Чарка пазбаўляе кампенсацый. 21.by

Чарка пазбаўляе кампенсацый

01.07.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Зарабіць грошы — задача заўсёды вартая. Аднак яшчэ не галоўная, бо не менш важна вярнуцца з працы дадому, як кажуць, жывым і здаровым. На жаль, гэта атрымліваецца не заўсёды, прынамсі, статыстыка сведчыць, што летась пры выкананні прафесійных абавязкаў у Беларусі пацярпелі 2792 работнікі. І хоць паказчык вытворчага траўматызму за апошнія пяць гадоў зменшыўся ці не ўдвая, сама па сабе праблема застаецца вострай. А адсюль — і цікавасць да чарговай інтэрактыўнай канферэнцыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у якой узялі удзел дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Анатоль Пятровіч Садаўнічы, першы намеснік дырэктара дэпартамента Аляксандр Уладзіміравіч Семіч, а таксама начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Іван Аляксандравіч Карчэўскі.

@   На якія выплаты можа разлічваць работнік у выніку няшчаснага здарэння на вытворчасці?

— Калі траўма прызнаная вытворчай, то выплаты робяцца за кошт сродкаў страхавання ад няшчасных здарэнняў на вытворчасці і складаюцца з: дапамогі па часовай непрацаздольнасці, якая прызначаецца ў сувязі са страхавым выпадкам; даплат да сярэднямесячнага заробку пры неабходнасці часовага пераводу на больш лёгкую і ніжэйаплатную работу да моманту аднаўлення працаздольнасці або яе трывалай страты; аднаразовай страхавой выплаты пацярпеламу або ў выпадку смерці работніка — членам яго сям'і; штомесячнай страхавой выплаты пацярпеламу (або ў выпадку смерці — членам яго сям'і) на дадатковыя выдаткі на медыцынскую, сацыяльную і прафесійную рэабілітацыю (на меддапамогу на тэрыторыі нашай краіны, на набыццё лекаў, вырабаў сродкаў догляду, дадатковае харчаванне, тэхнічныя сродкі рэабілітацыі, санаторна-курортнае лячэнне, прафесійнае навучанне ці перанавучанне і г.д.).

Пры гэтым аплата дадатковых выдаткаў (за выключэннем выдаткаў на лячэнне ў Беларусі непасрэдна пасля няшчаснага здарэння на вытворчасці і да аднаўлення працаздольнасці ці яе трывалай страты) робіцца пры ўмове, што неабходнасць пэўных відаў дапамогі і забеспячэння вызначыць медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія. А непасрэдна парадак і памеры аплаты рэгулююцца спецыяльным Палажэннем, якое зацверджана пастановай Савета Міністраў ад 10 кастрычніка 2003 года № 1300.

І яшчэ адна заўвага. Варта мець на ўвазе, што кампенсацыя страчанага заробку па грамадзянска-прававым дагаворы, паводле якога страхаванню ад няшчасных здарэнняў работнік не падлягае, а таксама ў частцы выплаты аўтарскага ўзнагароджання, на якое не налічаныя страхавыя ўзносы, павінна здзяйсняцца за кошт таго, хто нанёс урон.

@   Ці мае права работнік, які пацярпеў на вытворчасці, на кампенсацыю маральнага ўрону?

— Мае. Пры гэтым сам памер кампенсацыі маральнага ўрону, як правіла, вызначаецца ў судовым парадку.

@Ці праўда, што траўмы работнікаў, якія знаходзяцца ў стадыі алкагольнага ап'янення, будуць лічыцца невытворчымі?

— Праўда. З 1 ліпеня ў выпадку, калі адзінай прычынай пашкоджання здароўя стала ўжыванне алкагольных напояў, наркатычных, псіхатропных ці таксічных сродкаў (пры ўмове, што гэта пацвярджаецца ў вызначаным парадку арганізацыяй аховы здароўя), траўмы на працоўных месцах лічацца невытворчымі. Дагэтуль было крыху па-іншаму: у прыватнасці, няшчасныя здарэнні са смяротным зыходам, якія адбыліся па гэтых прычынах, лічыліся вытворчымі.

@   Наколькі актуальнай застаецца праблема п'янства на працоўных месцах?

— На жаль, гэта праблема ўсё яшчэ актуальная. Дастаткова сказаць, што летась за распіццё спіртных напояў на працоўным месцы ці ў працоўны час былі скасаваныя 3959 кантрактаў, і ў тым ліку з адным кіраўніком арганізацыі, а таксама з 60 кіраўнікамі структурных падраздзяленняў і іх намеснікамі. Прычым адначасова пазбавіліся працоўных месцаў 23 службовыя асобы, якія спрабавалі "пакрыць" сваіх падначаленых. І такі жорсткі падыход зусім не выпадковы. Дастаткова сказаць, што ўжо сёлета ў 6,7 працэнта выпадкаў вытворчага траўматызму з цяжкім і 26,7 працэнта выпадкаў са смяротным зыходам не абышлося без алкагольнага ап'янення.

@   Ці трэба праводзіць расследаванні няшчасных здарэнняў падчас службовых камандзіровак?

— Зноў жа з 1 ліпеня некаторыя падыходы тут змяняюцца. Так, цяпер трэба расследаваць няшчасныя здарэнні, якія адбыліся з работнікам не толькі на тэрыторыі наймальніка ці страхавальніка, але і ў іншым месцы выканання працоўных абавязкаў. І ў тым ліку ў службовай камандзіроўцы, па шляху ў службовую камандзіроўку і падчас вяртання з яе, па-першае, на транспарце агульнага карыстання (апроч транспарту агульнага карыстання, які здзяйсняе гарадскія перавозкі); па-другое, — на транспарце арганізацыі, наймальніка, страхавальніка; па-трэцяе, — на асабістым транспартным сродку ў выпадку яго выкарыстання ў службовых мэтах на падставе дагавора паміж работнікам, арганізацыяй, наймальнікам, страхавальнікам: па-чацвёртае, — на іншым транспарце (пры перамяшчэнні ад населенага пункта, дзе знаходзіцца месца пастаяннай працы, да населенага пункта, які з'яўляецца месцам камандзіроўкі) і, па-пятае, — пры перамяшчэнні на транспарце агульнага карыстання, які здзяйсняе гарадскія перавозкі ці пры перамяшчэнні пешшу ў межах населенага пункта ад месца высадкі з транспартнага сродку і да месца службовай камандзіроўкі, а таксама ад месца службовай камандзіроўкі і да месца пасадкі.

@   Ці лічыцца вытворчай траўма, якую атрымаў работнік па дарозе дадому?

— Вытворчым у такім выпадку будзе лічыцца толькі няшчаснае здарэнне, якое адбылося падчас вяртання з працы на транспарце наймальніка або страхавальніка.

@   Ці лічыцца вытворчай траўмай псіхалагічны ўрон — скажам, стрэс у выніку несправядлівага стаўлення кіраўніцтва?

— У прынцыпе, кваліфікацыя падобнага інцыдэнту як вытворчага магчымая. Аднак толькі пры ўмове, што псіхалагічны ўрон, які нанёс працадаўца, пацягнуў за сабой неабходнасць пераводу на іншую працу і часовую (не менш чым на дзень) страту непрацаздольнасці на падставе медыцынскага заключэння.

@   Якую адказнасць нясуць наймальнікі ў выпадку няшчасных здарэнняў на вытворчасці?

— Паводле артыкула 9.17 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі, прамысловай санітарыі і іншых правілаў па ахове працы наймальнікам ці асобай, адказнай за іх выкананне, накладваецца штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічыняў, а на юрыдычную асобу — да 300 базавых велічыняў. Прычым тое ж парушэнне, здзейсненае паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання, можа закончыцца штрафам ад 30 да 50, а для юрасобы — да 400 базавых велічыняў.

@   Нетыповы выпадак, і тым не менш: ці лічыцца вытворчай траўма, якую атрымаў работнік падчас бойкі са сваім калегам?

— Няшчасныя здарэнні лічацца невытворчымі пры пашкоджанні здароўя ў выніку супрацьпраўных дзеянняў (і ў тым ліку маецца на ўвазе крадзеж і ўгон транспартных сродкаў) і ў выніку наўмыснага пашкоджання ўласнага здароўя (спроба самагубства, членашкодніцтва і г.д.). Аднак пры гэтым сам факт тых жа супрацьпраўных дзеянняў павінен быць пацверджаны судом.

@   Ці можна выставіць 25-працэнтную ступень віны пацярпеламу, які праігнараваў інструкцыю па ахове працы і атрымаў траўму на працоўным месцы ў выніку невыкарыстання ахоўных акуляраў?

— Можна. Калі грубая неасцярожнасць пацярпелага аказалася прычынай пашкоджання здароўя або павелічэння ўрону здароўю, то пры расследаванні няшчаснага здарэння вызначаецца ступень віны работніка ў працэнтах. Прычым пад грубай неасцярожнасцю маецца на ўвазе парушэнне агульнапрынятых і агульнаўсталяваных правілаў, правілаў унутранага працоўнага распарадку, інструкцый па ахове працы.

@   Што рабіць, калі былі спыненыя выплаты пенсіі па інваліднасці, якая была атрыманая на вытворчасці?

— У такім выпадку неабходна звяртацца ў структурнае падраздзяленне Белдзяржстраха.

@   Якія прафесійныя хваробы найбольш распаўсюджаныя ў Беларусі?

— Аналіз Міністэрства аховы здароўя сведчыць, што найбольш распаўсюджанымі прафесійнымі хваробамі з'яўляюцца тугавухасць (36 працэнтаў выпадкаў) і бранхіт (26 працэнтаў). Прычым часцей за ўсё прафзахворванні рэгіструюцца ў машынабудаванні і нафтахімічнай прамысловасці.

@   Якія страты нясе наша эканоміка ў выніку вытворчага траўматызму?

— Толькі дзве лічбы. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, летась з-за траўматызму на вытворчасці ў Беларусі было страчана 101,8 тыс. чалавека-дзён, а агульная сума страхавых выплат пацярпелым склала 148,2 млрд рублёў.

Сяргей ГРЫБ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зарабіць грошы — задача заўсёды вартая. Аднак яшчэ не галоўная, бо не менш важна вярнуцца з працы дадому, як кажуць, жывым і здаровым. На жаль, гэта атрымліваецца не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика