Чаму дзяцей у школах вучаць былыя двоечнікі і троечнікі. 21.by

Чаму дзяцей у школах вучаць былыя двоечнікі і троечнікі

02.08.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чаму вучань атрымлівае на іспыце ў школе 8–9 балаў з 10, а праз тыдзень на тэсце — 12–15 балаў са 100.Яўген Барысавіч Лівянт — аўтарытэтны рэпетытар, які легальна працуе з 2001 года, выкладчык матэматыкі і фізікі, рыхтуе штогод каля сотні вучняў. Да таго ж ён — тэлезорка: некалькі разоў яго запрашалі ў якасці эксперта на тэлешоу «Выбар». На размову са спадаром Яўгенам натхнілі вынікі цэнтралізаванага тэставання па фізіцы (73% абітурыентаў атрымалі менш за 20 балаў) і матэматыцы (62,5% абітурыентаў атрымалі менш за 20 балаў).

Катастрофа школьнай адукацыі? Дрэннае выкладанне? Дрэнныя вучні? І гэта, і не толькі гэта, мяркуе Яўген Лівянт.

«Я павінен быць удзячны Міністэрству адукацыі: з кожным годам у нас, рэпетытараў, усё больш працы»

— Спадар Яўген, якія школьнікі сёння звяртаюцца да вас як да рэпетытара?

— Як правіла, узровень ведаў у большасці сучасных школьнікаў вельмі нізкі. І з кожным годам ён робіцца ўсё ніжэйшы. Я павінен быць удзячны Міністэрству адукацыі: з кожным годам у нас, рэпетытараў, усё больш працы! У Мінску засталося літаральна 5–6 школ, дзе больш-менш прыстойны ўзровень ведаў па матэматыцы. Што датычна фізікі, то практычна ні ў аднаго вучня ніякіх ведаў па фізіцы няма. Калі прыходзіць вучань займацца да мяне матэматыкай, я стараюся выявіць яго пачатковы ўзровень, каб было ад чаго адштурхоўвацца.

Калі ж прыходзіць вучань займацца фізікай, я ні пра што яго не пытаюся, бо ведаю, што ён нічога не ведае.

І вельмі рэдка моцна здзіўляюся, калі вучань усё ж нешта ведае. Сёлета з некалькіх дзясяткаў маіх вучняў па фізіцы нешта ведаў адзін.

— Вашы словы пацвярджаюць стабільна нізкія вынікі на цэнтралізаваным тэставанні па згаданых прадметах…

— Ну так, бо падае таксама ўзровень настаўнікаў. Добрыя настаўнікі, якіх раней было вельмі шмат, альбо сыходзяць на пенсію, альбо ў рэпетытары. А на іхняе месца прыходзяць выпускнікі педінстытутаў. Гэта ў асноўнай масе нават не троечнікі, а двоечнікі. Пра гэта гавораць прахадныя балы ў педагагічныя ВНУ — як у Мінску, так і ў іншых гарадах. Яны ў сярэднім — 150–160 балаў з 400. Палічым. Сярэдні бал атэстата ў Мінску — 70–80. Атрымліваецца, што на трох тэстах, якія засталіся, вучань набірае недзе 70 балаў.

Значыць, на адным тэсце ён набірае 20–25 балаў. Гэта ўзровень двоечніка, у лепшым выпадку троечніка!

Зразумела, што ніякая вучоба ў інстытуце не зробіць з двоечніка выдатнага выкладчыка! Раней было інакш. Хоць і тады ў педінстытут ішлі не толькі лепшыя вучні, але і харашысты, і рэдка калі троечнікі.

— А чаму атрымліваецца так, што на выпускных іспытах у школе дзеці атрымліваюць высокія балы — 8, 9 (з дзесяці). А праз колькі тыдняў на цэнтралізаваным тэставанні — 12, 15, 18 (са ста)?..

— Калі б іспыты ў школе адбываліся так, як павінны, нікога б не здзівілі такія нізкія вынікі на цэнтралізаваным тэставанні. П

ра тое, што іспыты ў школах — гэта, можна сказаць, прафанацыя, ведаюць усе, хто працуе ў сістэме адукацыі.

Магчыма, многія робяць выгляд, што яны гэтага не ведаюць. Як праходзіць іспыт, скажам, па матэматыцы? Ёсць зборнікі экзаменацыйных матэрыялаў па матэматыцы, яны выдадзеныя. Афіцыйна выдадзеныя рашальнікі гэтых задач. Таксама шырока распаўсюджаныя і прадаюцца рашальнікі ў выглядзе шпаргалак. Калі вучань ідзе на іспыт — ён заўжды мае такі рашальнік. Рашальнік схаваны ў яго ў кішэні, ён жа схаваны за батарэяй у калідоры, ён жа схаваны ў прыбіральні, гэты ж рашальнік маюць і бацькі, якія сядзяць у суседнім пакоі з кавай-гарбатай. І яшчэ гэтыя рашальнікі маюць настаўнікі. Схемаў некалькі. Першая — настаўнік шчыра дае вучням спісаць. Прычым ён кантралюе, каб «шасцёрачнік» не спісаў на дзясятку. А вось калі вучань ідзе на медаль — у гэтым выпадку ён абавязкова пасля іспыта застанецца ў школе, ягоная праца будзе вычытаная ўсімі выкладчыкамі.

Усе пымылкі будуць выпраўленыя, а калі выпраўленняў будзе больш чым трэба, праца будзе ахайна перапісаная вучнем.

У некаторых школах так нахабна не спісваюць. Тады вучань чакае, пакуль настаўнік выйдзе. Альбо сам выходзіць — у прыбіральню ці пад’есці (гэта дазваляецца). І нават калі ў школе ёсць правяральнікі, гэта не праблема, бо і яны ўсё ведаюць, усё разумеюць.

«Тэст цягнецца тры гадзіны, але палова вучняў сыходзіць у першыя паўгадзіны»

— Спадар Яўген, калі «ўсе ўсё ведаюць», навошта гэта?

— Я і сам не разумею! Гэта сакрэт палішынеля! А пасля прыходзяць вынікі тэставання — і ўсё робіцца зразумелым. У гэтым годзе тэставанне было самае простае і карэктнае за ўсе папярэднія гады, цалкам у межах школьнай праграмы. А сярэдні бал быў ніжэйшы, чым раней: па рэспубліцы 18 па фізіцы і 21 па матэматыцы!

— Але ж гэта — блізка да нуля!..

— А вы ведаеце, што тэст цягнецца тры гадзіны, але палова ўсіх абітурыентаў сыходзіць у першыя паўгадзіны? Чаму яны не змагаюцца?!

А таму, што яны ў прынцыпе не разумеюць, пра што ідзе гаворка ў тэсце!

Гэта адзіная прычына, чаму можа сысці абітурыент: словы, якія ён бачыць, не стыкуюцца ў сказы і тэкст. Таму ён наўздагад расстаўляе значкі, рашае самае простае, што ведае, — і сыходзіць. А праз гадзіну ў аўдыторыі застаецца 20–30% абітурыентаў, і так — усе апошнія гады.

— Недаверлівы чытач пра вашы расповеды пра спісванне на іспытах скажа: нібыта са свечкай стаяў! Адкуль у вас такія сакрэтныя звесткі??

— Ніякі гэта не сакрэт! Гэта нейкая дурацкая гульня! Я разумею, калі людзі ашукваюць адно аднаго з нейкім сэнсам — скажам, гуляючы ў карты. Які сэнс ашукваць тут? Далі вы вучню спісаць, паставілі «восем» — а праз тыдзень ён атрымаў на тэставанні 14 балаў са 100 магчымых. Які сэнс? Мае словы можна праверыць двума спосабамі. Першы спосаб — нечакана прыйсці ў школу і даць вучням напісаць кантрольную. Другі — няхай чытачы «Звязды» (вучні, настаўнікі, бацькі…) дашлюць у рэдакцыю свае водгукі, як праходзяць іспыты ў школе. Думаю, вы атрымаеце гісторыі, цікавейшыя за мае.

— Ад вучняў, якія праходзілі тэставанне, даводзілася чуць: там вельмі складана, мы гэта ў школе не праходзілі. Ці сапраўды выходзяць заданні на тэстах за межы школьнай праграмы?

— Выходзяць — у тым сэнсе, што ў школе яны нічога не рашаюць. Не таму, што гэта не ўваходзіць у школьную праграму, а таму, што на ўроках вучні гэтым не займаюцца. Прывяду вам просты прыклад: у тэстах гэтага года палова абітурыентаў не адказала на пытанне, у якіх адзінках вымяраецца напружанне! Хоць, мне расказвалі вучні, на некалькі заданняў вышэй была фраза (у іншай задачы): «Напружанне ў ланцугу 220 вольт…» І гэта — не ўсе выпускнікі школ, а толькі тыя, каму для паступлення трэба здаваць фізіку, яны мусілі рыхтавацца.

«На выпускніках гэтага года выпрабавалі 4 рэформы адукацыі. Што ад іх патрабаваць?»

— А хто ў такім выпадку паступае ва ўніверсітэты, калі на тэстах усе такія дурні і пішуць на 18 балаў?

— Для мяне таксама загадка: навошта вышэйшая адукацыя для чалавека, які набірае такія нізкія балы? Нельга браць такіх вучняў ва ўніверсітэт! Універсітэт — гэта не дзіцячы садок, дзе вучаць з нуля. Без пэўнага ўзроўню ведаў там рабіць няма чаго. Мне нядаўна расказаў знаёмы дацэнт універсітэта рэальны выпадак. Студэнт здае іспыт. У яго пытанне — трэці закон тэрмадынамікі, дзе гаворыцца, што «тэмпература 0 К (чытаецца: „нуль Кельвін“ — Г.Л.) недасягальная». Студэнт вымавіў гэтую фразу так: «Тэмпература О’кей — недасягальная»… А бачылі б вы, колькі памылак робяць студэнты, калі пішуць нейкія заявы ў дэканаце…

— Як вы мяркуеце, ці можа сёння школа — без рэпетытараў — падрыхтаваць вучня да годнага паступлення ва ўніверсітэт?

— У нас усе дыскусіі пра адукацыю зводзяцца да пытанняў «Вы „за“ ці „супраць“ школьнай формы?», «Вы „за“ ці „супраць“ тэставання?» Усе гавораць пра форму — і ніхто не кажа пра змест. Узровень настаўнікаў падае, адпаведна падае іх аўтарытэт, адпаведна фарміруецца стаўленне вучняў да прадмета. Падручнікі — катастрафічныя. Праграмы — часам вельмі дзіўныя… (на гэтым месцы спадар Яўген доўга і падрабязна прыводзіць прыклады)

— Недаверлівы чытач зноўку закіне вам: вось, які ён разумны, усё яму дрэнна. А чаму не прапануе, як палепшыць сітуацыю?

— Я, дарэчы, таксама не люблю людзей, якія кажуць, як усё дрэнна і нічога не прапаноўваюць. Але сітуацыя ў адукацыі настолькі дрэнная, што нейкі просты чароўны рэцэпт ужо складана прапанаваць. Гэта павінен быць комплекс мерапрыемстваў на дзяржаўным узроўні, каб нешта змяніць: падручнікі, праграмы, заробак настаўнікам, узровень падрыхтоўкі настаўнікаў, бюракратыя ў школе… Такой бюракратыі не было ніколі! Калі я заканчваў школу, а пасля прыйшоў працаваць маладым настаўнікам, у кожнай школе была медсястра, у многіх школах — лекар, зубны кабінет. І была адна сакратарка, якая часам нешта стукала на савецкай друкарцы. Цяпер у Мінску адна медсястра на тры школы, ніякіх лекараў.

Затое ў кожнай школе ёсць машбюро, у якім 3–4 чалавекі на сучаснай тэхніцы сядзяць і цэлымі днямі друкуюць ды памнажаюць дакументы.

Дырэктар і завуч, замест таго, каб арганізоўваць навучальны працэс, таксама большую частку часу працуюць з дакументамі! Тое самае — псіхолагі і сацыяльныя педагогі! А доследы паказваць перасталі, лабараторныя работы праводзяцца тэарэтычна…

— Але што рабіць з гэтымі ганебнымі вынікамі тэстаў — 15–20 балаў?

— Сістэма тэставання — гэта адзіная сістэма ў нашай адукацыі, якая працуе добра, яна празрыстая і некарумпаваная.

Ёсць два варыянты развіцця падзей. Першы, неверагодны: людзі, якія праводзілі гэтыя бясконцыя рэформы адукацыі… Патлумачу адразу, чаму «бясконцыя». Выпускнікі гэтага года пайшлі ў школу ў нулявы клас (а не ў першы). Затым яны з 4 класа пераскочылі ў шосты. Потым яны два гады вучыліся ў дзявятым класе. Потым яны з дзявятага пераскочылі ў адзінаццаты, дзе прайшлі матэрыял двух апошніх класаў за адзін год. Што хацець ад гэтых дзяцей?! Яны як паддоследныя сабакі! На іх выпрабавалі 4 рэформы! А рэформа — гэта не толькі змена класаў, гэта — змена праграм, змена падручнікаў!.. Дык вось, першы варыянт неверагодны: людзі, якія праводзілі ўсе гэтыя рэформы, прызнаюцца, што яны загубілі нашу вельмі нядрэнную сістэму адукацыі, прызнаюць сваю памылку, што трэба нешта змяняць. Другі варыянт — разбіць люстэрка, то бок — знішчыць сістэму тэставання. І ўсё — вынікі будуць добрыя. Увогуле, я лічу, што ў нас вельмі багатая дзяржава — дазваляе сабе ўтрымліваць такую армію правяральнікаў. Прыводжу прыклад. Да маёй калегі-настаўніцы прыйшлі правяраць арфаграфічны рэжым. Аказваецца, што раней трэба было пісаць «Сшытак па матэматыцы» ў адзін радок, а цяпер — у два. Ці наадварот — не памятаю ўжо. Сядзяць і правяраюць гэта. Ці яшчэ. Вучань павінен хатняе заданне запісваць у дзённік з вялікай літары, а настаўнік у класны журнал — з маленькай. І вось сядзяць гэтыя трутні — і правяраюць гэтую ахінею, за дзяржаўныя грошы! Разумееце — гэта самае важнае, з якой літары пісаць заданне!.. Альбо яшчэ. Да маёй знаёмай настаўніцы прыйшлі правяраць «Дзённік класнага кіраўніка». І вось у яе запісана: «Прыборка кабінета».

І правяраючы ёй зрабіў заўвагу: «Няправільна, трэба было запісаць: «Працоўная акцыя — прыборка кабінета». Вось на што часам скіраваная энергія чыноўнікаў.

Крынiца: Глеб Лабадзенка, Звязда

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму вучань атрымлівае на іспыце ў школе 8–9 балаў з 10, а праз тыдзень на тэсце — 12–15 балаў са 100.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика