Дзякуй вам, сосны. 21.by

Дзякуй вам, сосны

13.07.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чаму ў пасляваеннай вёсцы на iх малiлiся жанчыны?

Захапляцца лесам я магу бясконца, у любую пару года, з самай ранiцы да ночы, быў бы толькi час i магчымасць. Безумоўна, гэта тлумачыцца i тым, што маё дзяцiнства арганiчна звязана з iм, бо наша вёска большай сваёй часткай выходзiла то на бярозавыя гаi, то на звонкiя сасоннiкi, то на задуменныя дубровы. I натуральна, што апантаны любоўю да лесу я застаўся на ўсё жыццё. I гэты мой роздум – працяг гаворкi пра лес, канкрэтна пра сасну, якую пачаў у «Р» за 12 чэрвеня.

Ах, якi рос бор

Кiламетры за чатыры ад маёй роднай вёскi Пешкi моцна i ўпэўнена разыходзiўся на дзiва чысты, здаровы сасновы бор. Мясцовыя жыхары называлi яго Бiчава, не ведаю, адкуль узялося такое дзiўнае iмя. Старыя людзi расказвалi, што навакол ужо няма такой моцнай i стройнай сасны, як у Бiчава, i гэты бор нiхто не кранаў. Сапраўды, тут сосны раслi, як на падбор, i мы, вясковыя дзецi, калi збiралi ў бары чарнiцы, былi ўражаны i зачараваны iмi.

I вось як толькi скончылася вайна, аднойчы стала вядома: у Бiчава спецыяльна адвялi дзялянку i кожнай сем’i з нашай вёскi дазваляецца там зрэзаць не больш як дзесяць сосен i прывезцi на сваё папялiшча. Чаму так мала? Ды таму, што, калi з гэтых сосен уся вёска будзе будаваць хату поўнасцю, ад Бiчава нiчога не застанецца. Таму вырашана класцi гэтыя сосны ў зруб толькi да вокнаў, вянцы чатыры, якiя атрымлiваюцца суцэльныя, бо сосны былi вельмi доўгiя.

Наша шматдзетная сям’я таксама атрымала сваю «долю» з цудоўных соснаў Бiчава.

На што малiлiся жанчыны

Я i цяпер добра памятаю, як летам на дзвюх парах калёс вазiў бацька даўжэзныя сосны за чатыры кiламетры да нашага двара. Наша худая кабылка Каштанка ўпiралася з усiх сiл, але ж часта спынялася, так цяжка было цягнуць сасну даўжынёй метраў пад 30. Мне было млосна ад спякоты, ледзь трымалi ногi, але ж я, паўгалодны, неяк цярпеў i не дазваляў сабе хоць на некалькi хвiлiн забрацца на калёсы i крыху спачыць, не дазваляў сабе гэтага i бацька, хаця ў яго былi хворыя ногi.

Затое якая радасць, калi мужыкi пад дружныя «ўзялi!» звальвалi сосны на зямлю каля нашага двара, яны потым ляжалi па абодва бакi ўздоўж вясковай вулiцы. I былi яны тады для гаротных людзей мо даражэй за ўсё на свеце, жанчыны ажно малiлiся на iх. Усе ведалi: ёсць сосны – будуць i хаты.

А хата стаiць

З тае пары мiнула шэсцьдзесят пяць гадоў. Даўно пайшлi ўжо з жыцця i мае бацькi, i тыя мужыкi, якiя дружнай талакой будавалi хаты. Многае кардынальна змянiлася ў маiх родных Пешках, як i ў многiх тысячах беларускiх вёсак. А наша хата стаiць. Нiхто ў ёй не жыве, на жаль, пустуюць i iншыя вясковыя хаты. Зусiм побач, на цэнтральнай сядзiбе СВК «Боркi», вырас i расшыраецца сучасны аграгарадок. Гэтыя ж сасновыя хаты, у якiх людзi знайшлi пасля вайны прытулак, як дарагая i хвалюючая памяць. Пра цяжкiя пасляваенныя гады, пра першыя жыццёвыя радасцi, пра вясёлую, хаця i нялёгкую талаку. I, канешне, пра цудоўны сасновы бор Бiчава, якi пасля вайны так выручыў нашых вяскоўцаў.

Хто запалiў такi «касцёр»

А зараз вярнуся ў вёску, дзе мы пабудавалi хату i цяпер жывём з ранняй вясны да позняй восенi. Вёска ля самага лесу, i ён дорыць нам шмат цiкавага. На жаль, не заўсёды прыемнага.

…Вось дык з’ява – тры сасонкi выраслi сярод травы на лузе. Быццам iм не хапiла месца побач у лесе, i вырашылi яны асобна жыць тут, на зялёнай прасторы, дзе летам так весела i светла. Праўда, перабiрацца занадта далёка ад сваiх старэйшых родзiчаў пабаялiся, адышлi ўсяго метраў сто. Мы з унукам заўсёды радавалiся, глядзелi на iх: сасонкi — як родныя сястрычкi, нават падобныя адна на адну: гонкiя, з акуратнымi, быццам падстрыжанымi, яшчэ зусiм маладымi вершалiнкамi. Нават i ў рост iшлi яны дружна, не жадаючы адставаць адна ад адной.

Аднойчы мы, iдучы летам праз той самы луг, спынiлiся ўтрапеныя: адна з трох сасонак стаяла поўнасцю абгарэлая. Не было нi прыгожай вершалiны, нi гонкiх галiнак, замест iх тырчэлi мёртвыя сучкi, i сасонка нагадвала чорны шкiлет. I як жа цяжка было ўспрымаць гэта ў вясёлы чэрвеньскi дзень, напоўнены звонкiмi i бесклапотнымi птушынымi галасамi, сярод зялёнага разнатраўя i мноства кветак! Здавалася, што i дзве астатнiя сасонкi спахмурнелi, стаялi ў невыказнай жалобе з-за таго гора, якое напаткала родную сятрычку i iх самiх…

Хто ж мог замахнуцца на маладое дрэўца? Мяркуючы па слядах, вялiкiм папялiшчы ад кастра, што чарнела недалёка, смеццi i пустых пластмасавых бутэльках у траве, тут весялiлася маладая кампанiя. I, канешне, яна прыязджала з горада, бо вяскоўцы, добра ведаю, не дазволiлi б сабе загубiць такую прыгожую сасонку. А гарадскiя, вiдаць пад добрым хмяльком, рашылi пазабавiцца тым, што падпалiлi жывое дрэўца, каб палюбавацца такiм незвычайным «кастром».

I багацце, i прыгажосць

Цi ж варта ўжо так перажываць за адну сасонку, скажа iншы чытач, iх жа так многа ў нашых лясах. Варта. Па-першае, нi ў якiм разе нельга без вострай патрэбы губiць дрэва, якое ўжо вырасла. Па-другое, гутарка iдзе пра сасну, самую каштоўную пароду ў беларускiх лясах, якая па сваiм народнагаспадарчым значэннi даўно i адназначна займае першае месца ў нашых лясах. Цi ж многа ў iх соснаў, як яны сябе адчуваюць? Гутару з загадчыкам профiльнай лабараторыi Iнстытута лесу НАН рэспублiкi (Гомель) Валерыем Грымашэвiчам.

— Сасна займае больш палавiны ўсёй плошчы нашых лясоў, — расказвае ён. – Гэта 4 мiльёны гектараў. Запас яе драўнiны амаль 850 мiльёнаў кубаметраў, што складае звыш 55 працэнтаў запасаў драўнiны ўсiх нашых лясных парод. Неацэннае прыроднае багацце, якое мы павiнны берагчы i памнажаць.

Малавата ў нас спелых i перастойных сасоннiкаў – толькi крыху больш за 298 тысяч гектараў, або 7 працэнтаў ад усёй плошчы сасновых лясоў. А трэба, каб была iх чвэрць. Каб дасягнуць спелага ўзросту, сасна расце 90 гадоў. Канешне, чалавек дапамагае гэтаму дрэву: цяпер на долю рукатворных сасновых пасадак прыходзiцца амаль 37 працэнтаў ад усёй плошчы сасновых лясоў.

Найбольш распаўсюджаныя ў Беларусi сасоннiкi – iмшаныя, чарнiчныя, верасковыя. Назвы iх гавораць самi за сябе. Ёсць сасоннiкi арляковыя, калi пад дрэвамi расце папараць-арляк. Мы па праву ганарымся цудоўнымi эталонамi нашых сасновых бароў, якiя дбайна стварыла матулька-прырода. Самыя прыгожыя i каштоўныя – у Белавежскай пушчы, ёсць i ў Нацыянальным парку «Прыпяцкi».

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму ў пасляваеннай вёсцы на iх малiлiся жанчыны?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика