Як праехаць на Станцыю Тэхнічнага пАдману?. 21.by

Як праехаць на Станцыю Тэхнічнага пАдману?

01.07.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Усё менш і менш застаецца кіроўцаў, якія спрабуюць быць аўтамеханікамі для сваіх "жалезных коней". Большасць карыстаюцца паслугамі станцый тэхнічнага абслугоўвання (далей — СТА), балазе недахопу ў іх сёння няма, і тым самым эканомяць уласны час. Што не заўсёды можна сказаць пра грошы і нервы, бо далёка не ўсе работнікі СТА, пра што сведчаць гісторыі нашых чытачоў, з'яўляюцца ўзорам сумленнасці. Завышаюць кошты, выстаўляюць рахунак за тыя работы, праводзіць якія аўтаўладальнік не прасіў, бесцырымонна "футболяць" кліента, спрабуючы любымі спосабамі ўхіліцца ад адказнасці...

"Футболілі мяне, як мяч, з адной арганізацыі ў другую"

— У маім "Фіяце Скуда" пачало працякаць масла, — распавядае Ігар Яўгенавіч Міхайлоўскі з Мінска. — Неадкладна звярнуўся ў адну са сталічных прыватных СТА. Там сказалі, што прычына ў турбакампрэсары. Знялі яго і прапанавалі занесці ў суседняе прадпрыемства, якое спецыялізуецца на рамонце турбакампрэсараў. Самі ж, у сваю чаргу, абавязаліся ўстанавіць спраўную дэталь.

Сказана — зроблена. У выніку рамонт турбакампрэсара абышоўся Ігару Яўгенавічу амаль у 700 тысяч рублёў, 1 млн 750 тысяч рублёў (хоць квітанцыя аб аплаце была выпісана на меншую суму — 1 млн 404 тысячы рублёў) давялося выкласці за паслугі па зняцці і ўстаноўцы дэталі.

— Задаволены я выехаў з СТА. Але праз 20 кіламетраў ад маёй радасці нічога не засталося — машына задымела. Давялося выклікаць эвакуатар і вяртацца назад. Механікі імгненна паставілі "Фіяту" дыягназ — вам проста не адрамантавалі як след турбакампрэсар. "Турбіншчыкі" ж, у сваю чаргу, канстатавалі, што паломка адбылася з-за таго, што нехта няправільна ўстанавіў спраўную дэталь.

Ігар Яўгенавіч папрасіў як мага хутчэй вярнуць яму аўтамабіль. Не пытанне, але вам давядзецца заплаціць яшчэ 924 тысячы за паўторнае зняцце і ўстаноўку дэталі, — пачуў ён у адказ.

— Я абурыўся. А работнікі СТА не разгубіліся і пачалі пагражаць мне, пужаць... А я ж вайну прайшоў... Нічога не заставалася, як звярнуцца ў таварыства абароны правоў спажыўцоў, дзе мне дапамаглі скласці прэтэнзію ў адрас рамонтнай арганізацыі. Толькі пасля гэтага механікі бясплатна ліквідавалі недахопы сваёй работы і, нарэшце, вярнулі мне машыну, без якой давялося абыходзіцца амаль месяц.

Па каментар мы звярнуліся да начальніка юрыдычнага аддзела ГА "Спажывец" Аляксандра КАЖАМЯЧОНКА:

— Часам, як і ў прыведзеным выпадку, "прафесіяналы" незаконна патрабуюць грошы за ліквідацыю недахопаў, зробленых сваімі ж рукамі. Па законе ж (у адпаведнасці з падпунктам 1.1 артыкула 31 Закона "Аб абароне правоў спажыўцоў") пры выяўленні недахопаў на працягу гарантыйнага тэрміну спажывец мае поўнае права на бясплатную іх ліквідацыю. За выключэннем тых выпадкаў, калі будзе даказана, што хібы ўзніклі ў выніку парушэння спажыўцом правілаў эксплуатацыі альбо ўздзеяння на аўтамабіль трэціх асобаў ці непераадольнай сілы. Пры гэтым цяжар даказвання ляжыць на выканаўцы, а не на спажыўцу. Больш за тое, згодна з пунктам 4 згаданага артыкула, спажывец таксама мае права патрабаваць поўнай кампенсацыі выдаткаў, нанесеных яму ў сувязі з недахопамі выкананай работы. Самі ж недахопы, у адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 32 Закона "Аб абароне правоў спажыўцоў", павінны быць ліквідаваныя на працягу 14 дзён, калі больш працяглы тэрмін не агавораны пагадненнем бакоў.

"Здалі машыну ў рамонт — патрабуйце заяву!"

Спадар М. (прозвішча наўмысна не называем, бо суд яшчэ не вынес канчатковага рашэння), таксама стаў ахвярай несумленных, так ён прынамсі сцвярджае, работнікаў СТА. Перадаў механікам для рамонту арыгінальную дэталь аўтамабіля. Калі прыехаў забіраць, то адразу ж западозрыў няладнае: на турбакампрэсары, які яму вярнулі, не было рэгістрацыйнага нумару. Выказаў свае здагадкі аб падмене дэталі выканаўцам. Апошнія пачалі пераконваць кліента ў тым, што нумар сцёрся падчас рамонту. Калі ж зразумелі, што аўтаўладальнік не лыкам шыты, падстрахавалі сябе дакументальна: у арыгінале заявы (у якой спажывец першапачаткова называе мэту свайго звароту ў рамонтную арганізацыю) дапісалі, што турбакампрэсар быў перададзены без рэгістрацыйнага нумара.

Слова юрысту:

— Даказаць праўду спажыўца было б прасцей, калі б арыгінал заявы быў у яго на руках, — адзначыў Аляксандр Кажамячонак. — Па правілах гэта заява наогул павінна афармляцца ў адным экзэмпляры, рэгістравацца ў спецыяльным журнале і аддавацца спажыўцу. Як паказвае практыка, у большасці выпадкаў усе арганізацыі заяву пакідаюць сабе. І тыя з іх, што з ліку несумленных, ставяць дадатковыя галачкі альбо дапісваюць у вольныя графы ўсё, што ім уздумаецца. А пасля паспрабуй тое, што замацавана тваім жа подпісам, аспрэчыць. Таму ў мяне адна парада: здалі машыну ў рамонт — патрабуйце заяву!

Ад аўтара.

Давайце ўявім сітуацыю: не паспела я ад'ехаць ад шынамантажу, як пярэдняе кола майго аўтамабіля адвалілася і пакацілася на сустрэчную паласу. У выніку ланцужковай рэакцыі пацярпела шмат машын. Прыехалі інспектары ДАІ і сказалі, што я з'яўляюся віноўнікам ДТЗ. Расстроеная, вяртаюся на СТА, а мне ў адказ на прэтэнзіі адказваюць спакойным голасам: "Пакажыце, калі ласка, чэк. Як я магу быць упэўнены, што вы абслугоўваліся менавіта ў нас..." Вось як, аказваецца, важна быць прадбачлівым! Але чамусьці мы пра гэта ўзгадваем вельмі позна...

Адным словам, шаноўныя аўтаўладальнікі, сумленных вам механікаў і бяспечных дарог.

Надзея ДРЫЛА.

Святлана ТУМАШЭВІЧ, начальнік упраўлення каардынацыі і арганізацыі кантрольнай работы Мінскай абласной падатковай інспекцыі:

"Паслугі СТА — на кантролі ў падатковых органаў"

— Падатковыя інспекцыі вобласці сёлета праверылі прадпрымальнікаў, якія аказваюць паслугі па тэхнічным абслугоўванні і рамонце транспартных сродкаў і прадаюць запасныя часткі да аўтамабіляў. Падчас праверак выявілі розныя парушэнні. Найбольш папулярнае — ажыццяўленне фізічнымі асобамі прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка (выявілі 50 нелегалаў, пяць з іх прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці, астатнім вынесены папярэджанні). А гэта значыць, што гэтыя грамадзяне не толькі не плацяць падаткі ў бюджэт, але і не нясуць ніякай адказнасці за праведзены рамонт аўтамабіля.

Часта на СТА ажыццяўляюць рамонт з выкарыстаннем "левых" запасных частак, без дакументаў, якія пацвярджаюць легальнасць іх набыцця, а, значыць, не могуць гарантаваць якасці рамонту. Не заўсёды на станцыі абслугоўвання прымаюць грашовыя сродкі за выкананыя работы з выкарыстаннем касавага падсумоўваючага апарата, а гэта значыць, што ў выпадку няякаснага рамонту складана будзе прад'явіць прэтэнзіі выканаўцу.

Па выніках праверак дадаткова пералічана ў бюджэт больш за 500 мільёнаў рублёў, больш як на 180 мільёнаў рублёў арыштавана таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 65 службовых асобаў. Мы заклікаем апошніх строга выконваць заканадаўства, якое рэгламентуе дзейнасць у гэтай сферы. А грамадзян, якія карыстаюцца іх паслугамі, праяўляць высокую грамадзянскую пазіцыю — патрабаваць дакументы, якія пацвярджаюць аплату (касавы чэк), легальнасць, якасць работ, аказаных паслуг (акт выкананых работ, афармленне заказ-нарадаў). Бо гэта не толькі пытанне папаўнення казны дзяржавы за кошт паступлення падаткаў, але і пытанне нашай з вамі бяспекі, якая залежыць у тым ліку і ад своечасовага тэхнічнага абслугоўвання і якаснага рамонту транспартных сродкаў.

Аўтаўладальнікам для занатоўкі:

Ездзіце толькі на правераныя СТА;

Перад паездкай на СТА, калі чакаецца складаны рамонт, варта пракансультавацца ў дасведчаных аўтаўладальнікаў ці незалежных майстроў. Шмат карыснай інфармацыі можна атрымаць на аўтафорумах;

Не паказвайце механіку сваю некампетэнтнасць у пытаннях рамонту. Не трэба задаваць пытанняў накшталт "Ну што, зусім дрэнна?" ці "Можна гэта хоць неяк выправіць?". Калі вы не маеце ўяўлення аб сваёй паломцы, лепш прамаўчыце, і майстар сам скажа, у чым прычына;

Не перашкодзіць нечакана наведаць СТА, асабліва калі аўтамабіль пакідаецца на станцыі на працяглы тэрмін, каб паглядзець, як ідуць работы. Гэта пераканае рамонтнікаў у тым, што з такім аўтаўладальнікам лепш не жартаваць, бо незразумела, калі ён з'явіцца зноў і ці атрымаецца схаваць падман;

Забіраць машыну з рамонту лепш самастойна, каб пераканацца, што ўсе работы выкананыя якасна і ў поўным аб'ёме. Жанчынам жа, якіх у аўтасэрвісе падманваюць больш бесцырымонна, чым мужчын, не перашкодзіла б узяць з сабой, напрыклад, мужа.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усё менш і менш застаецца кіроўцаў, якія спрабуюць быць аўтамеханікамі для сваіх "жалезных коней". Большасць карыстаюцца паслугамі станцый тэхнічнага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика