Чаму раней было менш дзіцячых капрызаў
11.08.2010 11:06
—
Новости Общества
|
Кажуць, што кожнае новае пакаленне разумнейшае за папярэднікаў. Можа з-за такой упэўненасці мы і не карыстаемся вопытам папярэднікаў і таму здабываем сабе новыя праблемы, многіх з якіх удавалася пазбягаць нашым продкам.
— Відаць, людзі не разумеюць, што нічога не пачынаецца з нуля. Гэта ў нейкай галіне можна ствараць новае. А ўвогуле жыццё трымаецца на папярэднім вопыце. Традыцыі маюць вялікае значэнне, — заўважае кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Любоў Ракава. Нашы продкі былі мудрэйшымі за нас. Яны карысталіся той сістэмай выхавання дзяцей, якая складвалася стагоддзямі. Мо таму і праблем з дзецьмі ў іх было менш. А мы чытаем усялякія разумныя кніжкі, шукаем парады на дзіцячых пляцоўках і інтэрнэт-форумах, і так не можам разабрацца з самымі простымі пытаннямі. Пройдземся па некаторых. Дзіця не есць Гэта цяпер расце пакаленне маленькіх капрызуноў, якіх нават прыходзіцца заганяць за стол, угаворваць, некаторыя сучасныя мамы і цэлы спектакль разыгрываюць, толькі б малое паела. А раней? Якія могуць быць забавы падчас ежы? Размаўляць за сталом лічылася непрыстойным, гэтак жа як і размахваць рукамі ў час гутаркі. Калі раптам падчас ежы хтосьці з дзяцей пачынаў "гулі", за гэта можна было без усялякіх папярэджванняў атрымаць лыжкай па лбе. Раней дзіця не магло пад'есці тады, калі яму ўздумаецца, не прынята было, каб яно само ўзяло хлеб і адрэзала сабе кавалак. Ды і разважаць пра харчовыя густы дзецям не было калі, калі яны раслі ў вялікай сям'і. Нікому на талеркі асобна не накладалася. На стол ставіўся чыгунок з ежай для ўсіх, раздаваліся лыжкі — і кожны стараўся як мог. Калектыўнае харчаванне, калі лыжкі стукалі па пасудзіне, стымулявала апетыт. Праблем з кармленнем не было не толькі таму, што ежы было няшмат, існавала паважлівае стаўленне да прадуктаў. Да хлеба былі амаль рэлігійныя адносіны, калі яго кавалачкі выпадкова падалі, трэба было прасіць за тое ў Бога прабачэння. Акрамя таго, дзеці яшчэ і бачылі, адкуль бяруцца прадукты, як цяжка іх здабыць, бо самі змалку дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Не было ў беларусаў праблемы поўных людзей, а ўсё з-за ўкладу жыцця (абмежаванасць ежы, яе натуральнасць і загружанасць працай). Беларусы былі вельмі гасціннымі. Калі да іх прыходзілі госці, яны выстаўлялі ўсё лепшае. Лічылася: "госць — гэта Бог у дом". У той жа час нават на святах ніхто не напіваўся, часам за вяселле пілі не больш чым па тры чаркі. Сціпласць была характэрнай рысай беларусаў. — У чалавека, што прыйшоў з вяселля, знаёмыя пыталіся, як пачаставаўся, а той адказваў. "Так сабе, бо прымусу не было". У нас быў асаблівы этыкет. Напрыклад, калі дзецям, што прыйшлі ў чужую хату, прапануюць пачастунак, трэба адмаўляцца, узяць можна было, калі гаспадыня надта ўжо настойвае, як быццам прымушае. У дзяцінстве я нават пацярпела з-за такой традыцыі. У нашу вёску прыехалі капаць бульбу салдаты, і ўсе дзеці, цікаўныя, круціліся вакол іх. На вогнішчы яны гатавалі сабе вячэру і прапанавалі дзецям пачаставацца блінамі. Мне так хацелася, але я па традыцыі адмовілася, другой прапановы не было. Я прыйшла дамоў і расплакалася, — узгадвае Любоў Васільеўна. Ашчадна дзеці ставіліся і да вопраткі, бо тады ніхто не спадзяваўся на абноўкі. Новае шылі толькі да Вялікадня. Каб зберагчы абутак, нават ужо дарослыя дзяўчаты, калі ішлі ў царкву, боты неслі за спінай, а апраналі іх толькі, калі набліжаліся да храма. Не было раней у беларусаў і такой звычкі, як задорваць дзяцей падарункамі. Дні нараджэння тады ніхто не адзначаў, многія людзі нават дакладна не ведалі дату сваіх народзінаў. Толькі ў канцы ХІХ, больш у ХХ стагоддзі стала ўваходзіць святкаванне Новага года, і тое гэта свята было больш цікавым гараджанам. Асноўным святам, на якое адорвалі дзяцей, быў Вялікдзень, калі прыходзілі хросныя бацькі альбо калі да іх хадзілі "за ларцом" (так называлі падарунак, гэта маглі быць яйкі, булкі, нейкія дробныя рэчы). Да гэтага свята і бацькі стараліся нешта новенькае набыць дзецям. — А як вы лічыце, гэта добра было, што дзяцей не песцілі падарункамі? — цікаўлюся ў даследчыцы. — Гэта выпрацоўвала стойкасць да жыцця, непатрабавальнасць, людзі абыходзіліся малым і не было лішніх прычын для суму. А цяпер, бывае, бацькі купяць падарунак, а дзеці крыўдуюць, бо хацелі іншае. Ведаю выпадак, калі сын прасіў ў маці матацыкл, калі яна яго не купіла — павесіўся. Нам падаецца, што пры дапамозе цацак і прысмакаў мы можам кіраваць дзецьмі, абяцаем, што набудзем новы "кіндарсюрпрыз" узамен на добрыя паводзіны ці добры ўчынак. Але хто тут яшчэ кім кіруе: мы дзецьмі ці яны намі? Вось і падышлі да другога пытання. Калі дзіця не слухаецца, не паважае бацькоў Надзвычай моцнай была ў беларусаў традыцыя павагі да бацькоў, іх аўтарытэт быў бясспрэчны. Раней нават казалі: "Бацька і маці ад Бога ў хаце". Калі ў доме з'яўляліся госці, дзеці не павінны былі замінаць, яны альбо ішлі з пакоя, альбо сядзелі ціха, малыя не крычалі, не насіліся, і не ўмешваліся ў размову дарослых. Маленькія беларусы звярталіся да бацькоў на "Вы", нават, калі яны вырасталі, працягвалі падпарадкоўвацца слову маці і бацькі. З самых маленькіх гадоў дзецям закладвалася паважлівае стаўленне да ўсіх дарослых. Выхаванне дзяцей не было справай адной канкрэтнай сямейнай пары. Трывалымі былі сваяцкія сувязі, калі прадстаўнікі роду падтрымлівалі адно аднаго. Вялікім быў і культ продкаў. Сваякі, што жылі ў гэтай жа вёсцы (ды і не толькі сваякі, проста суседзі) кантралявалі дзяцей, калі тыя нешта дрэннае рабілі, гэта даводзілася да бацькоў. — У вёсцы адно аднаго ведалі, і кожны стараўся паводзіць сябе пэўным чынам. А сёння большасць людзей для нас на вуліцы — незнаёмыя і гэтая ананімнасць — таксама перашкода ў выхаванні дзяцей, — заўважае Любоў Ракава. — Цяпер вельмі мала сем'яў, якія жывуць разам з дзядулем і бабуляй. А іх роля ў выхаванні дзяцей была вялікая. Занятым працай бацькам патрэбна была дапамога, і сталыя людзі даглядалі дзяцей. Бабуля і казку раскажа, і гісторыі з жыцця павучальныя. Старыя маглі навучаць малых і справам. Калі яны яшчэ мелі сілу, завіхаліся па гаспадарцы. Дзядуля мог віць вяроўкі, рабіць нейкія прылады, бабуля — прасці і ткаць, а побач круціліся ўнукі. Тут таксама адбывалася перадача традыцый. А яшчэ дзеці бачылі, як да бабулі і дзядулі ставяцца іх бацькі, вучыліся на прыкладах. Нават казка ёсць пра тое, як жанчына карміла свайго старэнькага бацьку з драўлянай міскі ў запечку. Але глядзіць — яе малы сын майструе міску, пытаецца, навошта. Калі хлопчык адказаў, што будзе яе гэтак жа карміць, як яна дзядулю, жанчына перамянілася. Перайманне традыцый ішло натуральным чынам, дзеці проста бачылі, якія стасункі наладжаныя паміж дарослымі і дзецьмі ў сям'і, у сваякоў. У вялікай сям'і быў яшчэ адзін плюс, выхаваўчы. Калі дзяцей шмат, кожны стараецца паводзіць сябе добра, каб не пазбавіцца спадчыны альбо яе долі. Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя палова сем'яў была складанай — значыць, разам жылі некалькі сем'яў, гэта маглі быць не толькі бацькі і іх сыны са сваімі жонкамі, але і пляменнікі, стрыечныя браты, цёткі. Па традыцыі беларусы ніколі не кідалі бацькоў: калі тыя станавіліся нямоглымі, іх даглядалі сыны, найчасцей малодшы (лічылася, што ён ідзе ў корань). Не кідаліся і адзінокія сваякі, у сям'ю маглі браць нават далёкую сваячку. Пражыванне не родных — таксама было традыцыяй беларусаў, у хаце маглі пражываць і настаўнікі дзяцей (у больш заможных сем'ях настаўнікі жылі нават па некалькі гадоў). Прынята было дапамагаць адно аднаму, прычым не толькі людзям, якія жывуць у адной хаце, але і сваякам, хросным, суседзям. Не ведае, чым заняцца Гэта сучасныя дзяўчаты могуць не ўмець гатаваць. А ранейшыя нявесты ўмелі ўсё рабіць па гаспадарцы. І гэта пры тым, што фізіялагічная спеласць у іх наступала куды пазней, чым у сучасніц. Часам васемнаццацігадовая дзяўчына выходзіла замуж нават тады, калі ў яе яшчэ "не было на рубашцы" (не было месячных). І гаспадынь, гэтак жа як і гаспадароў пачыналі рыхтаваць з самага юнага ўзросту. Гэта сёння малыя могуць "даставаць" сваю маці таму, што не ведаюць, чым заняцца. А раней усе былі занятыя справамі, улетку і часу на адпачынак не хапала. Даручэнні па гаспадарцы даваліся нават двух-трохгадовым карапузікам, малым дазвалялася мець уласны міні-агарод, дзе яны самі вырашалі, што вырошчваць. Ужо ў 16-18 гадоў дзеці ўмелі ўсё рабіць па гаспадарцы. У час сумеснай працы мацнела павага да бацькоў, бо дзеці бачылі, які ўнёсак маці і бацька робяць у дабрабыт сям'і, наколькі складана весці гаспадарку. Сяляне расцілі пераемніка гаспадаркі, тое ж самае рабіла і шляхта. Дробная шляхта накіроўвала сваіх дзяцей на панскі двор, каб навучаліся ўсім справам. Пашырана была традыцыя дзядзькавання. Часам дзядзьку наймалі, а часам накіроўвалі дзяцей у простыя сялянскія сем'і, дзе яны не толькі вучыліся абыходзіцца малым, загартоўваліся фізічна, але і спасцігалі сялянскую мудрасць. Сціпласць, павага да дарослых і любоў да працы, прыроды, радзімы, рэлігійнасць — асновы народнай педагогікі беларусаў. Калі малодшыя дзеці знаходзіліся пад апекай маці, то навучаннем старэйшых хлопчыкаў займаўся бацька. У 13-14 гадоў сыноў прывучаў да складанай, цяжкай працы, браў іх і на поле, і на будоўлю. — Раней хлопчыкі раслі ў сем'ях, дзе ім хапала мужчынскага ўплыву, і не толькі з боку бацькі, але і дзядуля быў побач, часам старэйшыя браты, дзядзькі. Сёння самы галоўны інстытут сям'і разбураецца, расце колькасць незарэгістраваных шлюбаў, дзеці ў такіх сем'ях нараджаюцца, але яны не вельмі шчаслівыя. Часта такія сем'і разыходзяцца. Шмат маці-адзіночак. І жаночы ўплыў пераважае. Дома дзіця выхоўвае маці, у садку — выхавацелька, у школе, гуртках — зноў жанчыны, — заўважае Любоў Васільеўна. Раней дзеці былі больш самастойныя. Нават маленькіх маці кідалі адных, бо ім трэба было бегчы на поле, у агарод, карову даіць. Старэйшыя дзеці заставаліся за няньку, прычым часам "нянькам" самім было ўсяго гады два. Хоць да зусім маленькіх дзяцей было асаблівае стаўленне. Напрыклад, іх стараліся не лаяць і не караць, а яшчэ з імі займаліся. — У беларусаў была "школа пешчання". Малых гушкалі, з імі шмат размаўлялі, гулялі, спявалі песенькі. Гэта цяпер ведаюць у лепшым выпадку дзве калыханкі, а раней іх ведалі дзясяткамі. Існавала шмат розных рытуалаў, абрадаў. Напрыклад, калі дзіця пачынала хадзіць, перад ім "пераразалі путы", каб нішто яму не перашкаджала. Гэта частка нашай культуры. Прынамсі, папулярныя цяпер пальчыкавыя гульні, пацешкі — гэта ўсё прыдумана нашымі прабабулямі. І многае з таго, што цяпер нам даводзіцца ўжо спасцігаць на маміных курсах, вычытваць у розных дапаможніках па выхаванні дзяцей, раней існавала і перадавалася, па традыцыі. Так, сёння псіхолагі раяць не хваліць дзяцей увогуле, а хваліць за канкрэтны ўчынак. А беларусы раней лічылі, што не трэба ні хваліцца дзецьмі, ні выказваць ім пахвалу прылюдна, каб не сурочыць. — Традыцыя не хваліць дзяцей была кансерватыўнай і паўсюднай. Асабліва не хваліць завочна. У той жа час лічылі, што ў меру трэба пахваліць за добра зробленую працу. І маці абавязкова скажа дачушцы пра тое, што яна малайчынка, добра саткала (вышыла, папрацавала на жніве), — заўважае Любоў Васільеўна. "Не выхаваў бацька, не выхавае і дзядзька" Проста дзякуючы сваім назіранням, назапашанаму досведу, інтуіцыі беларусы стварылі добрую сістэму выхавання. Хоць само па сабе такога разумення слова выхавання, як цяпер, не было. Раней яно ўжывалася ў больш шырокім сэнсе. У ХVІ стагоддзі выхаванне азначала і даглядзець дзяцей, і пракарміць, і абуць. І гэта было лагічна: дзіця расло і выхоўвалася побач з бацькамі. Гэта сёння мы выхаванне дзяцей імкнёмся перакласці на некага — садок, школу, гурткі. А беларусы казалі: "Не выхаваў бацька, не выхавае і дзядзька", "Якая дошка — такая стружка, якая маці — такая дачушка". Прычым пачынаць выхоўваць дзіця трэба "пакуль яно ўпоперак ложка, а не ўздоўж". Яшчэ казалі: "Гні галінку, пакуль маладзенька". Нашы продкі расцілі сумленных, шчырых людзей. Сёння кажуць, што добра расце (гадуецца, працуе) тое, што крадзенае. А ў беларусаў такога не было. Наадварот, крадзеж лічыўся вялікім грахом, у сярэднявеччы ён нават мог карацца смерцю. У ХІХ стагоддзі вядомы звычай, калі злодзея вадзілі па ўсёй вёсцы, і з кожнага двара выходзілі людзі і сцябалі вінаватага. Усё гэта бачылі дзеці. Адзінае, што не лічылася крадзяжом, было збіранне гароху. Яго звычайна сеялі пры дарозе, і сяляне лічылі, чым больш яго топчуць, тым больш будзе расці, існавала прыказка: "Гарох сеецца і на прахадзяшчага і на прабягашчага, і на тыя дзеці, што цераз плот глядзеце". "Адзін сын — не сын, два сыны — паўсына, тры сыны — сын" Нашы продкі негатыўна ставіліся да кантрацэпцыі ды і асаблівых сродкаў для кантралявання нараджальнасці не было. Але, напэўна, яны і не былі тады патрэбныя. Бо раней існавала зацікаўленасць у дзецях, памочнікі цаніліся ў гаспадарцы. Беларусы лічылі, што дзяцей у сям'і павінна быць шмат. Яны казалі: "Адзін сын — не сын, два сыны — паўсына, тры сыны — сын". — Гэта прыказка — формула ўзнаўлення роду, народу. Сёння навукоўцы адзначаюць, што дзеля таго, каб насельніцтва Беларусі не памяншалася, неабходна, каб у кожнай сям'і нараджалася па 3-4 дзіцяці. "Тры сыны" — гэта і ёсць расшыранае ўзнаўленне насельніцтва (два замяшчаюць маці і бацьку, а трэці ў "прыбытак"), — заўважае Любоў Ракава. Вялікая сям'я існавала, пакуль у ёй была эканамічная патрэба, а сёння нават і цяжка ўявіць, якія павінны быць зроблены захады дзяржавай, каб у сям'і нараджалася па 3-4 дзіцяці. — Апытанні, якія праводзяцца сярод моладзі, паказваюць, што арыентацыя на колькасць дзяцей вышэйшая, чым існуе ў сапраўднасці. Так, многія маладыя людзі заўважаюць, што хацелі б мець двух-трох дзяцей, але ў выніку атрымліваецца, што заводзяць аднаго-двух. Сёння дзяцей эканамічна цяжка расціць. Змяніўся ўклад жыцця. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя многія жанчыны не працавалі, займаліся дзецьмі, гаспадаркай. А сёння мужчына адзін не можа пракарміць сям'ю і жанчына мусіць працаваць. Як ёй нараджаць дзяцей, калі трэба думаць пра здабыванне грошай? Паспрабуй пракарміць, даць адукацыю, якая цяпер, як правіла, платная. Існуюць жыллёвыя праблемы. А яшчэ ўзрастае эгаізм, калі нараджальнасць можна планаваць, многія жанчыны проста не хочуць "выкладацца" на выхаванне яшчэ аднаго дзіцяці, — упэўнена Любоў Васільеўна. — А ці магчыма вярнуць тыя прынцыпы сямейнага выхавання, якія былі раней? — Маладыя бацькі выраслі ў іншы час, большасць з іх з многімі традыцыямі народнага выхавання не знаёмыя, і іх гэтаму трэба вучыць. Неабходна нешта рабіць са сродкамі масавай інфармацыі, на дзяцей і моладзь іх уплыў самы моцны. У апошняй трэці ХХ стагоддзя мы казалі, што на Захадзе кожныя 15 хвілін паказваюць сцэны гвалту, а сёння ў нас яны кожныя 3-5 хвілін, мы проста страчваем тое, чым ганарыліся. Нават у дакументальных фільмах, дзе расказваецца, напрыклад, пра лёс нейкіх вядомых людзей, паказваецца негатыўны вопыт, пра іх няўдалыя сем'і, непаважлівае стаўленне да бацькоў. Гэта ўплывае на свядомасць, каштоўнасць сямейных адносінаў. Тут патрэбны дзяржаўныя захады, каб адсейвалася негатыўная інфармацыя, каб такія перадачы, фільмы былі дзецям недасягальнымі. Пэўныя дзяржаўныя захады павінны быць скіраваны і на барацьбу з алкагалізмам. У нашым пакаленні было абмежаванне, нават дарослыя не маглі ў любы час раздабыць спіртныя напоі. У 90-я гады было дазволена школьнікам піць піва, яны маглі гэта спакойна рабіць на вуліцы — і ў выніку вырасла пакаленне піўных алкаголікаў. А калі нешта ўпусціць, то пасля выправіць вельмі цяжка. Сродкі масавай інфармацыі не выхоўваюць добрых густаў, не паказваюць нашых багатых традыцый, культуры. А мы можам ганарыцца нашай культурай, нашай народнай педагогікай. Колькі ў Беларусі было выхавана людзей, вядомых ва ўсім свеце. Гэта таксама трэба даносіць да дзяцей, каб яны ганарыліся гісторыяй, продкамі, краінай. Патрыятызм з'яўляецца асновай выхавання. Сяляне казалі дзецям: "Любі родную хатку, як родную матку". Нашы продкі імкнуліся захаваць дзяцей ад усяго брыдкага, дрэннага, непрыстойнага, праз прымаўкі, песні, казкі выхоўвалі дзяцей, сваім прыкладам паказвалі, як трэба паводзіць сябе. А мы? А нам часам і пагаварыць з імі нестае часу. Ці сілаў. Ці жадання. А кажуць, што кожнае новае пакаленне разумнейшае за папярэднікаў... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Надзвычай моцнай была ў беларусаў традыцыя павагі да бацькоў, іх аўтарытэт быў бясспрэчны. Раней нават казалі: "Бацька і маці ад Бога ў хаце". |
|