, які прыкусваюць, каб ператрываць невыносны боль".

Адам ГЛОБУС.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Добра глядзіцца ў фотастудыі... Можна было б паставіць не тры, а дзве кропкі ды пачаць спіс розных рэчаў, а то і вядомых імёнаў, але я абмяжуюся парасонам. У...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика