In memoriam. Вячаслаў Станішэўскі
17.06.2010 21:27
—
Новости Общества
|
На 79-м годзе пайшоў з жыцьця Вячаслаў Станішэўскі, старшыня Менскага гарадзкога аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій», аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў пра рэпрэсіі, раскулачваньне, кандыдат тэхнічных навук, які шмат гадоў выкладаў у Тэхналягічным унівэрсытэце.
Бацькі Вячаслава Станішэўскага яшчэ да ягонага нараджэньня ў ліку першых заможных сялянаў былі раскулачаныя ў 1930 годзе і зь першым эшалёнам накіраваныя ў горад Котлас Архангельскай вобласьці. Вячаслаў Станішэўскі нарадзіўся ў 1932 годзе на спэцпасяленьні Макарыха ў Архангельскай вобласьці. Калі яму быў адзін год, ён страціў бацьку, за адзін тыдзень у Макарысе загінулі тры ягоныя браты… Журналіст і выдавец Яраслаў Чапля ўжо ў 1990-м наведаў край, дзе загінулі тысячы беларусаў, напісаў пра гэта шмат артыкулаў і кнігу: «З роднай зямлі ні за што забраныя, вывезеныя ў чужы край, дзе былі галодныя, халодныя… Выжылі, вярнуліся. І тут, па-расейску кажучы, былі «изгоями», і ўсё гэта трэба было вытрымаць, трэба было перанесьці… Мэтай свайго жыцьця ўжо пасьля вяртаньня ён паставіў захаваць у людзях памяць аб тым, што ён перанёс, што перанесла ўсё яго пакаленьне». Лёс зьлітаваўся над сям’ёй Станішэўскіх, і, дзякуючы мясцовым жыхарам Поўначы, Вячаслаў застаўся ў жывых і працягнуў дынастыю таленавітага, працавітага роду Станішэўскіх па бацьку і Ўлашчыкаў па маці. Распавядае зямлячка і калега Станішэўскага па грамадзкай дзейнасьці Зінаіда Тарасевіч: «З гэтага роду выйшлі 2 дактары навук, 9 кандыдатаў навук, сярод іх і Вячаслаў Мікалаевіч Станішэўскі. Працуючы ў Тэхналягічным інстытуце, ён як дасьледчык, выконваючы свой грамадзянскі, прафэсійны абавязак, паралельна заняўся вельмі карыснай, унікальнай справай — сабраў радаслоўнае дрэва свайго роду аж да 11-га пакаленьня. Са 123 чалавек роду Станішэўскіх 116, а гэта значыць — 94,3%, былі рэпрэсаваныя. А з роду Ўлашчыкаў — 60% загінулых прыходзіцца на палітычны тэрор і 40% — на Другую ўсясьветную вайну. Вячаслаў Станішэўскі напісаў кнігі «Радаслоўная Станішэўскіх», «Радавод сям’і Ўлашчыкаў», «Боль скрозь гады». На працягу апошніх 10 гадоў ачольваў Менскае гарадзкое аддзяленьне грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій». Ён не прапусьціў ніводных «Дзядоў», ніводнай талакі ў Курапатах. Узгадвае журналіст і выдавец Яраслаў Чапля: «Калі я пісаў кнігу пра раскулачваньне на Беларусі, ён мне вельмі дапамог. І нават такі факт цікавы я выкарыстаў, што ён, калі пачаў займацца вывучэньнем свайго радаводу, высьветліў, што па лініях маці і бацькі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій сталі 150 чалавек. Гэта ў адной сям’і. І гэта ж генафонд нацыі! Ён быў вельмі інтэлігентным, вельмі спакойным чалавекам, не мітынговым. Але рабіў усё, каб дапамагчы. Калі я зьвярнуўся да яго па дапамогу як да сьведкі раскулачваньня, ён зьвязаўся з Котласам, з Архангельскам, знайшоў людзей, якія мне тэлефанавалі, давалі інфармацыю, сустракалі мяне ў Котласе, вазілі і расказвалі. Ён быў ня толькі зацікаўлены, але і вельмі кантактны. Ён пісаў у многія газэты, і ягоныя нататкі друкавалі, таму што ён пісаў жыва, цікава… Вельмі шкада, што ня селі мы зь ім, не зачыніліся на некалькі сутак. Ён бы шмат парасказваў, з адных ягоных расповедаў кніжка выйшла б. Вечная памяць…» Вячаслаў Станішэўскі пахаваны на Паўночных могілках. У яго засталіся дарослыя дзеці — сын Іван і дачка Марына, якія працягваюць справу бацькі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На 79-м годзе пайшоў з жыцьця Вячаслаў Станішэўскі, старшыня Менскага гарадзкога аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных...
|
|